Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Яшчэ адзін пстрык, і ўсе бачныя воку лямпачкі згаслі, загарэліся фіялетавыя ліхтарыкі, схаваныя ў балконах уступаў гіпсакардоннай столі. Гэтае ззянне перакрэсліла рэтра-афарбоўку ўбранства і змяніла настальгічны настрой на іранічную футурыстычнасць. Нібы інтэр’ер ар-дэко захапілі прышэльцы. Прычым не простыя, а такія прышэльцы, якіх паказвалі ў фільмах 1970-х гадоў. Яшчэ адна змена светлавых дэкарацыяў, і ўвесь пакой перамясціўся ў люстра: яно азарылася такім чынам, што каралеўскі люкс у адбітку выглядаў больш рэальным за існае. Наступны рух запаліў
няпэўныя начнікі над ложкам — гэтае святло было занадта інтымным, каб падтрымліваць яго доўга, і мая госця змяніла яго спачатку на хірургічны, а потым, калі дзвесце ват ляснулі па вачах, на рэтра-футурыстычны варыянт.
— Ну, як вам салют? — яна спытала так замілавана, быццам усе гэтыя лямпачкі ставіла сюды самастойна.
— Я ніколі не думаў, што мы жывем у святле, а не ў памяшканнях, — паспрабаваў сфармуляваць нешта разумнае я. — I галоўнае ж, змянялася не ўся мэбля, a настрой.
— Гэта ж, мабыць, пасля цемры вельмі ўражвае? — яна прагна счытвала маю рэакцыю.
— Так, — я паціснуў плячыма, паказваючы, што пасля таго, чым уражаны быў у цемры, уразіцца нечым у святле не хапае эластычнасці душы.
— I як там? У пустках? — спытала дзіця.
— У гарадах насмерць вымярзаюць, бо паспальвалі ўсё, што можна было спаліць. У вёсках драўніны да халеры, але людзі мусяць забіваць сябе, бо ім няма чаго есці. Кепскія захопліваюць добрых, рабаўладальнікі называюць сябе народнай дыктатурай. Усё як раней, збольшага.
— Шкада, што наш горад не прымае больш людзей, — яна задуменна закусіла вусны, мабыць, разумеючы, што калі шукальнікаў шчасця стане болып, тут будзе тое ж, што і паўсюль. Яе твар зрабіўся вельмі дарослым, нават мудрым. — Ваш касцюм — у шафе. Адпачывайце і рыхтуйцеся. Я буду чакаць вас унізе.
Сукенка прашапатала, абдаўшы водарам прыхаванай у складках парфумы: дубовы мох, карэнне касачоў, язмін, сабраны да апошняга сонечнага заходу. Сумесь, што пасуе аднолькава і варажбітцы, і цнатліўцы, сурочанай зёлкамі на нешчаслівае каханне. Дзверы зачыніліся, і я застаўся адзін у фіялетавым сутонні.
Прадказальна, джакузі не працавала: моцы мясцовай электрастанцыі не хапала, каб завіраваць бурбалкамі цёпленькую вадзічку. Прадказальна, шампуні і гелі для ванны, разлітыя ў гамеапатычных памераў ёмістасці з пазнакай гатэльнага імя, былі звараныя ўжо ў постіндустрыяльную эпоху, таму пахлі хутчэй цінай, чым абяцанай хвояй ліванскага кедра. Прадказальна, гэта мяне ну зусім не засмуціла. Адмыўшыся ад каналізацыйных міязмаў, я з асалодай запіхаў у сметніцу перапэцканыя паліто са штанамі: іх я болей не апрану, нават калі мне не хутка давядзецца зарабіць на новую вопратку.
Раскрыў шафу, цікуючы, што ж за касцюм падрыхтавалі мне арганізатары карнавалу. Адразу кінулася ў вочы таннасць матэрыялу, нетрываласць даволі пакручастай кройкі: са швоў тырчэлі ніткі, нібы гэта быў сапраўдны пінжак Boss Hugo Boss, набыты на ханойскім рынку. Вопратка была вырабленая на адну носку. Кашуля складалася з трох жаночых блузак рознай ступені скарыстанасці, белы колер якіх крышачку адрозніваўся. Шырачэзныя рукавы былі вытачаныя з паясных частак, форма каўняра фіксавалася ўстаўленым кардонным бірдэкелем з-пад піва “Белае золата”. Я ўлез у кароткія, да калена, нагавіцы, зробленыя з атласу вечаровага неба, ды пераклаў у іх кішэню адзіную каштоўную рэч, якую меў з сабой. Рэч, дагэтуль не адціснутую дарогай.
Пад нагавіцы трэба было нацягнуць панчохі — кітайская сінтэтыка, брудны белы колер, ікры адразу пачалі невыносна свярбець. Але самае цікавае адбылося, калі я зашпіліў абшытыя блакітнай тканінай гузікі на камізэльцы і накінуў паверх кафтан. Па-першае, я зразумеў, адкуль узяўся атлас: ён быў вывернутай налева абіўкай крэслаў недарагога аўтамабіля — у складках шырокага крою хаваліся гарызантальныя
строчкі спінкі. Іх нават не распускалі. Па-другое, я раптам пазнаў, чый касцюм мне выдалі, і пазнаванне напоўніла мяне пытаннямі.
Нацягнуўшы шалонавы сурдут ды башмакі пры сталёвых спражках (жаночая мадэль са сточаным абцасам), я пайшоўуніз, спрабуючы надаць хадзе тую ж лёгкасць, як у Дамы Карнавалу. Атрымлівалася падобна да чаплі, якую ўкусіла яданосная жаба. Прычым, адразу ў абедзве канечнасці.
— Ваш касцюм выглядае цудоўна, пан Кнігар! — сказала апранутая красуня ў цыпаа ручной работы, устаючы з фатэля.
— Яго шыў добры кравец, у якога пад рукой былі дрэнныя матэрыялы, — я дазволіў сабе паставіцца да ўбранства крытычна. Зрэшты, гэта я быўу яго загорнуты, і гэта можна было ўспрымаць як самакрытыку.
— He пераймайцеся, — яе твар зрабіўся заклапочаным. — У нас традыцыя не паўтараць тэму вопраткі на карнавалах, і касцюм робіцца на некалькі з’яўленняў у ім.
Гэты адказ, пры ўсёй сваёй лагічнасці, выглядаў paHeft падрыхтаваным, але чаму я мусіў тут напружыцца? Чаму ў маёй галаве павінна была зараўці сігналізацыя? 3 чаго б?
— А хто вырашаў, каго я мушу ўвасабляць?
— Рада гільдый вызначае ўмовы, па якіх адбіраецца Кавалер, — прамовіла яна няўпэўнена. — Жыхары горада шыюць сабе касцюмы самі. А як тое адбываецца з госцем? Я не ведаю. Я першы раз абраная Дамай. Дамай Карнавалу наогул можна стаць толькі адзін раз у жыцці. I шмат якія дзяўчаты з радавітых марна чакаюць гэтага, і не дачакаўшыся, бяруцца шлюбам.
— Ці ёсць у вас цырымоніймайстар ці галоўны дызайнер, які адказвае за знешні выгляд касцюмаў? — даведваўся я. Я бачыў, што мая дапытлівасць пачынае
яе турбаваць, але не праз тое, што яна хавала нешта ад мяне, а праз тое, што ўсведамляла, як мала сама ведае. Каб не палохаць яе, я задаваў пытанні такой інтанацыяй, быццам расказваю анекдот.
— He, такой асобы няма. Я думаю, усё вызначае кравец.
— I ён нейкім чынам здолеў прадказаць памеры Кавалера?
— Сапраўды цікава, — яна закусіла вусны. Такая мілая звычка. I такая знаёмая.
— Цікава тут іншае, — я зноўку ўсміхнуўся, нібы падыходзіў да самага смешнага ў гісторыі. — Вы пазнаяце мой касцюм?
Дама абняла мяне поглядам, хацела сказаць нешта, але, глянуўшы на чаравікі, сцяла вусны. Нібыта мела намер агучыць версію, але, зірнуўшы на пояс, змоўкла. Нарэшце, вымавіла:
— Францыя. Канец васямнаццатага стагоддзя. Барока выходзіць з моды, але ўсё яшчэ вызначае сілуэт. Парык ужо адсутнічае. Шырокі рукаў, манжэты кашулі без гузікаў. Але няма карункавых элементаў на фалдах і ўнізе рукавоў. Дакладна васямнаццатае стагоддзе. Што тычыцца прафесіі... Пры вас няма шпагі, і вы не ваенны, не арыстакрат. А магчыма, арыстакрат, які не хоча падкрэсліваць датычнасць да іншага класа. Блакітны колер і форма каўняра выключаюць датычнасць да духавенства...
— Калі вы не пазналі адразу, вам цяжка будзе здагадацца, — мякка ўступіў я, уражаны яе абазнанасцю ў саслоўным раскладзе Францыі васямнаццатага стагоддзя. Але з высновамі пра традыцыю саслоўнай літаратуры (Тэкерэй, абодва Дзюма, Брантэ, Драйзер, Фіцджэральд) вырашыў пакуль не спяшацца. — Бо нават прафесія, калі б яе можна было вызначыць гэтымі гузікамі з тканіны, нічога не скажа. Касцюм ёсць
даволі дакладным увасабленнем самага знакамітага партрэта Дэні Дзідро, зробленага Мішэлем ван Лао. Гэта не канец васямнаццатага стагоддзя, а яго другая палова. Аднак філосафы часцяком ішлі наперадзе моды, і, крытыкуючы стыль, уплывалі на яго.
Я зрабіў паўзу ў спадзяванні, што, дачуўшыся пра Дзідро, дзяўчына прачытае аналогію. Зрэшты, яна ўжо назвала мяне Кнігаром двойчы. Але Дама працягвала слухаць, не разумеючы. Чым даўжэйшай рабілася паўза, тым мацней яна напіналася ў роздуме. Схіліла галаву, шыя ўперлася ў высокі каўнерык цыпаа, праз гэта адхіліўся клапан, які захінаў верх грудзей. Пад тканінай бліснула пласціна з запаленага бурштыну. Самы дарагі матэрыял для караляўу нашым свеце.
— Дэні Дзідро, — паўтарыла яна, разважаючы ўголас. — Складальнік Энцыклапедыі. Асветнік.
— Прынцыпова тут тое, што Дзідро быў укладальнікам бібліятэкі Кацярыны Другой. Царыца выкупіла яго кнігі, імкнучыся выглядаць меншай цемрашалкай, чым была. Рабаўладанне пры гэтым, канечне, не скасавала. I золата палацаў на адукацыю сялян не пусціла. Але важна тут тое, што фактычна Дзідро нарадзіў — апрача іншых ягоных дзетак — прафесію ўкладальніка прыватных бібліятэк.
— I вы пры гэтым — Кнігар! Чалавек, які здаваў літаратуру ў арэнду! Вельмі трапнае супадзенне! — засмяялася яна. Гэта падалося ёй смешным.
— He толькі здаваў кнігі, але і фармаваў некалі бібліятэкі! — дадаў я ўжо безнадзейна. — I, канечне, за час, пакуль я ішоў ад мытнага пункту, ніводная швачка не паспела б пашыць такі строй. I нехта быццам ведаў, што я мушу з’явіцца.
Дама не моцна ўразілася звышрэальнай пранізлівасцю мясцовага краўца. Яна была ў тым настроі (ці, можа, гэта яшчэ і колькасць жыццёвага досведу), калі ўсе
хваравітыя сутыкі кону выклікаюць не падазрэнні, a весялосць. Яна пераскочыла на іншую тэму:
— Але ж вы, мабыць, згаладнелі? Ці не хочаце далучыцца да мяне за абедам?
Паспела мільгануць думка, ці ветліва прапаноўваць чалавеку, апранутаму па шанхайскай модзе 1920-х, перамясціцца да кіёска з духмянымі дзёнерамі, але яна закончыла прапанову так:
— У “Метраполі” — найлепшая рэстарацыя горада. Прысвечаная Амерыцы часоў Манро.
He сустракаючы майго супраціву (супраціў быў заціснуты самацэнзурай), Дама эскартавала мяне да латунных дзвярэй, за якімі чакаў дасканала ўзноўлены інтэр’ер харчэўні невялічкага кінгаўскага гарадка пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Гэта быў перыяд, калі дызайнеры не вызначаліся, ці мусіць малочны бар нагадваць нутро “Кадылака”, ці, наадварот, “Кадылакі” і “Плімуты” павінныя стылізавацца сваімі чырвонымі скуранымі канапамі пад закусачныя з бургерамі, кактэйлямі і кропельнай кавай.
Нас сустрэў стылізаваны пад Дзіна Рыда метрдатэль, які назваў мяне Кнігаром, а да дзяўчыны звярнуўся “Міс Пшонка” (і я заўважыў што ёй гэта вельмі не спадабалася) — Рыд правёў нас углыб храмаванай залы і пасадзіў пры сцэне. Мікрафон, які стаяў пасярод яе, больш за ўсё нагадваў вырабленую дызайнерам Buick Roadmaster 1948 года гранату. Перад сцэнай быў невялічкі металічны дансінг з лямпачкамі па баках. Любяць яны тут танцы.