Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Я памятаю рэкламу гэтых вежаў. Адна падобная да піраміды, другая ўзнеслася да аблокаў стопавярховым паралелепіпедам. Яны некалі належалі аднаму забудоўшчыку і прадаваліся пад адной паэтычнай назвай, здаецца — “Лісіцкі і Малевіч”. Іх узвядзенне адносілася да піку буму ўшчыльнення, калі высачэзнымі будынкамі для тых, хто лічыў сабе багатым, забудоўваліся цэлыя раёны ля метро. Цяпер аграмадзіны на шмат тысяч кватэр узносіліся да цьмяных нябёс мёртвымі згусткамі цемры — ні агеньчыка, ні руху. Праз частку паверхаў перфараваным пункцірам свяціліся рудаватыя нябёсы: там былі вялікія кватэры на ўсю даўжыню дома і панарамныя вокны дазвалялі бачыць і ўсход, і захад. Яшчэ б узгадаць, да першай кальцавой яны месціліся, ці пасля яе.
Герда, унюхаўшы нешта, пранеслася наперад, а потым вярнулася з таямнічым выразам на мордзе, маўляў, зараз сам пабачыш.
Машыны ўздоўж праспекта стаялі ўжо не проста без колаў, але і без дзвярэй, без капотаў, без багажнікаў. Сям-там, у пошуках таннага ўзмацняльнага матэрыялу з іх адвінцілі нават крылы.
Барыкады былі абсалютна чорныя, у два чалавечыя росты. Матэрыял, з якога іх склалі, нагадваў мяккую цэглу, што блішчэла ў святле налобніка. У некалькіх месцах назіраліся моцныя, ажно да ржавага дроту,
прапаліны. Я не хутка зразумеў, што гэтыя ўмацаванні ўздоўж дамоў збудаваныя з аўтамабільных колаў. Асфальт паміж імі быў прысмалены ды выкрышаны выбухамі, закіданы буйнымі кавалкамі шкла, самаробнымі стрэламі і цяжкімі камянямі.
Кулявых адмецін у гуме барыкад было няшмат: выглядае, сапраўднай зброі ў тых, хто біўся, знайшлося небагата і патроны скончыліся хутка. Падобна, што кулі праходзілі праз пакрышкі наскрозь, нават не зрушаючы важкіх дыскаў з месца. To будавалі барыкады не для абароны ад куляў.
Па зямлі былі раскіданыя брудныя мяхі з пяском. Герда старанна іх абыходзіла. 3 аднаго тырчэла самаробная дзіда, у якой я пазнаў лыжную палку з прывязаным да яе кухонным нажом. Чамусьці ў тым месцы меха, куды ўвайшла дзіда, блішчэла замерзлае чырвонае павідла. Падышоўшы, я зразумеў, што мех з пяском быў мёртвым чалавекам. Нябожчык ляжаў тварам да зямлі. Ягоная шэрая рука была абгрызеная да косткі. Над локцем — намаляваны чорным маркерам трохкутнік.
Мне зрабілася млосна. Я адышоў ад барыкады і, упёршы прамень святла сабе пад ногі, стаў асцярожна прабірацца па самым цэнтры праспекта. Галава, як я ні забараняў ёй рабіць здагадкі, малявала розныя версіі нападу, адна болей галівудская за другую. Зомбі, скіфы, андрафагі. Безабаронныя людзі двух апірышчаў гуманізму разам змагаюцца з аблогай нелюдзяў, што прэ з-за кальцавой. Барыкадуюць уваходы, выстаўляюць варту, гінуць ад ранаў.
У прамень пад нагамі трапіла частка чэрапа, вока якому замяняў буйны камень. Шпурнуты, не інакш, з дапамогай самаробнай прашчы, бо што яшчэ магло так патрушчыць костку. Над локцем рукі, якую нябожчык паспеў паднесці да твару перад тым, як памер-
ці, красаваўся старанна выведзены маркерам паралелепіпед.
Я павярнуў галаву направа: над барыкадай перад уваходам у пірамідальны дом вісеў сцяг з адрозным трохкутнікам. Над пад’ездам аграмадзіны злева слуп святла паказаў прымацаваную пластыкавую шыльду са старанна выведзеным паралелепіпедам. Вось табе і зомбі. Вайна чырвонай і белай ружаў. Ланкастэры супраць Ёркаў. За што яны змагаліся? Адбівалі адзін у аднаго рэшту ежы замест таго, каб аб’яднацца і адправіцца на яе пошукі разам? Я паскорыў хаду.
Пасля перасвараных Лісіцкага з Малевічам адкрылася невялічкае поле, пасярод якога прызямліўся вялікі гіпермаркет. Я збочыў да мола ў спадзеве набраць прыпасаў да таго моманту, калі мне зноўку захочацца есці пасля пабачанага. Але з вялізарнага ангару было вынесенаўсё дашчэнту. Нехта спрабаваў аддзерці нават зробленыя з фольгі трубы вентыляцыі. Выцягнулі не толькі касавыя апараты (для чаго яны маглі спатрэбіцца?), пазабіралі нават алюмініевыя прылаўкі, на якіх калісьці быў тавар. Уся здаравенная прастора крамы была пустой ад сценкі да сценкі. Адчувалася, што доўгі час гіпер быў Мекай для марадзёраў усіх гатункаў, адтуль цягнулі спачатку каштоўнае, потым карыснае, а калі каштоўнае і карыснае скончылася, перлі тое, што проста можна лёгка звалачы — на памяць, што былі тут. I гэта скончылася татальным спусташэннем, як у царкве падчас нашэсця Залатой Арды. Адно што пад нагамі блішчэлі змакрэлыя ды ўмёрзлыя ў лёд купюры. Чаму ніхто з прафесійных рабаўнікоў не забраў і іх, было акурат зразумела: якая карысць з паперы, што не гарыць?
Каля залы мне трапілася адзінокая каляска, якую нейкім цудам не заўважылі альбо забылі. Зняў заплечнік, паклаў у яе і на ўсе грудзі ўдыхнуў паветра. Узнік-
ла адчуванне, што цела набыло адмоўную вагу, а я з кожным крокам узлятаю на невялічкую вышыню. Я старанна размяў плечы і спіну. Але далёка такім вось чынам адысці не ўдалося: прыблізна праз два кіламетры кола трапіла ў выбоіну і, крэкнуўшы, схілілася ўбок. Я паспрабаваў яго выраўняць, яно нібыта паддалося, ды хруснула, застаўшыся ў мяне ў руках. Уздыхнуўшы, я зноўку забраўся пад свой крыж. Адчуванне палёгкі, якое напаткала мяне на той кароткі час, як я зняў вагу, было несупастаўляльнае з тымі пакутамі, якія сустрэлі мяне падчас вяртання грузу на хрыбет.
Герда зірнула на мяне спачувальна і вінавата махнула хвастом. Маўляў, бачыш, дзядзька, усё вяртаецца. Гэта табе за тое, што нядаўна сабулю ў санкі з цынкам запрог. Карма, брат. Я цяжкім позіркам паглядзеў на каляску, потым на Герду, у памяці ажылі вобразы закілзаных сланоў скарыстаных для перавозкі грузаў. Дзявуля гэты позірк зразумела і збегла наперад. Маўляў ты мяне, гаспадарыку, усё роўна не дагоніш, дык не марнуй час на спробы закілзаць вольны вецер, чэпай ужо сам.
He сабачка, а шоу-бізнес.
Паабапал праспекта пайшлі ангары, аўтацэнтры, стаянкі ды харчэўні, жылая забудова адступіла назад. Па ўсім было бачна, што набліжаецца вялікая транспартная развязка. Неўзабаве праступілі абрысы высокай эстакады, пад якой налева і направа разгортвалася чорная рака аўтастрады. У лагчынцы ля ўзножжа моста бачылася каляровае мігценне. Нешта ззяла на зямлі колерам маладой канюшыны. Герда была спакойная, значыць, небяспека нас наперадзе не чакае. Паскорыўшы крок, наколькі гэта дазваляла ўскінутая на плечы шафа, я пабачыў старанна ачышчаны ад снегу і лёду схіл пагорка, на ім — прадаўгаваты металічны прадмет, якім да зямлі было прыцісну-
тае нешта белае. Сцэна асвятлялася ХКС — люмінафорам, які я бачыў у раварыстаў.
Металічны цыліндр выявіўся невялічкім тэрмасам, пад якім была напісаная алоўкам цыдулка. Я скінуў з сябе вагу, дастаў з пляцака кілімчык і Гердзіны кансервы.
— Прывал, — скамандаваў я стомлена, расклаў кілім на змёрзлай траве ды ўпаў на яго.
Герда з галодным гырчэннем накінулася на сваю страву. А я ўзяў тэрмас, спрабуючы здагадацца, што там можа быць, які, прабачце, фалафель. Але выявіў унутры гарачую натуральную і амаль не салодкую гарбату. Гэта было так дарэчна, настолькі дапасоўвалася да стомы, холаду і працяглай пешай хады, што я ўголас выгукнуў “дзякуй!”. Зрабіўшы некалькі каўткоў, я зразумеў, што схіл ад снегу і лёду пачысцілі таксама мае нябачныя сябры, хай педалі ім заўсёды будуць лёгкія! Сёрбнуў яшчэ, ссунуў заечую шапку да патыліцы, адкінуўся на зямлю, паляжаў крышачку, адпачываючы, потым разгарнуў паперчыну. Дальбог, гэта вельмі кранальна:
“He сумуй, чалавек з сабакам. Ты не адзін на гэтай дарозе”.
Як заўжды пасля прывалу, ісці зрабілася не лягчэй, а цяжэй. Пасля адпачынку цягліцы з неахвотай прыняліся за прыкрую работу па перастаўлянні ног. Герда спрабавала развесяліць мяне, гуляючыся з плямкай святла ад майго налобніка, зазіраючы ў вочы і пасміхаючыся сваёй гарэзлівай чарнявай мордухнай.
Мы забралі яе шчанюком на Гурскага — утульным пякельцы для хатніх жывёлін. Адлоўленых на вуліцах коцікаў і сабачак у гэтым гестапа трымалі ў сярэднім два тыдні. Тых, хто паводзіўся “агрэсіўна”, ужо на пяты дзень калолі атрутай, разбіралі на карысныя для індустрыі (клей, мыла, жэлацін) запчасткі, а астатняе ад-
праўлялі на камбінат па паленні смецця. Я рады быў бы распавесці гісторыю пра мамку, якая загінула пад коламі грузавіка і пра тры пухнатыя камячкі, што каўкалі ля яе цела, пакуль не былі падабраныя клапатлівымі рукамі адлоўшчыкаў і змешчаныя на ператрымку ў ветстанцыі.
Але ўсё было не так.
Наш пухнаты камячок быў “адмоўніцай”. Ад яе мамкі, а таксама двух брацікаў, гаспадары адмовіліся па верасні, калі завяршыўся дачны сезон. Прывезлі самі, папярэдне знялі ашыйнік і сказалі, што гэта чужая шчэнная, дварняк. Але супрацоўнікаў пякельца цяжка падмануць, яны дасведчаныя ў сузіранні сабачага гора: якая ж “чужая”, калі слухалася гаспадароў і ніяк не магла паверыць, што яе з дзеткамі змяшчаюць у клетку, толькі што прадэзінфікаваную пасля папярэдняга сабачага гора. He ведаю, хто ідзе на такія пасады, але “вядучы спецыяліст”, які нам усё гэта паведаў, падаўся добрым чалавекам, які некалі любіў жывёл таксама, як і ўсе людзі. Проста неабходнасць штодня прымаць рашэнні, каму жыць, а каму не, зрабіла ягоныя пачуцці да коцікаў і сабачак дужа спецыфічнымі. Гэта ён паведаміў нам, што мамку Герды давялося “ўсыпіць” на пяты дзень, бо тая паводзілася “агрэсіўна”. He змагла дараваць здраду гаспадароў. Брацікаў Герды забраў на ператрымку нейкі міліцыянер, які спадзяваўся вырасціць са шчанюкоў суворых службовых амаль-аўчарак, а нашую дзявулю ўсё ніхто не браў. Яна спала, калі мы везлі яе ў таксоўцы. Скруцілася ў мяне на далонях і сапла: чорная і гарачая. Пасля, што праўда, болей палюбіла гаспадыню. Аж пакуль тая ў сваю чаргу ад нас з ёй не адмовілася. У апошнім, што праўда, вінаваты я, а не яна.
За кальцавой, колькі было бачна, грувасціліся аднолькавыя скрынкі таннага тыпавога жытла. Сваёй
безаблічнасцю гэтыя раёны аднойчы мне нагадалі атачэнне аэрапорта імя Атацюрка ў Стамбуле. I дзе гаспадары ўсяго гэтага майна? У якой жаночай камуналцы ў Зялёным Лузе? Hi аднаго запаленага акенца. Hi руху, ні дымку.
Без сонца ці зораў на небе зразумець, наколькі працяглым ёсць твой пераход, можна толькі з дапамогай гадзінніка. Гадзінніка не было, таму заставалася давярацца ўласным суб’ектыўным адчуванням. Па мапе ад кальцавой да павароту на Гомель было два разы па столькі, як ад Грушаўкі да кальца. Па адчуваннях я ўжо столькі і адолеў. “Адчуванні” часу цяпер складаліся са ступені змерзласці ног, з колькасці думак, якія я паспеў прадумаць ад павароту, з болю ў храбціне ад вагі за спінай. Ногі замерзлі ладна, трэба будзе пасля начоўкі нацягнуць дадатковыя шкарпэціны; спіна ныла роўна, па ўсёй плашчыні, кожны крок суправаджаўся болем. Што да думак, дык іх амаль не стала — цела занадта стамілася, каб летуцець.