Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Дзядзька выглядаў на старога еўрапейскага дзівака — даўгія сівыя валасы, штыкеціна, прыклееная да вуснаў. Такіх многа бадзялася па ўзбярэжжы. Мы пілі індыйскі малочны чай у кавярні на пляжы, назіраючы, як вечаровае сонца дае нырца ў барвовае мора. Ён выйшаў з захаду ды забраў у вечнасць толькі яе. Толькі маю адзіную. Адкінуў свой брылясты капялюш на патыліцу, выцаліў і пстрыкнуў. Да таго, як мы паспелі запярэчыць. Я ў кадр не трапіў. Стары сказаў, што ён зрабіў здымак абсалютнага чалавечага шчасця. I што здымак будзе каштаваць “файв дола”. I калі мы адмовіліся, паведаміў, што сабекошт гэтага пстрыку — ван дола, і мы пакінем яго без вячэры, калі не пагодзімся на прапанову. Я даў яму тры, і гэта фатографа цалкам задаволіла. Дзякуючы колішняй шчодрасці, у мяне засталася выява. Адзіная выява зарумяненага вечаровым сонцам аблічча.
Дама Карнавалу прыняла здымак, прыхілілася да акна і, нічога не разабраўшы, намацала ўключальнік святла. Над намі запаліўся прымацаваны да скураной столі ліхтарык — напамін пра венскія карэты Моцартавых часоў. Зняла маску ды ўгледзелася ў фота. Усміхнулася — адным кутком вуснаў.
— Зараз зразумела, — вымавіла яна, вяртаючы картку. — Зараз зразумела.
Яна вымкнула святло ды хутчэй, чым я што-небудзь усвядоміў падсела бліжэй да мяне. Потым мая маска
была ўладна ссунутая ўверх, а яе вусны крануліся маіх. Яе дыханне было такім жа, як і валасы: язмін, карэнне касачоў, дубовы мох. Дзяўчына абвіла мяне рукамі і прыціснулася, і шчокі яе гарэлі, а вочы, залітыя тыгрынымі адбіткамі запаленага бурштыну, забіралі душу. Я не выхапіў момант, калі яна апынулася на мне, прагна заціснуўшы сцёгнамі, і гэта было вельмі прыемна, і хацелася, каб яна ўціскалася мацней. Яе далонька намацала пас і пачала спускаць мае нагавіцы, а сукенка ўжо расшпілілася, і пад ёй было бялявае полымя, і тут я адарваўся ад яе вуснаў і, паклаўшы рукі ёй на плечы, адхіліў яе. Дрыготкім сподам далоні пагладзіўяе па шчацэ. Прыгожая. Вельмі прыгожая. Але хіба справа ў гэтым?
— Я хацела толькі адчуць, як гэта. Калі цябе кахаюць, — задыхана сказала нарэшце, зашпільваючы каўнер.
I тут карэта спынілася. Прыцемненая вуліца, шчарбатая галерэя ліхтарных слупоў, асветлены будынак наперадзе.
— Вас на тэрыторыю заязджаць, ці панства ля варот выгрузіцца? — запытаўся галасок рамізніка. — Калі на тэрыторыю — трэба падзынькаць, каб браму адкрылі.
Мы сутаргава запраўлялі вопратку, як застуканыя на бэкстэйджы школьнага выпускнога старшакласнікі.
— He трэба! Мы тут выйдзем! — загадала Дама карнавалу ды першай саскочыла з каляскі. Я, яшчэ крыху расхрыстаны, паспяшаўся за ёй. Зух зрабіў круты разварот і прыпусціў назад да цэнтра ды натоўпу патэнцыйных кліентаў.
Трубы электрацэнтралі гралі пры маёнтку Пшонкаў прыкладна тую ж ролю, якую для іншых палацыкаў забяспечвалі дубочкі, пасаджаныя ля вокнаў. Дом
стаяў у сені жэралаў, што выкідвалі вугальны дым. Ягоныя сцены былі счарнелыя праз адкіды. Ля брамы, як і пры доме Валовічаў, быў уторкнуты бігборд. 3 яго глядзеў дзяцюк, пастрыжаны паўбоксам ды апрануты ў спартовы касцюм “Адыдас”. Малады воўк, які сам не заўважыў, як пастарэў. Сівы баксёр пасміхаўся, агаліўшы прыкладна семдзясят адсоткаў зубоў, з-за чаго постар можна было прыняць за рэкламу стаматалагічнай клінікі. Побач з Пшонкам-старэйшым у разняволенай позе стаяў уладальнік штроксавага лапсардака, скураной камізэлькі ды скуранога капелюша стэтсан. Мядзяны твар глядзеў проста ў кадр, Пшонка-старэйшы быў напалову павернутым да свайго спадарожніка. 3 гэтай ліслівай паставы ўзнікала адчуванне, нібы баксёр паддобрываецца да каўбоя. “РАЗАМ У KBIT IДАБРАБЫТ”, — было напісана ўнізе.
— А што тут робіць Самуэль? — запытаўся я, не верачы вачам.
— Гэта не Самуэль. Гэта мой бацька, — Дама Карнавалу ўказала на сівога баксёра.
— Апобач?
— Побач — Геолаг. Вельмі паважаны ў горадзе чалавек. Ён навучыў людзей, як аднавіць працу ТЭЦ ды раскрыць закінутыя радовішчы вугалю.
— А! — сказаў я, усё яшчэ нічога не разумеючы.
— Геолаг уваходзіць у кіроўны савет гільдый і часам з’яўляецца на зборах радавітых. Але толькі тады, калі маршрут яго вандровак праходзіць праз наш горад. Ён не жыве на адным месцы, хаця яму падарылі герб і палац. Акурат быў тут тузін гудкоў таму.
Адгадка майго карнавальнага касцюма была недзе тут.
— Ты пазнаёміш мяне з бацькам? — запытаў я, ідучы за ёй.
— Бацька на карнавале, запрошаны на баль. Як і астатняя сям’я, — дзяўчына кінула сваю маску ў сметніцу і набрала доўгую лічбавую камбінацыю на замку брамы. Калі вароты адчыніліся, яна паімчала — але не да дома, а ў бок схаваных за маёнткам нізенькіх стадолаў падсветленых знутры.
На падыходах да аднапавярховых пуняў з цемры выслізнула адразу некалькі цёмных фігур са зброяй. Яны рушылі абсалютна бязгучна, як той баец прыватнай арміі Камандантэ. Атачыўшы нас, цені замерлі моўчкі, не ўздымаючы руляў. Спыніліся і мы. Спатрэбілася некалькі секунд, каб, пазнаўшы маладую гаспадыню, яны без словаў уцягнуліся ў цемру, як хваля вяртаецца ў акіян.
Вакол кожнага дамка быў пасаджаны капітальны забор з металічнай сеткі з ліхтарамі праз кожныя сто крокаў. Па агароджы ішлі аднолькавыя пазнакі з маланкай, чэрапам ды касцямі. Роўны электрычны гул, які стаяў у паветры, дапускаў, што гэтым разам папярэджанне — не цацкі і, крануўшы сталь, можна злавіць паўтара амперы на азадак.
Праз закратаваныя вокны адкрывалася нутро адрын: па падлозе ішлі таўшчэзныя правады, прылепленыя да пі.эрагаў аднатыпных бляшаных шафаў. Здалёк усё было падобным да сервернага пакою вугальнай эпохі. Калі б Віктарыянская Брытанія вырашыла пацешыцца хостынгам, яе сховішчы мусілі б выглядаць так.
— Што гэта? Ваша сям’я вырашыла пабудаваць суперкамп’ютар? — запытаў я.
— Гэта цэхі па вырабе срэбра. Мой бацька майніць цынк, я ж казала, — Пшонка размаўляла, не збаўляючы хады. Мабыць, каб на яе нагах былі сабо, яна б злосна клацала імі — яе настрой быў у цэлым зразумелы мне. Мы ішлі сярод аднапавярховых адрын, з якіх быўузведзены цэлы пасёлак.
— “Майніць цынк”? — перапытаў я. — Гэта як? Тут робяць батарэйкі з вугалю? — пасля згадкі Самуэля я б гэтаму не здзівіўся.
— He робяць. Зараджаюць, — Дама азірнулася на мяне, вочы былі як у Герды, калі тая пачынала сумнявацца ў маёй разумнасці. — Мы выкарыстоўваем электрычнасць, якую стварае ТЭЦ, для аднаўлення акумулятараў, якія выйшлі з ужытку праз страту зараду. Каб не было такога аднаўлення, чалавецтву трэба было б шукаць іншыя грошы. Бо цынк, хай сабе павольна, але спажываецца. Налобнікі і іншае.
— А чаму “майніць”? — перапытаў я. — Гэта ж ад “майнінгу”? Здабычы выкапняў?
— Бацька любіць казаць, што пасля эры біткойнаў “майнінг” пачаў азначаць вытварэнне грошай з паветра. Што, дарэчы, і адбываецца на нашых фермах.
Мы выйшлі за энергетычнае паселішча ды замёрлі пасярод выгану. Надзел у Пшонкаў быў такі велізарны, што на ім можна было б пасвіць мамантаў. Прычым, пакуль маманты выгрызалі б травічку на адной частцы надзелу, яна б паспявала нарасці на другой. Раззлаваная прыгажуня стаяла нерухома, пастукваючы чаравікам па зямлі, як быццам бы прамацваючы яе. Яна працягнула:
— Але майнім мы строга па квотах, якія нам спускаюць гільдыі ды радавітыя. Каб мы раптам не наляпілі зашмат гатоўкі ды не выклікалі інфляцыю. Наш інтарэс — адна дзясятая адсотку. Астатняе забірае горад. Але нам хапае. Так мы, прынамсі, кажам.
Яна нахілілася да зямлі і пачала шнарыць па ёй рукой. Нарэшце схапілася за шнурок, які быў пад травой, і пацягнула яго, падымаючыся. Шнур выцягваўся так, як звычайна выходзіць нітка са швэдра, з напругай, але ўпэўнена.
— Горад пільнуе, каб мы не парушалі квоты: уздоўж плоту пастаўленыя камеры, якія сочаць, каб ніводнага грузу не пакідала нашу тэрыторыю без дагляду іх кантралёраў. Паставіць відэаназіранне на нашым полі яны не могуць, бо гэта прыватны феод. Што яны не ведаюць, — шнурок зачапіўся за прыхаваны трымальнік, і ля нашых ног прасеў зямельны слой. Пасярод дзёрну ўтварылася дзірка. — Дык вось. Што яны не ведаюць, дык гэта тое, што калі твой прадзед быў вугальшчыкам, а дзед шахцёрам — ты будзеш ведаць геаграфію ўсіх штольняў пад зямлёй. I для цябе няма праблемы скідаць штомесяц да трыццаці тысяч срэбных грашовым маклерам-пральнікам, якія б потым вярталі гэтыя грошы ў твае скарбонкі па зямлі за тавары, якія ты ім ніколі не прадаваў. На сціплае вяртанне ў дваццаць адсоткаў.
— Беларусь — краіна партызанская, — уражана пракаментаваў я пабачанае.
— Я высачыла бацьку па даручэнні маман. Тая заўважыла, што ён кожны пяты вечаровы гудок ідзе з ложку падчас глыбокага сну і падумала, што ён завёў сабе самадайку ў чырвоным квартале. Унізе — закінутая штольня, якая выходзіць на паверхню за пяцьсот метраў ужо за валам. Пад драбінамі стаяць вазкі, на якіх бацькавы людзі выцягваюць не ўлічанае срэбра, дык не прабі сабе галаву. На выхадзе са штольні — мястэчка кантрабандыстаў, за ім — рака Эрыдан. Па ёй рушыш на поўдзень.
Дзяўчына паднаціснула ножкай на зямлю, пашыраючы прагал. Дзёран і трава былі налепленыя на металічныя лісты, хаваючы ўваход. Пшонка-малодшая здзерла сурдут ды пацягнулася за сваім паліто.
— Ты хіба не са мной?
— Ліхтар у цябе ёсць? — яна моўчкі пахістала галавой.
Я выцягнуў вечны налобнік і прад’явіў ёй.
— He хочаш пайсці разам?
— Разам? — яна перапытала гучней: — Разам? Шукаць тваю каханую? А жыць потым таксама будзем разам? Утрох?
— Можна ж вырушыць адсюль удвох, потым разысціся. Ці лепей заставацца ў горадзе Карнавалаў?
— Карнавалаў болей не паўторыцца. Ніколі. Я прасачу, — яна закусіла вусны.
Я зашпіліў сурдут, нацягнуў на галаву ліхтар. Паглядзеў на пакрыўджаны твар, на сцятыя вусны. Карнавал яна будзе адмяняць. 3 аднаго боку, шалёныя грошы ў бацькоў ёсць. А такіх адмыслоўцаў, як армія Камандантэ, па пустках гойсае легіён. Але я пажадаў бы, каб тут не скончылася, як з Гаўрошам у Гюго. Ці не абмежавалася заменай Валовічаў на Пшонак.
Хутчэй, чым дзяўчына змагла б адхіліцца, абняў яе на развітанне. Па-сяброўску, але вельмі моцна. Пастаяў так, паляпваючы па плячах. Потым прыбраў рукі, уключыў налобнік ды палез у прагал. У касцюме французскага асветніка зноў было халаднавата. Спатрэбіцца нейкі час, каб выйсці на землі, прыдатныя для камзолаў ды сурдутаў.