Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
— Я б дапусціў, што вы такі ж недарэка, як Сямён Чапля. Толькі больш абазнаны ў законах сусвету. Але я дагэтуль не магу зразумець, як трапіў у бункер і як выйшаў з яго. Да таго ж, генератар на камянях?! Адкуль гэтыя тэхналогіі? Як гэта магчыма? Вы Бог? Вы сатана? Вы іншапланетнік?
Ён падштурхнуў квакву да мяне, уздыхнуўшы з такой нявыкруткай, як быццам я быў дурнаваты дзіцёнак, што ў соты раз пытае, як правільна: “бацька” ці “тата”.
Магчыма, я і быў такім дзіцем, бо ён ужо даў мне адказы ў “Айцы дажджу".
— У мяне ногі стаміліся. Падпампуй ты, — папрасіў ён тым тонам, якім знямоглы стары закідае ўнуку, каб ён накалоў дроваў. Я даўно заўважыў, што нораўува мне прачынаецца ў самыя для таго не прыдатныя моманты. To быў адзін з іх. Я застаўся стаяць, сцяўшы зубы.
— Дурань ты. Гэта ж твой човен! — сказаў ён з кпінай у голасе. — Ты ж на ім паплывеш!
Мне зрабілася сорамна, і я таропка перакінуў клапан помпы на другую камеру, пачаў качаць. Гума, напаўняючыся, заварушылася. Самуэль жа працягнуў вяшчунства:
— I вось на пытанне “для чаго?” адказаць можа любы. Любы, хто запытваў. Сам сябе. Трэба толькі пачакаць крыху, каб дайшло.
Я на хвіліну спыніў пампаваць і падаў голас:
— Няёмка жыць у свеце, у якім наверсе няма ні дабра, ні зла. Hi пакарання, ні літасці. Толькі матэматыка наступстваў. Алгарытм, як вы сказалі. Напэўна, Ніцшэ першым гэта зразумеў. Таму і збрахаў, што паддашак пусты.
— I што тычыцца Другога Прышэсця, — Самуэль стаў да мяне спінай ды ўглядзеўся ў раку. Потым падабраў з пяску пляскаты каменьчык і шпурнуў яго ў цемру. Вада загаварыла воплескамі. — Света Пшонка не мае рацыі. Зрабіўшы пару цудаў перад камерай, любы без напругі б зрабіўся ўладальнікам youtube-канала са ста мільёнамі падпісантаў. I для распаўсюду Слова гэта было б не горай за бадзянні па Галілеі з вучнямі. Калі б! Калі б задачай было толькі пакінуць вучэнне.
— Асэнсуіншым?
— Хіба нехта на Зямлі не ведае, што добра, а што — кепска? Хіба ўсё ўжо не сказана па сто разоў? Хіба гэтаму не вучаць бацькі сваё дзіця ў першыя гады жыцця?
Ён прысеў на драўляную скрыню побач з чоўнам, скінуўшы з яе чорнае павуцінне рыбацкай сеткі, раскладзенай на прасушку. Памацаў паветраны клапан на баку, заціснуў мацней. Прыслухаўся да помпы. Працягнуў:
— Што пра таго галілеяніна толькі не навыдумлялі! “Збавіцельная ахвяра”. Чацвёртае стагоддзе, Канстанцінопаль, другі Сусветны сабор. Гэта калі Феадосію Флавію трэба было падчысціць арыянаў. “Збавіцельная ахвяра”, ну! Як быццам увесь Новы запавет не пра тое, што нябёсам чалавечых ахвяраў не трэба.
— Дык а што тады мусіў зрабіць месія?
Ён скрывіўся на слове “месія” так, як быццам сам быў настаўнікам мовы іўрыт і пабачыў, што вучань зрабіў тры памылкі ў правапісе і дзве ў семантыцы на адно слова.
— Сын чалавечы хадзіў сярод людзей, казаў пра дабро. I ўсім было зразумела, што ён вучыць дабру. “He забі”, “не брашы ў судзе”, “не бяры чужога”. I што з ім зрабілі? Вось задумайцеся: што са сказанага ці здзейсненага галілеянінам падлягала суду? Катаванням? Укрыжаванню? I, каб з гэтай гісторыі можна было зрабіць сістэмныя высновы, — дык што тут можна было зразумець? Пра людзей? Пра іх дабрадзейнасць? Ці з асуджэння Неронам твайго любімчыка Сенэкі, які прыблізна ў тыя ж часы казаў і пісаў прыкладна тое ж? Ты ведаеш, як Сенэка паміраў?
Я маўчаў, спрабуючы асэнсаваць сказанае. Каўбой працягнуў:
— Пабач гэтую сітуацыю не з пункту гледжання “за што?”. Глянь на яе праз акуляры “для чаго?”
— I для чаго тады? Вы хочаце сказаць, што чалавецтва б атрымала электрычнасць раней, калі б Пілат не пакараў смерцю Хрыста? У гэтым сэнс гэтага вашага “алгарытму”?
— Я хачу сказаць, што кон складаецца і з таго, што робяць з героем іншыя людзі. I высновы часам трэба рабіць менавіта пра іх. Да таго ж. Адкуль ты ўзяў, што электрычнасць — узнагарода? Яна цягне за сабой і атамную бомбу, напрыклад. Яшчэ я хачу сказаць, што калі трымацца мовы хрысціянства, дык усе людзі — сыны і дочкі Божыя, а не толькі тыя, хто ходзяць па свеце і вучаць, як правільна жыць. I з гэтага пункту гледжання Адам, які прабіваецца праз цемру да сваёй Евы, і не збочвае нават тады, калі логіка кажа яму, што трэба вяртацца, роўна варты павагі. Я не бачу, чым каханне да аднаго чалавека горшае ці ніжэйшае за марную мару выратаваць увесь свет. Які не шукае паратунку.
Я спыніў падпампоўку, згадаўшы галерэю жанчын, з якімі дарога спрабавала пакласці мяне ў ложак. Сівы ўзняўся ды высунуў з-за скрыні ўжо бачаную мной скураную торбу-кофр.
— Вёслы на пяску пад днішчам, — сказаў ён, закідваючы торбу на плячо. — Пакінь тут адзін бурштынавы кавалак, калі будзеш гатовы вырушыць. Гаспадар чоўна — рыбак, яму трэба будзе набыць новую прыладудля працы.
Стары каўбой рушыў да лесвіцы, ды азірнуўся. Паправіў капялюш у задуменнасці, паглядзеў на чорнае неба, потым на мяне. Нарэшце выдаў:
— Вы ўвесь гэты час не там шукалі. Сонца не згасла, і Зямля не вышпурлілася ў далёкі космас. Змены адбыліся не з фізічнымі законамі. А з інстанцыяй, пра якую чалавек ведае меней за ўсё. 3 часам. Час у матэрыі спыніўся. У жывых істот — працягвае ісці. Менавіта таму хімічныя рэакцыі не працуюць, па-за межамі тых, якія я называю “халоднымі”. I, каб зразумець тое, чым паленне нафты адрозніваецца ад гарэння драўніны ці выцякання электрычнасці з батарэйкі,
трэба спасцігнуць хімічную тэорыю часу, якая тлумачыць, як паводзіць сябе час у розных рэчывах. А для гэтага трэба перастаць жэрці планету і прыслухацца да шолаху зораў. Калі вы дойдзеце да гэтага, вам ужо не спатрэбіцца заліваць бензін ці вадарод у машыны.
Ён задраў галаву і ўтаропіўся ў Месяц, быццам спрабуючы зразумець па ягонай фазе, калі дакладна чалавецтва зразумее прыроду дачыненняў часу з субстанцыяй. Пасля павярнуўся да мяне і працягнуў:
— Пакуль час не пойдзе, тэмпература тут не зменіцца ні на градус. Бо для гэтага таксама патрэбны зрух. Гэта — не Зацямненне. Гэта — заміранне. У момант, калі яно адбылося, зона світанку знаходзілася на 87-ай зямной паралелі. Тут — вечная ноч, там — вечны дзень. Але ў вас не было тэлебачання, якое паведаміла б пра гэта.
Ён зрабіў яшчэ крок да лесвіцы, паклаў руку на хісткія парэнчы. Я ўсё чакаў, што ён зробіць якінебудзь цуд на развітанне, як тады, з рыбай. Але ён зноўку загаварьгў:
— Прырода куды болей прыдатная для супрацы і сужыцця, чым думала чалавецтва да Зацямнення. I раптам хітра прымружыўся ды працытаваў: “У сведчаннях іх старажытных продкаў вы не знойдзеце ніякіх праблемаў з перамяшчэннем у прасторы. Выправіўся кудысьці за трыдзевяць зямель і дастаўся да месца. Ніякага пераадолення, ніякіх намаганняў, ніякай стомы". Я б і рады быў пабалакаць яшчэ, ды мяне чакаюць, — каўбой тыцнуў пальцам у верх.
— На небе? — не зразумеў я.
Ён весела хмыкнуў, паказаўшы вачамі на лесвіцу.
— У кантрабандыстаў. Мяне запрасілі пайграць на гітары на мясцовым вяселлі. Будзем сёння добра піць. А табе трэба адказаць на званок.
I, хутчэй, чым я паспеў прыгадаць, што значыць выраз “адказаць на званок”, ён пабег наверх па пры-
ступках і, гледзячы на ягоныя энергічныя рухі, можна было падумаць, што па гэтай лесвіцы ён лёгка забярэцца на нябёсы.
А прыстань агаласілася дзіўнымі гукамі. Калі б з чорнай ракі выскачыў цюлень, дастаў валторну і пачаў бы граць на ёй “Оду да радасці” Бетховена, гэта ўсё роўна было б менш дзіўна, чым гэтыя гукі. Таму, што мелодыя была стандартным выклікам тэлефона-яблычніка. Трэлі, падобныя да электрычнага салаўя. Рэфлекс абанента вымусіў мяне перастаць здзіўляцца і пачаць шукаць. I, пасноўдаўшыся па водмелі, я зразумеў, што мелодыя ідзе з драўлянай скрыні. Шчоўкнуўшы зашчэпкамі, я пабачыў там усялякі рыбацкі хлуд: велізарныя маткі лёскі, грузілы, зробленыя з абцяжаранай волавам лыжкі, драўляныя распоркі пад вуду, паплаўкі, прынады ды воблеры, абсалютна не адрозныя ад печкуроў. I вось сярод усяго гэтага, падрапаны і з трэснутым шклом, галасіў і нервова вібрыраваў стары яблычны тэлефон. Я асцярожна ўзняў яго, унутры прылады нешта гучна перакацілася. На пабітым экране лунала зялёная іконка выкліку. Батарэйка была на чырвоным. Наверсе, там, дзе звычайна пазначаецца аператар ды праступае штыкетнік узроўню прыёму, быў надпіс: “No signal”. Я націснуў на значок трубачкі ды паднёс слухаўку да вуха.
Дынамік выплюнуў мне ў вуха шумы ажыўленай вуліцы. Там свірышчэў, гарлаў і выкрыкваў запоўнены людзьмі праспект.
— Ало? Ало? Гаварыце! — сказаў я, усё яшчэ не даючы веры, што нехта мог патэлефанаваць на гэтае ламачча. Нават калі б не села батарэйка мільён гадоў таму.
Але тут праз гарадскія шумы прарваўся крыху хрыплы, але такі пазнавальны голас.
— Прывіт. Як ты дазваніўся? Як гэта агулам магчыма? — Я дазваніўся? — перапытаў аўтаматычна.
— У старога бедака ля храма Калі зляцеў ланцуг з ровара. Ён прыхіліўся да колішняй тэлефоннай будкі і спрабаваў паправіцца. Я падышла дапамагчы, перапэцкалася ў мазут. I тут у будцы затрэнькаў тэлефон. Як ты прабіўся? Чаму тэлефонная сувязь працуе?
Побач з такім родным голасам чулася старэчае шамканне. Чалавек гаварыў, быццам бы падняўшы кончык языка да гары.
— Дзед кажа, што гэтыя тэлефоны ставілі яшчэ англічане. I яны не былі ва ўжытку з 1940-х гадоў.
— Ты ў Непале? — спытаў я адразу пра самае істотнае. Бо невядома, колькі часу ў нас ёсць на гэтую размову.
— У Непале цёмна. Я спусцілася з гандлярамі праз Сікім і асела ў Горадзе Світанку. Былой індыйскай Калькуце. Тут увесь час лімонны ранак. He горача, ад дэльты веюць ветрыкі. Я працую ў планетарыі з дзецьмі. Мы карыстаем свечкі замест лямпачак.
— Ты зрабілася спецом па астраноміі?
— Я засталася спецом па складанні прыдуманых гісторый. Расказваю ім розныя небыліцы пра планеты і іх насельнікаў. У мяне ўдзячная аўдыторыя. Як ты сам? Як Герда?
Мой тэлефон блюмкнуў, паказваючы, што батарэя зараз здохне. I я загаварыўхутка, збіваючыся:
— Калі ласка, дачакайся мяне там! У Калькуце, чуеш? Я знайду цябе ў гэтым горадзе. Я іду да цябе, і ў мяне наперадзе — велізарны шлях, але дачакайся. Дачакаешся?
— Ідзеш? — спытаў яе голас, пацвярджаючы, што яна паспела гэта пачуць.
Тэлефон двойчы піскнуў, і ўсе гукі зніклі з яго. Ён пераўтварыўся ў кавалак мёртвага пластыку. Я панаціскаў яшчэ на кнопкі, але прасцей было б ажывіць Лазара. Унутры штосьці гучна перакочвалася, я нама-