Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
— Цынку не трэба. Бяры бясплатна. Ты ў гэтым маеш патрэбу. Я — не. Усё як з мёртвымі і жывымі. Добрай дарогі.
Я выйшаў на вуліцу і не адчуў холаду. Прагрэтае цела пачувалася ў адвечным беларускім “каля-нуля” так жа, як і калі мы жылі ў цёплых кватэрах, елі сытную ежу і
спажывалі ультрафіялет. Адамкнуўшы пад’езд, я пачуў прывітальнае гаўканне Герды — яна заўжды пазнае мае крокі. Калі мы расстаемся на некалькі гадзін, з яе злятае ўся з’едлівасць з іранічнасцю, і яна робіцца самай адданай гаспадару жвавай куртай, якая надзвычай радая яго бачыць. I хвасцішчам мяце з боку ў бок так, быццам яна — звычайны дварняк, а не чорны, высакародны, аўчаркападобны дварняк, які колькі часу таму пацяшаўся з Касандры.
Я пачухаў Герду за вухам, як гэта рабіў Рэйтан. Яна заскуголіла, нібы зразумела, што адбылося з тым, хто ўмеў вось гэтак далікатна яе лашчыць. Пасля я ўзяў драбіны, залез на антрэсоль і выцягнуў адтуль запылены дзевяносталітровы трэкерскі заплечнік. Чорны, з тлустымі лапінамі лямак ды варанёнай спражкай паясной папярэчыны. Надзейны, воданепранікальны, ён за сваё жыццё бачыў больш краін, чым сярэднестатычны жыхар Грушаўкі. Некалі ў гэтым заплечніку я насіў нашы агульныя з ёй рэчы. Ёй прыемна будзе яго пазнаць, калі мы нарэшце сустрэнемся.
Я заглыбіўся ў бібліятэку і пасля працяглых пошукаў усё ж знайшоў тое, што шукаў. “Герадот. Гісторыя ў дзесяці кнігах”. Серыя “Помнікі гістарычнай думкі” Акадэміі навук СССР. Капітальная цвёрдая вокладка з выціснутай музай гісторыі на франтоне. Вокладку мне адразу ж захацелася аддзерці — падарожнік пачаў перамагаць ува мне зберагальніка кніг. Цвёрдая вокладка мае празмерную вагу і будзе нязручнай падчас пакавання. Але ж я пашкадаваў Герадота, беражліва змясціўшы яго на самае дно маёй вандроўнай торбы. Так у заплечніку з’явілася першая рэч.
Пасля гэтага я з натугай выцягнуў два важкія паддоны цынку з майго сейфа, былой лядоўні. Золатавалютныя рэзервы не змясціліся нават на стале, давялося пералічваць рэшту на падлозе. Чатыры тысячы
шэсцьсот адзінак. Да халеры! Гэтага б хапіла, каб плаціць за жытло ў Грушаўцы цягам 38-мі гадоў (калі б гады яшчэ існавалі). Але тут прадказальна нагадала пра сябе адна заўважная перавага папяровых грошай над постапакаліптычнымі.
Я ссыпаў батарэйкі ў пляцак і паспрабаваў адарваць яго ад падлогі. He атрымалася. Жаласліва захрабусталі швы, і я зразумеў, што днішча заплечніка хутка адасобіцца разам з каштоўным, але цяжкім змесцівам. Я зацягнуў заплечнік на механічныя шалі, з дапамогай якіх сачыў за дыетай тады, калі асноўнай праблемай чалавецтва яшчэ быў набор вагі, а не страта. Паглядзеў, дзе спынілася стрэлка, і вохнуў — 80 кілаграм. Уздыхнуўшы, я стаў цярпліва выгружаць цынк з торбы, пакуль стрэлка на шалях не зрушыла да адзнакі 35 кг. Я акуратна ўзняў заплечнік і паставіў яго на плечы. 3 нязвычкі спіну працяў боль, скура пад лямкамі заныла. Я зрабіў колькі крокаў па пакоі. Прымальна. Ісці можна. Першыя дні, пакуль не абвыкнуся, будзе цяжкавата, але набяру тэмп і перастану заўважаць, што на спіне боўтаецца палова маёй вагі.
Я закінуў у пляцак віскі з сейфа (бясцэнныя дзве траціны сапраўднага Teacher’s, якімі можна разлічыцца за штосьці звышкаштоўнае, як скончыцца цынк), грэчку, соль і цукар у герметычных пакетах, напіхаў усярэдзіну дадатковых швэдраў і ваўняных шкарпэтак, каб грэцца, калі не здолею знайсці дровы для вогнішча. Паклаў арктычны спальнік, пра які прадаўцы калісьці сказалі, што ў ім можна камфортна спаць на снезе пры мінус дзесяці, а таксама кілім-пенку.
Пасля я насыпаў сорак пяць кіло астатняга нікель-метал-гідрыту — сумесі ў нашым цёмным свеце каштоўнейшай за золата з плацінай, разам узятых, — у дзве вялікія клятчастыя торбы і паставіў іх на санкі.
— Збірайся, Гердачка! Хадзем, зробім добрую справу, — прапанаваў я сваёй курце, як быццам ёй трэба было доўга падфарбоўваць вочы, вусны і кіпцюры.
Цукерка! Я не забыў пра цукерку, і праз тры хвіліны мы ўжо стаялі ўнізе. Яшчэ праз хвіліну я збіраў нікель, які разляцеўся з торбы, што раптам лопнула, па ўсім двары і пакутліваўзважваў, уключаць налобнік, ці не? Паводле старых паняткаў сцэна выглядала так, быццам нехта раскідаў пачкі з банкнотамі па снезе, а пасля корпаецца ў цемры, выкалупваючы іх.
Шлях да маярату мы адолелі так: Герда валакла санкі, я прытрымліваў разарваную сумку. Калі хто-небудзь надумаў арганізаваць пераслед, ён мог бы знайсці нас па батарэйках, якія выпадалі з нашага вазка, як хлебныя крошкі ў грымаўскім ‘Тензэлю і Грэтэлі”. У мяне не хапала рук, якімі я мог бы іх падбіраць. Выраз Гердзінай пысы нагадваў пра таго бурлака з карціны Ільі Рэпіна, які ўжо не ідзе нават, а проста вісіць на кабестане. Вочы яе поўніліся прагай той жа класавай літасці з боку прыгнятальнікаў, то бок — мяне.
— Ну пацярпі, дзявулечка! — енчыў я, але ганарлівая сабачыца з годнасцю адварочвала пысу ўбок.
Адчувалася, што ў чорным нататнічку, куды яна запісвае ўсе злоўжыванні гаспадара, дадаючы будучыя захады па непазбежнай адплаце, з’явіцца новая пазнака.
Працоўная рэзідэнцыя Бурмістра знаходзілася на другім паверсе былога кардыялагічнага цэнтра, і гэта было натуральна, бо Бурмістр быў у нас чалавек сардэчны. Раней ён прымаў проста ў сваёй хаце, што месцілася акурат пад званарнай вежай, на пагорку, з якога за памежнай сцяной адкрываўся прыгожы краявід — чорныя сілуэты далёкіх шматпавярховікаў Пушкінскага княства. Але натоўп уцекачоў і асобаў, якія шукалі від на жыхарства ў муніцыпаліі, хутка перастаў змяшчацца не толькі ў прыёмным пакоі
бурмістравага маёнтку, але і на ягоным падворку. Прыёмную перанеслі ў гулкі і адносна цёплы карыдыялагічны цэнтр, каб хаця б часткова кампенсаваць нязручнасць непазбежнай адмовы большасці шукальнікаў шчасця: Грушаўка прымала толькі самых заможных. У стылым Пушкінскім княстве за дзесяць цынкаў камуналкі можна было жыць год, хай сабе і без цяпла ў батарэях.
Наша з’яўленне ў застаўленай людзьмі прыёмнай было сустрэтае без энтузіязму. Бамбіза ў татуіроўках абвясціў што нам трэба заняць месца “ў электроннай чарзе”, і што месца гэтае будзе — дзвесце семдзесят шостае. Ён нават выдаў нам паперчыну з накрэмзанай ад рукі лічбай. Падумаўшы, што ён дзвесце семдзесят пяты, я моцна памыліўся, бо неўзабаве бамбіза прапанаваў нам прадаць дзевяноста першую пазіцыю ўсяго за два цынкі. Хутка я зразумеў, што дзяцюк і ёсць тая чарга, таму адвольна вырашае, хто за кім ідзе і на якой падставе.
Прыгадаўшы адвечны ў такіх выпадках адгавор “я на секундачку” і выкарыстоўваючы баржу санак у якасці тарану, я прабіўся да дзвярэй нашага вярхоўнастаршыннага і запхнуўся ўсярэдзіну. Тут быў яшчэ адзін бар'ер — сакратарка Магдалена, для якой у мяне была адмысловая варажба.
Яна толькі паспела раскрыць рот, каб паведаміць, што Бурмістр заняты, што мне трэба дачакацца сваёй чаргі, як я вылавіў з кішэні цукерку — самую танную салодкую “камфекту”, два тузіны за цынк на рынку, ды падмасціўся да мегеры:
— Вітаю яснавяльможную панну Магдалену! Мушу каротка зазірнуць да Бурмістра з мецэнацкімі намерамі! — я пабразгаў цынкам у торбах.
— Калі з мецэнацкімі, дык можна, — сардэчна сказала яна, прымаючы камфект.
Як усё ж такі проста ўзламаць сістэму, заснаваную на спалучэнні кволых дэмакратычных парасткаў і бетоннай наменклатурнай традыцыі з часоў, да якіх належыць карта Апальшчыка! Гердачка афарбавала сваю пысу грэблівасцю да гаспадарскай пранырлівасці: яна б стаяла ў чарзе ажно да світанку.
Пакой Бурмістра быў асветлены адразу васьмю вялікімі (на чатыры батарэйкі), ліхтарамі, расстаўленымі па кутах. Як заўжды падчас наведвання, я вымушаны быў прымружыцца, сутыкнуўшыся з ззяннем славы грушаўскай сістэмы дзяржаўнага кіравання. 3 вачэй пырснулі слёзы. Бурмістр сустрэў мяне ў дзвярах — ён толькі што адмовіў чарговаму шукальніку грушаўскага грамадзянства. Твар выказваў рытуальны смутак.
— А, Кніжнік! — сказаў ён пастарскімі інтанацыямі. Калі дазволіць яму развіць афект, ён пачне чытаць пропаведзь на тэму таго, што дэмакратыя ў першую чаргу азначае роўныя каштоўнасці (пад каштоўнасцямі ён разумеў цынк).
Я выпусціў сабулю наперад, яна па-сяброўску абнюхала Бурмістра, знішчаючы сімвалічныя бар’еры між намі. Як можна захоўваць нясмеласць перад уладальнікам васьмі запаленых чатырохцынкавых ліхтароў, калі яго толькі што панюхала твая сабулька?
— Маю да вас кароткую справу, — я паставіў клятчастыя торбы ля ног Бурмістра. — Тут — сорак з чымсьці кіло грошай. Хацеў бы ахвяраваць на патрэбы горада. Можа, гэта дазволіць дапамагчы і шукальнікам месца жыхарства.
— А сам што? — ён дастаў адну батарэйку і ўважліва агледзеў яе, круцячы сваімі тоўсценькімі пальчыкамі.
— А сам прыйшоў прасіць права выйсці з горада.
— Як гэта? — Бурмістр вытарашчыўся на мяне. — У нас такога не просяць. У нас звычайна просяць наадварот.
— Мушу ісці на поўдзень. Праз пільную патрэбу.
Бурмістр паглядзеў на мяне, падышоў да стала, яшчэ раз паглядзеў на мяне, абышоў стол вакол, спыніўся, сеў і зноўку ўтаропіўся на мяне. Пачухаў лысаватую галаву з вылупленымі разумнымі вачыма. Хекнуў. Пахістаў галавой і запытаў:
— Што, у скіфы вырашыў падацца?
— Скіфы вандруюць на конях, спадар Бурмістр, — ціхмяна адказаў я, апусціўшы вочы. — У мяне няма каня. Толькі сабуля.
Гердачка радасна гаўкнула, малайчына якая. Бурмістр здрыгануўся ад нечаканасці.
— Хлопец, растлумач! Ты ж — паважаны грамадзянін. Грошы, прыбытак. Бібліятэка. Я неяк пакуль не знайшоў час да цябе завітаць. Дзяржаўныя справы. Але можа па кніжку і зайшоў бы. Такую, не надта мудрагелістую, каб галаву не зламаць.
— Дык а што тут тлумачыць? Жыву самотнікам. Мушу ісці.
— Да амазонак пойдзеш? Дзеўку сабе шукаць?
— Ёсць ужо дзеўка, — гэтаксама пакорліва вымавіў я, не падымаючы вачэй.
— Ай, вось не пачынай! — справа ў тым, што мы ўжо аднойчы з Бурмістрам на гэтую тэму размаўлялі. Ён лічыць, што добрапрыстойны бюргер мусіць жыць з пухлявай жонкай і пладзіць дзетак тут і цяпер. Каханне гэта пачуццё, якое пасля куфля мёду адчуваеш да піханай пальцам каўбасы. — He пачынай, чуеш? Я цябе нармальнай жанчыне параіў. He ганарлівай. Без залішніх патрабаванняў. На ўсё гатовай! I што ты з ёй зрабіў?