Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў
Алесь Бадак
Выдавец: Звязда
Памер: 200с.
Мінск 2014
«Не можа быць, каб у гэтым змрочным палацы жыла валадарка краіны, — падумала дзяўчынка. — Пэўна, ёй пабудавалі новы. А што рабіць з гэтым будынкам, пакуль не вырашылі. I, напэўна, ён хутчэй зусім разваліцца, чым яны вырашаць», — уздыхнула яна, успомніўшы пра Ора — несусветнага гультая.
3 люстэркавай залы Карына перайшла ў іншую, такую ж прасторную і змрочную, — святло ў яе трапляла праз ледзь прыадчыненыя аканіцы.
Дзяўчынка чакала, што і тут будзе пуста і бязлюдна. Аднак яна памылілася. Пасярод залы стаяў вялікі трон, на якім спала маленькая жанчына. Але што за выгляд быў у яе! Даўно нячэсаныя і нямытыя валасы збіліся ў каўтуны, твар перапэцканы, на руках доўгія недагледжаныя пазногці. Адзенне — кароткая, у тлустых плямах спаднічка і некалі белая, а цяпер брудна-шэрая кофтачка, — відаць, даўно не мянялася і не мылася.
«Няўжо яна і ёсць валадарка краіны Лясоніі?» — падумала Карына, са здзіўленнем разглядаючы жанчыну.
Але даведацца гэта можна было, толькі разбудзіўшы яе.
— Добры дзень, Ваша Вялікасць, — не вельмі гучна, каб не напалохаць соню, сказала Карына. — Прабачце, што патрывожыла вас.
Жанчына паволі расплюшчыла вочы і недаўменна ўтаропілася ў дзяўчынку.
— Хто ты і як пасмела разбудзіць мяне? — сонным, незадаволеным голасам спытала яна.
— Я шукаю двух жыхароў вашай краіны, якія... — пачала тлумачыць Карына, але Вірынея (цяпер дзяўчынка ўжо не сумнявалася, хто перад ёй) перабіла яе, адначасова пазяхаючы і пры гэтым нават не прыкрываючы рукою рот:
— Якая на табе прыгожая сукенка! Калі яе парэзаць, якраз хопіць матэрыялу на дзве сукенкі для мяне.
— А ў чым жа, па-вашаму, тады буду хадзіць я? — не вельмі ветліва спытала Карына.
— А ты можаш утачыць маю вопратку. У мяне яе процьма.
— Вось ужо чаго мне дакладна не хочацца, дык гэта ўточваць і насіць ваша адзенне, — зусім асмялела Карына.
— Як? Ты не хочаш насіць тое, што насіла я, Вірынея? — здзіўлена і ў той жа час пагрозліва спытала валадарка Лясоніі.
— He хачу, — пакруціла галавой Карына. — Яно бруднае!
— Ну і што? — паціснула плячыма Вірынея. — Любое адзенне становіцца брудным, калі яго доўга не мыць.
— I вам, жанчыне, пра гэта не сорамна гаварыць? — не вытрымала Карына.
Сказаўшы так, яна падумала, што Вірынея раскрычыцца і пачне пагражаць турмою альбо яшчэ горшымі страхоццямі («Ну, мы яшчэ паглядзім, ці так проста будзе выканаць гэтыя пагрозы!» — абнадзеіла сябе дзяўчынка, узгадаўшы, што ў Лясоніі з-за гультайства нічога не робіцца хутка і талкова), аднак Вірынея цяжка ўздыхнула і нечакана прызналася:
— Сорамна, Як ты думаеш, чаму ў маім палацы так цёмна? — спытала яна даверліва.
— Таму, што вы лянуецеся расчыніць аканіцы, — не доўга думаючы, адказала дзяўчынка.
— He, — сумна ўсміхнулася Вірынея. — Гэта маглі б зрабіць і мае слугі. Цёмна, каб не было відаць, які тут бруд і беспарадак.
— Чаму ж вы не загадаеце сваім слугам прыбраць тут усё і вымыць? — спытала Карына.
— Хм, я валадарка Краіны Гультаёў і павінна адпавядаць свайму статусу, — растлумачыла Вірынея, і ў яе голасе не адчувалася асаблівага шкадавання.
— Няўжо жаданне займаць гэты трон можа быць вышэй за жаданне адчуваць сябе сапраўднай жанчынай — прыгожа апранацца, фарбаваць вусны? — задумліва прамовіла Карына.
— Замаўчы! — усклікнула Вірынея. — Я ўжо забылася, што такое фарбаваць вусны. I калі б не ты!.. Гавары, што цябе сюды прывяло?!.. Чысцюлька!..
— Я ж ужо казала, — уздыхнула Карына, — што шукаю двух жыхароў вашай краіны. Яны ўкралі...
— Усё ясна, — не даслухаўшы, перабіла Карыну Вірынея, — украсці маглі толькі Фірс і Мітрох. Ніхто іншы з лясонаў пальцам не паварушыць, каб падняць тое, што нехта згубіў, а залезці ў чужую кішэню тым больш. Дык што яны ў цябе ўкралі?
— У мяне — нічога, — пакруціла галавой Карына.
— Як нічога? — не зразумела Вірынея. — Навошта ж ты тады нагаворваеш на сумленных лясонаў?
— Я не нагаворваю, — пакрыўджана сказала Карына. — Яны ўкралі не ў мяне, а... у аднаго майго сябра, які жыве ў Далініі.
— А, у Далініі! — пагардліва прамовіла Вірынея. — Я не магу несці адказнасць за тое, што адбываецца ў Далініі.
— Але ж укралі лясоны! — нагадала Карына.
— Хто ўкраў, мяне не цікавіць, таму што гэта было на тэрыторыі іншай краіны, — упарта паўтарыла Вірынея.
— Але ж гэта несправядліва, — заўважыла Карына.
— Якраз-такі і справядліва, — запярэчыла Вірынея. — Што я буду мець з таго, што загадаю вярнуць нейкаму далінцу яго рэч? А можа, ён сам згубіў яе? Можа, яна вывалілася з яго кішэні? Хто дакажа, што яе ўкралі?
— Яна не магла вываліцца з кішэні, — пасля кароткай паўзы сумна адказала Карына. — Гэта быў посах.
— Які посах? — насцярожылася Вірынея.
— Упрыгожаны залатымі каменьчыкамі.
Апошнія словы Карына прамовіла так, быццам гаворка ішла пра звычайныя каменьчыкі, якія валяюцца на дарозе.
Але, пачуўшы пра золата, Вірынея захвалявалася і заёрзала на троне.
— Так і быць, — сказала яна, — я загадаю прывесці сюды гэтых двух злодзеяў, а пасля падумаю, што рабіць з украдзеным посахам.
I валадарка затрэсла званочкам, які вісеў на тоненькай нітцы над яе тронам. Яна трэсла доўга, у Карыны аж зазвінела ў вушах. Нарэшце Вірынея адпусціла званочак і заплюшчыла вочы, быццам сабралася падрамаць.
— Па-мойму, вас не пачулі, — крыху счакаўшы, нясмела заўважыла Карына.
— Пачулі, — абыякава адказала Вірынея. — Але пакуль гэтыя гультаі расчухаюцца, пройдзе хвілін дзесяць.
I праўда, толькі хвілін праз дзесяць расчыніліся дзверы бакавога пакоя, і ў троннай зале з'явіліся двое заспаных слуг у паношаных камізэльках у цёмна-зялёныя пасачкі і чорных штанах, якія наўрад ці калі прасавалі. Моўчкі пакланіўшыся Вірынеі, слугі сталі чакаць яе загаду.
— Вось што, — грозна прамовіла валадарка краіны, — знайдзіце і прывядзіце сюды Фірса і Мітроха. I няхай прыхопяць з сабой украдзены посах.
— I, калі ласка, загадайце ім, каб яны прывялі злодзеяў як мага хутчэй, — ціха папрасіла Вірынею Карына.
— Ды ідзіце прамой дарогай, а не той, што вядзе ў абыход усіх вёсак, — прабурчала Вірынея.
— Як скажаце, Ваша Вялікасць. Вядома, калі б у нас былі крылы, мы маглі б рухацца, зусім не разбіраючы дарог, але не хвалюйцеся, мы і так не прымусім вас доўга чакаць, — хітра прыжмурыўшыся, сказалі слугі і няспешна пакінулі палац.
— Ну вось, заўтра, ці, у крайнім выпадку, паслязаўтра яны прывядуць злодзеяў, — задаволена сказала Вірынея.
— Калі?! — усклікнула Карына.
— Заўтра ці паслязаўтра, — спакойна паўтарыла Яе Вялікасць. — Тыж сама хацела, каб я іх прыспешыла.
Перамены ў палацы
Карыне надакучыла сядзець без справы, чакаючы, пакуль слугі прывядуць злодзеяў, і яна спытала ў валадаркі Лясоніі:
— А можна, я расчыню аканіцы, хоць ненадоўга? Я недзе чытала, што калі ўвесь час знаходзіцца ў цёмным пакоі, то псуецца зрок.
Праўда, Карына не была да канца ўпэўнена, што менавіта так там было напісана, але цяпер гэта не мела асаблівага значэння.
— Няўжо? — недаверліва і ў той жа час трывожна сказала Вірынея. — Ты ведаеш, колькі месяцаў я сяджу ў гэтым палацы? Думаеш, я стала кепска бачыць? He трэба верыць усяму, што ты чытаеш. Вось у нас на дзвярах школы напісана: «Магазін», але кожны ведае, што ніякага магазіна ў Лясоніі няма.
— Гэта толькі ў вашай краіне такое можа быць, — фыркнула Карына. — Быццам я пра сябе пякуся, — з крыўдай у голасе дадала яна.
— Добра, калі табе так хочацца, расчыні, — крыху падумаўшы, дазволіла Вірынея. — Хоць я цярпець не магу, калі хто-небудзь лезе не ў сваю справу.
Карына расчыніла аканіцы, паглядзела вакол сябе і не змагла ўтрымацца, каб не ўсклікнуць:
— Ах, як тут брудна! Мусіць, у палацы не прыбіралі некалькі месяцаў?!
— Што значыць некалькі месяцаў? Тут яшчэ ні разу не прыбіралі, — Вірынея старалася гаварыць абыякавым тонам, але па яе Ba-
чах было відаць, што і ёй не вельмі прыемна бачыць вакол столькі бруду.
— Раз мне ўсё роўна цяпер няма чаго рабіць, можна, я падмяту і памыю падлогу? — спытала Карына.
— Ты хіба не баішся, што з цябе будуць смяяцца мае слугі? — здзівілася Вірынея.
— Мне няма чаго баяцца, — адказала Карына. — Я прыйшла сюды з краіны, дзе ўсе працуюць. I некаторым гэта нават падабаецца.
Атрымаўшы дазвол Вірынеі, Карына ўзялася за работу. Праз некалькі гадзін падлога ў троннай зале блішчэла, як добра наваксаваны чаравік.
Падмацаваўшыся халоднымі і крыху падгарэлымі (о, хіба цяпер гэта мела нейкае значэнне!) блінчыкамі са смятанай, якія па загадзе Вірынеі прынесла Карыне пульхная кухарка, дзяўчынка занялася вокнамі. Пад вечар і яны пазбавіліся бруду і пылу і сталі прапускаць у залу значна больш святла.
Вірынея не хавала свайго задавальнення. Валадарка Лясоніі правяла Карыну ў адну са сваіх спальняў і прапанавала ёй мяккую пасцель. Праўда, пасцель нехта разаслаў абы-як, і навалачку на падушку чамусьці нацягнулі на левы бок, але такой бяды — Карына хутка зрабіла ўсё як належыць і заснула моцным сном, які звычайна заўсёды бывае пасля доўгай дарогі і нялёгкай працы.
Нараніцу дзяўчынка перш-наперш накіравалася на кухню і вырашыла сама прыгатаваць сняданак, не вельмі спадзеючыся на гультаяватых кухарак, якія, пэўна, яшчэ спалі.
He прайшло i гадзіны, як па ўсім палацы паплыў прыемны пах смачнага сняданку. Першай ад яго прачнулася Вірынея і доўга не магла даўмецца, што так дзіўна — аж слінкі цякуць — пахне.
Затым прачнуліся кухаркі. Яны хоць і былі гультаяватымі і самі ніколі не гатавалі нічога падобнага, аднак адразу здагадаліся, што гэта пахнуць смажаная бульба і грыбны суп. Проста ў начных сарочках і пантоплях кухаркі кінуліся на кухню. Услед за імі з'явілася Вірынея.
Карына запрасіла Яе Вялікасць за стол і паставіла перад ёй сняданак. Вірынея зачарпнула лыжку грыбнога супу, паспытала і нават заплюшчыла вочы ад задавальнення.
— Ах, як смачна! — нарэшце сказала яна.
— Калі б мы не былі гультайкамі, — уздыхнулі кухаркі, — мы маглі б кожны дзень гатаваць смачныя стравы.
— А вы ўмееце? — здзівілася Карына.
— Вядома, умеем! — у адзін голас адказалі кухаркі.
— Па-мойму, можна хаця б раз у некалькі дзён гатаваць смачныя стравы і пры гэтым заставацца гультайкамі, — пасля кароткай паўзы сказала Карына. — Так, Ваша Вялікасць? — звярнулася яна да Вірынеі.