• Газеты, часопісы і г.д.
  • Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў  Алесь Бадак

    Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў

    Алесь Бадак

    Выдавец: Звязда
    Памер: 200с.
    Мінск 2014
    47.2 МБ
    Праз паўгадзіны падарожнікі падышлі да шырокай рэчкі.
    — У гэтым месцы, — сказаў Лін, стоячы каля самай вады, — на той бок магу перайсці нават я, а вам будзе яшчэ прасцей.
    Карына і Граня развіталіся з ім як з самым блізкім сябрам.
    Вада ў рацэ была цёплая і, праўда, на ўсю шырыню ракі не падымалася вышэй калена, так што, зняўшы абутак, падарожнікі без праблем перайшлі на другі бераг.
    — Памятаеш, што сказала знахарка? — нагадала Карына. — Кветка папараці павінна засохнуць тады, калі мы апынёмся ў Краіне Ведзьмаў.
    Дзяўчынка дастала з кішэні сваю кветку, якая, быццам попел, тут жа рассыпалася на далоні. Раптам наляцеў вецер і ў адно імгненне развеяў і тое, што засталося ад кветкі.
    — А дзе твая? — спытала Карына ў Грані, са шкадаваннем пазіраючы на сваю пустую далонь.
    — Згубіў, — прамармытаў Граня. — Адно ж не вельмі яна і патрэбная была. Мы і без яе трапілі ў Краіну Ведзьмаў.
    Падарожнікі абуліся і рушылі да лесу, які падступаўся амаль да самай рэчкі. У лесе было ціха і змрочна. Густыя лапы высокіх дрэў спляталіся, хаваючы ад вачэй неба. Жорсткі папаратнік хвастаў па нагах, дастаючы да самых каленяў.
    — Трэба шукаць сцежку, — сказала Карына. — У кожным лесе павінны быць сцежкі.
    — А можа, мы першыя, каго занясло сюды, — зморшчыўся Граня.
    — Затое будзе што расказаць дома, — не губляла аптымізму Карына.
    — Ага, калі нам яшчэ павераць, — ухмыльнуўся Граня. — I калі мы не заблудзімся тут.
    — Тады давай разыдземся ў розныя бакі, — прапанавала Карына. — Так мы хутчэй знойдзем калі не сцежку, то хаця б паляну, на якой можна адпачыць.
    I падарожнікі рушылі ў глыб лесу, час ад часу перагукваючыся, быццам грыбнікі. Але колькі яны ні блукалі між дрэў, сцежкі нідзе не было — нібыта па гэтым лесе, і праўда, ніхто да іх не хадзіў.
    Раптам нібы з-пад зямлі перад Карынаю з'явілася бабулька ў падраных, ношаных-пераношаных лахманах. Бабульчын твар быў сухі і выцягнуты, а на падбародку тырчэлі два доўгія сівыя валаскі.
    — Што, прыгажуня, шукаеш у гэтым лесе? — спытала яна, хітра прыжмурыўшы маленькія вочы.
    — Мы шукаем валадарку Краіны Ведзьмаў, — прастадушна адказала Карына, узрадаваная тым, што нарэшце ў лесе трапілася жывая душа.
    Бабулька зіркнула па баках, заўважыла Граню і нядобра ўсміхнулася.
    — Ну, што ж, я дапамагу вам, — прамармытала яна, і, дзіва, там, дзе толькі што быў густы папаратнік, раптам з'явілася добра вытаптаная сцежка.
    — Ідзіце за мной, — сказала бабулька і, шоргаючы чаравікамі з завостранымі наскамі, пасунулася па сцежцы.
    Карына пачакала Граню, і яны няспешна пайшлі следам за дзіўнай бабулькай.
    Спачатку сцежка вяла прама, а пасля рэзка павярнула ўправа і ўперлася ў замшэлую, пахіленую хатку. Дах яе прагніў, а на коміне вароны звілі гняздо. Крывыя дзверы былі падпёртыя кіем.
    — Вы, мусіць, стаміліся, — сказала падарожнікам бабулька. — To заходзьце ў хату, крыху адпачняце, а я, кхі-кхі, — закашлялася старая, — пачастую вас смачным абедам.
    Яна адчыніла дзверы, паставіла кій каля сцяны і першая пераступіла парог. Але як толькі бабулька знікла за парогам, Граня схапіў кій і падпёр ім дзверы.
    — Ты што?! — спалохана ўсклікнула Карына. — Што ты робіш?
    — Уцякайма хутчэй! — крыкнуў хлопчык. — Я пазнаў яе!
    — Каго ты пазнаў? — не магла зразумець Карына.
    У гэты момант бабулька з усяе моцы загрукала ў дзверы.
    — Адчыніце, падшыванцы! — грозна загадала яна. — Адчыніце, а то я ператвару вас у нікчэмных мышэй!
    — Як бы не так! — выгукнуў Граня, але, на ўсялякі выпадак, усё ж адступіў ад парога. — Будзеш сядзець там датуль, пакуль не здымеш чары з маёй рукі!
    — Ты хочаш сказаць, што гэта тая самая ведзьма? — здзіўлена спытала Карына.
    — Ага, — кіўнуў Граня. — Я пазнаў яе.
    — Вось я табе зараз здыму чары! — прыгразіла ведзьма. — Пачакай, толькі выберуся.
    За дзвярыма стала ціха, і раптам з шумам расчынілася маленькае акенца, у якім паказалася ведзьміна галава.
    — Ага-а! — закрычала галава. — Ну, пачакайце ж, галубчыкі!
    Сказаўшы гэта, ведзьма высунулася з акна па пояс і, узняўшы руку, пагрозліва прамовіла заклінанне:
    — Шыма-дыма-шах!
    Карына і Граня адчулі, як зямля пад імі здрыганулася, а залатыя ніткі, завязаныя Урсулай, апяклі запясце.
    — Што такое? — усклікнула ведзьма, калі ўбачыла, што яе чары не падзейнічалі. — Што такое? ЕЗы павінны былі ператварыцца ў мышэй!
    I яна пачала вылазіць праз акно, пакрэктваючы і папыхваючы.
    — Уцякайма! — крыкнуў Граня.
    Падарожнікі рынуліся назад па сцежцы, якая прывяла іх да ведзьмінай хаткі. Але не паспелі яны адбегчыся і некалькі метраў, як сцежка раптам знікла — пад нагамі і вакол быў усё той жа калючы і высокі папаратнік. Ды Карына і Граня ўжо не зважалі на гэта і беглі, пакуль зусім не выбіліся з сіл.
    Залаты Павук
    — Так мы можам апынуцца яшчэ ў якой-небудзь краіне, — цяжка дыхаючы, сказаў Граня. — I што гэта за лес, у якім то з'яўляюцца, то прападаюць сцежкі!
    — А вось і яшчэ адна, — разгублена сказала Карына.
    I праўда, y некалькіх кроках ад іх ляжала віхлястая сцяжынка, хоць, здавалася, яшчэ хвіліну таму яе тут не было.
    — Адкуль яна ўзялася? — недаўменна спытала дзяўчынка.
    — Відаць, мы яе проста адразу не заўважылі, — не вельмі ўпэўнена прамовіў Граня. — Цікава толькі, куды яна вядзе?
    — Куды б яна ні вяла, — уздыхнула Карына, — па ёй усё ж лягчэй ісці, чым па гэтым папаратніку, тым больш, мы ўсё роўна не ведаем, у якім баку жыве валадарка Краіны Ведзьмаў.
    Падарожнікі выбраліся на сцяжынку.
    — Хоць бы знакі якія паставілі, — прабубніў Граня.
    — Ага, — насмешліва падхапіла Карына, — «Налева пойдзеш — валадарку Краіны Ведзьмаў знойдзеш, направа пойдзеш...» Глянь! — раптам усклікнула яна і паказала рукой на каменны дом, які стаяў на палянцы метрах у ста ад іх — сцяжынка вяла проста да яго.
    Падарожнікі моўчкі наблізіліся да дома і пераглянуліся ў нерашучасці. Затым Карына працягнула руку да цяжкіх дубовых дзвярэй, каб пастукацца. Але не паспела яна дакрануцца да іх, як дзверы нехаця, з працяглым і пагрозлівым скрыпам расчыніліся.
    Карына і Граня асцярожна ступілі за парог і апынуліся ў вялікім змрочным пакоі, пасярод якога ляжаў доўгавалосы хлопец, звязаны па руках і нагах вяроўкамі. Вакол хлопца на падлозе былі раскіданы залатыя камяні.
    — Дапамажыце! — прыўзняўшы галаву, дрыготкім голасам папрасіў Доўгавалосы.
    Карына і Граня патапталіся на месцы і нясмела падышлі бліжэй да небаракі.
    — Дапамажыце, — паўтарыў той, але ўжо больш настойліва. — Хутчэй, чаго вы стаіце! He марудзьце!
    Падарожнікі пераглянуліся і, апусціўшыся на калені, пачалі паспешліва развязваць Доўгавалосага. Спачатку ў іх нічога не атрымлівалася — вузлы былі заціснуты вельмі моцна, а Граня да таго ж мог працаваць толькі адной рукой.
    — Што гэта за вяроўкі такія? — не вытрымаў ён. — Нейкія слізкія, фу...
    — Гэта павуціна, — уздыхнуў Доўгавалосы.
    — Такая тоўстая? — аж здрыганулася Карына. — Які ж тады сам павук?
    Але хлопец нібы не пачуў пытання, адно падганяў:
    — Хутчэй, хутчэй!
    Раптам Карына звярнула ўвагу на левую руку Доўгавалосага — на безыменным пальцы быў пярсцёнак з крышталікам, у якім пагойдвалася рыбіна вока. Дзяўчынка адразу ж успомніла словы знахаркі, што ведзьма можа ператварацца ў каго заўгодна, але яе заўсёды можна пазнаць па такім пярсцёнку. Карына разгубілася: няўжо гэты хлопец на самай справе ведзьма? Але хто і навошта яго звязаў?
    Яна зірнула на Граню: чаму ён не звяртае ўвагі на пярсцёнак? Забыўся пра знахарчына папярэджанне?
    Як толькі яны развязалі Доўгавалосага, той адразу падхапіўся на ногі і сказаў:
    — Добра, што вы зайшлі ў гэты дом. Я ляжаў тут двое сутак і ўжо не спадзяваўся, што нехта дапаможа мне выбрацца адсюль. Вось залатыя камяні, вазьміце колькі хочаце.
    — А хто вас... — пачаў Граня, але Карына перабіла яго.
    — Дзякуй, нам не трэба золата, — паспешна адмовілася яна.
    — Што значыць «не трэба»? — занепакоіўся хлопец. — Яшчэ ніхто ніколі ад яго не адмаўляўся! Золата — гэта... гэта такое багацце, якое вам і не снілася!
    — Нічога нам не трэба, — упарта паўтарыла Карына і ўзяла Граню за руку.
    — Калі не трэба вам, то спатрэбіцца вашым бацькам. Яны-то вам дзякуй не скажуць, калі дазнаюцца, што вы адмовіліся ад такога багацця.
    Але Карына ўжо цягнула Граню да парога. I толькі каля самых дзвярэй спынілася і, азірнуўшыся, насцярожана спытала ў Доўгавалосага:
    — Скажыце, а хто вас так звязаў?
    — 0, лепш вам не сустракацца з ім! — папярэдзіў Доўгавалосы. — Залаты Павук не любіць чужынцаў.
    — Залаты Павук? — у адзін голас усклікнулі Карына і Граня.
    — Так, ён гаспадар гэтага лесу, — кіўнуў хлопец. — I калі даведаецца, што вы трапілі ў яго ўладанні, не пакіне вас жывымі. Спачатку ён апляце вас сваёй павуцінай — слізкай і тоўстай. Затым пачне высмоктваць з вас кроў, але не ўсю адразу, а... Ціха! — Доўгавалосы прыклаў палец да вуснаў. — Здаецца, ён вяртаецца! Ён вяртаецца!
    I хлопец з перакошаным ад страху тварам выскачыў з каменнага дому. Падарожнікі кінуліся за ім, але ён як скрозь зямлю праваліўся.
    — Што будзем рабіць? — дрыготкім голасам спытаў Граня. — У які бок уцякаць?
    — Пачакай, — ціха сказала Карына, — здаецца, гэта быў ніякі не хлопец.
    — А хто?
    — Гэта была ведзьма. Я бачыла ў яе на пальцы пярсцёнак з крышталікам, у якім плавала рыбіна вока. Так што, можа, ніякага Залатога Павука тут і няма, ведзьма ўсё выдумала.
    Але толькі Карына прамовіла гэтыя словы, як у гушчары пачулася нечае цяжкае сапенне. У наступнае імгненне з-за кустоў вылезла страшная пачвара — велізарны павук, спіна якога зіхацела золатам.
    — Залаты Павук! — жахнуўся Граня.
    Яны не сталі марудзіць і кінуліся наўцёк. Залаты павук аказаўся не такі хуткі і праз некалькі хвілін застаўся далёка ззаду.
    Дзіўны замак
    — А ты казала, што ніякага Залатога Павука ў гэтым лесе няма, — нагадаў Граня, калі яны, зняможаныя ўцёкамі, схаваліся пад кашлатай елкай.
    — Мне здаецца, усё гэта хітрыкі ведзьмы, — сказала Карына.
    — I Залаты Павук? — засумняваўся Граня.
    — I Залаты Павук, — кіўнула Карына. — Нездарма ён з'явіўся пасля таго, як знік той... хлопец. Відаць, ведзьма не вельмі хоча, каб мы дайшлі да валадаркі гэтай краіны. Разумееш?
    — Я толькі разумею, што хто б там ні быў, павук ці ведзьма, але калі ён нас дагоніць, ні табе, ні мне мала не падасца, — ухмыльнуўся Граня.