Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
Ружжо трымаў перад сабой, углядаючыся ў зоры. Яны, здаецца, усё ж не варушыліся. Палец на гашэтцы. Навокал, як заўсёды, панавала ціша — ні гукаў ні ветрыку. Тут мая нага правалілася ў яміну на ўзбочыне, руля дрыганулася ўніз, адзін са спускаў паддаўся ды зброя выплюнула полымя. Адразу ж хлопнула па Bymax, пасля стрэлу ў іх застаўся звон. Карцеч высекла піратэхнічныя іскры з асфальту за дзесяць крокаў ад мяне, адрыкашэціла ды пайшла высока ўгару. Зорачкі не варухнуліся — гэта было ці то нешта нежывое, ці то нешта ну зусім не пужлівае. Я пераламаў ствол, вылузаў гарачую гільзу, потым падняў рулю ў неба, паклаў палец на абводку спуску: бяспецы ўтрымання зброі давялося вучыцца на ўласнай нягегласці.
Яшчэ некалькі крокаў. У водблісках найбліжэйшай светлавой плямкі выразна праступіў контур чалавечага твару. Я клыпнуў засцерагальнікам, закінуў ружжо на плячо ды пабег да месца. Спатыкнуўся, ледзь не ўпаў — пад нагамі зарыпела нешта металічнае, нага захрасла ў падабенстве мяккага дроту. Я запаліў свят-
ло. Гэта быў ровар. Я дастаў ступню з пасткі веласіпедных спіц. Гаспадар ляжаў за некалькі метраў наперадзе. Тры ярчэйшыя кропкі — налобныя ліхтары. Дзве большыя плямы — светлавыя адбіткі снапкоў у чорным снезе. Батарэйкі ліхтароў амаль скарысталі рэсурс, значыць, ляжаць яны тут ужо доўга.
Адзін раварыст памёр, лежачы на спіне, галава павернутая да гары, яго налобнік не даваў адбітку. Таму зорачак было пяць, а не шэсць. Снег чорны, а чаму ён чорны? Крыві было шмат, яна замерзла лужынамі на асфальце, пафарбаваўшы чорным і лёд, і снег узбочыны. Святло бегала па застылых пальцах, вывернутых лытках, збялелых пятках, раскрытых у немым крыку ратах. 3 іх сцягнулі абутак. Дзіўна, што не забралі налобнікі дзеля цынку, што можна дастаць з іх. Другі веласіпедыст памёр проста пры сваім ровары — відаць, яго атакавалі, калі ён спыніўся і ўглядаўся ў цемру, каб зразумець, што здарылася з першым. Акуратны, па-хірургічнаму роўны, надрэз. Ад вуха да цэнтра горла. Шмат крыві. Звер так не задзярэ. Тут патрэбная сталь, а не кіпцюры. Трэці спрабаваў абараняцца. У ровара сагнутыя колы — выглядае, ён адбіваўся, трымаючы веласіпед за раму. Ровар — нязручная зброя. Занадта нязграбная для таго, каб ударыць нападніка як след, пры гэтым цяжкая нават для таго, хто абараняецца. Гэтага парэзалі моцна. Некалькі счарнелых ран на спіне, набрынялая крывёю вопратка на грудзях і жываце.
Калі мы знаёміліся, я не здолеў разглядзець іх твары. Усе трое для мяне былі энергічнымі, вясёлымі галасамі з цемры. Зараз я ўзіраўся ў рысы людзей, над якімі нядаўна нязлосна пацяшаўся. Маладжавыя, нягледзячы на пасівелыя скроні. Гладка паголеныя. Крыху наіўныя. Кроў падфарбавала іхныя вусны барвовым. Хто з іх прапанаваў мне фалафель? Хто з іх
пытаўся, як завуць Герду? Каму я так і не адказаў, ці можна яе пагладзіць?
“He сумуй, чалавек з сабакам. Ты не адзін на гэтай дарозе”. Цяпер адзін.
Усё, што было далей, я рабіў не вельмі ўсвядомлена. Сцягнуў целы на ўзбочыну. Сабраў ускрытыя ды выпатрашаныя заплечнікі ды роварныя торбы, паклаў побач з гаспадарамі. 3 іх вытраслі ўсё, скруцілі нават люмінафор з рамаў.
Заглыбіўся ў лес, набраў ссохлай драўніны і расклаў вялікае развітальнае вогнішча. Паклаў ровары наверх. Вагаўся, ці не вярнуць ім тэрмас, у якім яны перадавалі мне гарбату, ды вырашыў, што падарункі памерлым не вяртаюць. Гердаўвесь гэты час сядзела пры дарозе ды моўчкі назірала. Выкрасіў іскры на бяросту — тая хутка занялася, полымя перакінулася на галіны сухастою і неўзабаве навокал зрабілася вельмі светла. Вырыць глыбокую яміну ў прамёрзлай зямлі я б не здолеў нават з дапамогай сваёй карлікавай сякеркі. Таму гэта было адзіным спосабам праводзіць маіх знаёмых па-людску.
Зрабілася светла, як быццам сонца наведала лясок на развітанне. Я прысеў адцерці снегам кроў з пальцаў. I пабачыў тое, на што раней не звярнуў увагі. Уся ўзбочына, таксама, як і снег дарожнага адхону, што звязваў каляіну з лесам, былі шчодра ўсыпаныя слядамі.
Выцягнутыя парныя кропелькі, вострыя наверсе ды скругленыя да нізу. Парныя адбіткі болей за ўсё нагадвалі Гердзіны вушы ў той момант, калі тая напружана прыслухоўвалася да чагосьці. Выраз “казлакапытыя” ўдарыў у галаву неяк сам сабой, без усялякага жадання асэнсаваць пабачанае. Некалькі ланцужкоў слядоў вялі за дрэвы, іншыя цягнуліся ўздоўж дарогі. Шмат у якіх унутры чырвоная абводка — так, быццам капыты былі запэцканыя свежай крывёй. Я ўявіў сабе істот,
ногі якіх маглі пакідаць такія парныя востранькія сляды, а рукі — вось так хірургічна ўскрываць горла, і мне зрабілася вельмі некамфортна ля яркага полымя. На колькі кіламетраў распасціралася засветка ад яго? Ці паспею я скарыстацца стрэльбай перад тым, як выпатрашаць і мяне? Каго чакаць, нарэшце? Якога яны росту, тыя нападнікі? 3 казла ці з чалавека?
Пачакаўшы, пакуль полымя сцішыцца, я сышоў з дарогі ў лес ды павалокся па снезе. Болей ніякіх магістраляў. Налобнік — толькі ў крайнім выпадку, калі без яго — ніяк. Пра тое, што я забыўся на свой заплечнік, згадаў толькі тады, калі вырашыў глытнуць віскі за супакой іхных душаў.
Давялося далекавата вяртацца, і сам паварот выклікаў цень думкі пра блаславёнасць жыцця ў вольнай муніцыпаліі. Зараз была хіба апошняя магчымасць для бюргерскага шчасця там. Паспеў пабачыць, якія небяспекі абяцае прагулка. Цэнтральныя полісы замярзаюць насмерць, а за гадзіны пешшу ад іх стаяць некранутыя, няссечаныя лясы, з якіх можна не вярнуцца. Парадак, што ўсталяваўся ў былым горадзе-героі Мінску, выкшталтаваўся з сотняў вось такіх смерцяў. I ці не дарэмна я кідаю выклік гэтаму парадку? Ад гэтай кропкі магчымы шлях — толькі наперад. Калі праз тузін сненняў я зразумею марнасць сваёй “пілігрымкі”, вярнуцца будзе ўжо няможна. Убер з пустак не выклічаш.
Я каўтнуў віскі з рыльца — на ўспамін сяброў і за рашэнне ісці далей. Некалі самы танны з даступных у крамах купажаваных шатландцаў, Teacher’s, расцвіў на языку смакам старога добрага свету. Хваля цяпла дастала ажно кончыкаў пальцаў.
Гердачка чорным ценем цягнулася побач. Вочы хутка паабвыкліся — тут было болей снегу, і праз гэта лепей была бачная страла дарогі, уздоўж якой трэба
было трымацца. За сто метраў ад шашы на шарпаку ды ў снежнай прысыпцы, якой быў прыпраўлены лес, была пратаптаная сапраўдная магістраль. Я на імгненне запаліў ліхтар ды пабачыў сотні адбіткаў: людскія чаравікі, боты, красоўкі, конскія падковы, што выдзіралі снег ажно да дзёрну, кабаны, на асобнай дарожцы якіх трапляліся масіўныя раскопы — вепрукі шукалі ежу, здзіраючы лычамі слой зямлі. Выглядала, што дарогамі карысталіся самыя непужаныя дурні.
Мне падавалася, што пасля перажытага шоку я здолею дайсці да пажаданай фермы без адпачынку і “снення”, але дарога з цяжкай ношай спачатку супакойвае, пазбаўляе трывожных думак і ўвогуле думак, а потым павольна выцягвае ўсе жылы, высмоктвае апошнюю энергію. Так што, наколькі б напружаны ці спужаны ты ні быў, колькі б твая кроў ні ўскіпала ад адрэналіну, праз трыццаць, сорак кіламетраў абавязкова пачнеш чапляцца заплечнікам за дрэвы, спатыкацца ўсё часцей ды нарэшце павалішся і будзеш гатовы спаць проста на снезе. Закінутых мікрараёнаў на маім шляху болей не траплялася, спрабаваць намацаць іншы населены пункт па мапе, не ведаючы месцазнаходжання, было дурасцю, таму як толькі пасярод заснежанага поля я пабачыў самотную адрыну, адразу збочыў да яе. Без спадзеву дайсці да чаго-небудзь лепшага.
Ад гаспадарчага дома ля пуні застаўся толькі падмурак. Хутчэй за ўсё, будынак калісь разабралі на бярвенне ды перавезлі ў іншае месца дачнікі. Адрыну не чапалі, бо навошта хлявок вяскоўцам-аматарам. Унутры пуні яшчэ быў пах жывёлы — ля ўваходу месціўся загон для каровы. Сенасховішча было на вышках, туды вялі драбіны і, пасля лаканічнай, але эмацыйнай дыскусіі ў стылістыцы брытанскага парламента, Ейная Вялікасць дазволіла зацягнуць яе на-
верх. Вырашальную ролю ў абмене тэзісамі падчас дэбатаў адыграла бляшаначка сабача-кацінага харчу, супраць якой у Герданькі аргументаў не знайшлося.
Закапаўшыся ў сена, я амаль адразу заснуў. Быў бы рады збрахаць, што сніў я лета на вёсцы, але гэта не так: ноч зноўку палохала мяне жахамі.
Першым пачуццём па прачынанні быў люты голад. Як і папярэдняй ноччу, я не меў нават драбнюткай ідэі пра тое, колькі гадзін праспаў. Без Гацаковых званоў адлічэнне часу, праведзенага за хадзьбой і сном, канчаткова зрабілася ўмоўным. Ногі вынеслі мяне на сцежку, я амаль бег наперад, уяўляючы сабе свіную каўбасу, якую набуду на ферме (калі да яе дабяруся). Лямкі заплечніка парыпвалі ад хуткай хадзьбы, Герда млява трусіла побач, яўна не ўхваляючы абраны мной тэмп. Менавіта ў гэты момант я ўпершыню пабачыў мінака.
Трэба сказаць, што святла навокал зрабілася як быццам болей, і колер нябёсаў змяніўся. Стаўшыся срэбрана-туманным, а не мядзяным, як было ў Грушаўцы. Магчыма, заслона, што адрэзала нашыя белыя снягі ад загадкавай крыніцы святла наверсе, вылічанай Рэйтанам, зрабілася танчэйшай. Так ці інакш, ідучы праз белае поле, я ясна бачыў частакол ссохлага чароту здалёк наперадзе. I вось, з праходу ў гэтым сухастоі выйшла чорная постаць — да яе было далекавата, але было бачна, што гэта чалавек, ён адзін, з руляй за спінай і ідзе хутка.
Тут адбылося нечаканае: я паскорыў хаду, каб сустрэцца з ім ды запытацца, колькі засталося да фермы, але ён, не змяняючы тэмпу, забраў роўна на сто крокаў лявей ад сцежкі. Прычым, зрабіў гэта аўтаматычна і без ваганняў, так, як нібы гэта было негалоснае правіла размінання мінакоў у пустках. Я скіраваў да яго, і тут ён, заўважыўшы гэта, рэзка
спыніўся. Калі да мінака заставалася крокаў сто, ён зняў з пляча стрэльбу. Герда рыкнула і ўжо была гатовая бегчы да яго адкусваць геніталіі.
— Побач! — спакойна загадаў ёй ды таксама спыніўся. — Дзень добры! — крыкнуў я мінаку, паспрабаваўшы зрабіць голас як мага болей ветлівым. — Я літаральна на секундачку! Спытаць хачу! — я ўзняў рукі дагары, паказваючы, што мае намеры самыя добранадзейныя.
Постаць нічога не адказвала, азіраючы мяне з узнятай руляй. Я зрабіў некалькі крокаў насустрач. Ён крыкнуў:
— Стой тут. Бліжэй не ідзі. Буду страляць.