Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
Я пастукаў у невялічкі каменны палацык пры дарозе — капітальныя дзверы былі капітальна зачыненыя на замок. Наступнае жытло было сціплейшым — абкладзенае цэглай бярвенне, трэснутае ды замазанае пластылінам шкло на вокнах, блакітныя дзверы з наздратых дошак. Замок тут быў хаця і важкі, але навясны.
— Прыехалі! — сказаў я сабулі стомлена, зняў стрэльбу ды ў тры ўдары прыкладам знёс клямку, што яднала замок з вушаком.
Выцягнуў дзверы — яны, рыпнуўшы, правіслі на петлях. Уключыўналобны ліхтар.
— Сардэчна вітаем! — я зрабіў гасцінную жэстуру Гердзе, запрашаючы яе ўсярэдзіну.
Тая, не верачы, што здзекі марш-кідком на сёння скончыліся, задраўшы хвост, забегла ў цемень. Сенцы ад жылых пакояў былі адасобленыя покрыўкай ад мух — сведчанне таго, што гаспадары пайшлі са сваёй хаты ўлетку. Сабуля праслізнула паўз тканіну, зрабіла крок у прыцемкі, ды раптам нешта там звонка грукнула, дом агаласіўся пранізлівым віскатам.
Узняўшы зброю, я пабег у гасцёўню, і першае, што я пабачыў былі поўныя крыўды сабуліны вочы. Я не ведаю, пра каго яна падумала горш: пра тых вылюдкаў, што назаўсёды сыходзячы з хаты, пакінулі пры дзвярах узведзены мядзведжы капкан, ці на гаспадара, які загадаў ёй бегчы туды, дзе хавалася небяспека.
Герда скакала на трох лапах ды скуголіла, пярэдняя правая была заціснутая ў прымацаваную да лядоўні ланцугом пастку. На падлогу падалі кроплі крыві. Добрыя людзі ладна пралічылі ўсе захады сваёй гасціннасці — скалечаная ахвяра не магла проста выбегчы з дома, яна была прыкутая да пакоя.
Я кінуўся на дапамогу, расціснуў скобы, што былі для большай злосці аздобленыя завостранымі зуб-
камі, агледзеў Гердзіну лапу. Костка перабітая, ступак бязвольна звісаў на цягліцах і скуры. Кроў ішла шчодра, цурчэла праз баразну, пакінутую скобамі, выплёўвалася праз дзіркі, вырваныя зубкамі. Я выняў з заплечніка сваю кашулю, адарваў ад яе вузкую стужку ды пераматаў лапу ніжэй за локаць, каб спыніць кроў. Пасля выйшаў на двор, адсек ад грушы пры доме сухую галінку ды зрабіў з яе дзве лангеты, у якія замацаваў ступак.
Герда енчыла ўвесь час. Толькі я кранаў параненую лапу, як яна спрабавала мякка адцягнуць яе. 3 вачэй сабулі беглі слёзы. Mae рукі дрыжэлі, я паўтараў: “Пацярпі, дзяўчыначка мая, пацярпі! Так трэба, гэта дапаможа”, — але, папраўдзе, сам не надта верыў у свае словы.
Калі мы толькі забралі цюцьку з пітомніка, як адказныя сабакары вырашылі праслухаць па яблычніку гожы цыкл лекцый пра першую дапамогу чатырохногім у крытычных сітуацыях. Самавіты доктар з падкручанымі вусікамі ў запамінальнай — як тады падавалася — манеры распавядаў, што і ў якой паслядоўнасці рабіць, калі гадаванца збіла машына, калі ён атруціўся бытавой хіміяй ці атрымаў раны ў бойцы з іншым сабакам. Быў там і лекторый на выпадак трапляння ў пастку.
Я спрабаваў прыгадаць хаця б слова з медычных парадаў, але адзінае, што ўзнаўлялася ў памяці — шрыфт, якім за доктарам пазначаліся запісаныя ключавыя словы, ці ягоныя франтаватыя, запраўленыя лакам, вусікі. Медыі навучылі нас на выпадак чаго бегчы ў Google. Ды шукаць франтаватага. Яны знішчылі саму здольнасць запамінаць, пераўтварыўшы веды ў адну з праяваў шоу-бізнесу. О, як жа я шкадаваў, што не прачытаў пра першую дапамогу псюлі якую-небудзь кнігу.
Бінтоў у закінутым доме не было. I тым болей спірту. Разварушыўшы шафу аматараў капканаў, я знайшоў там тонкую баваўняную сукенку, прыдатную для перавязкі. Выдраў з коўдры шматок воўны, паліў яго віскі, прыклаў да раны, каб знішчыць мікробы, пасля зрабіў тугую перавязку паверх лангеты. Аднёс Герду на канаггу, сеў пры ёй і гладзіў па вушах і спіне, пакуль яна не перастала паскульваць ды не пачала дыхаць роўна, заснуўшы. Я не заўважыў, як пайшоў у сон і сам. Я працягваў лашчыць яе праз дрымоту, ахутваючы літасцю. Але ў сненні мне падавалася, што гэта мяне зверху па галаве клапатліва гладзіць вялікая пушыстая лапа, ад дотыкаў якой робіцца спакойна і мірна. Мабыць, менавіта праз гэта я і плакаў.
Раздзел чацвёрты
~Г~Гобрая навіна была Ў тым, што перавязка / / спыніла кроў. На анучы, наматанай паверх
I лангеты, праступіла невялічкая плямка, якая за наш адпачынак не павялічылася. Яшчэ адна добрая навіна была ў тым, што, прачнуўшыся, Герда выглядала бадзёрай, хоць ад каціных харчоў і адмовілася. Пра кепскія навіны я казаць не буду — і так усё зразумела. Нам вельмі патрэбныя былі антыбіётыкі. А таму сядзець у хаце не выпадала — калі недзе ў акрузе яшчэ ёсць не разрабаваная аптэка, да яе трэба ісці на сваіх капытах.
Пры святле ліхтарыка я зрабіў развітальнае кола па няветлівай хаце. У разваленай адзежнай шафе я знайшоў рыбацкую шапку — ваўняная нітка, простае вязанне. Джэк Нікалсан у “Палёце над гняздом зязюлі”. Спадзяюся, яна належала не таму хто пакінуў ля дзвярэй капкан і здольны зрабіць інвалідам чалавека. Нацягнуў на вушы — дастаткова цёпла, пры гэтым нішто не абцяжарвае галаву, не лезе ў вочы, змяншаючы агляд, і не замінае слыху.
Паклаў зашмальцаваную, раскудлачаную, прапаленую і нягеглую заечую вушанку на стол. Увесь гэты цёмны час яна была фрагментам маёй самасці. Выйшаў з хаты з пачуццём, што пакінуў там частку сябе — баўдзілаватую, вясёлую ды яшчэ не абстраляную. Герда адразу пайшла наперад, задаючы хуткасць нашага агульнага з ёй руху. Спачатку яна спрабавала
скакаць на трох лапах, але потым асцярожна абаперлася на лангету, прамацала яе і пакульгала наперад. Мы няспешна выбраліся на дарогу, я паспрабаваў узяць Герду на рукі, але яна незадаволена віскнула, маўляў, пайду сама. Характар у дзеўкі.
Зараз, пасля адпачынку, я добра зразумеў, што мы збочылі на памылковы гасцінец і праставалі ну ніяк не да Пасёлка Слодычаў. Тут не было ні гандляроў, ні шахцёраў, ні іншых абслугатараў папулярнага маршруту. Ля сцяжыны да фермы ўвесь час траплялася смецце. Чалавек вырабляе яго непазбежна—паўсюль, дзе ён ёсць. Лес навокал нас быў некранутым. Дарога 66, Палессе — Пекла.
Аднак тая краіна, на месца якой заступіў сённяшні маўклівы парадак, ніколі не мела вялікіх незаселеных адлегласцяў. Мы цягнуліся не праз Сібір і не праз Манголію. To рана ці позна вырачаныя былі напаткаць райцэнтр, вёску, гарадок ці якое яшчэ паселішча са шпіталем ці, прынамсі, медпунктам пры аўтастанцыі. Далей задача будзе паспрабаваць разабрацца ў інструкцыях ды назвах прэпаратаў. Ці знайсці доктара — у залежнасці ад памераў удачы.
Асфальт зрабіў паварот, за якім прыцемнены лес, дарога ды і неба раптам зніклі ў суцэльным бялявым нішто. Гэта было настолькі нязвыкла, што я зняў з пляча дубальтоўку і ўключыў налобнік. Ягонае святло патанула ў малацэ, якое было разлітае наперадзе. Я падышоў бліжэй да мяжы нябачнасці. Вока адзначыла драбнюткія іскрынкі вільгаці, што заплывалі ў светлавы струмень. Адначасова з гэтым я адчуў пах—прэлая зямля, якая дыхае надзеяй на вясну, але ўжо спіць ці яшчэ не прачнулася. Я адчуў гэты пах ды прыгадаў адразу ўсё. Туман. Белая вата называецца “туман”. Я не бачыў яго з тых часоў, як у горадзе яшчэ здараўся кастрычнік. Кастрычнік у Мінску часцяком бываў туман-
ным. Жоўтае змакрэлае лісце ў Парку Горкага. Мост, альтанка, будынак пад шпілем вымалёўваюцца на шэрай акварэлі так, як быццам іх няўлоўнымі рухамі накідвае на вільготную паперу рука майстравітага жывапісца.
Герда схавалася ў белай завесе, я чуў яе дыханне ды клыпанне кіпцюроў па дарозе. Кожны чацвёрты слядок — ружовы. Перавязка стала падцякаць. Далёка так адысці не атрымаецца.
Якімі ж дурнымі мы былі пасярод таго кастрычніцкага хараства! На якія другасныя дробязі звярталі ўвагу! Якое глупства нас засмучала, якая невымоўная прыгажосць была побач незаўважанай, не ацэненай, не перажытай!
Шоргат шынаў па вільготнай дарозе, пах кавы з папяровага кубачка, ліловыя і памяранцавыя ліхтары, што пільнуюць спакой ракі — Герда спынілася ды пачала брахаць рэзка, з подвіскам, з усёй сілы. Я нагнаў яе. Вочы ў сабулі былі вытарашчаныя, морда перапужаная, зяпа павернутаяўтой бок, адкуль мы прыйшлі. “Хадзем, даражэнькая”, — я падцягнуў яе за ашыйнік, думаючы, што дзявульцы нешта прымроілася, але тая непакорліва схіліла галаву, падціснула вушы ды працягнула брахаць.
Я абярнуўся, пераключыў налобнік на максімум, але праз гэта сцяна туману толькі зрабілася на два метры бліжэйшай. Вата, розныя па шчыльнасці слаі непразрыстасці. За імі да нас можа ціхенька набліжацца хоць батальён казлакапытых — мы не пабачым нічога. Мой позірк трапіў на крывавыя Гердзіны слядкі. Зрабілася не па сабе. На якой адлегласці моцна згаладалы драпежнік можа адчуць пах параненай здабычы? Дзесяць кіламетраў? He, здаецца, гэта з youtube-лекцыі пра акул. А якія звяры вадзіліся ў беларускім лесе? Калі адкінуць неўраў, якіх ніхто з жывых не бачыў?
I тут я выразна пачуў гук. Ён даносіўся ззаду ды злева — адтуль, дзе мусіла быць узбочына лесу, схаванага смугой. Нешта хруснула з гучным стрэлам, як быццам на павалены таўшчэзны сук наступіла важкая, вельмі важкая нага. “Супакойся, — сказаў я ўголас. — Акул тут быць не можа, а з бурундучкамі мы неяк дамо рады”. Герда працягвала надрывацца — я нават не ведаю, ці яна спрабавала папярэдзіць мяне, ці напалохаць нешта. Пачуўся шолах, які бывае, калі нехта асцярожна спрабуе праціснуцца праз гушчар прыдарожнага хмызняку. Аточаная з усіх бакоў лесам дарога працавала як неблагі гукавы тунэль, у якім, нібы ў саборы св. Пятра, на вялікай адлегласці можна было разабраць нават шэпт. Зноўку шорхат, па-кацінаму далікатны. Больш за ўсё бянтэжыла гэтая асцярожнасць паляўнічага, які з усяе моцы намагаўся не спужаць ахвяру.
— Намастэ, аміга! — выгукнуў я як мага гучней. — Буэнас ночэс, тваю душу маць! Мы цябе чуем! Калі не жадаеш атрымаць дозу карцечы, мяўкні, хто ты ёсць! Бо буду страляць!
Ціш перарвалі некалькі асцярожных, вельмі павольных, крокаў. Хто б там ні быў, інстынкты ў яго добрыя. Я зняў заплечнік, паставіў яго перад сабой, прысеў за ім, паклаўшы рулю на ягоную крышку. Пачвара можа быць узброенай, кулю пляцак не спыніць, а вось небуйны шрот можа і заблытаецца. Зняў засцерагальнік. Герда працягвала брахаць з подвіскам, яе пыса з вытарашчанымі перапужанымі вачамі рухалася — крышачку ўправа, крышачку лявей. Яна разбірала рухі лепш за мяне, дапамагаючы зразумець, дзе дакладна хаваецца істота.