• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ноч  Віктар Марціновіч

    Ноч

    Віктар Марціновіч

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 412с.
    Мінск 2018
    68.16 МБ
    Яны нагадвалі зорачкі ліхтароў, але плылі занадта хутка для чалавека. Так спрытна не маглі рухацца нават бегуны. Усё гэта адбывалася ў абсалютнай цішы. Я не чуў ні ўскрыкаў, ні гукаў. Гэта дакладна былі не людзі. Па спіне прабег халадок. Я згадаў кожную з міфічных істотаў, пра якіх распавядала газета. Герда ўтаропілася ў бок светлых кропак і, здаецца, нават дыхаць перастала. Я зразумеў, што яны рушаць акурат па тым праспекце, па якім мы толькі што прайшлі. Вось адна з зо-
    рачак вывернулася, яўна абыходзячы аўтамабіль, за ёй тое ж зрабілі астатнія. Яшчэ адна штука. Кропкі паўзлі вышэй за чалавечы рост. Што б гэта ні былі за істоты, яны здаравенныя і дужа спрытныя. Я ўявіў сабе трох неўраў, якія, аблізваючыся, нясуцца з налобнымі ліхтарамі на ваўчыных галовах. Галовах, якія толькі што, да перакідання, былі чалавечымі.
    Мільганула думка што зброя, у прынцыпе, не самая дурная рэч, калі ты не зух і разумееш, што ў справу яе пусціш хіба ў самым скрайнім выпадку. Я, не надта кантралюючы сябе, пачаў падавацца назад. Герда моўчкі пайшла за мной, таксама не адварочваючы галаву ад пагрозы наперадзе.
    I тут мяне аж сцяла — тры вясёлыя знічкі збочылі з праспекта і панесліся проста на нас. Я спрабаваў разглядзець хаця б нешта — клыкі, разяўленую зяпу, бляск вачэй, але, як заўсёды ў такіх выпадках, цемра вакол крыніцы святла была толькі чарнейшая.
    У той момант, калі яны падбеглі блізка, дужа блізка, я паклаў далонь Гердзе на загрывак і пачухаў яе за вухам, падбадзёрваючы — гінуць, дык разам. Прыблізна ў гэты момант я пачуў гукі: гэта былі засяроджанае сапенне і аднастайны шолах. Калі пачвары наблізіліся на дыстанцыю вялікага скоку да нас, у кожнай з іх расплюшчылася па другім, яшчэ больш яркім, воку. На ўзроўні пояса. Нясцерпнае бялявае святло. He чалавечае, жахлівае. Яно падсвятліла агідныя тонкія шкілеты, падобныя да металу косткі, нейкія жудасныя спіцы. У мяне з грудзей міжволі вырваўся box. I тут ад першага монстра пачуўся прыязны чалавечы голас:
    — О, а вы тут з сабачкам!
    — Добрай ночы! — сказаў другі голас запыхана.
    — Вітаю вас, вандроўны! — абазваўся трэці.
    Прамень майго ліхтара трапіў на тое, што варушылася ў цемры, і я ледзь не зарагатаў. Гэта былі ровары.
    Колькі ўжо я не бачыў такіх прылад! Па Грушаўцы на іх рассякаць няма сэнсу: муніцыпалія занадта малая, усе дыстанцыі лёгка адольваюцца нетаропкім крокам.
    — Вы адкуль? — спытаў раварыст, які стаяў першым.
    — Я з Грушаўкі, іду на поўдзень, — язык слухаўся мяне з неахвотай.
    — Мы з Цэнтра. Атрымалі блаславенне караля на разведку тэрыторый поўдня! — было паведамлена ў адказ.
    — Мы палічылі, што, чым далей на поўдзень, тым мусіць быць цяплей, — бадзёра ўступіў другі.
    — У нас жа кацельні няма, як у вас, шчасліўцаў! Эканомікі — ніякай, гандлю — ніякага, вугаль купіць няма на што. Паспальвалі ўсё, што можна было спаліць. Каралеўскі палац стаіць халодны. Палім дошкамі з узарваных падлог дамоў-сталінак ды бэлькамі іх перакрыццяў.
    — А мы з юнацтва разам на роварах. Усю Беларусь аб’ехалі, — падхапіў новы голас. Гэтыя былі такія пазітыўныя, што нават не крыўдна было, што так смяротна напалохалі, — і вось, мы вырушылі. Калі дарогі засталіся, трэба паглядзець, што на поўдні робіцца.
    — У выведку пайшлі! Кароль дазволіў!
    — Вела-выведнікі! — выхваліўся адзін з іх (я ўжо блытаўся, хто з іх гаворыць, настолькі аднолькава бадзёрымі былі велааматары.
    — Рыскуны! — паправіў трэці. — Ёсць такое старажытнае слова для таго, хто ідзе наперад: “рыскун”!
    — Спужалі вы мяне, рыскуны, — шчыра прызнаўся я.
    — Дык мы ж бяскрыўдныя! — пачалі на розныя галасы запэўніваць тыя. — Мы нават без зброі. Бо навошта нам зброя?
    — Вось і я лічу: навошта нам зброя? — падхапіў яшчэ адзін.
    — Мы ж на роварах. Нас не дагоніш, — засмяяўся трэці.
    — Што дзіўна, у той бок дарога наогул не пратаптаная. А гэта ж поўдзень! Нам усім трэба рушыць туды! 3 нашых снягоў!
    — А як сабаку завуць?
    — А вы таксама без зброі?
    — А чаму не на ровары?
    — Можна сабаку пагладзіць?
    — Ён не кусаецца?
    Я не паспяваў адказваць на іх пытанні. Гердачка, напалоханая іх напорам, адступіла за мяне і назірала за мітуснёй іх ліхтарыкаў з-за маіх ног. 3 чаго ўсе мы зразумелі, што сабаку гладзіць нельга. I што, не выключана, ён нават і кусаецца.
    — У мяне ёсць мапа з пазнакамі бывалага шахцёра, — паведаміў я пра самае галоўнае. — 3 яе вынікае, што ўсе дарогі яшчэ ў працаздольным стане. Па праспекце выедзеце на кальцавую, гэта мусіць быць шырачэзная шасціпалоска з добрым пакрыццём. Другі буйны з’езд з кальца направа вядзе строга на поўдзень. Прынамсі, поўдзень быў там, калі складалася карта.
    — Ён думае, у нас няма мапы, — сказаў адзін з галасоў такой інтанацыяй, быццам распавядаў анекдот. Той, хто гаварыў, скіраваў снапок свайго налобніка на руль ровара — тым быў прымацаваны заклеены ў ламінат атлас.
    — Ён думае, мы не ведаем, як рушыць на поўдзень! — з такім жа інтанацыйным узыходжаннем адгукнуўся другі.
    — Ён не паверыў, што мы некалі аб’ехалі ўсю Беларусь уздоўж і ўпоперак! — звярнуўся да астатніх трэці.
    — Ну то добрай вам дарогі! Беражыце сябе! — абарваў я іх рогат. — Я хацеў пажадаць ім чаго-небудзь
    добрага, напрыклад “энергіі вам ды цяпла”, але зразумеў, што яны адгукнуцца прыкладна так: “Ён думае, мы не ўзялі з сабой энергетычных напояў!” ці: “Ён не пабачыў, што на нас спецыяльная вела-тэрмабялізна!” — Мы павінны зрабіць што-небудзь добрае чалавеку з сабакам, — асляпіў астатніх першы светлавы слупок.
    — I без ровара! — падтрымаў яго першы, пахістаўшы слупком у паветры.
    — Бо ЗЛЖ — гэта не толькі цела, але яшчэ і этыка, — трэці зрабіў нейкі рух рукой, магчыма, выцягнуў наперад кулак з паднятым вялікім пальцам. Але ў цемры гэта было незаўважна. — Мы павінны дапамагаць людзям з сабакамі і без ровара.
    — А што такое ЗЛЖ? — асцярожна спытаўся я.
    — Здаровы лад жыцця!
    Я адразу пашкадаваў, што запытаў. Галоўнае, каб у іх не было складзенага чацвёртага ровара — давядзецца засвойваць этыку ЗЛЖ ажно да павароту з кальцавой. Прычым, не выключана, пяты, складны, маленькі роварчык, у іх адкладзены адмыслова для сабак. I Гердзе трэба будзе вучыцца ціснуць на педалі.
    — Мы не ямо мяса, — з годнасцю паведаміў першы голас.
    Я хацеў сказаць, што я таксама мяса не ем, бо тое, што прадаецца як мяса ў нашым свеце, ім ужо даўно не з’яўляецца.
    — У нас ёсць фалафель. Мы самі робім, з бабовых.
    — Хочаце фалафель? — запыталі яны ў мяне.
    — Яго і сабачкам можна.
    — У мяне дастаткова ежы, — збрахаў я. Насамрэч, паверыўшы шахцёру, я не ўзяў нічога для сябе — заплечнік і так быў занадта важкім.
    — Тады што мы зробім?
    — Для чалавека з сабакам?
    — I без ровара?
    — Мне нічога не трэба, — шчыра звярнуўся да іх я. — Я прывык быць самотнікам і разлічваць выключна на сябе.
    — Мы будзем пакідаць вам запіскі! 3 важнай інфармацыяй! Якую здабудзем па дарозе!
    — IХКС побач, каб падсвятліць!
    — Ён не ведае, што такое ХКС! — здаецца, яны пачалі папраўляць не адзін аднаго, а самі сябе, на розныя галасы.
    — ХКС гэта “хімічная крыніца святла”! — адзін з іх скіраваў ліхтарык на пук падобных да лакрычных палачак люмінафораў прывязаны да рамы.
    — Добрай вам дарогі! — паўтарыў я ўжо выказанае пажаданне.
    Яны ўскочылі на сёдлы і, ужо едучы, шмат разоў паварочвалі снапкі ліхтароў назад, каб развітацца. Я паспеў моцна змерзнуць, пакуль стаяў нерухома ды размаўляў з імі, і цяпер з асалодай разганяў кроў у целе, набіраючы хуткасць. Як жа добра думалася ў дарозе! Дома, над кнігай, за пісьмовым сталом, думкі былі быццам заціснутыя ў вокладку. Тут яны разляталіся ў розныя бакі, падхоплівалі і перабівалі адна адну, нібы тыя раварысты.
    Я глядзеў на прыцемнены горад пад небам колеру чорнай, з рудымі падпалінамі, каровы ды думаў, што гэта цалкам натуральна, што ўсе былыя дзяржавы разваліліся, а на месца вялікіх гарадоў прыйшлі маленькія феадальныя княствы. Нейкім цудоўным чынам менавіта святло — сонечнае ўдзень, электрычнае па начах — было тым шнуром, што нас знітоўваў ва ўяўныя адзінствы. Калі тройчы ўдзень на шляху дадому бачыш плакат “Завадскі раён горада Мінска вітае вас!” паняволі пачынаеш лічыць сябе грамадзянінам таго “Завадскога раёна” і таго мегаполіса “Мінск”. Калі
    святло знікае, калі словы ператвараюцца ў нішто, знікаюць і тапонімы, і еднасць. Застаюцца толькі холад, змрок і неабходнасць змагацца за жыццё. У гэткім свеце за жыццё найлепш змагацца невялічкімі сярэднявечнымі каралеўствамі, а не буйнымі сучаснымі дзяржавамі.
    Я не адчуваў, што іду праз “горад” — горада не стала, калі згаслі мачты асвятлення, калі адгарэлі шыльды крамаў ды кавярняў калі зніклі водбліскі прыватнага камфорту ў вокнах чалавечых мурашнікаў. Горада не стала, калі выключыліся каралі далёкіх светлавых перлін, што пазначалі далягляд. Без рэкламы, аўтамабільных фараў, лямпачак над уваходам у пад’езды, прастора пераўтварылася ў створаны чалавекам, агідны і стылы лес. 3 высокімі плячыма закінутых цёмных хмарачосаў, з адзінокімі бетоннымі дрэвамі слупоў, з асфальтавымі магістралямі, што ўдавалі вусці перасохлых рэк.
    Адно слова: пусткі.
    Бог аддзяліў свет ад цемры, а потым прыйшоў чалавек і заліў цемру святлом. Па выніках цемра пакуль што перамагае.
    Яшчэ я падумаў, што ўсе гэтыя “неўры” ды “краі Зямлі” ёсць наступствам таго ж, што і дэурбанізацыя. Забяры ў чалавека святло — і ён пабачыць неўра, а не раварыста. Святло выключае фантазію. А фантазія ў цемрадзі часцяком працуе на тое, каб як мага мацней напалохаць.
    Пасля размовы з рыскунамі свет зноўку падаваўся мне бяспечным і зразумелым. Як у Грушаўцы. Адно што з арыентаваннем здарылася неспадзяванка: паводле мапы, кальцавая была адзінай вялікай шашой, што сустракалася з праспектам на ўсёй яго працягласці, а насамрэч шырачэзныя магістралі адхадзілі ў бакі кожныя два-тры кіламетры. Я спрабаваў пазнаць
    мясцовасць і не панікаваць. Прынамсі, перад кальцавой жылых дамоў на нейкі час мусіла зрабіцца меней, бо хто ж захоча жыць з аўтамабільным морам пад вокнамі.
    Разважаючы гэтак, я адзначыў, што ў шмат якіх машынах на шляху адсутнічаюць колы, і, чым бліжэй я падыходзіў да двух раздзеленых праспектам гіганцкіх жылых комплексаў, тым болей “бязногіх” машын сустракалася.