Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
— Мы не ўтрымліваем нявольнікаў на Гары, — супакоіў маладзейшы. — Калі нам нехта непатрэбны, мы яго проста расстрэльваем.
— А, ну то дзякуй! Значна лягчэй стала! — адгукнуўся я. — А раварыстаў вы таксама расстралялі?
— Мы псіхаў не чапаем, — праявіў сябе медзведзяваты.
— Нам ровары не патрэбныя, — дадаў Заяц. — У Мазая футра ў ланцуг заблытвацца будзе.
— А ў Зайца язык, — папікнуў калегу барадаты.
Шэрагі панэлек расступіліся, вызваляючы вялікае не занятае нічым поле: ні молаў, ні танных жылых
мурашнікаў, ні аўтастаянак, ні складоў — дзіўная анамалія гарадской прасторы, скалечанай сквапнасцю апошніх перад блэкаўтам гадоў. Толькі снег ды чэзлыя парасткі ссохлай да папяровага стану травы. Пасярод пустэчы, усё яшчэ вельмі далёка ад нас — гіганцкае ўзвышша, падобнае да мура сярэднявечнага палаца. Чарнейшая за цёмныя нябёсы паверхня гэтай велізарнай, на некалькі кіламетраў у даўжыню, трапецыі была ўся панатырканая рухавымі памяранцавымі агеньчыкамі. Адкуль гэта ўзялося тут? Як структура такіх маштабаў магла ўзнікнуць у нашым свеце, дзе ніхто нічога новага даўно не будуе? Бо ўсе тэхналогіі скончыліся з электрычнасцю, а новых Рэйтанаў “чалавек бяздзейны” не вынайшаў? Ці гэта ўжо было тут? Яшчэ да Зацямнення? I, калі гэта было тут, чаму ніхто не звяртаў увагі на велічэзны зікурат?
Узіраючыся ў цёмныя абрысы і адмаўляючыся зразумець паходжанне трапецыі сваёй галавой, я запытаў Мазая і Зайца:
— Прабачце, а што там такое цікавае свеціцца?
— Гэта гара, — агучыў відавочнае кудлаты.
Я абдумаў сваю наступную рэпліку і не знайшоў нічога разумнейшага, чым запытацца так:
— А што гэта такое — гара? Бо ніколі раней не бачыў.
— Гара — гэта гара, — адрэзаў Мазай.
Да краязнаўчых экскурсіяў ён быў не схільны.
— Ты не бойся, Сабакар, гара — гэта царства справядлівасці. Усё для ўсіх. Ніхто не пакрыўджаны, — растлумачыў болын ахвочы да размоваў Заяц.
Падумаўшы, я вырашыў усё ж такі ўступіць у дыскусію — тупаць да той гары было яшчэ далёка:
— А вам не падаецца, што справядлівасць не можа мець форму абсалютнай манархіі? Бо сам выраз, ведаеце, “царства справядлівасці” — ён крыху такі, спрэчны.
— Толькі царства і можа быць па-сапраўднаму справядлівае, — катэгарычна адказаў Заяц. — Бо хто будзе адбіраць у адных і аддаваць іншым, як не Добры Цар?
Характар справядлівасці я зразумеў, засталося высветліць галоўнае:
— А Цар у вас — пасада выбарная ці спадчынная? Пытанне паставіла Зайца ў тупік.
— Ну, мы Цара неяк не мянялі пакуль. Ён жа добры.
— А як вы яго абралі? Каго зрабілі Царом?
— Таго, хто страляў трапней, — паведаміў Заяц як нешта відавочнае.
— Вось набегла хвілозафаў на маю бараду, — аднатыпна пракаментаваў дыскусію Мазай. Ісці ў важкім сабаліным футры было цяжка, ён адсопваўся і пыхцеў.
— He перажывай, Сабакар! — зноўку супакоіў Заяц. — Мы цябе моцна рабаваць не будзем. Мы не звяры, а табе яшчэ ісці куды. Так, крышачку пашчыпаем паводле вынікаў прафесійнага сумоўя, якое табе Добры Цар зладзіць. Ён так з усімі, каго мы ловім: высвятляе абгрунтаванасць нажытага майна. Можа, давядзецца цябе раскулачыць, а можа і рассабачыць.
Мазай за спінай усміхнуўся нягегламу наватвору. Мы прайшліся ў цішыні, і я звярнуў увагу на тое, што хуткасць нашае хады задае насамрэч Герда — яна спрытна цягнула мяне наперад за ашыйнік з выразам грэблівасці да ўсёй нашай камунікацыі. Калі прамень ліхтара адбіваўся на яе пысе, я быў здольны прачытаць яе мізантрапічныя думкі. Сабуля лічыла, што захопнікаў варта было б пакусаць за геніталіі і пакінуць паміраць на снезе, а не ўступаць з імі ў размовы, датычныя ў тым ліку далікатных пытанняў сабаказнаўства. Я ў чарговы раз моцна расчараваў яе, і цяпер для выпраўлення непаразумення ў нашых стасунках мушу пасля сканчэння прыгоды зрабіць усе
намаганні для паляпшэння яе рацыёну — гэта створыць прастору для магчымасці майго прабачэння.
Нарэшце мы наблізіліся да зікурата. Пах заявіў пра сябе толькі тут — сваё зрабіла халадэча, падмарозіўшы ўсё, што мусіла гніць. Паветра было прасякнутае смуродам доўгі час не вынесенай сметніцы. Мы абышлі памерлы “МАЗ”, кузаў якога быў з горачкай нагружаны ўсякай дрэнню: цэлафан, гума, ламачча, нейкія рамы ды пластык — у святле ліхтара таксама мільгануў надпіс на борце “Палігон ЦБА “Самахвалавічы”. Пакруціўшы ў галаве абрэвіятуры даўно памерлага свету, я прыгадаў, што ЦБА расшыфроўваецца, як “цвёрдыя бытавыя адкіды”. Зікурат, ці, як паэтычна назвалі гэта мае захопнікі, “гара”, была нічым іншым, як велізарнай гарадской сметніцай.
У павернутай да нас сцяне, што складалася з сумесі пяску ды ўжо згаданых “ЦБА”, быў праход у вышыню чалавека. Ля яго гарэла дзве паходні і ўзвышаўся хударлявы мазурык у куртцы а-ля “Аляска”. Выглядаў бамбіза інтэлігентна: запалыя вочы, падрапаны стары “Калашнікаў”, неад’емная частка вобразу — фікса ў роце, шчацінне, неандэртальскія бровы, адсядзеў як мінімум пяцёху.
— Ша. Шо за шухер? — спытаў ён маіх канваіраў.
— Прынялі ў пасёлку будаўнікоў. Вядзем знаёміць з Добрым Царом.
— А з гаўкалам хіба можна? — працяўся ён сумневам.
— Ён выхаваны, — запэўніў бамбізу я, выклікаючы яшчэ большую пагарду сабулі.
Зэк адступіў, мы праціснуліся ў праход. Тунэль цягнуўся даволі доўга — там-сям ён быў падпёрты рэйкамі, месцамі — абкладзены дошкамі, праз якія на кожны наш крок ссыпаўся пясок. Перспектыва быць пахаваным пад тонамі смецця пры выпадковым абвале самаробнай інжынернай канструкцыі вабіла так
сабе. Я бег за Гердачкай, радуючыся яе спрытнасці. Смярдзела тут так, што хацелася затрымаць дыханне ажно да моманту, калі нас адпусцяць. На выхадзе са смеццевага калідора чакаў яшчэ адзін мазурык, які вартаваў выхад да драўлянай лесвіцы, што ўзбіралася на смеццевы бруствер. Ён агледзеў нас важкім позіркам ды дазволіў праход самым ветлівым з чалавечых жэстаў — пляўком убок.
— Атмасферна ў вас тут, — падзяліўся я ўражаннямі. — Бы на сходцы аўтарытэтаў!
— Гэта браты з братэрства “Аўтаз”. У нас з імі дамова аб двухбаковым узаемадзеянні. Яны забяспечваюць нам ахову перыметра, мы іх дапускаем да распрацоўкі нетраў.
— Пашанцавала вам, — не стрымаўся я.
— Яны нармальныя. Проста выглядаюць так. He пазбавіліся пакуль звычак ды дрэс-коду, — запэўніў Заяц. — На Аўтазе зараз рэфармацыя. Як яны гэта завуць? “Рух джэнтрыфікаў”, здаецца. Заняліся цывільнымі работамі. Дэвіз: “Хто быў братком, хай стане братам!” Гэтыя сметніцу распрацоўваюць. Брат Ягорый — іхны аўтарытэт, тры ходкі, дваццаць пяць гадоў турэмнай насідкі, ферму завёў. Свіней гадуе.
Мы трапілі ў штосьці накшталт дзядзінца — нізіну, з усіх бакоў аточаную высокім валам. Па плошчы ў некалькі гектараў расстаўленыя вайсковыя намёты з трубамі буржуек, паўсюль людзі з паходнямі, лябёдкі чэрпаюць вёдрамі ўзламаную “пароду” з распрацаваных свідравінаў. Млоснатворны пах некуды знік, можа, праз тое, што смецце тут было прысыпанае слоем пяску, ці магчыма, я проста прызвычаіўся. Заяц з Мазаем закінулі дубальтоўкі на плечы і проста ішлі побач. Мы кіраваліся да невялічкага брукаванага дамка пад металічным дахам, змешчанага далекавата і ад намётаў, і ад зоны распрацоўкі.
— Гэта — цытадэль, — тлумачыў Заяц. На тле брутальных спецыялістаў братэрства “Аўтаз” ён зрабіўся балбатлівым. Праступіла нават нешта падобнае да агульнай выхаванасці. — Раней тут быў газаразмеркавальны пункт. Газ, які давала сметніца, скіроўвалі на асвятленне некалькіх населеных пунктаў. Калі газ перастаў быць крыніцай энергіі, усе прыстасаванні вынеслі. Усярэдзіне Добры Цар зрабіў свае пакоі.
— А што яны шукаюць тут? — спытаў я, кіўнуўшы на людзей з паходнямі.
Гэтае пытанне выклікала смяшок нават у Мазая, які паводзіўся дагэтуль не надта інтэрактыўна.
— Як што? — здзівіўся Заяц. — Ты думаеш, усе тыя чаравікі, паліто, футра, кашулі, што прадаюцца на рынках у полісах, адкуль бяруцца? Думаеш, самі гаспадары іх прыносяць, альбо шахцёры здабываюць? Ніякіх шахцёраў бы не хапіла, каб мільён чалавек апранаць цягам столькіх сненняў. Мы даўно ўступілі ў фазу паўторнага спажывання. Асноўнай крыніцай багацця для ўсіх навакольных дзяржаваў ёсць нашая гара. Менавіта ў ёй закладзена самае каштоўнае, што засталося ад індустрыяльных часоў. Адкіды чалавечай дзейнасці назапашваліся тут з 1968 года, дык можаш сабе ўявіць. Зараз мы, як гномы, капаем, сартуем ды запускаем на рынак.
— А навошта Цару Гары трэба рабаваць такіх, як мы? — я тыцнуў пальцамі ў сябе і Герду. — Калі ён такім тлустым рэсурсам валодае?
— Раскажы яму пра генерала і гаўно, — прапанаваў Зайцу Мазай.
— А ты што, думаеш, гэта дзеля грошай? Насмяшыў! — Заяц пры гэтым нават не ўсміхнуўся. — Для яго гэта — хобі. Забіраць нажытае сумнеўным чынам і размяркоўваць праз братоў сярод тых, каму патрэбна. Я ж кажу, ён — за справядлівасць.
— Раскажы пра гаўно і генерала, ну! — настойваў Мазай.
— Добры Цар любіць расказваць гэты апокрыф, каб праілюстраваць, што такое справядлівасць, — Заяц спыніўся, каб завершыць гісторыю да таго, як мы зойдзем у царскія палаты. — Яму яе распавёў брат Ягорый, а Цар дадаў духоўны складнік і перарабіў у навуку. Дык вось. Быў некалі ля Мінска такі раён, Дразды. I жыў там адзін сілавы генерал. Аднойчы ля брамкі ягонага дома, проста на кілімчыку, з’явілася куча гаўна. Паколькі ў задачы генерала ўваходзіла задушэнне ўсяго, што расло ў краіне не ў той бок, ён прыняў гаўно на свой рахунак. Помста і ўсё такое. Пачаў змагацца. Паставіў камеру назірання. Праз два дні — зноўку гаўно. Праглядае запісы: дысідэнты з голымі дупамі ў кадр не трапілі. Генерал зрабіўся надумлівы. Замовіўяшчэ адну камеру. Схаваўухмызняку за сценкай, на выпадак, калі гаўно кідаюць зласліўцы на матацыклетах. Гаўно з’яўляецца. А азадкаў — няма. Ну што? Містыка! Генерал змяніўся. Стаў духоўны чалавек. Пачаў насіць крыжык. Знайшоў усіх, каго пакрыўдзіў, і палепшыў ім умовы ўтрымання. Перастаў матам размаўляць і пачаў ім зрэдку лаяцца. Аж пакуль па вяртанні дадому не спудзіў велізарнага кацяру, сапраўднага бегемота. Ён прыладжваўся на кілімчык ніжэй за ахоп камеры, таму на запіс не трапляў. 3 гаўном генерал разабраўся, а муднем назварот не зрабіўся. Бо такая ў чалавека прырода. I — што галоўнае, каб ён жыў па справядлівасці, а сумленне ягонае было чыстым, адразу зразумеў бы, што сярэ не чалавек, a жывёліна. Ён жа сілавы генерал, а не балерына.