Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў
Алесь Бадак
Выдавец: Звязда
Памер: 200с.
Мінск 2014
— Як вы можаце! Вы не маеце права! — ускочыў Гардзей і кінуўся на хлопцаў.
Але адзін з іх моцна пхнуў яго. У Гардзея зляцелі акуляры.
— Акуляры! Mae акуляры! — крыкнуў Гардзей.
Пад нагой матацыкліста трэснула шкло.
— Ну, я вам зараз пакажу!
Гардзей усхапіўся і пачаў чапляцца рукамі за вопратку то аднаго, то другога хлопца, спрабуючы адагнаць іх ад перакуленага водамабіля.
— Ідзіце адгэтуль! — крычаў ён з такой злосцю і нянавісцю, як, напэўна, яшчэ не крычаў ніколі ў жыцці. — Ідзіце адгэтуль, кажу!
Але яго словы выклікалі адно смех. Гардзея ніхто не баяўся. Яго знешні выгляд быў не з тых, калі не шкодзіць спачатку добра падумаць, перш чым нагрубіяніць альбо сказаць пра яго нешта насмешлівае.
Хлопцы рагаталі і штурхалі Гардзея адзін аднаму, быццам гулялі з мячыкам.
— Адпусціце яго! — упрошвала іх Луіза, але тыя, здавалася, нават не чулі яе.
Невядома, як бы ўсё гэта скончылася, калі б Гардзей не злаўчыўся і не стукнуў кулаком аднаму з хлопцаў у падбародак. Той ад нечаканасці ўзмахнуў рукамі, быццам збіраўся ўзляцець у паветра, і ўпаў. Аднак ён тут жа ўскочыў на ногі, выхапіў з кішэні курткі сцізорык, рассёк ім паветра і прашыпеў:
— Ну, цяпер трымайся.
— Гардзей, уцякайма, яны заб'юць цябе! — спалохана закрычала Луіза.
Яна падбегла да разгубленага брата, схапіла яго за руку і пацягнула за сабой.
— Хапайце іх, хапайце! — закрычаў нехта, і гэтыя словы дапамаглі Гардзею апамятацца.
Братз сястрой пусціліся наўцёкі. Луіза трымала Гардзея за руку, а ён усё задыхана мармытаў:
— Mae акуляры. Я кепска бачу. Яны пабілі мае акуляры!
— Хутчэй, хутчэй, Гардзейка! — крычала Луіза. — Яны наганяюць нас!
Але куды бегчы? Вакол быў густы цёмны лес. Праўда, крыху наперадзе, амаль каля самай дарогі, пачыналася высокая цагляная агароджа. Няўжо нехта можа жыць у гэтай глухамані?
Аднак іншага выйсця, апроч як паспрабаваць трапіць за гэтую агароджу, у Луізы і Гардзея не было.
— Давай, Гардзейка, давай, — прасіла Луіза, — тут недзе павінны быць вароты.
— Я кепска бачу, — раз-пораз паўтараў брат. — Без акуляраў я кепска бачу.
— Хутчэй, Гардзей! He можа быць, каб тут не было варотаў!
Здавалася, яны цэлую вечнасць бягуць узбоч бясконцай цаглянай агароджы.
Луіза баялася азірнуцца: раптам яна ўбачыць занесеную над сабой руку з нажом?! Тады ім ужо не ўратавацца.
А за спінай усё бліжэй чуліся пагрозлівыя крыкі і свіст. Усё мацней ад страху стукала ў грудзях сэрца.
— Трымай іх! — чуліся задыханыя галасы.
— He дай ім уцячы!
— Ды нікуды яны ад нас не падзенуцца!
— Хапай жа, хапай яго!
Але вось нарэшце паказаліся выратавальныя вароты. Луіза і Гардзей налеглі на іх з усіх сіл — дубовыя вароты, пакрытыя мохам і нейкай агіднай сліззю, не адчыніліся.
— Гэта канец, — прашаптала Луіза і бездапаможна апусціла рукі.
— Гэй! — закрычаў Гардзей. — Там ёсць хто-небудзь? Дапамажыце!
Але за варотамі нічога не было чутно. Злавесная цемра разлівалася ў паветры, змрочна глядзелі на тое, што адбывалася вакол, дрэвы.
— Дапамажыце! — ужо безнадзейна закрычаў Гардзей.
Раптам вароты самі па сабе пачалі адчыняцца. Іншым разам Луіза і Гардзей вельмі б здзівіліся гэтаму, аднак цяпер іх думкі былі занятыя толькі адным — як бы ўратавацца.
Луіза з братам кінуліся па сцяжынцы, якая вяла ў глыб саду, і вароты тут жа зачыніліся перад самым носам праследавалынікаў.
— Д'яблавы дзеці, як яны здолелі адчыніць іх?!
— Паглядзі лепш, там павінна быць клямка.
— Ды няма тут ніякай клямкі.
— Ну і ну!
— А, ведаеце, чыя гэта сядзіба?
— Ну?
— Нейкага багатага дзівака, якога некалькі гадоў ужо ніхто не бачыў.
— Ён што, з'ехаў адсюль?
— He ведаю. Але кажуць, што гэта праклятае месца, і ўсе яго стараюцца абыходзіць.
— Ага, наслухаўся бабуліных казак.
Праследавальнікі яшчэ некалькі хвілін пакруціліся каля варотаў і неахвотна пайшлі назад.
— Мы ўратаваліся, — радасна сказала Луіза.
— Мая машына, — уздыхнуў Гардзей. — Яны, відаць, зусім разаб'юць яе альбо падпаляць.
— Ты збярэш другую, лепшую, — абняла яго за плечы сястра. — I яна, магчыма, будзе працаваць на энергіі сонца. У цябе ж залатыя рукі!
Дом, дзе адбываюцца цуды
Чым бліжэй падыходзілі Луіза і Гардзей да вялікага двухпавярховага дома-асабняка, тым больш трывожна рабілася ў іх на душы. Здавалася, праз цёмныя вокны на іх глядзяць тысячы нябачных вачэй. Але разам з тым цікаўнасць настойліва падштурхоўвала іх наперад.
Луіза першая паднялася па прыступках ганка. Гардзей, асцярожна ступаючы ў цемры, ішоў за ёй — без акуляраў рухацца яму было нялёгка.
He паспела Луіза дакрануцца да цяжкіх дубовых дзвярэй, як тыя самі са скрыпам расчыніліся, быццам запрашалі нечаканых гасцей
зайсці ў дом. Тут жа вакол дома захісталіся, зашумелі дрэвы, хоць ветру амаль не было; з іх паднялася чарада варон і з агідным карканнем падалася прэч.
— Дзіўна, — задумліва прамовіў Гардзей. — Ці не той гэта дом, пра які гавораць, быццам ён зачараваны?
— Няўжо? — усклікнула Луіза. — Я нічога такога не чула.
— Калі гэта так, — паківаў галавой Гардзей, — нам лепш як мага хутчэй уцячы адсюль.
— Hi ў якім разе, — запратэставала дзяўчынка.
— Луіза, — мякка сказаў Гардзей, — на жаль, казкі ў жыцці не заўсёды заканчваюцца так добра, як у кніжках.
— Але калі нехта выратаваў нас пяць хвілін таму, то, я думаю, не дзеля таго, каб пасля нашкодзіць нам, — заўважыла Луіза.
— Хочаш сказаць, табе таксама здалося, што тут нехта ёсць? — спытаў Гардзей, з трывогай азіраючыся па баках.
— Ну... Мне здалося, быццам за мной нехта назірае, але, магчыма, гэта толькі здалося — так часта бывае ўначы ў незнаёмым месцы.
Пра дзверы, якія самі расчыніліся перад ёй, Луіза нічога не сказала брату. Зараз яна адчувала сябе значна старэйшай за яго і разумнейшай. Усё вакол нагадвала старонкі яе любімых казак, якія ёй даваў пачытаць дзядуля Афрыкан.
Луіза з хваляваннем пераступіла парог дома.
— Ну, як хочаш, — прамармытаў Гардзей, — я ж не магу тут пакінуць цябе адну.
I ён асцярожна накіраваўся за ёй.
Яны апынуліся ў вялікім змрочным пакоі. У самым далёкім кутку на маленькай шафе гарэла высокая свечка. Побач з ёй стаяў старэнькі будзільнік і, абыякавы да ўсяго, ледзь чутна цікаў. Стрэлкі будзільніка паказвалі 23.43. Так яно і было папраўдзе. Значыць, падумала Луіза, будзільнік нехта заводзіць, а гэта ў сваю чаргу азначае, што тут нехта жыве. Бо навошта заводзіць будзільнік, калі ты не жывеш у гэтым доме?
Луіза і Гардзей пачалі ўважліва разглядаць пакой. На сцяне вісела некалькі карцін. Невялікі столік, накрыты квяцістым настольнікам, які звісаў амаль да самай падлогі, некалькі крэслаў, вялізны, амаль на ўвесь пакой, мяккі дыван на падлозе — вось, бадай, і ўсё, што разгледзелі Луіза і Гардзей. Мэбля была зроблена пад даўніну, і гэта надавала пакою, асабліва ў паўцемры, урачысты і велічны выгляд.
Адзінае акно было шчыльна завешана чорнай шторай. У сцяне, супрацьлеглай ад уваходу, знаходзіліся яшчэ адны дзверы, крыху прачыненыя.
— He дыхай мне ў самае вуха! — раптам пачуўся нечы шэпт.
На яго тут жа зашыкаў нехта другі:
— Цішэй ты!
— А ты адвярніся! — не мог супакоіцца той, каму дыхалі ў вуха.
— Ты чула? — спытаў Гардзей.
— Што? — Луіза зрабіла выгляд, быццам нічога не зразумела, хоць, па праўдзе кажучы, яна ўсё цудоўна чула.
— Нехта толькі што шаптаўся.
— А табе не здалося?
— Ды не.
— У любым выпадку, калі заходзіш у чужы дом, трэба вітац-
ца, — сказала Луіза і гучна прамовіла: — Добры вечар!
Вечар добры! — адказаў нехта нябачны.
— Ды ты што, звар'яцеў?! — зашыпеў на яго другі голас.
— Прабачце, што мы зайшлі сюды без запрашэння, але за намі гналіся... нейкія хлопцы, — як мага мякчэй прамовіла Луіза.
— Яны перакулілі мой водамабіль, — дадаў Гардзей, азіраючыся па баках.
— Гэта такая машына, якая
працуе не на бензіне, а на вадзе, — растлумачыла Луіза.
— Ну і ну! — прашаптаў нехта нябачны.
Гардзей уважліва прыслухоўваўся да ўсіх гукаў у пакоі, і яму падалося, што апошнія словы пачуліся з-пад стала. Ён паволі, нібы баючыся, пачаў набліжацца да яго.
— Ну вось, я так і думаў, што гэтым усё скончыцца, — зноў пачуўся нечы шэпт.
Цяпер Гардзей ужо не сумняваўся, што размаўляюць пад сталом. Як толькі ён падышоў бліжэй, з-пад стала тут жа вылез чорны даўганосы Даберман і незадаволена сказаў:
— Прашу не палохацца. Перад вамі ўсяго толькі сабакі, якія ўмеюць размаўляць.
— Добры вечар, — віляючы рудым хвастом, з-пад стала вылез Сенбернар. — Прабачце, што мы адразу сустрэлі вас не вельмі гасцінна... пад сталом.
— 0, мы зараз паспрабуем усё выправіць, — пачуўся нечы голас за спінамі Луізы і Гардзея.
Брат з сястрой азірнуліся і здзівіліся яшчэ больш. Аказалася, што цяпер з імі размаўляе Сіямская Кошка. Побач з ёй стаяла Маленькае Сіямскае Кацяня і з цікавасцю разглядала нечаканых гасцей.
— Што, і ты... і вы таксама ўмееце гаварыць чалавечым голасам? — разгублена спытаў Гардзей.
— Як бачыце, — сказала Сіямская Кошка.
— I нават вельмі добра ўмеем гаварыць, — пахвалілася Маленькае Сіямскае Кацяня.
— Калі ласка, сядайце, — Сіямская Кошка кіўнула на крэслы. — Вы, можа, галодныя? Хочаце чаю?
Але не паспел і Луіза з Гардзеем адказаць, як Маленькае Сіямскае Кацяня закрычала:
— Я, я сама прынясу ім кубачкі!
I яно выскачыла за дзверы.
— Сенбернар, — лагодна папрасіла Сіямская Кошка, — прынясі, калі ласка, чайнік і цукар.
— Ну вось, — прабубніў Сенбернар, — знайшлі афіцыянта.
Тым не менш, ён паслухмяна накіраваўся следам за Маленькім Сіямскім Кацянём.
Праз некалькі хвілін Луіза і Гардзей адкінуліся на мяккіх крэслах і частаваліся смачным гарачым чаем.
— Каб мне хто-небудзь расказаў, што такое можа сапраўды здарыцца, я б з яго толькі пасмяяўся, — пакруціў галавой Гардзей.
Луіза кінула на брата позірк, які гаварыў: ну вось, а ты не хацеў ісці сюды, бачыш, у якую незвычайную гісторыю мы трапілі!
Але Гардзей ніяк не адрэагаваў на гэты позірк. Ён зрабіў некалькі глыткоў чаю, прыжмуранымі вачыма паглядзеў па баках і спытаў, не ведаючы, да каго звярнуцца:
— А што, у гэтым доме няма святла? Тут так цёмна.
— Ну, як вам сказаць, — сумелася Сіямская Кошка. — Некалі, вядома, тут была электрычнасць. Але цяпер — толькі свечкі.
— А ў ім хто-небудзь жыве? — спытала Луіза, але адразу ж спахапілася і дадала: — Апроч вас, вядома, я мела на ўвазе.