Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Па шчырасці, з кожным новым пратаптаным кіламетрам я адчуваў рост расчаравання. Тут, за высокімі сценкамі муніцыпаліі, усё было не так, як я чакаў. Мне мроілася, што як толькі я адыду ад Грушаўкі настолькі далёка, каб не бачыць Гацаковай вежы, як толькі ўздымуся на дастаткова высокі пагорак, на даляглядзе прагляне хаця б нейкая надзея. Якая надасць сілаў рушыць далей. Сам пераход уяўляўся інакш. Натоўпы гандляроў спецыямі, караваншчыкаў з вугалем, перасоўных крамнікаў з гарачымі напоямі, мядком, экспартаванымі з не нашых месцаў слодычамі... Меў спадзеў, што за сценкай таксама ёсць нейкі рушняк. Што слова “пусткі” — метафара, якая азначае папросту менш заселеную тэрыторыю. Дзе замест мядку табе нальюць кепскага піва, замест піханай пальцам каўбасы ўцюхаюць кебаб з сабачым харчам, але будуць і людзі, і хоць
нейкі сэрвіс. I, маючы дастаткова цынку, тут ты не загінеш з голаду і холаду.
Але пусткі — прынамсі, на першы погляд — выявіліся сапраўднай прамерзлай і бязлюднай пустыняй. Надзея, што недзе за паваротам цывілізацыя ўсё ж аднавілася і за дзве батарэйкі можна будзе з’есці rare бургер з халапенья ды бульбай па-вясковаму, адносілася як мінімум на дваццаць кіламетраў наперад — дыстанцыя да бачнага з вялікай эстакады гарызонту.
Што, цікава, меў на ўвазе шахцёр, калі казаў, што ежы тут болей, чым у Грушаўцы.
Направа адкрылася шырачэзная траса, на якой грувасціліся замёрзлыя машыны. Я падняў са ўзбочыны камень, садануўпа шкле “Порш Каена”, адкрыўдзверцы і, пакінуўшы пляцак ля колаў, залез усярэдзіну разам з Гердай. На скураных крэслах было настолькі холадна, што пад азадак давялося падкласці кілімок. Спаць у машынах — не варыянт, адзначыў я аўтаматычна. Трэба шукаць болып прыдатныя ўпіскі. Я параўнаў бачную воку паваротку з трасай на Магілёў-Гомель, пазначанай на мапе. Выгін, як мне падалося, быў падобны. Агулам я настолькі стаміўся, што, на секунду прыкрыўшы павекі, ледзь не праваліўся ў сон.
— Стоп! He спаць! Захварэеш ці не прачнешся! — загадаў я сабе. — Шукаем жытло і харч!
Выбраўся з машыны, падлез пад заплечнік і паволі падняўся, абапіраючыся на капот. Герда сыходзіць з машыны не хацела — паглядзела на мяне ўмольна: маўляў, давай застанемся адпачыць тут, садысце! Яе батарэйка таксама сканчалася.
Я стаў пільна азірацца па баках у пошуках месца, дзе можна было б заночыць. Праз некалькі кіламетраў ад кальцавой былі роўныя шэрагі тыпавых дзевяціпавярховых панэлек, расстаўленых на аднолькавых адлегласцях. Hi дрэўца, ні хмызняку — усё, што не вы-
карчавалі падчас забудовы, пасля паспальвалі для ацяплення.
Мы збочылі з праезнай часткі (я паспеў здзівіцца, заўважыўшы свежыя па выглядзе сляды трох роварных шын, — раварысты мусілі завярнуць на свой поўдзень значна раней) і заглыбіліся ў мікрараён. Герда вырашыла ўзяць сітуацыю пад свой кантроль: загнуўшы хвост уверх, яна падбегла да пад’езда аднаго з дзевяціпавярховікаў і пачала зазыўна брахаць. Сюды, сюды, дурань!
Я пільна агледзеў дом звонку. Па-над некаторымі вокнамі былі выразныя чорныя палосы, што падкрэсліваліся таксама моцна закуранымі шклопакетамі. У іншых месцах са сценак ці заканапачаных анучамі дзюрак у шыбах тырчэлі бляшаныя трубы буржуек. Але былі і кватэры без слядоў чарнавога ацяплення. Лагічна дапусціць, што там ніхто не жыў пасля блэкаўту. I прыпасы не мусілі быць высмактаныя дашчэнту.
У гэтым пад’ездзе чыстыя вокны — на трэцім паверсе злева, на пятым справа і на сёмым злева. Я свабодна прайшоў усярэдзіну. На ўваходзе не было нават кодавага замка.
Дзверы ўсіх памяшканняў на пляцоўках былі замкнёныя: выглядае, марадзёры сюды не дайшлі, усведамляючы галечу кварталаў. Трэці паверх. Шкляныя дзверы ў фае на дзве кватэры. Я зняў пляцак, разбіў шкло нагой і асцярожна, каб не падрапацца, намацаў клямку простага кнопкавага замка з таго боку. Адцягнуў, адмыкаючы. Паправіў налобнік. У вестыбюлі было два ўваходы. Адзін — направа, вокны гэтай кватэры мусяць глядзець на іншы бок дома, другі — налева. Мой варыянт.
Простыя дзверы з дзвюх пласцінаў ДВП і крохкай стружкавай пліты між імі. Танны замочак. Зараз па-
глядзім, што за гэтым хаваецца. Я адштурхнуўся ад сцяны ды з усёй моцы ляснуў нагой па палотнішчы дзвярэй. Храбуснула стружка. Нага загразла ва ўмяціне, давялося з высілкамі яе выцягваць. Яшчэ два нямоцныя ўдары, і язычок замка выскачыў з пашкоджанага трымальніка. Герда не пайшла наперад, і ўжо гэта мусіла насцярожыць. Але трыумфальнае адчуванне першы раз у жыцці ўзламанага чужога жытла пагнала наперад. Пакрыты шэранню кілім, раскладзеная і засцеленая канапа, налева — кухня. Я, уяўляючы сабе банкі са згушчонкай і пачкі з сухарамі, ледзь не спатыкнуўся на гэта.
Чалавек сядзеў спінай да мяне. У інвалідным вазку. Нежывы. Вельмі схуднелы.
Мне зрабілася сорамна, што я так нахабна парушыў ягоны спакой. Я адступіў з ускрытай кватэры і акуратна прычыніў зламаныя дзверы.
Герда ўсярэдзіну так і не ўвайшла.
Было вялікім аптымізмам нацягваць заплечнік перад праходам наверх. Бо можна ж было яго пакінуць тут і збегаць у выведку. Рыскуном. Вестыбюль на пятым паверсе быў зачынены надзейнымі жалезнымі дзвярыма. Рыгельны замок, легіраваная сталь. Гэта не здолеў бы ўскрыць голымі рукамі нават Супермэн. Пагрукаў без асаблівай надзеі, панаціскаў латунную ручку ўваходу, ды, уздыхнуўшы, пацягнуўся яшчэ вышэй. Сёмы паверх, фае абароненае дзвярыма з армаваным шклом. Я ляснуў па шкле нагой — паверхня, прашытая тонкімі сталёвымі ніткамі, спружыніла. I не паддалася. Тады я дастаў свой паляўнічы нож, засунуў лязо паміж касяком і замком, а потым без асаблівай навукі ўціснуў язычок, што адмыкаў замок.
У вестыбюлі было шмат абсалютна новага абутку — такі на рынку ў Грушаўцы ішоў па дзесяць цынкаў за пару. Патрэбныя мне дзверы былі фанерныя, я выса-
дзіў іх з першага разу, ударыўшы нагой бліжэй да ручкі з замком. Гэтым разам Гердачка праслізнула ў памяшканне як бывалая рабаўніца. Я зацягнуў заплечнік усярэдзіну.
Стандартная панэльная двушка: спальны пакой насупраць уваходу, раскошны ложак, коўдра, клятчасты ваўняны плед. Вялікая гасцёўня справа: модульная клееная мэбля, крышталь за шклом, некалькі кніжыц (тут раблюся ўважлівым): ‘Танна Карэніна” Талстога, “Бадзянні отрака Варфаламея” (серыя “Перлы праваслаўнай думкі”), альбом Сальвадора Далі, два тамы Оша, брашурка “Жывая дхарма”, ілюстраваны даведнік “Падлодкі другой сусветнай вайны”, чацвёрты том “Хронік Нарніі” Клайва С. Льюіса.
3 вывучэння бібліятэкі раблю выснову, што тут жыла разведзеная жанчына, халерык, няўстойлівага характару, з вышэйшай адукацыяй, ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў, нізкі прыбытак, сын-падлетак, палюбоўнік-візіцёр працаваў кіроўцам маршрутнага таксі.
Спяшаюся на кухню. Мільён дэталяў паказвае, што кватэру пакідалі вельмі паспешліва, забіраючы тыя рэчы, якія падаваліся каштоўнымі. Але не вярнуліся за тымі, што былі каштоўнымі насамрэч. Адзін ваўняны плед чаго варты. Ці зэдлікі з сапраўднага дрэва. Адчыняю лядоўню, рот таксама адкрываецца — сам. Нутро запакаванае прадуктамі: змерзлы бярвенчык вэнджанай каўбасы, клінчык галандскага сыру, колеру муміі, увесь у шэра-белай цвілі, — ён паспеў сапсавацца да таго, як тэмпература ў лядоўні апусцілася ніжэй за нуль, гэтаксама, як і селядзец, увесь пакрыты грыбком у саланаватым і праз тое не прамерзлым расоле. Высахлыя за гады ляжання палачкі сасісак, грыбочкі ў слоіку з уздзьмутай накрыўкай, памёрзлыя ў камень бульба, бурачкі, капуста ў паддончыку, кетчуп, маянэз, гарчыца, двухлітровая пляшка квасу,
двухлітровая бутэлька мінеральнай вады, не адкаркаванае “Кіндзмараулі” ў дзверцах. Ды яшчэ варэнікі з бульбай і кропам у маразілцы.
Палову з гэтых прадуктаў нельга нават на язык каштаваць. За час, што мінуў з моманту, калі іх паклалі ў лядоўню, Герда паспела вырасці з вясёлага, дурнаватага цюцькі ў цынічную сабачыцу бальзакаўскага ўзросту. 3 пысай, якая выказвае настолькі разнастайныя эмоцыі, што ў ТБ-эпоху яна магла б працаваць стэндап-комікам, і ніхто б не заўважыў што на сцэне — не чалавек. To можна ўявіць, наколькі складаныя цывілізацыі аэробных і анаэробных бактэрый нараслі за гэты час на селядцы ці грыбочках. Яны там ужо, бадай, інтэрнэт вынайшлі. Іх там настолькі шмат, што толькі адкусіш — пырснеш у розныя бакі ўжо спажытай і пераваранай біямасай. Можа, квас? He, ён за гэты час таксама скіс у нешта прагорклае, цягучае, з вострым бражным прысмакам. Я прапіхнуў корку віна ў бутэлечнае рыльца, зрабіў глыток і выплюнуў: не ведаў, што разлітае ў бутэлькі віно таксама псуецца пры нізкіх тэмпературах. Але ж бульбяныя варэнічкі!
Пакуль на балконе разгаралася вогнішча з зэдліка, Оша і драўляных фрагментаў фатэля, я абшныпарыў гаспадарчыя шафкі пры газавай пліце. Маімі трафеямі сталі двухлітровая бутэлька брэндавай “Кока-колы”, кіло рысу, кіло грэчкі, кансерваваныя бычкі ў тамаце і — падрыхтуйцеся — велізарны пакет некранутых чыпсаў “Лэйс”.
Тэарэтычнае дапушчэнне дасведчанага кніжніка пра сына-падлетка, зробленае на падставе кантэнт-аналізу бібліятэкі, здабыла сваё эмпірычнае пацверджанне ў смачнюткім падлеткавым далікатэсе.
Чыпсы зусім не паялчэлі. Я паклаў адну ў рот, асцярожна раскусіў яе і ледзь не захлынуўся слінай: смак тых часоў, калі чалавецтва яшчэ было цывілізацыяй,
а Герда яшчэ была маладой. Я пачаў знішчаць джанкфуд жменямі, і хруст у пакоі стаяў такі, што закладала вушы. Герда, назіраючы за маёй забавай, гаўкнула, і я працягнуў ёй некалькі бульбяных пялёсткаў. Яна пахрабусцела імі і зірнула з сумневам. Тыпу, ці не канчаткова пацыент крануўся? Спачатку за сценку пацягнуў, бо не сядзелася ў хаце хлопчыку малому, потым пачаў жэрці нейкую падфарбаваную пластмасу.
Сабуля віскнула з жалем да мяне: не еш, дзядзька, катом зробішся! Як заўжды пры абжорстве чыпсамі, калі пакет ужо амаль быў спустошаны, мяне напаткала пякучае пачуццё віны, перамяшанае з агідай і выразным хімічным прысмакам дадаткаў, якія арганізм спачатку прыняў за смятанны і папрычны смак. Але было запозна. На руках застаўся слой хімічнага тлушчу, які я старанна абцёр аб драп канапы. Потым згасіў налобнік, запаліў чатыры свечкі, знойдзеныя ў шуфлядах, і хутка заварыў сабе варэнічкі на мінералцы.