Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Дзверы адчыніліся, і на парозе я пабачыў Апальшчыка з кацельні. 3 чаго, цікава, ён прыпёрся да мяне? Няўжо шахцёр сказаў яму штосьці наконт маёй цікаўнасці да карты?
Касандра выйшла, не развітаўшыся. Апальшчык праводзіў яе ацэньваючым позіркам, прычым узважваў яе (мяркуючы па выразы на ягоным твары) выключна, як бервяно — на вагу. На прадмет таго, колькі градусаў цяпла і джоўляў энергіі можна атрымаць шляхам змяшчэння нешматлікіх кілаграмаў Касандры ў топку. Потым ён кіўнуў мне спадылба. Быў ён увесь закопчаны ды прысыпаны вугальным пылам. Толькі вочы вылучаліся на твары дзвюма нехарошымі белымі кропкамі. Пры гэтым вельмі лёгка апрануты — чорная саколка і лёгкая скураная куртка наросхрыст. Як быццам ён выскачыў з пекла ды ніяк не мог астудзіцца.
— Немец, Рэйтан. Твой знаёмы? — спытаў Апальшчык, разглядаючы Герду.
— Так, мой. Добры сябра. Яшчэ са светлых часоў. A што здарылася?
— У яго болей нікога не было. Збірайся, пройдзем. Патрэбна. Па працэдуры.
Ён кінуў мне складзеную ў чатыры рэдзі газету. Я разгарнуў яе. На заўважным месцы была карцінка. Намаляваная мужчынская фігура, што застыла на зямлі ў ненатуральнай позе. I чорная пляма, што расплылася пад ёй. Ніякага падабенства. Нават прыблізна. Кароткі тэкст побач паведамляў:
“Сталы рэзідэнт муніцыпаліі Грушаўка Рэйтан (вядомы таксама, як “Немец” ды “Фізік") быў зной-
дзены сёння раніцай у нежывым стане патрулём народнай міліцыі пад кіраўніцтвам брыгаднага камандзіра, тав. Манькі. Паводле словаў афіцыйных асобаў, смерць наступіла ў выніку выпадання Рэйтана з аднаго з апошніх паверхаў недабудаванага хмарачосу, які стаіць на паўднёвай мяжы муніцыпаліі Грушаўка, з далейшым сутыкненнем цела з паверхняй асфальту на вялікай вертыкальнай хуткасці. У выніку чаго Рэйтан атрымаў шматлікія траўмы ўнутраных органаў, не сумяшчальныя з далейшым жыццём, і мусіў памерці. Слядоў барацьбы, акрамя выкліканых асфальтам, на целе незаўважана. Пры целы заўважана перадсмяротная запіска, са зместу якой можна зрабіць выснову, што трагедыя адбылася дзякуючы суіцыду, выкліканага нестабільным псіхічным станам (вар’яцтва). Паводле сведчанняў суседзяў, Рэйтан апошнім часам пакутаваў на дэпрэсію, меў фінансавыя складанасці, а таксама загадзя занёс увесь запас сваіх дроваў і харчовыя прыпасы старым, што жылі ў суседнім доме. Крымінальнага разбіральніцтва з нагоды здарэння ўзбуджаць не плануецца. Развітанне з Рэйтанам адбудзецца сёння а дзясятай гадзіне ў зале апошніх ушанаванняў муніцыпальнай Кацельні, пасля чаго, згодназ традыцыяй іўстаноўленай практыкай, цела будзе аддадзена полымю”.
Пасля гэтага мы моўчкі ішлі з Апальшчыкам праз цёмныя двары, у мяне было дзіўнае адчуванне ў галаве, і, толькі калі мы дайшлі, я зразумеў, што не ўзяў шапку і моцна змёрз. Тут я запанікаваў і спытаўся, дзе мая сабуля, і Апальшчык сказаў, што я замкнуў Герду ў кватэры, што яна гаўкнула некалькі разоў з-за дзвярэй, але хутка супакоілася. У кацельні было задушна, высветлілася, што гэта адзінае сапраўды гарачае месца ва ўсёй муніцыпаліі. Тут сабраліся людзі, большасць з якіх мела выгляд, які маюць зявакі, зацікаўле-
ныя горам, пра якое распавяла газета. Стаяла пажылая пара, абодва плакалі. Была прафесійная плакальшчыца, насельніца жалобных цырымоній, і была яна ў той стадыі, калі ёй не плакалася як след, бо яна пачынала разумець, што плацежаздольных блізкіх на развітальнай цырымоніі не назіраецца (я супакоіў яе, выдаўшы цынк, і яна заенчыла голасна і вельмі прафесійна).
Грамада атачала вялізны бляшаны паднос, прыкручаны да прычыненага жарала топкі. Сцэна асвятлялася водбліскамі, што праціскаліся праз шчыліны люка, і было іх багата — настолькі сквапнае і яркае штучнае сонца лютавала ў печы. На бляшанцы ляжаў пляскаты прадмет, страшная нерухомасць якога не дазваляла назваць яго “чалавекам” нават у мінулым часе. Я наблізіўся, нехта прамармытаў “сябра ягоны”, і людзі расступіліся. Парэшткі былі накрытыя чорнай анучай. Гэта быў Рэйтан, якога за час, пакуль Грушаўка спала, нехта ўвасобіў у жоўценькім пясчаніку: каменны лоб, каменныя скроні, каменныя вочы, адно — напаўадкрытае.
У гэты момант Апальшчык адчыніў суседні люк і пачаў шуфлем падкідваць вугаль у другі кацёл. Памяшканне асвятлілася дрыготкім пякельным вогнішчам, на маім твары выступіла вільгаць, але я сцёр яе рукавом. Ад топкі несліся хвалі распаленага паветра, іскры знічкамі праносіліся праз цемру і згасалі на падлозе, вугальных гурбах, каменным Рэйтану. Вочы забалелі ад святла, а жар вымусіў прысутных парасшпільваць паліто і паразвязваць намоткі і шалі. Неўзабаве кацельшчык зачыніў люк і абапёрся на шуфель, каб аддыхацца. Я падышоў да яго і не прыдумаў нічога больш дарэчнага, чым запытаць пра сваё:
— Мне шахцёр казаў, што ў вас ё карта. Што вы атрымалі старую мапу з нанесенымі арыенцірамі но-
вага свету. Я збіраюся пайсці адсюль. Ці не маглі б вы прадаць мне яе? Я разумею, што яна мусіць каштаваць вялікіх грошай, назавіце цану.
— Хадзем, — коратка загадаў ён, паклаўшы шуфель на горку вугалю.
Крыху наводдаль ад жалобных і зявак стаялі тры высокія фігуры з пісталетамі ў кабурах. Калі мы наблізіліся, яны павярнуліся ў наш бок.
— Таварыш Манька, дравія джэлаю! — гаркнуў Апальшчык, па-блатному прыклаўшы далонь да скроні ў вайсковым вітанні. Ён выцягнуў сваю камлюкаватую фігуру ў падабенстве стойкі “зважай”. — Прывёў! — ён кіўнуў на мяне.
Адзін з трох, лысы, апрануты ў чорную ўніформу, узіраўся ў мой твар.
— Хто гэты малады чалавек? — спытаў важак пра мяне.
— Кніжнік.
— Вам знаёмы гэты малады чалавек? — ён кіўнуў у бок бляшанага падноса, дзе ляжалі парэшткі Рэйтана. Рэйтан быў старэйшым гадоў на дваццаць за таго, хто толькі што назваў яго “маладым чалавекам”.
— Так. Гэта мой сябра. Быў мой сябра.
— Назавіце яго.
— Рэйтан. Таксама ведаюць, як Немца. Альбо Фізіка.
— Калі вы бачыліся з ім апошні раз? — вочы лысага свідравалі мяне, вымушаючы старанна падбіраць словы. Як быццам я гаварыў няпраўду, і адно лішняе слова здольнае было выкрыць брахню.
— Учора. Мы пілі каву.
— Пра што размаўлялі?
— Пра цемнач. Пра неўраў. Пра форму Зямлі.
— Форму Зямлі! Відавочна, свістануўся! — звярнуўся да Манькі адзін з ягоных падначаленых.
— А што, з’явіліся сумневы ў прычынах здарэння? — задаў я стандартнае пытанне з колішніх фільмаў. — Мяркуеце, гэта можа быць забойствам?
— Сумневаў няма, гэта ўсё фармальнасці. Паводле рэгламенту няяснасці мусяць быць высветленыя да жалобнай працэдуры. — Манька пачухаў шчацінне на сківіцы. — Проста ваш сябра пакінуў даволі дзіўную перадсмяротную запіску.
— Дзіўней няма куды! — падхапіў падначалены.
— Запіска выклікала ваганні адносна яснасці ягонай свядомасці. Выпадкі вар’яцтва мы мусім фіксаваць асобна. У мэтах каранціннай бяспекі.
— I што там гаварылася? — запытаў я.
— Што, калі законы фізікі больш не дзейсныя, ён, адштурхнуўшыся, мусіць паляцець за далягляд, бы птушка.
— Мы ж з вамі стаім, а не лётаем, — не сунімаўся падначалены. — Вось, глядзіце, хіба я палячу вось так? — ён зрабіў некалькі ўзмахаў рукамі, імітуючы палёт, ды пранёсся вакол нас па зале. Ягоная амуніцыя пры гэтым гучна бразгала.
— Дык як вы думаеце, ці быў ваш друг Рэйтан вар’ятам? — утаропіўся ў мяне Манька.
Я доўга не вагаўся. Вар’яты перад смерцю не заносяць свае прыпасы тым, каму яны болып патрэбныя. Ці заносяць? Але ж Місіма. Ён папрасіў Місіму.
— He. Я ўпэўнены, Рэйтана згубіла самота і неўладкаванасць.
— Добра, — Манька каротка кіўнуў. — Прыступаем да працэдуры! — крыкнуў ён.
Але Апальшчыка ў зале не было.
— Пачынаем, я сказаў! — скамандаваў Манька гучней. Кацельшчык паказаўся з чорных дзвярэй, схаваных ля аднаго з катлоў—відаць, там ягонае жытло. Ён адчыніў топку, падражніў полымя некалькімі поўнымі
шуфлямі чорнага апетайзэру ды агледзеў прысутных, чакаючы, ці скажахто што-небудзь.
Усё ж было нешта прыцягальнае ў старасвецкай завядзёнцы, калі на хаўтурах выступалі святары ці запрошаныя поп-зоркі. Але Грушаўка — секулярная дзяржава, рэлігія тут — на каціных правах, а апошняя поп-зорка ўладкавалася прадаваць салёныя свіныя вушы на рынку яшчэ тады, калі яе пазнавалі на вуліцы. Апошнія прафесіяналы, якія яшчэ апекаваліся працэсіяй — бабулькі-плакальніцы. To развітанне прайшло ў цішы, пад хлюпанне насоў.
Усё, што я мог сказаць майму сябру Немцу, я ўжо не сказаў учора, калі мусіў.
Апальшчык ірвануў рычаг пад развітальнай бляшанкай, тая ўстала на папа — і Рэйтан саслізнуў у полымя. Бразнуў люк, павярнулася стальная клямка, ды ў зале зноўку зрабілася напаўцёмна. Людзі пачалі разыходзіцца. Брыгада Манькі пайшла яшчэ раней. Мы засталіся з апальшчыкам сам-насам. Пякельная крэатура падышла да мяне і ўстала побач. Расцерла вугальны пыл па твары.
Штораз, калі ён рабіў гэтак, на яго абліччы праступалі новыя рысы. Канфігурацыя чорных плямаў ды прасветаў скуры змянялася. Зараз ён выглядаў амаль добрым. Вочы — адзінае, што не змянялася праз гэтыя дзеянні. I таму цяпер яны выпраменьвалі нешта чалавечае.
— Цыдулку тую ён у руцэ сціскаў, — сказаў Апальшчык. — Тую, каторую Манька канфіскаваў. А вось гэта ў кішэні было. Ад удару яно крыху ў яго ўвайшло. Давялося з цела выкалупваць. Ты не падумай, што я па кішэнях нябожчыкаў перад спальваннем шныпару. To бок, я шныпару, але ж гэта што? Гэта хіба кепска? Жывым патрэбна, мёртвым — не.
Я прамаўчаў.
— Дык вось, гэта штукенцыя, здаецца, прызначалася табе.
Апальшчык працягнуў мне невялічкі бляшаны прадмет. Ён меў скарыначку запеклай крыві. Узяўшы, я пазнаў герметычную бляшанку з-пад гуталіну, пабачаную ўчора.
— Што там? — спытаў я. — Кава?
— Якая кава, дурань! Цыдулка! Табе!
Я крутануў вечка, пальцы праслізгвалі па змазаным чалавечым сокам метале. Нарэшце мне ўдалося зачапіцца як след, і скарбонка адкрылася. Там была паперка. На ёй два словы. Першае: “Кніжніку”. Другое: ‘Терадот”. Я задумаўся, што б мог значыць той “Герадот”, і прыгадаў учорашнюю размову пра газетныя навіны, пра тое, што яны Рэйтану нагадваюць ужо некалі прачытанае. Я быў збіраўся выйсці з кацельні, калі Апальшчык мяне аклікнуў:
— Скрыначку пакінь! — загадаў ён, выцягнуўшы далонь.
Я аддаў яму гуталінніцу.
— А вось гэта — табе, — ён працягнуў складзены ў шмат разоў аркуш цвёрдай паперы. Разгарнуўшы, я адразу пабачыў словы “Карта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, і толькі пасля разабраў абрысы дарог, салатавыя абшары лясоў, блакітныя плямы азёраў, падобны да цацачнага лабірыніу (загані шарык у цэнтр) Мінск пасярэдзіне. Папера шмат дзе была пакрэмзаная малюнкамі, абрэвіятурамі і зацемкамі.