Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Я хацеў запытаць, як гэты апокрыф уплывае на неабходнасць затрымліваць нас з Гердай, але вырашыў не вымушаць Цара чакаць. Бо ясна ж было, што гэта яшчэ адна горкая праўда пра кепскіх катоў, ад якіх усё
ліха на зямлі. I праз якіх даводзіцца пакутаваць прыстойным людзям і яшчэ больш прыстойным сабачкам.
Мы ўвайшлі ў дамок. Унутры тлела некалькі жароўняў з вугалем, сцены былі завешаныя арабскімі дыванамі, якія нават да апакаліпсісу выглядалі б раскошна. Некаторая падрапанасць надавала ім дадатковай антыкварнай вабы. Тут было цёпла, жароўні вытваралі шмат сухой гарачыні. На скураной канапе сядзеў чалавек, які быў у тым узросце, што і герой карціны Ільі Рэпіна “Іван Грозны забівае свайго сына”. Я маю на ўвазе не цара Івана Грознага, а якраз забітага царовага сына, Івана Іванавіча. Такая ж бародка, такі ж нездаровы выгляд. Што яшчэ дадаць да партрэта? Над сэрцам прышчэплены залаты рэгал — памета ў выглядзе ўпісаных ў кола кіркі ды цыркуля, з густоўнай каронай, выкладзенай невялічкімі дыяментамі на нізе. Выглядала на выраблены напрыканцы васямнаццатага стагоддзя значок кіраўніка адной з тутэйшых масонскіх ложаў.
Што яшчэ? У эруХэмінгуэя сярод шасцідзясятнікаў Савецкага Саюза былі распаўсюджаныя драўляныя тытунёвыя люлькі, зробленыя ў выглядзе галавы Мефістофеля. Ад майго прадзеда засталася такая. Дык вось, Цар нагадваў Мефістофеля — але не таго, якога мы ўявім, прачытаўшы Гётэ. А спрошчаную версію, з драўлянай савецкай люлькі. Для мадэлявання якой разьбяр натхняўся старымі карыкатурамі на Льва Троцкага (тая ж бародка кліночкам).
Поруч з Царом сядзела жанчына, прыгожая такім хараством, з якім мне ніколі не хацелася пераходзіць з “вы” на “ты”. У форме яе вуснаў было нешта драпежнае. Мефіста перабіраў раскладзеныя на століку перад ім каштоўнасці, хіба што толькі здабытыя ў штольнях сметніцы. Тут ляжала шмат зброі, напрыклад, багата інкруставаная вінтоўка, стары, а можа і старадаўні
нож, некалькі кніжак у скураных вокладках, адрэз чорнага аксаміту, бірузовыя каралі. Цікава, хто і з якіх прычын мог выкідаць такія скарбы. Як мы ўвайшлі, царова спадарожніца з незадаволеным абліччам узнялася з канапы ды вышмыгнула ў чорны калідор, які хаваўся за адным з дываноў. Цар узняў галаву ды выкрыкнуў, ці то ветліва, ці то з’едліва:
— Намастэ, амігас!
Герда, пачуўшы гэтае вітанне, адразу пачала гырчэць — ёй Цар катэгарычна не глянуўся. Я не веру людзям, якія кажуць, што ім не падабаецца мая сабуля. Але я веру сабулі, калі ёй не даспадобы нейкі чалавек.
— Што ўпаляваў Дзед Мазай і ягоны Заяц? — спытаў Цар, звяртаючыся да маіх канваіраў. Нейкага ваўка з сабой прывялі! Малайцы, выведнічкі!
— Рыскуны, — падаў я голас з намерам зрабіць уражанне.
— Што сказаў? — запытаўся Цар.
— Ёсць такое старажытнае слова: “рыскуны”. Азначае тых, хто ідзе наперад.
Цар бліснуў вачыма ды зарагатаў:
— Добрая позыўка! Дрыстуны! Дык што скажаце, дрыстуны? Хто гэта такі, што мае з сабой?
Мазай з Зайцам змушана засмяяліся. У прысутнасці самаўладніка іх характар і манеры яшчэ болып палагаднелі. Яны паводзіліся як два блазны перад асобай гаспадара, дзеля якога і былі прывучаныя выштукоўвацца.
— Нарэшце ўдалося загад вашай вялебнасці выканаць, — звярнуўся да Мефіста Заяц. — Вашай вялебнасці быў патрэбны сабака, мы яго вашай вялебнасці здабылі. Амаль суткі адсочвалі. Змушаны былі заночыць у снезе ў крытцы, каб не ўпусціць.
— А што за хер? Хто сам? Адкуль сабака ў яго? — царок упарта звяртаўся да сваёй чэлядзі, а не да мяне.
— Мы неяк не пацікавіліся, ваша мосць! He было часу! He прымалі руляў з ягонай спіны!
— Каб не збег! — дадаў Мазай.
— А ў заплечніку што?
— He мелі калі часу абшукаць! — працягваў крышыць словамі Заяц.
— Каб не збег і сабаку не звёў! Сабакі ж бегаюць вой як хутка, — падтрымаў яго Мазай.
— Вось дрыстуны дык дрыстуны! — жартаўліва нахмурыўся Цар. — А што, калі ў яго за спінай кілаграм тратылу? I ён зараз Цара вашага ўзарве? Зброя хоць у яго была якая?
Яны карцінна пераглянуліся. Я толькі цяпер усвядоміў, што мае нягеглыя захопнікі забыліся мяне абшукаць. Трэба было браць лейцы гутаркі ў свае рукі, бо гэтыя Болек з Лёлекам маглі пацяшаць свайго гасудара яшчэ вельмі доўга.
— Я з Грушаўкі. Сам — кнігар. Іду на поўдзень. Збіўся з дарогі. Сабаку не аддам. А зараз пайшоў бы, спяшаюся.
Самаўладнік паглядзеў на мяне з цікаўнасцю. Здаецца, мая борздасць яго заінтрыгавала.
— Ведаеш, што я звычайна кажу тым, каго ловіць Мазай з Зайцам на маіх дарогах?
— Пра генерала і гаўно ўжо чуў, можна апусціць гэтую частку, — прапанаваў я. Герда працягвала гырчэць, і я загадаў ёй сесці. Яна з неахвотай падпарадкавалася.
Цар, велічна паправіўшы дыяментавы рэгал на грудзях, працягнуў:
— Кажу я так. Калі ты некуды ідзеш, значыць, у цябе нешта ёсць. I калі ты не здольны абараніць тое, што ў цябе ёсць, табе не трэба было нават выходзіць.
— Але ж ёсць яшчэ людзі, якія ідуць таму, што яны ўжо ўсё згубілі. I ідуць яны для таго, каб гэта вярнуць.
— Набегла хвілосафаў на маю бараду, — паспрабаваў усунуць сваю стандартную рэпліку Мазай, але Цар махнуў рукой, даючы знак змоўкнуць.
— Тыя, у каго нічога няма, сядзяць па хатах і назапашваюць, — з націскам сказаў ён. — Аўсе астатнія мусяць быць асцярожнымі. I не хадзіць уздоўж дарог. Дзе ёсць не толькі мае патрулі. А калі ходзіш — дык не крыўдуй і не здзіўляйся. Мазай, Заяц, даглядзіце ягоны пляцак.
Памагатыя самаўладніка былі зрабілі рух да мяне, але я іх спыніў жэстам.
— He трэба калупацца ў маіх рэчах. Я сам скажу, што маю за спінай. У заплечніку — трыццаць пяць кілаграм цынку, цёплыя рэчы ды недапітая пляшка віскі. Нічога з гэтага я вам не аддам, бо забіраць патрэбнае для дарогі несправядліва.
— Трыццаць пяць кілаграм цынку? У пустках забіваюць за адну батарэйку, — Цар паглядзеў на мяне з недаверам. — Ды сабака. Жывы сабака. Пад чорным небам даўно паелі ўсіх сабак, а ты маеш магчымасць штодня карміць свайго. Сабака патрэбны аднаму майму вельмі важнаму сябру. Які мае вялікія грошы. Я хацеў бы яму падарыць твайго, і калі ты на гэта пагодзішся, я пакіну табе твой цынк.
— Сабаку нельга падарыць. Гэта не рэч. Герда аддадзеная мне і ў чужыя рукі не пойдзе, — я казаў проста, не падвышаючы голасу. — Да таго ж вы імкняцеся да справядлівасці і не будзеце рабіць ганьбы.
Цар паківаў галавой, ці то пагаджаючыся з маёй думкай, ці то абдумваючы, што спачатку прыкласці да вуголля ў жароўні: маю далонь ці маю лабаціну?
— Ты сам завёў пра справядлівасць, — ён развёў рукамі. — Усе багацці ў нашым свеце здабытыя праз злачынствы.
— Маё багацце паходзіць з утрымання вялікай бібліятэкі, — спакойна адказаў я.
— Якая была здабытая праз злачынствы! — квакнуў ззаду Заяц.
— Задоўга да таго, як сцямнела, — я павярнуўся да Зайца ды ўзважыў яго позіркам — так, што ён неяк адразу нават зменшыўся ў памерах. — Маёй працай было ўкладанне прыватных бібліятэк. Да мяне прыходзілі людзі — а маё імя прываблівала больш плацёжаздольных кліентаў, чым я мог прыняць — і прасілі зрабіць ім, да прыкладу, збор першадрукаў нямецкага рамантызму ў арыгінале і перакладах, пераважна рускіх, на 600 тамоў Ці дапамагчы ўкласці калекцыю кніг па юрыспрудэнцыі для працоўнай рэзідэнцыі канцлера, былога міністра юстыцыі. Пачынаючы ад антычнасці і заканчваючы новым часам. Толькі прозвішчы, назвы прац і самыя прыстойныя рэдакцыі. 3 улікам таго, што ў тыя часы рэпутацыя ў пэўных колах шмат у чым залежала ад прозвішчаў, якія можна было пабачыць на кніжных шафах, а цаной памылкі (напрыклад, уключэння ў бібліятэку дзяржаўнага ці палітычнага дзеяча томіка Макіявелі), магла стаць пахаваная кар’ера, мае веды вельмі высока ацэньваліся. Звычайна я атрымліваў пятнаццаць адсоткаў ад цаны набытых кніг у якасці ганарару за дапамогу ў фармаванні бібліятэкі. 3 часам я пашырыў свой профіль і стаў складаць персанальныя чытанкі пасля сумоўя з чалавекам. Гэта ўжо быў той час, калі людзі сталі меней прыглядацца да кніг, а кнігі ўсё яшчэ лічыліся прыкметай розуму. Праз нейкі час мне стала дастаткова дзесяці хвілін размовы, каб зразумець, якія кнігі чалавек чытаў, якія не прачытае ніколі і за параду якіх будзе вельмі ўдзячны мне. Кніжнікам, здаецца, мяне пачалі клікаць яшчэ тады.
— Ну і якая ў нас з Мазаем любімая кніжка? — улез Заяц, выштукоўваючыся перад Царом.
Я зноўку кінуў на яго крытычны позірк, вагаючыся паміж “Міколкам-Паравозам” і “Прыгодамі Арбузіка і Бебешкі".
— He, сур’ёзна, Кнігар, — звярнуўся да мяне Цар. — Як думаеш, якая кніга любімая ў мяне?
— Хутчэй за ўсё — “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка, — я пабачыў, як бровы ў Цара ўзляцелі ўверх. — I чыталі вы яго ў знакамітым перакладзе Сяржа Мядзведзева.
Самадзержац змоўк, і я працягнуў:
— Болыпасць кніг нашай часткі свету загінула тады, калі з’явіліся электронныя чыталкі. Бібліятэкі цэлых кватэр выпраўляліся сюды, да вас, і гніюць недзе за дзесяць метраў пад нашымі нагамі. Тыя, што засталіся, былі спаленыя за першыя месяцы гэтай чорнай зімы. Я захаваў сваю калекцыю і ад першага, і ад другога. Калі людзі зноўку пачалі чытаць, я стаў здаваць кнігі ў арэнду за невялікія грошы. Адсюль маё багацце. I што тычыцца майго паходу. У ноч Зацямнення мая каханая паспела патэлефанаваць мне. Яна была на іншым канцы нашага кантынента. Таму я ўзяў столькі цынку, колькі мог цягнуць з сабой, і вырушыў ёй насустрач.
За спінай было ціха: языкі прыкусілі і Заяц, і Мазай.
— Твая гісторыя — гэта гісторыя годнага чалавека, — з павагай у голасе адгукнуўся Цар. — Я паважаю цябе і выбачаюся за тое, што мы зашкодзілі тваёй пілігрымцы.
Ён памаўчаў, разважаючы над нечым. Потым прапанаваў — іранічным тонам, каб перадухіліць няёмкасць перад прысутнымі, калі я адмоўлю:
— А ці не не пагодзішся ты застацца з намі, каб дапамагчы разабраць тыя папяровыя скарбы, што мы падымаем са штольняў? У нас не стае часу прачытваць усю літаратуру, бракуе адмыслоўца, які мог бы параіць, што адразу прадаваць, а што прачытаць папярэдне.
— Я мушу ісці. Я і так згубіў багата часу, — ветліва пакланіўся я.
— I што ты, чалавек які прачытаў мільён кніг, скажаш пра тое, што здарылася са светам? Ці ты сустракаў недзе на старонках уцямны адказ? — пацікавіўся Цар.
— У мяне быў сябра. Ён быў немцам і вучоным. Ён заўсёды даказваў мне, што любую рэч можна растлумачыць навукай. А я з ім спрачаўся і цытаваў фрагмент з адной прыгожай кніжкі былых часоў. Зараз гэты сябра пайшоў з жыцця. А перад гэтым расчараваўся. I болей няма нікога, здольнага даказваць мне, што ў цёмных нябёсаў ёсць лагічнае вытлумачэнне.