Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Я зноўку кіўнуў, хаця нашая размова перастала мне падабацца. Надта нагадвала гісторыю з Насамонамі.
— Кавалерам Карнавала можа быць толькі самотны вандроўнік. Звычайна мы праводзім конкурс, каб вызначыць яго асобу. Але сёлета, — голас зрабіў урачыстую паўзу, — умовы выявіліся занадта строгімі, і ў нас не было ніводнага прэтэндэнта. Хаця інтрадукцыйны баль ужо сёння, пасля вечаровага гудка. Дык вось, шаноўны Кнігар. Мы віншуем вас, бо вы з’явіліся своечасова. Кавалерам Карнавалу мусіў стаць мужчына, які прыйдзе ў наш горад без зброі і паклажы. Без асабістых рэчаў. 3 пустымі рукамі.
— I што гэта значыць — быць “мужчынскім увасабленнем свята”? Я маю на ўвазе, на практыцы? — вырашыў я адразу даведацца пра дробныя літаркі кантракта. Каб не давялося зноўку тэрмінова скручваць вуды.
— Мы хацелі б размясціць вас у найлепшым нумары нашага гатэлю і запрасіць бясплатна на ўсе прывабныя для вас мерапрыемствы нашага горада. Вы можаце частавацца ў любых рэстарацыях. У вас, уласна, толькі адзін абавязак — быць шчаслівым. I дазваляць Даме Карнавалу суправаджаць вас. Ну і з’явіцца на інтрадукцыйны баль.
— Гэта ўжо тры ўмовы, — на ўсялякі выпадак скрывіў твар я.
— О, паверце, гэта акурат адна ўмова. Быць шчаслівым, бавіць час з маладой дзяўчынай з нобіляў ды танцаваць на інтрадукцыйным балі — гэта адно і тое ж.
— Мне давядзецца танцаваць? — зноўку спахмурнеўя.
— Гэта фармальнасць. Ніхто не чакае ад вас вальса ў тры па. Проста вы мусіце рухацца разам пад музыку на закрытым адкрыцці карнавалу.
— Закрытым адкрыцці? — паўтарыў я за ёй фразу, якую не здолеў зразумець.
— Закрытае адкрыццё, — яна яўна ўсміхнулася. — Вы, мабыць, надта малады, каб помніць, што да Sa-
цямнення гэта было асноўнай формай свецкага жыцця на нашых землях.
Я падумаў, што яна недаацаніла мой узрост і пераацаніла мае веды свецкага жыцця.
— Я згодны, — урачыста сказаў я ў бок шыльды “Чакайце".
— Мы не сумняваліся, што вы пагодзіцеся забраць джэк-пот, — зноўку ўсміхнулася бабуля ў мікрафон.
Цэнтральная секцыя сценкі з байнічнай шчылінай шчоўкнула і адпаўзла ўбок. За ёй выявіўся падсвечаны лямпамі дзённага святла калідор.
— Кіруйцеся ў гатэль “Метраполь”. Там вас будуць чакаць, — сказаў голас наўздагон. Я быў думаў, што місіс Марплз пакажа сябе пасля таго, як нашае сумоўе будзе скончана, але яна так і засталася для мяне голасам з дынаміка.
Я выйшаўу калідор — ад багацця святла кружылася галава. Праход скончыўся металічнымі кратамі, што раз’ехаліся ў бакі, як толькі я наблізіўся. I было адчуванне, што, атрымаўшы электрычнасць, кіраўнікі гэтай установы зрабілі ўсе намаганні, каб узнавіць самыя таталітарныя практыкі, якія былі вынайдзеныя ў папярэднюю эпоху. I выходзіла кастурбавата, з натугай, вось і краты расцягвалі хутчэй за ўсё інтэрны-памежнікі ўручную. Але што было прынцыповым, дык гэта першапачатковая інтэнцыя ўзнавіць самае ванітнае з папярэдняга свету, стаць “сапраўднай дзяржавай” хаця б там, дзе з наведнікамі размаўляюць праз гукаўзмацненне. Лепей бы каналізацыю нармальную зрабілі.
Я выйшаў з мытнага пункта, пайшоў малалюднай вулачкай, адзінай функцыя якой — адасабляць памежны пункт ад гарадской весялосці, завярнуў за рог і ў момант аглух ды саслеп.
Схаваны за будынкамі правінцыйнага ампіру праспект віраваў, танцаваў, спяваў, піў, ванітаваў, дудзеў у
дуду ды грукаў у барабаны. Тут была атмасфера адной з вялікіх тусовых вуліц былой пары: Фамгулаа ў Сайгоне, Каасан у Бангкоку, Ла Рамблы ў Барсе, Унтэр дэн Ліндэн у Берліне. Людзі рухаліся лавінай, абцякаючы музыкаў, якія стаялі так шчыльна, што іх грукат і лямант зліваўся ў суцэльную какафонію.
Побач з хлапцом, які вырачана выводзіў на гітары "Белы снег, шэры лёд” забытага рускага менестрэля, падскоквалі ад энтузіязму шансанье з маленькім гармонікам і скрыпачкай — яны на добрай французскай узнаўлялі рэпертуар кабарэ-дуэта “Серебряная свадьба”. За тры крокі месціліся эквадорцы ў каляровых понча. Стоячы паўколам, з засяроджанымі тварамі, яны выводзілі на флейтах пана той самы матыў, без якога раней не абыходзілася аніводная сапраўдная сталіца свету. I было пры поглядзе на іх птушыныя твары адчуванне, што людзі не музыку ствараюць, а ткуць тканіну быцця спосабам, вядомым толькі насельнікам узбярэжжаў Амазонкі. За перуанцамі дзіравіў паветра востранькім уступным сола з “Whish you were here” стары хіпан — ён прасветлена ўсміхаўся, раздзіраючы струны сваёй электрагітары, і паловы зубоў у яго не было, a побач стаяў пераносны дынамік, з якога гучаў стары як свет гітарны рытм “Пінк Флойда”.
А лавіна цякла — не азіраючыся, не засяроджваючыся, не здзіўляючыся, што такі выбух весялосці магчымы сярод чорных змярцвелых пустак. Я абмінуў гандляроў кітайскімі паветранымі ліхтарыкамі, прыцаніўся да хот-дога (паўтара цынкі, але ў мяне не было і столькі), шугануўся ад выкрыку хлопчыка, які стаяў са стосам толькі што надрукаваных на машынцы аркушаў:
— Газета “Відавочца”! Прадаем толькі навіны ад сведак! Народная дыктатура Кальварыя ўсталявала кантроль над Гарой! Цар Гары аб’яўлены ў вышук!
За газетчыкам туліўся гандляр маскамі белага зайца. Хіт мінулага сезону быў прадстаўлены ва ўсіх магчымых формах — ад вушастых кардончыкаў, якія трэба трымаць ля твару за спецыяльны драўляны пруток, да пухнатых шлемаў з раскошнымі ружовымі вушамі, задушліваму нутру якіх трэба даверыць усю сваю галаву. Выгляд у маскарадзьера быў маркотны: зайцаў ніхто не набываў, хаця шмат хто з натоўпу ўжо ўбраўся да яшчэ не аб’яўленага карнавалу. Тут сустракаліся Ван Гогі з тварамі з пап’е машэ, Арлекіны і П’еро ў розных ступенях падабенства, Мальвіны ды Артэмоны, Д’артаньяны ды Рышэлье (Рышэлье было болей), імперскія пехацінцы і Прынцэсы Леі, Індыяны Джонс, Людзі ў чорным, Уладзіміры Леніны, Гэндальфы, Міндоўгі і коні Міндоўга, Уладзіміры Пуціны і Дональды Трампы.
— Малады чалавек, набудзьце зайчыка! Зайчык — сімвал пладавітасці і шчасця ў асабістым жыцці, — безнадзейна звярнуўся да мяне масачнік. I, заўважыўшы, што я не затрымліваюся, дадаў зусім ужо сумна: — Два па цане аднаго, — і, калі я ўжо быў далёка: — Прэзерватыўу падарунак!
Так выглядае камерцыйны крах. Трэба было спытаць, ці не Вова Чэлсі яго завуць.
Канечне ж, тут гандлявалі сувенірамі: магніты на лядоўню ў выглядзе трох ампірных дамкоў з падсветленымі вокнамі за тры цынкі, адзін дамок за два, свецяцца ад энергетычнага элемента ААА. Налепкі ў выглядзе лямпачкі напальвання, з подпісам “Town of Light” — такі начнік на лядоўню я б, можа, набыў і сабе, калі б планаваў вярнуцца ў кватэру з лядоўняй. За турыстычным хлудам пайшоў іншы — ювелірны. I хаця золата і дыяменты ўжо даўно нічога не каштавалі, тавар быў дбайна накрыты шклянымі вітрынамі, каб не спакушаць спрытных на руку. Ля
самых дарагіх артэфактаў былі ліхтарыкі, што дапамагалі камяням раскрываць свае ўласцівасці. Я слізгануў па прылаўку позіркам і знянацку суняўся — тыя, хто ішоў за мной, наляцеўшы на мяне, незадаволена забурчэлі.
Паміж завушніцамі з абточаных пад груіпу паўкаратнікаў за 5 цынкаў ды пярсцёнкам з вялікім чорным брыльянтам з такой жа цаной ляжала залатая рэгалія. Памета ў выглядзе ўпісаных у кола кіркі і цыркуля над густоўнай каронай, выкладзенай невялічкімі дыяментамі. Значок масонаў.
— Я бачу ў вас рэч, што належала чалавеку, якога я ведаў, — звярнуўся я да гандляра, які сёрбаў распушчальны суп з тэрмаса.
Ён падняўся з пластыкавага крэсла з энтузіязмам, але з позіркам на маё паліто камерцыйны запал знік.
— Тут усе рэчы некалі належалі людзям, якіххто-небудзь ведаў, — рэпліка прагучала флегматычна.
— Але хто прынёс гэтую рэгалію? — я тыцнуў у крыштальную вітрыну, пакінуўшы брудным пальцам чорны развод.
— А, гэта? Толькі вось прывалаклі, яшчэ цэннік не выставіў. Нейкі казлабароды. 3 вачыма як у Раскольнікава. Фамільны рэлікт? Mary за тры цынкі аддаць.
— I бародка ў яго была востранькая? — я паспрабаваў намаляваць мефістофелеўскі клінок, але ён зважаў толькі на мае перапэцканыя пальцы.
— Востранькая — не востранькая, але трымаўся Раскольнікаў так, што я пералічыў тавар пасля таго, як ён пайшоў.
Гандляр агледзеў мяне так, што я зразумеў: ён пералічыць тавар і калі я пайду. Дрэнная навіна была ў тым, што царства Добрага Цара перайшло ў злыя рукі.
Добрая — што самому Цару давялося дасягнуць Горада Сонца.
Адышоўшы ад берага чалавечай ракі, я даў нырца ў плынь, і яна падхапіла мяне, пацягнуўшы паўз гандляроў запечанымі каштанамі, паўз глытальнікаў агню, паўз хлапчукоў, што куляліся пад іспанскі рэп. I стаяў тут белы ў чорных падпалінах мопс, сабаку можна было пагладзіць і паціскаць у руках пяць хвілін за палову цынка, і зрабілася мне праз гэтага мопса сумна, і я паспрабаваў злавіць чый-небудзь прыязны позірк, бо чалавеку ўласціва прыглядацца да твараў, калі ён пачуваецца слабым. Але людзі крывіліся і адварочваліся, ім не падабалася маё перапэцканае аблічча. I прамільгнула думка, што менавіта такім, выпацканым, і трэба спачуваць, калі бачыш іх на сваім шляху. Бо яны самыя безабаронныя, самыя прагныя тваёй цёплай усмешкі.
Святочны натоўп — бессардэчны ў сваёй параднай убранасці. Гэта спаборніцтва модаў, стыляў, фрызур і тэкстур. Людзі ацэньваюцца паводле крыклівай стракатасці, а не па ціхмянай глыбіні ў вачах.
На адной з вольных ад натоўпу выспачак стаяў кіёск, з якога выцякаў водар, што, забіўшыся ў ноздры, спруцяніў маю волю і пацягнуў да сябе, як быка за кольца ў носе. Унутры было як належыць: распаленая да чырвані электрычная спіраль, мясны конус пры ёй і засквараныя абрэзкі, што булькалі ў алеі на корабе з нержавейкі. Побач стаялі латочкі з салатай, крышачку перасушанай бульбай фры, капусткай ды іншымі складнікамі дзёнера. “Буйны — 4 цынкі, малы — 3”, як паведамляла шыльда.
Адчуваючы, што сліна на языку шкварчыць, як абрэзкі мяса ў алеі, я звярнуўся да кухара:
— Салям алейкум, шаноўны гаспадар! Ці магу я спытацца, з якога мяса зроблены ваш ласунак?
— Мы бярэм на дзёнеры толькі самую лепшую біякураціну, выкармленую на бульбе ды зерневых сумесях.
— Проста пахне так, што... — я зглытнуў. — Бы ў мінулыя часы. I што, ніякіх эрзацаў?
— Вы — у Горадзе Святла, бей эфендзі, — гандляр зрабіў жэст у бок мяснога конуса, як быццам прадстаўляючы мне пачэснага грамадзяніна горада. — За валам вас могуць частаваць пацукамі і называць гэта дзёнерам альбо біточкамі з прусакоў і называць гэта кёфтэ, але не ў Горадзе Святла.