Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў
Алесь Бадак
Выдавец: Звязда
Памер: 200с.
Мінск 2014
Чалавечка, і праўда, можна было прыняць за якога-небудзь маленькага фокусніка альбо клоўна.
Спалохаўшыся, што ён можа пакрыўдзіцца (хоць, пагадзіцеся, цікава было б паглядзець на пакрыўджанага чалавека, у якога з твару не сыходзіць усмешка), Карына паспешна сказала:
— У гэтым халаце ты падобны на чараўніка.
— Праўда? — узрадаваўся чалавечак і нечакана дадаў: — А я і ёсць чараўнік.
Г історыя з чароўным посахам
Карантышка скінуў з сябе халат, зноў зазірнуў у куфэрак і дастаў невялікі — якраз пад яго рост — посах, усыпаны залатымі каменьчыкамі.
— Вось, — з гонарам прамовіў чалавечак, паказваючы залаты посах гасцям.
I ён расказаў Карыне і Граню дзіўную гісторыю свайго роду, якую нават Граня выслухаў уважліва, і на яго твары не было відаць і ценю сумнення ў яе праўдзівасці.
Аказалася, карантышку завуць Лін, а краіна, у якую трапілі Карына і Граня, называецца Далінія. Усе продкі Ліна былі чараўнікамі. Ну, не такімі, вядома, як фея Урсула — галоўная і самая магутная чараўніца Далініі. Але сёе-тое, напрыклад, паслаць на зямлю дождж альбо снег, ім нічога не значыла. Дзіва што, продкі Ліна былі Галоўнымі Кіраўнікамі Надвор'я ў Далініі. Ясны дзень ці пахмурны — гэта залежала ад іх. Што і казаць, праца вельмі адказная, бо Далінія — краіна далінаў, амаль усе жыхары яе земляробы; не ўгадаеш з надвор'ем — прыбавіш ім лішняе працы.
Продкі Ліна выконвалі свае абавязкі спраўна. I Урсула аднойчы ўзнагародзіла іх чароўным посахам, упрыгожаным залатымі каменьчыкамі. 3дапамогай гэтага посаха можна было вельмі хутка перамяшчацца ў прасторы.
Падарунак Урсулы аказаўся якраз дарэчы. Далінія ў той час была вялікай краінай, а ў вялікай краіне не так і проста вызначыць, якое надвор'е патрэбна ў розных яе частках. Але варта павярнуць на чароўным посаху адно з сініх колцаў па гадзіннікавай стрэлцы, стукнуць посахам тры разы — і ты ўжо ў іншым канцы краіны.
Падарунак феі перадаваўся з пакалення ў пакаленне як самае каштоўнае, што было ў доме чараўнікоў. I калі на свет з'явілася мама Ліна, залаты посах павінен быў дастацца ёй, як толькі яна вырасце.
А пакуль — пакуль ёй нічога не гаварылі пра яго і хавалі посах у шуфлядзе старэнькай шафы. Вы спрабавалі што-небудзь хаваць
у шуфлядзе шафы? Вядома, не! Да гэтага могуць дадумацца толькі дарослыя, якія чамусьці лічаць, быццам яны лепшыя хавальшчыкі ў свеце. Але вы ж то ведаеце, што проста смешна хаваць штонебудзь у шафе, калі ў доме ёсць гарышча!
Таму аднойчы здарылася тое, што і павінна было здарыцца. Калі бацькі мамы Ліна адлучыліся па сваіх справах, дзяўчынка і выцягнула посах з шуфляды.
Праўда, яна не ведала, што гэта чароўны посах — пагуляла з ім і кудысьці закінула. А тут, як на бяду, ураджай у краіне ўжо быў сабраны, і чароўным посахам карысталіся не дужа часта — хапіліся яго толькі праз тыдзень.
Маленькая віноўніца прызналася, што знайшла яго ў шафе, але куды дзела, успомніць так і не змагла.
Урсула, калі даведалася пра гэтае здарэнне, вельмі раззлавалася і пазбавіла бабулю і дзядулю Ліна дару кіраваць надвор'ем, а прызначыла іх захавальнікамі скарбаў. Вядома, праца таксама крышку чароўная, аднак не такая цікавая.
3 таго часу фея пачала сама кіраваць надвор'ем у краіне, але спраў у яе заўсёды было шмат, і яна пастаянна забывалася то паслаць хмары, то разагнаць іх, і тады ў Далініі або некалькі тыдняў стаяла сухмень, або ліў дождж.
Аднак далінцы хоць і бурчэлі на кепскае надвор'е, праз гэта не сталі менш любіць сваю валадарку — усё роўна яна была вельмі добрай і справядлівай феяй.
Заканчваючы расказваць гісторыю з чароўным посахам, Лін з палёгкай уздыхнуў:
— А сёння, зусім выпадкова, я знайшоў яго тут, на гарышчы, пад куфэркам. Мне трэба хутчэй аднесці посах нашай валадарцы — магчыма, тады яна даруе нашаму роду і зноў прызначыць нас Галоўнымі Кіраўнікамі Надвор'я. Вось чаму я не магу зараз паказаць вам, як перабрацца цераз рэчку ў Краіну Ведзьмаў. Мне вельмі хочацца трапіць да Урсулы раней, чым вернуцца мае бацькі.
— А дзе твае бацькі? — пацікавілася Карына.
— Закопваюць скарбы. Толькі... — Лін цяжка ўздыхнуў, яго настрой рэзка змяніўся, — баюся, чароўны посах нам цяпер не вельмі спатрэбіцца.
— Чаму? — здзівілася Карына.
А Граня паспешна выгукнуў:
— Тады аддай яго мне! Ён мне, ведаеш, як спатрэбіцца!
— Гэта раней наша краіна была вялікая, — пачаў тлумачыць Лін. — Але некаторыя далінцы палічылі, што Урсула прымушае іх залішне многа працаваць. Яны сталі пагаворваць, што фея магла б зрабіць так, каб на нашых агародах круглы год усё расло само па сабе, а нам заставалася б толькі сабраць ураджай. Спачатку такіх далінцаў было няшмат, але яны падбухторвалі іншых супраць феі. I калі незадаволеных аказалася некалькі соцень, яны накіраваліся да замка Урсулы, каб выказаць ёй свае патрабаванні. Вядома, Урсула магла пакараць непаслушнікаў, але яна зрабіла па-іншаму: тым, хто не хацеў працаваць, выдзеліла частку Далініі, дзе яны маглі жыць па сваім разуменні. Ім забаранялася толькі адно — пакідаць сваю тэрыторыю. Непаслушнікі аказаліся такімі гультаямі, што нават не сталі апрацоўваць зямлю, на якой пасяліліся, і яна пачала зарастаць лесам.
— I што, — спытаў Граня, — ніхто з іх так і не захацеў вярнуцца назад?
— He, — адказаў маленькі скарбнік. — Цяпер у іх як бы асобная краіна, якую мы называем Лясоніяй.
— Значыць, тых, хто жыве ў ёй, вы называеце лясонамі? — здагадалася Карына.
— Лясонамі, — кіўнуў Лін. — У іх цяпер нават ёсць свая валадарка — Вірынея. Праўда, яна не фея і не можа чараваць, але там яе ўсе чамусьці слухаюцца.
— Што ж тут дзіўнага, — весела сказаў Граня, — толькі што мы бачылі Белую Варону, якая валадарыць Краінай Сонечных Зайцоў.
— Ах! — усклікнуў Лін. — Відаць, гэта тая самая Белая Варона, якая часта прылятае сюды з-за лесу, каб што-небудзь украсці. Сёння ўкрала ў нас адну з рыдлёвак, якімі мы закопваем скарбы.
— Яна, яна! — засмяяўся Граня. — Мы самі бачылі тую рыдлёўку!
— Значыць, вы ідзяце з Краіны Сонечных Зайцоў? — спытаў скарбнік, уважліва разглядваючы гасцей з галавы да ног, быццам толькі што іх упершыню ўбачыў.
— Мы ідзём з краіны, у якой жывуць людзі, — сказала Карына.
— 0, мы называем яе Краінай Веліканаў, — з павагай у голасе прамовіў Лін. — Гэта вельмі далёка адсюль. — Ён раптам схамянуўся: — Вы, напэўна, галодныя? У мяне ёсць піражкі з цёртымі яблыкамі. Я іх усё роўна не люблю, так што можаце з'есці ўсе.
«Лддайце nocaxU
Піражкоў была цэлая міса, але яна аказалася такой маленькай, а самі піражкі зусім малюпасенькімі, так што Карына і Граня ўмалацілі іх за некалькі хвілін і як след не пад'елі. Але больш ім нічога не прапаноўвалі, таму госці падзякавалі і сталі разглядаць кухню. Папраўдзе, у ёй і разглядаць асабліва не было чаго: маленькая печ, маленькі буфет з дробным посудам на палічках, пасярод кухні мясціўся стол (вядома ж, таксама невялікі), каля яго стаялі тры табурэткі, якія больш паходзілі на ўслончыкі.
Праўда, гэта калі на ўсё глядзець вачыма Карыны і Грані. Для скарбніка, які сам ад гаршка паўвяршка, кухня была нават прасторная, а ўсё, што знаходзілася ў ёй, ні вялікае ні малое — такое, якім і павінна быць.
— Пакуль я вярнуся ад Урсулы, вы можаце крыху адпачыць, — сказаў Лін і расчыніў дзверы, за якімі аказалася ўтульная спальнічка.
Аднак ніводзін з трох ложкаў, што стаялі ў ёй, сваімі памерамі не быў разлічаны на Карыну і Граню. Зразумеўшы гэта, Лін цяжка ўздыхнуў — так зрабіў бы на яго месцы кожны гасцінны гаспадар, які не ва ўсім здолеў дагадзіць гасцям, — і прапанаваў:
— Вы можаце пагартаць кніжкі (некалькі маленькіх кніжак былі раскіданы на стале, які стаяў каля адзінага акенца ў спальні) або пагуляць у бін-бон.
— А што гэта за гульня такая? — здзіўлена спытаў Граня.
— Зараз я навучу вас у яе гуляць, адно спачатку пераапрануся — усё-такі не кожны дзень даводзіцца бываць у замку Урсулы.
Лін дастаў з шафы ярка-зялёную камізэльку і прымераў яе перад люстэркам, якое вісела на сцяне.
— Ну як? — спытаў ён, павярнуўшыся тварам да Карыны і Грані.
— Па-мойму, зялёны колер табе вельмі пасуе, — пахвальна кіўнула Карына.
Скарбнікзноў паглядзеўся ў люстэрка, прыдзірліва папраўляючы на сабе камізэльку, і задумліва прамовіў:
— А можа, мне апрануць аксамітавы халат з брыльянтамі? Ах, не, гэта будзе надта смела і нават задзірліва. Пакуль што мы не маем права яго насіць. Я пайду ў зялёнай камізэльцы. Толькі... толькі... — Лін доўга і незадаволена разглядаў сябе з усіх бакоў і нарэшце ўсклікнуў: — Вось чаго мне не хапае!
Ён кінуўся да шафы, дастаў з яе цёмна-сіні капялюш з шырокімі загнутымі палямі і тут жа прымераў яго перад люстэркам.
— Здаецца, акурат да месца. A то скарбнік на прыёме ў валадаркі краіны і без капелюша! Смех, дый годзе! Што б я тады здымаў з галавы, вітаючыся з феяй? Ах, гэта ж трэба... Што было б...
Чым далей гаварыў скарбнік, тым цішэй і невыразней гучалі яго словы — па ўсім відаць, Лін пачынаў ужо хвалявацца перад сустрэчай з Урсулай.
— Посах! Дзе мой чароўны посах? — раптам спахапіўся ён.
— На кухні, — паспешна адказала Карына, якой перадалося хваляванне карантышкі. — Я зараз прынясу.
Яна кінулася з пакоя, але толькі ўбегла на кухню, як застыла ад здзіўлення: каля расчыненага акна стаялі два маленькія даўгарукія чалавечкі. У руках яны трымалі залаты посах і ўважліва разглядалі яго.
Чалавечкі ўбачылі Карыну, ускочылі на падаконнік і праз імгненне апынуліся на вуліцы.
He доўга думаючы, Карына кінулася за імі.
— Аддайце посах! — закрычала яна чалавечкам, але для маленькіх уцекачоў гэта прагучала як: «Давайце, бяжыце яшчэ хутчэй!», і яны прыпусцілі так, быццам хацелі ўстанавіць сусветны рэкорд па ўцёках. Зрэшты, можа, гэта ім і ўдалося.
Ростам чалавечкі былі не вышэй за Ліна, і дзяўчынка, якая да таго ж па фізкультуры мела адны пяцёркі, падумала: «Не можа быць, каб такая малеча бегала хутчэй, чым я».
Невядома, што б сказаў яе настаўнік фізкультуры, назіраючы за гэтаю пагоняй, ва ўсялякім разе, наўрад ці пахваліў бы сваю лепшую вучаніцу: адлегласць паміж ёй і маленькімі чалавечкамі хоць і не расла, але і не карацела.
Краіна гультаёў
Наперадзе паказаўся рэдзенькі ляссж, уцекачы ўбеглі ў яго і быццам скрозь зямлю праваліліся. Карына кінулася ў адзін, у другі бок і ледзь не наскочыла на карантышку ў зялёных латаных-