Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
Зрэшты, не гэта падавалася самым турботным. Я не да канца верыў у пярэваратняў, і факт, што побач са згадкамі ўсіх нязведаных істот на мапе стаялі пытальнікі, запэўніваў мяне, што гэты свет мог змяніцца не настолькі моцна, як на гэтым настойвала газета. Але што было пытаннем сапраўды надзённым, дык гэта арыентацыя ў цемры па мапе і без компаса.
Разлічваць на дапамогу дарожных знакаў і ўказальнікаў не выпадала — праз выкарыстанне якаснай ацынкаванай сталі іх знішчэнне прыняло масавы характар амаль адразу пасля таго, як людзі дапалілі апошнюю драўляную мэблю з кватэраў. У мяне быў танны зэдлік, на абаротным баку якога можна было прачытаць дзіўны тапонім “Шабаны”.
Збірацца ў дарогу трэба хутка — гэтае правіла я засвоіў яшчэ тады, калі вандраваў у нашмат болып прыдатныя для вандровак часы. Збірацца трэба хутка, каб не паспець адмяніць ужо прынятыя рашэнні. Усё, што ты можаш забыць, — насамрэч табе не патрэбнае. Пашпартам мне зараз мусіла служыць азначаная пячаткай паперка, у якой мяне называлі дурнем. Квітком — мапа ўжо не рэальнага свету, паверх якой праявіўся свет, у існаванне якога не да канца верыў нават той, хто яго картаграфаваў.
Сны ў ноч перад вандроўкай заўжды прарочыя. Калі выпраўляешся ў нязведанае, кошт прароцтваў узрастае, бо ці можа хаваць нейкія загадкі будучыня чалавека, які ходзіць па адным і тым жа маршруце? Я клаўся спаць з надзеяй на сненні.
Мне не пашчасціла.
Я не здолеў заснуць ажно да ранішняга звону.
Другі
СШЫТАК
Раздзел першы
а сваё жыццё я прызвычаіўся лічыць радзіму стылым, непрыдатным для існавання месцам, засумаваць па якім можна хіба тады, калі трапіш у пекла. Ды і як, ды і па чым тут нудзіцца? Па пачварнай заводскай трубе? Па рынку, дзе ў цябе пад нагамі вечна чаўкае бруд? Па шурпатых хрушчобах? Зараз, ідучы праз муніцыпалію ў апошні раз, я адзначаў, як жа шмат тут гожага. Наколькі любыя застылыя лужыны, палова з якіх мае дадзеныя людзьмі імёны. Ці гурбы снегу, што ніколі не растане. Ці гэтыя чорныя дрэвы, чыя канфігурацыя галінаў адбілася ў маёй свядомасці, нібы рысы на далонях. Галоўным жа ёмішчам радзімы раптоўна абвесцілі сябе мае кнігі. Туга па іх схапіла мяне за сэрца амаль адразу па выхадзе з кватэры.
У гандляра мядком я ўзяў гарачай гарбаты ў папяровы кубак. Збочыўшы з пратораных сцежак, на якіх нага ведала кожную выбоіну, я ўключыў налобнік. Герда ішла побач з такой эмоцыяй на мардаглядзе, з якой вядоўцы тэлевізійных навінаў у эру тэлебачання пераходзілі да паведамлення, якое толькі што паступіла ў студыю і не мае рэжысёрскіх пазнак, а таму невядома, як яго ацэньваць. Псюля не разумела, што адбываецца, чаму ў гаспадара за плячыма велізарны пляцак, з якой галамазды ад яго прэ няўпэўненасцю і адрэналінам. А таму ішла нейтральная і ўрачыстая, як
былая дзяўчына жаніха на вяселлі. Мы заглыбіліся ў тапаліны гаёк, што цягнуўся ўздоўж сцяны. Некалі, падчас моцнага ветру, гэтыя таполі рыпелі, бы мачты агромністага парусніка. Цяпер, калі вецер знік разам са святлом, тут панавала маўклівая вусціш.
Неўзабаве я знайшоў разбіты тракт, які вёў да памежнага КПП — адтуль цягнулася шмат вандроўных зорачак, туды — анікога. Дарога ўпіралася ў два недабудаваныя хмарачосы, вузкі праход паміж якімі і празвалі Брамай Світанку, зладзіўшы на ім мытны пункт.
Нас прынялі цёпла. Калі да брамы заставалася дваццаць крокаў і ў светлавым снапку майго налобніка сталі бачныя два стацыянарныя кулямёты на распорках, жаўнер, які цёрся каля аднаго з іх, падхапіўся, завярнуў рулю да нас ды бразнуў затворам. Ён завішчэў уголас, зрываючыся на фальцэт:
— Хто там? Што за нах? Стаяць на месцы! Зброю ўніз! Рукі ўгору! Стаяць, я сказаў!
Адначасова з гэтым зараўла механічная сірэна ды ўспыхнуў велізарны галагенавы пражэктар, імгненна пазбавіўшы нас з маёй дзявуляй зроку.
— Стаяць! Hi з месца! Страляю!!! Зброю прыкладам уніз на зямлю! — верашчаўужо асіплы ад крыку голас. Адначасова аднекуль за ім пачуліся болып спакойныя галасы.
— Што за шубат?
— Спакойна, дзядзька!
— Глядзіце, што гэта там за хрэнь? — адказаў ім вісклявы голас. — Вунь там во! Што за монстр, чорны! Зяпа зубатая!
— Сабаку не бачыў, дурань? — адказаў яму бывалы. — To ж наш Кніжнік. Са сваёй сучкай. Гэта проста цюцька.
— А чаго ён зброю не кінуў? — не сунімаўся нервовы жаўнер.
Я наважыўся асцярожна падняць руку і прыкрыць ёй твар: боль у вачах быў нясцерпны нават праз закрытыя павекі.
— Няма ў мяне зброі! — крыкнуўя.
— Во, бачыш! — супакоіў бывалы голас. I потым пракаментаваў некуды ўбок: — Набралі з Кальварыі салаг. Барбоса пабачыў — абассаўся.
— Як няма зброі? А чаго ты сюды прыцягнуўся? — я пачуў пстрык — жаўнер паставіў кулямёт на засцерагальнік.
Пражэктар згас, сірэна сціхла. У святле майго налобніка праступіла агаломшаная пыса Герды. Яна была ў выціснутых святлом слязах.
— Я іду за сценку. Маю справы ў пустках. Ёсць дазвол на эміграцыю ад Бурмістра. Прад’явіць?
— Праходзь! — сілуэт бывалага адпіхнуў жаўнера ад кулямёта. Зрабіўшы некалькі няпэўных крокаў, я наблізіўся да памежнай будкі ды пазнаў у бывалым Маньку.
Ён пільна агледзеў мяне і дадаў:
— Дарма ты за сценку без рулі прэш. Купіў бы сабе хоць якую бздзелку. Ён падышоў да палахлівага жаўнера, бесцырымонна зняў з яго апаясак з цяжкай пластыкавай кабурой ды выцягнуў здаравенны пісталет з даўгой руляй.
— Раю ўзяць хаця б гэта, — сказаў Манька, — сцечкін, стараваты, але рэсурс яшчэ не выбраны. 3 дзесяці метраўу звера трапіш нават ты. Дзевяць міліметраў, у магазіне дваццаць патронаў. 3 кабурой і чатырма дадатковымі магазінамі — 30 цынкачоў. Калі няма зараз — аддасі, калі вернешся.
Я неспакойна паглядзеў на зброю. Думка пра тое, каб страляць у нейкага “звера”, мяне не цешыла. Урэшце, Гердачка таксама была зверам, і ў яе толькі што ледзь не стрэлілі. Уся агрэсія ў свеце ўзнікае з непаразумен-
няў і няздольнасці дамовіцца. Калі ў чалавека, які ідзе ў свет, ёсць прылада забойства, ён ператвараецца з вандроўніка ў салдата. Болей спакою ў свеце праз гэта дакладна не будзе. Я збіраўся прайсці пешкі палову Зямлі, пры тым, што мапа ў мяне была толькі да колішняга Гомеля, а компаса зусім не было. Каб дамагчыся чагосьці пры такіх планах, трэба каб моцна фарціла. А фарт — я ведаю гэта праз досвед ранейшых вандровак — вельмі залежыць ад тваіх дзеянняў у дарозе і таго настрою, з якім ты выходзіш. Таму я рашуча адчаканіў:
— He, не бяру. Гэта, кшталту, прынцып.
— Ну то бывай, Кніжнік. “Да сустрэчы” не кажу, бо збіраюся яшчэ пажыць.
Двайная брама, паверх якой быў калючы дрот, павольна адчынілася. Я прайшоў праз яе і апынуўся ў вузкім калідоры, утвораным глухімі сценкамі будынкаў. 3 таго боку таксама чакаў жаўнер, гэтым разам свой, Грушаўскі, бо Герды не спужаўся. Пільна агледзеўшы мяне, ён моўчкі прапусціў нас наперад, а потым адсунуў браму настолькі вузка, наколькі патрабавалася, каб я праціснуўся.
Што было з таго боку?
Натоўп! Як толькі брама паказала прасвет, гурба чорных постацяў заварушылася і зараўла. Мне насустрач з лямантам выціснуўся тузін прагных увайсці ў Грушаўку.
— Назад! — скамандаваў жаўнер, але яны працягвалі змагацца за тое, хто пройдзе першым. — Назад! — крыкнуў ён зноў і ўскінуў рулю сваёй вінтоўкі ўверх.
Людзі адступілі, дазволіўшы нам з Гердай выйсці, a пасля зноўку населі на браму. У адрозненне ад прыёмнай бурмістра, ніякай чаргі тут не было ў прынцыпе — толькі табар гандляроў, шукальнікаў месцажыхарства,
бадзяг, авантурыстаў астролагаў ды іншых дзікуноў. Гэтыя людзі з такой прагай намагаліся прабіцца туды, адкуль я толькі што сам і па сваёй волі пайшоў, што я зніякавеў. Чым далей ад КПП, тым менела людзей. З’яўляліся тыя, хто прыйшлі з валізкамі ў спадзеве правезці тавар праз абложную браму. Нарэшце па пратаптаным і раскатаным тысячамі ног гасцінцы я выйшаў на раздарожжа. Адна сцежка вяла наўпрост па чорнай паверхні шырачэзнай шашы, другая вяла налева. Тут жа быў самаробны паказальнік напрамкаў зроблены з адзінага непрыдатнага для сугрэву ў холад матэрыялу: вялікага ліста пластыку. Таксічнасць пры спальванні захавала гэты “прыдарожны камень” некранутым. Стрэлка налева была падпісаная “Каралеўства Цэнтр”. Наўпроставая стрэлка мела подпіс “Інстытут Культуры”.
Я паправіў заплечнік і паплёўся направа. Для майго кірунку не было назвы. На мерзлым снезе амаль не траплялася чужых слядоў. Дарога ўзабралася на эстакаду і пасля велізарнай развязкі перайшла ў шасціпалосную магістраль. To тут, то там трапляліся закінутыя машыны, якія назаўсёды спыніліся там, дзе ў іх рухавіках перастаў запальвацца бензін ці дызель. На скрыжаваннях, пад святлафорамі, пакінутых машын было болей.
Я ішоў па шырокай праезнай частцы паміж гэтых абледзянелых касцякоў і думаў пра тое, што, калі сонца нарэшце ўзыдзе і рухавікі запрацуюць, у людзей будзе да халеры работы па прыбіранні гэтага паржавелага ламачча з дарог, па якіх можна было б ездзіць на працаздольных тачках. Хаця, калі сонца нарэшце ўзыдзе, гэта будзе адной з найменшых праблем цывілізацыі, якая ўжо загінула і плануе адрадзіцца.
Перад вачыма міналі знаёмыя абрысы жылых шматпавярховікаў, кінатэатраў, “шматфункцыянальных
гандлёва-забаўляльных цэнтраў” (прыгадаў жа назву!). Памяць шаптала назвы: “Глоба”, “Тытан”, “Бярэсце”. Я збочыў да аднаго з іх. На першым паверсе тут некалі была кавярня, дзе я любіў пасядзець за неабдымным кубкам з капучына. Чырвоныя літары пры ўваходзе не аблупіліся, дзверы нехта ўскрыў да мяне. Усярэдзіне ўсё было некранутым: тыя ж канапы са штучнай скуры (натуральную ўжо абадралі б), тыя ж столікі з тоўстага шкла. Аднак холад і цемра рабілі месца непазнавальным, ніякай настальгіі. Усе мы любім не сценкі, не мэблю (і тое, і другое засталося тут), але ж — знаёмыя твары афіцыянтаў, пахі інтэр’еру і, галоўнае, святло. Тут заўсёды былі такія ўтульныя прыцемкі, можна было заліпаць у яблычнік гадзінамі.
Калі мы вярталіся да праспекта, я заўважыў, што дагэтуль вясёлая і неўтаймаваная Герда раптам сцішылася і зрабілася асцярожнай. Пройдзе некалькі крокаў, навострыць вушы і стаіць, слухае. Яна не гаўкала, але была чымсьці ўстрывожаная. Настрой сабакі імгненна перадаўся мне. Я пачаў наступаць з пяткі на насок, так атрымлівалася цішэй, хаця асаблівага плёну ад гэтай цішыні не было: мяне выдаваў ліхтар. Я выключыў налобнік і адразу ж яго зноўку ўключыў. Без светлавога снапка наперадзе было занадта вусцішна. Раптам удалечыні справа я заўважыў тры рухомыя кропкі.