Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
Адно што калі я скіроўваў светлавы струмень на Герду, я губляў кантроль за тым, што рабілася з боку нападніка. Адцягнуўшы сабулю за сябе, я ўтаропіўся ў
смугу. Наш таямнічы госць зрабіўся нячутны. Нават Герда перастала брахаць і пачала пільнаваць ягоныя рухі. Як пачуе нешта — гаўкне колькі разоў, а потым выставіць вушы, слухае. Мы замерлі, цікуючы адно аднаго. Я ўглядаўся ў бялёсую муць у пошуках драпежніка, мая патэнцыйная мішэнь абірала найлепшы момант для атакі. I вось раптам, гучна фыркнуўшы, істота пусцілася ў галоп. Герда папярэдзіла мяне гаўканнем, але гэта было і не патрэбна: тупат быў не толькі чутны вуху — я адчуваў яго па ўздрыгваннях зямлі. Гэта быў не конь і не чалавек на кані. Гырканне, якое істота стварала падчас скачкоў, больш за ўсё нагадвала ваўчынае. Але ваўкі не жывуць самотна ды звычайна палююць зграяй.
3 туману вылецела здаравенная чорная постаць. Па памерах яна набліжалася да каня, — так ва ўсякім разе мне падалося пры гэтай першай сутычцы. Конскім жа было яе бліскучае, быццам палітае алеем, цела. Але вышчараныя іклы месціліся ў здаравеннай пашчы, з якой падчас скачку пырснула сліна. Абазначыўшыся з бялёсага марыва, монстр прабыўу святле майго налобніка долю секунды, адразу пасля гэтага скочыўшы наперад. Ён нават не змяніў хуткасці, проста пранёсся паўз нас, пакінуўшы віхуры ў тлустых космах вадзяной завісі. Я націснуў на абедзве гашэткі праз секунду пасля таго, як постаць сіганула за нашы спіны. Занадта позна.
Чаму пачвара не пайшла ў атаку? Што яе засмуціла? Заплечнік, за якім хавалася маё горла? Да якога было не так проста дабрацца? Гэта было зараз нават важней, чым здагадкі пра тое, што за халера на нас наляцела. Што не воўк — дык дакладна. Ваўку, каб набыць такі выгляд, трэба было спарыцца з мінівэнам, пажыць ў чарнобыльскім рэактары, захварэць на прамянёвую хваробу, страціць усю поўсць ды замяніць завостраную
ваўчыную зяпу нейкай тупарылай, амаль тыгрынай з выгляду, пашчай.
— За мной! Перамяшчаемся! — Герда не слухалася мяне, гаўкаючы наўздагон монстру, і я перацягнуў яе за ашыйнік, пасадзіўшы побач з сабой за плецаком. Выставіў рулю, вышчаўкнуў гарачыя гільзы, зарадзіў патроны з кішэні.
Нейкі час было ціха, і я ўжо нават паспеў запэўніць сябе, што драпежнік перадумаў на нас нападаць, напалоханы стрэламі, але вось зноўку пачуўся галоп. Я ўжо ведаў, чаго чакаць. Істота ўзнікла з падсвечанай плямы туману роўна на той час, які патрэбны, каб міргнуць. Я праводзіў яе руляй вінтоўкі, але не паспеў павярнуць галаву, на якой вісела крыніца святла. Хуткі рух — і монстр знік у цемры, хаця быў у мяне на прыцэле. Я зноўку стрэліў аўтаматычна, і зноўку ведаў, што пацэліць не мог.
Гэтым разам я паспеў выхапіць позіркам мёртвыя вочы нападніка. Чырвоныя, пільныя, яны не выказвалі абсалютна нічога. Такія вочы бываюць у неразумных старажавых сабак пры злых гаспадарах. I вось тут варухнулася нейкае пазнаванне. Нібыта я такое ўжо недзе бачыў. Вось гэтыя вострыя вушкі ды квадратную, бы ў “Месершміта”, пысу. Хай не такіх памераў, але. Істота была з нашага, вытлумачальнага свету. I гэта давала надзею, што ад яе можна абараніцца. Я зразумеў і яе тактыку. Яна паступова выглядала нашае сховішча, штораз набліжаючыся ў сваіх скоках. Наступны раз можа быць смяротным.
Мы зноўку схаваліся за заплечнік, і зноў Герду давялося ўцягваць за сабой, бо яна ўсё яшчэ гаўкала на пярэднім краі. Я набіў рулі і, каб не паўтараць памылку з прыцэльваннем, сцягнуў налобнік з галавы ды прыладзіў яго да правай рукі. Цяпер прамень святла біў роўна ў тым жа кірунку, у які была скіраваная дубаль-
тоўка. Уздых, выдых, тупат, гук прадзірання вялізарных кіпцюроў па асфальце. I зноўку чорны сілуэт — я даў падляцець яму да нас бліжэй і толькі тады націснуў на спуск. Бабахнула — першы, другі раз, дыстанцыя была невялікая, я не разумеў, як я мог не дастаць яго, нават падумаў, што патроны халастыя, але ж чаму тады карцеч выбіла іскры з асфалыу? He, я проста паганы стралок — я думаў усё гэта, уладкоўваючыся з другога боку заплечніка. Раскрыў патроннік, выкінуў гарачыя пластыкавыя цыліндрыкі, палез у кішэню па новыя ды схаладнеў. Hi ў правай, ні ў левай кішэні прыпасаў болей не было.
Таропкімі пальцамі я расшпіліў маланку, намацаў скрынку, разадраў яе і зноўку пачуў набліжэнне скачкоў. Герда засталася наперадзе, таму я кінуў і дубальтоўку, і скрынку з патронамі і з адным ліхтаром у руцэ стаў цягнуць сабаку ў бяспеку. Пачвара з’явілася адначасова з гэтым, яна рухалася проста на нас, і вось, калі прамень ад ліхтара трапіў ёй проста ў вочы, яна гыркнула, адскочыла ўбок і скурчылася там, матляючы галавой. Насельніца ночы, яна мела зрок, прыстасаваны да палявання ў абсалютнай цемры. Мой ліхтарык асляпіў яе. Затрымка падарыла мне тры секунды, каб уставіць патроны ды зашчоўкнуць ствалы. Калі монстр зноўку панёсся наўпрост на нас — ужо не для таго каб разведваць, а каб рваць на кавалкі, я зрабіў павольны выдых і плаўна націснуў на гашэткі. I адбылося гэта акурат у момант, калі грудзіна драпежніка амаль кранула рулю вінтоўкі. Я быў гатовы да таго, што стрэл зноўку не будзе мець аніякага эфекту, і ў наступнае імгненне вышчараныя зубы вырвуць мне кусок мяса з пляча.
Але нападнік трапіў на нябачную сценку — інерцыя падкінула яго, перакруціла праз галаву ды скіравала назад. Герда сцішылася, уражаная тым, што адбылося.
Я пераламаў вінтоўку, вытрас з патронніка гільзы, нахіліўся падабраць прыпас. Нешта вішчэла і гыркала ў цемры наперадзе. Я ўзвёў куркі ды, прыцэліўшыся ў бок гукаў, зрабіў некалькі асцярожных крокаў. Спачатку я пабачыў велічэзныя заднія лапы — яны стукалі па снезе на ўзбочыне. Потым светлавая пляма трапіла на выкінутыя куляй праз разварочаны азадак вантробы. Нарэшце, яшчэ праз два крокі — такі здаравенны гэта быў звер — я пабачыў вастравухае мурло. Скрываўленая пашча з рыкам угрызалася ў зямлю.
Монстр канаў, але ўсё роўна выглядаў небяспечным. Угледзеўшыся ў ягоныя вочы з чырвоным абадком па ўскрайку, у цёмна-шэрую гладкую поўсць, я зразумеў, што мы ледзь не сталі ахвярай велічэзнага здзічэлага дога. Відаць, у сабак таксама адбылася зваротная эвалюцыя. Пакуль людзі рабавалі электрастанцыі ды забівалі адзін аднаго за батарэйкі ды тушонку, галадуха зрабіла з самай памяркоўнай ды прыязнай сабачынай пароды драпежнага забойцу.
Я сядзеў ля звера, ажно пакуль ён не перастаў дыхаць. Адыходзіць у цемру, пакідаючы за спінай яшчэ жывога монстра, не хацелася. Герда ляжала побач, выцягнуўшы параненую лапу. Кроў сачылася праз павязку — я вырашыў грунтоўна перабінтавацца, як толькі дойдзем да якога жытла. Нарэшце, узняў заплечнік ды, абапёршыся на вінтоўку, выпрастаўся. Сутычка адабрала ў мяне ўсю энергію — зараз, калі адрэналін пайшоў з крыві, я зразумеў, наколькі знясілеў. Мабыць, так пачуваліся жаўнеры пасля бою. Па дарозе я падабраў са ўзбочыны даўгую сухую палку — крочыць з кіем лягчэй. Туман тым часам рабіўся гусцейшым, і мне цікава было, ці ляжыць ён тут увесь час — як над Грушаўкай увесь час вісіць аднолькавая коўдра мядзяных аблокаў. Я выключыў налобнік — ён усё роўна не вельмі дапамагаў — ды стараўся не за-
біраць у бакі, трымаючыся ў межах асфальтавага рэчышча.
Час зноўку некуды знік, вымяраючыся выключна ступенямі стомы ды голаду — пачуццяў, якія плаўна саступалі адно аднаму. To есці хацелася мацней, чым адпачыць, a то і наадварот. I вось, у гэтай утрапёнай цішыні, сярод непрагляднай заслоны, проста над вухам раптам раздаўся бадзёры тэнарок:
— О! Вітаечкі вам!
Я спачатку быў прысеў, потым брудна вылаяўся, намацваючы на ілбе ўключальнік ліхтарыка. Але ні ўключальніка, ні ліхтарыка на галаве не было — я забыў скруціць налобнік з правага запясця. Калі, нарэшце, я сарваў з пляча стрэльбу, запаліў святло, нацэліў у напрамку голасу ды зняў засцерагальнік, я пачуваўся ідыётам. Бо калі за час, што я вошкаўся, нам не зрабілі аніякай шкоды, дык значыць намеру шкодзіць і не было. Герда глядзела на маю мітусню няўхвальна. Кшталту, было б чаго кіпішыць, пане дурань, я б падала гукавы сігнал, ну!
У промні святла паказаўся хударлявы, парослы шчаціннем, дзядзечка. Апрануты ён быўу моцна заношаны камуфляж, побач з якім мая шапка выглядала навінкай апошняга паказу высокай моды ў Мілане. Ягоная вопратка была не проста дзіравай. Дзіркі ў ёй былі нават на тых заплатах, што закрывалі іншыя дзіркі. Ці не ў той момант я дапусціў што дзядзечка не падсвятліў мяне ліхтаром проста таму, што ў яго папросту не было цынку, які можна было б у той ліхтар заправіць?
Камуфляжны шырока, прыязна ўсміхаўся. Ягоныя зубы былі прыкладна ў тым жа стане, што і вопратка.
— Вітаечкі вам! To не вы там стралялі? — ён паказаў рукой у напрамку, у якім, як яму падалося, мы з Гердачкай маглі страляць. Праз туман напрамак падаваўся вельмі прыблізным.
Я кіўнуў, спрабуючы зразумець, чаго ён ад нас хоча.
— А то я думаю, хто гэта там страляе ў лесе? I галоўнае — і страляе, і страляе. Ці патронаў многа, ці то палюе на ізюбра. Вы там не на ізюбра часам палявалі?
— На нас здаравенны монстр палез, — неахвотна адказаў я, не апускаючы рулю.
— He, я таксама люблю паляванне. Але зараз і звера ў лясах не засталося, і шрот увесь выйшаў. Дык пстрыкаем па-старынцы, — ён адхіліў барціну свайго камуфляжу ды ганарліва прадэманстраваў драўляную рагатку з парэпанай гумкай.
— Далёка засталося да Пасёлка Слодычаў? — спытаўся я.
— Да Пасёлка Слодычаў тут як да Кракава ракам.
— To бок, далёка? — на ўсялякі выпадак удакладніў я, бо афарызму не зразумеў.
— “Далёка” — гэта як ракам да Ракава, даражэнечкі. А “як ракам да Кракава” — гэта проста капец як далёка. Вы на старой слуцкай шашы.
— I як мы сюды саскочылі? — разгублена запытаўся я ў Герды.
— У вашага сабачкі нага зламалася, — выдаў мужычок.
— Я ведаю, — наша камунікацыя праставала ў тупік.
— Але тут недалёка ёсць іншае паселішча, — шырока ўсміхнуўся ён. — Завецца Насамонамі. Mary правесці.
— Аптэка там ёсць? Доктар? Хаця б якая медыцына? — запытаў я, прыбіраючы стрэльбу за плячо.
— Вось вы туды прыйдзеце, там і спытаецеся. I я вас туды магу завесці. Але для гэтага вам трэба заплаціць Грыбку два цынкі.
Я зняў ліхтарык з запясця ды замацаваў яго паверх вязанай шапкі.