Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
— А што там быў за фрагмент? Як ты з ім спрачаўся? — падаўся наперад Цар.
— Я прачытаю на памяць, — мне было прыемна адзначаць, які эфект займела прапанова. Зараз цытаванне завучаных тэкстаў—рэдкая здольнасць. — Вось ён: “Яны ад пачатку ўсё зблыталі. Прычым цалкам свядома. Яны прыдумалі самаабмежаванне і падпарадкавалі ямуўсё. А затым пераадоленне гэтага самаабмежавання зрабілі сэнсам свайго жыцця. На маю думку, гэта быў цалкам ірацыянальны шлях. Ну, да прыкладу Для прасторы яны прыдумалі адлегласць — усякія далёкія шляхі і светлавыя гады. Хоць у сведчаннях іх старажытных продкаў вы не знойдзеце ніякіх праблемаў з перамяшчэннем у прасторы. Выправіўся кудысьці за трыдзевяць зямель і дастаўся да месца. Ніякага пераадолення, ніякіх намаганняў, ніякай стомы. Яны паверылі, што адлегласць трэба пераадольваць. I каб гэта ўсё не здавалася абсурдам, прыдумалі гравітацыю. Кабужо зусім цяжка было рухацца”.
Запанавала цішыня. Я чакаў, калі мне прапануюць ісці ды пажадаюць добрай дарогі. А Цар, выглядала, чапляўся за нашу камунікацыю. Магчыма, вагаўся ў няпростым рашэнні, якое мусіў прыняць. Тут дыванок
за ягонай спінай адхіліўся ды жаночы голас добра чутным шэптам спытаўся: “Саш, ну як? Доўга яшчэ?” Гаспадар зрабіў рэзкі рух рукой з адтапыраным пальцам сабе за спіну, і жанчына знікла ў цемры.
— Я некалі геафак БДУ скончыў, — сказаў Цар зусім іншай інтанацыяй, кінуўшы хуткі позірк на падначаленых. Як быццам разважаў, ці не прагнаць Мазая і Зайца з пакояў, пакуль ідзе даверлівая гутарка. — Памятаеш, як у “Недараслі” Фанвізіна памешчыца Прастакова пра геаграфію казала? “Навука рамізніцкая”. Бо хто яшчэ, апрача возчыкаў, мог цікавіцца, дзе Пецярбург у дачыненні да Масквы знаходзіцца? I вось зараз для вачэй былога географа цікавы час: спазнаны свет зноўку робіцца непазнавальным. Узнавіліся недасяжныя адлегласці. Адсюль прэ ўсялякая дурасць. Прачытаў нядаўна ў газеце. Як там было напісана? Брытанскія вучоныя ідуць да краю Зямлі. I ўжо нават дайшлі нібыта. Лазяць па ім. Па краі. I гэта не проста дурасць. He проста падман. Гэта сервіроўка. Прычым, рабіў яе не вельмі дасведчаны кухар. Нехта хоча прымусіць нас паверыць у тое, што Зямля плоская.
— I што па ёй гойсаюць неўры, скіфы, казлакапытыя, — дадаў я ў тон яму.
— He, пра неўраў я нічога не скажу, у нас патрулі такое, бывае, бачылі... Я не пра тое. А што нам сервіруюць плоскую Зямлю пад гэткім сярэднявечным соўсам. Маўляў, усё, што мы думалі, што ведаем пра космас, — фэйк. Сузор’і былі проста намаляваныя на небасхіле, а касмічная праграма, пачынаючы з Гагарына, рабілася на “Масфільме” і ў Галівудзе. А вось сярэднявечныя людзі — яны не памыляліся! Тры сланы, чарапаха, кіт! Скіфы, амазонкі, горы па краі, каб вада з нябеснай плашчыні не сцякала. Але той, хто гэта сервіраваў, не ведае, што ў сярэднявеччы людзі былі выдатна абазнаныя пра тое, што Зямля ёсць шарам.
Бо манахі чыталі антычных філосафаў і астраномаў. Бо яшчэ Арыстоцель па зямным цені на Месяцы давёў тэзу Піфагора пра зямную скружанасць. А міф пра плоскую Зямлю, разам з карцінкай з трыма сланамі і чарапахай узнік як успамін пра Сярэднявечча. У дзевятнаццатым стагоддзі. Калі, на тле дасягненняў рацыянальнага стагоддзя, узнікла патрэба зачарніць старыя часы цемрашальствам. Любы географ у курсах. Але гэты свет сервіруе не географ.
Цар перабраў скарбы, што ляжалі перад ім. Паглядзеў на мяне, на Герду, пазакручваў сабе кліночак бародкі спачатку ў адзін бок, потым у другі. Нарэшце вымавіў, з інтанацыяй судовага выраку:
— Мазай праводзіць цябе да дарогі на поўдзень. Ты ідзеш на былы Слуцк?
— Я трымаю курс на Гомель, — радасна паправіў яго я. — Проста блукануў трохі, калі паварочваў з кальцавой. Зараз забяру направа.
— Трымайся падалей ад шырокіх дарог, — параіў Цар. — Я адпускаю, неўры — не адпусцяць. Пойдзеш пакуль па занядбанай Слуцкай шашы. За адно сненне адсюль знойдзеш вялікую ферму. Яе цяжка прапусціць, стаіць проста пры дарозе.
— За адно сненне? — перапытаў я.
— Мы так пазначаем адлегласці. Адно сненне — калі на прамежку шляху трэба адзін раз застацца на грунтоўны адпачынак. Сем сненняў — гэта збольшага былы тыдзень. Хаця, канечне, залежыць ад вынослівасці ды кроказдольнасці таго, хто ідзе.
Я адзначыў пра сябе разумнасць такога вымярэння прасторы.
— Пасля фермы павернеш налева ды праз Садкі Рыбароў, праз Вытоку Змушанасці, выйдзеш да Пасёлка Слодычаў. Цукерні там вырабляюць большасць прысмакаў нашага свету. Ад фермы туды ісці толькі
два сненні. На шляху ёсць карчма “У Ляйбы” і заезны двор “Пшымыслаў”, яго трымаюць тры палякі. Пасёлак Слодычаў стаіць ужо фактычна пры былым Гомельскім кірунку, там табе дапамогуць з далейшай арыентацыяй.
— Дзякуй шчыры! — я пакланіўся.
Цар апусціў вочы долу — магчыма, не хацеў глядзець у мае, абдумваючы тое, што збіраўся сказаць. А можа быць, проста не прызвычаіўся некага пра нешта прасіць і таму пачуваўся няёмка.
— Але хацеў запытаць пра адну паслугу. Там, на ферме, жыве адзін мой добры сябра. Ён там валадар. Магчыма, самы багаты чалавек з жывых сёння. Яго людзі разводзяць свіней, гадуюць коняў на продаж. Ён паходзіць з братэрства “Аўтаз”. Гара ад яго па-ранейшаму шмат у чым залежыць. Клічуць брат Ягорый. Перадай яму, калі ласка, ад мяне падарунак. На знак глыбокай павагі.
Ён узяў са століка нож у скураных ножнах і працягнуў мне. Цяжкае дзяржальна, зробленае з эбанітавых і касцяных пласцін, складанае цісненне па скуры, узбагачанае срэбнай ніткай. Я расшпіліў гузік, агаліў лязо. Нічога адметнага. Пачатак дваццатага стагоддзя. Шараватая, неахайна адпаліраваная сталь. Паляўнічае прыстасаванне настаўнікаў гімназіі. На царскі падарунак не цягне. Але часам цары дораць не рэчы, а мэсыджы. Мабыць, я вагаўся даўжэй, чым ад мяне чакалі, бо Цар палічыў неабходным дадаць:
— Я б паслаў Мазая ці каго з ягоных зайцаў. Але брат Ягорый іх не любіць за дуракаватасць.
— Чаго й та? — паспрабаваў уступіць у дыскусію Мазай, але самаўладнік пранікліва зыркнуў на яго, і барадач прымоўк.
— А, каб усё было па справядлівасці, — тут ён зрабіў вялікую паўзу, а я ў той момант не змог зразумець, пра
якую “справядлівасць” ён кажа і чаму апелюе да яе зараз, — дык вось, для справядлівасці і раўнавагі я хацеў бы падарыць табе капыт. Бо без капыта ў цябе ў пустках наогул ніякіх шанцаў.
Перад ім ляжала раскошная на выгляд дубальтоўка: з рулямі адна пад другой, з інкрустацыяй па цаўі ды шчоках прыклада. Ён падняў яе са століка, падкінуў высока ў паветра ды злавіў за шыйку прыклада.
— Хутчэй за ўсё, на гэтым капыце кроў, інакш бы яго не скінулі на сметніцу. Бачыш, які лёгкі? Сапраўдны твор мастацтва. He вельмі стары, дарма, што ўпрыгожаны золатам. Васьмідзясятыя гады дваццатага стагоддзя. Іжэўскі завод, лімітаваная серыя.
Ён нечакана кінуў ружжо мне, і яно ледзь не грымнулася на падлогу — я паспеў падхапіць яго ў апошні момант. Узяў дубальтоўку левай далонню пад цаўё, правую паклаў на ложа: даўжыня была ідэальная. Па каробцы ішла выява: срэбны стрыжань палыну пераплёўся з залатой галінкай явару, усё гэта — на тле намаразі ў форме вастракутных яваравых лістоў.
— Прыгожы... механізм, — не ўтрымаўся я. Думкі пра тое, каб зноўку адмовіцца ад зброі, не ўзнікла. Я надта добра памятаў смак страху ў роце, калі навакол чэрнь, сэрца сцінае вусціш, а з сродкаў абароны — хіба зубы Гердачкі.
— Мазай дасць табе тры скрыначкі васьміміліметровай карцечы ды балістолу, — распарадзіўся Цар, — з дваццаці метраў праб’еш башку нават тыраназаўру. Адно што зважай: аддача лютая.
Я зноўку пакланіўся і стаў выцягваць Герду прэч з пакояў самадзержца. Той праводзіў нас спачувальным позіркам. Калі мы былі ўжо пры дзвярах, дыванок за ягонай спінай адхіліўся, ды той самы добра чутны дзявочы шэпт з цемры спытаўся: “Саш, ну ўсё? Скончылі вы?”
Падсвечаныя паходнямі калідоры і тунэлі, па якіх мы вярталіся на дарогу, выглядалі палеанталагічна. Дарма, што былі прабітыя ў самых новых акамянеласцях, створаных не Зямлёй, а чалавекам з адкідаў уласнай дзейнасці.
Мазай на развітанне нечакана выгукнуў: “Ну давай, парань!” і палез абдымацца. Сентыментальныя людзі гэтыя зламыснікі. Пыса ў Герды была амаль ухвальная: па выніках спробы рабавання мы прыдбалі неблагі капыт.
Раздзел трэці
П"асля добра прагрэтых Царовых палатаў вулічнае каля-нуля непрыемна аблізвала холадам ікры ног, забіралася за каўнер ды па-
кусвала пальцы. Нягледзячы на папярэджанне, мы пацягнуліся далей па дарозе. У якасці перасцярогі я скіраваў налобнік проста сабе пад ногі — так, каб ягоны струмень не расцягваўся на шмат метраў. Мне падавалася, што так нас горш бачна з адлегласці. Як арыентавацца ў абсалютнай цемры, не маючы поруч белай стужкі дарожнай разметкі, я проста не разумеў.
Мы паспелі зрабіць два прывалы да таго моманту, калі, забраўшыся на ўзгорак, я пабачыў россып светлавых кропак, застылых у цемры нізіны наперадзе. Гара была ўжо вельмі далёка, дапамогі ў выпадку чаго чакаць не было адкуль. Я памятаю, што Герда ў той момант выразна і вельмі жаласліва скавытнула.
Я выключыў налобнік і, спатыкаючыся, пачаў асцярожна прасоўвацца ў кірунку збляднелага сузор’я. Зорачак у ім я налічыў пяць, тры аднолькавых памераў ды дзве большыя, разнесеныя па баках. Сузор’е блішчэла значна слабей за стандартны налобны ліхтарык, нагадваючы хутчэй балотныя агні ці памерлых велізарных светлякоў. Дарогаў гэтым месцы ішла праз лясок, што падціскаўся блізка да праезнай часткі. Там, за дрэвамі, магло хавацца немаведама што, але агні нібыта застылі менавіта на асфальце.
Калі крадзешся праз абсалютную чарнату, трымаючы вочы на нерухомых светлавых плямах, пачынае мроіцца, што агні варушацца. Я некалькі разоў спыняўся — заміралі і светлавыя водбліскі. Нарэшце я прысеў, павольна зняў заплечнік, расшпіліў бакавую кішэню і дастаў скрыначку з патронамі. Разарваў, рассыпаў прыпас сабе пад ногі, вылаяўся, навобмацак сабраў патроны. Паслізгаў далонню па дубальтоўцы, спрабуючы ў прыцемках зразумець, як адчыніць патроннік. Рычаг механізма быў зверху, засцерагальнік — на абводзе спускавога кручка. Уставіў карцеч у ствалы, схаваў астатнія патроны ў пляцак, шчоўкнуў засцерагальнікам. Шапнуў Гердзе сядзець пры заплечніку, тая не стала спрачацца. Пачаў павольна набліжацца — да плямаў заставалася метраў дзвесце.