Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
— Але ж ты нарэшце дайшоў да Горада Святла! Пабачыў тое, дзеля чаго згубіў капітал, майно і сабаку. Ці гэта не дастатковая ўзнагарода? Проста быць тут? Бо цябе ж не мусілі прапускаць! I зараз ты яшчэ і трапіш на закрытае адкрыццё. I будзеш танцаваць з Дамай Карнавалу.
— А ты думаеш, маёй мэтай быў Горад Святла? — я хмыкнуў.
— Ахіба ж не?
— Ваш горад — кароткі прыпынак на працяглым шляху. Мне трэба прайсці — я некалі падлічыў — сем тысяч кіламетраў. Шлях мусіць прайсці праз Расію, Казахстан, Узбекістан, Афганістан, Пакістан і Індыю. Памятаеш такія краіны мінулага? Пры хуткасці 50 км у сненне, якую я канечне ж не вытрымліваю, ісці мне 150 сненняў. Ці пяць колішніх месяцаў. I гэта — калі не блытацца, не губляць дарогі, не загразаць у полісах, каб набраць грошай на далейшы пераход. 3 заходняй мяжы Афганістана пачнуцца горы. На поўначы Індыі яны зробяцца непраходнымі. Я дагэтуль не разумею, як праміну Гімалаі.
— А куды ты ідзеш? Што вымусіла цябе пусціцца ў такую вандроўку?
Я набраў паветра ў лёгкія, але так і выдыхнуў, не адказаўшы.
— Твая сукенка высахла! Можам ісці на закрытае адкрыццё! — прапанаваў я замест сваёй рэплікі.
— Яно ўвечары, — Дама заўважыла мой саскок з тэмы. Павярнула твар да мяне і пахістала галавой, нічога не сказаўшы. Нават злавалася яна вельмі знаё-
ма. — Але мы можам зайсці да Валовічаў і адрэпетаваць наш танец.
Яна захінула мядовае паліто, схаваўшы сляды гастранамічнага злачынства, і пайшла ўніз па лесвіцы. I гэтым разам яе драўляныя кломпы гучна цокалі на кожным кроку, а яе пастава не тулілася да мяне. Мы ўліліся ў натоўп, і нашая камунікацыя зноўку зрабілася пункцірнай.
— Беражыся, тут яміна ў тратуары! — папярэджвала Дама, і я заўважаў, што наперадзе людская плынь спыняецца і віруе. Наблізіўшыся, пабачыў, што бетонны блок на ходніках адсутнічае. А пад ім наладжаная пратока, па якой бяжыць ручай чорнай вадзіцы. —Там каналізацыя, лепей не падаць! — бліснула вачаняткамі “Міс Пшонка”.
Карнавал развёў нас па баках, я не спускаў вачэй з яе жоўтага каўнерыка і спяшаўся з усіх сілаў. He згубіць яе было лёгка, бо абутак добра прыўздымаў яе над іншымі.
Апрануты ў касцюм, я перастаў адрознівацца ад святочнага шэсця, і дзяўчаты пасміхаліся мне, і паўмаскі Каламбіна хавалі іх вочы. Пасля “Метраполя” дарога пачала забіраць наверх, сталінскія трохпавярховікі змяніліся пыхлівымі палацыкамі ракако, у якіх, прыглядзеўшыся, можна было пазнаць усё тыя ж сталінскія трохпавярховікі, упрыгожаныя драўлянымі ракавінкамі, ветразямі, пілястрамі і (у каго хапіла грошай) — порцікамі з жывапіснымі сцэнамі жыцця родаў па-над архітравам. Гербы — маляўнічыя, як этыкеткі на баварскім піве, падсвятляліся найбольш шчодра. I шмат што можна было зразумець па тых гербах пра фантазію, густ ды самазакаханасць іх уладальнікаў.
У натоўпе сталі трапляцца конныя павозкі, і побач з кучарам ля іх абавязкова крочыў апрануты ва ўніфор-
му родавага колеру крычальнік, які адганяў людзей. У руках ён меў пугу. У кучараў хлысты калі і былі — яны імі не карысталіся: коні тут былі занадта чыстакроўныя, каб іхлупцаваць.
— Гэта “Верхні Горад”, — тлумачыла яна. I, пасля паўзы, калі мінакі зноў далі нам сустрэцца. — Тут жывуць толькі тыя, у каго ёсць свой герб. Гільдыі, заможнае трэцяе саслоўе, маюць жытлы бліжэй да ТЭЦ. Там таксама добра, былы катэджны пасёлак. I на ўзвышшы, што добра.
0 так, у гарадах са смярдзючай пратокай пад тратуарамі важна жыць на ўзвышшы.
Праспект упёрся ў драўляны палацык, за якім горада не было бачна, толькі чорны правал. Я пазнаў падобны да бялюткага парахода дамок, пабачаны знізу, калі набліжаўся да мегаполіса. Ажыўленая вуліца тут рабіла заварот направа і страчвала па вышыні. Там, справа, месца выглядала больш дэмакратычна: зноўку трапляліся вулічныя гандляры, гралі музыкі — я нават і не заўважыў, калі ўсе гэтыя крыніцы вулічнага тлуму паспелі знікнуць, каб не турбаваць знаць.
— Палац Валовічаў — растлумачыла Дама Карнавалу, калі мы наблізіліся да агароджы. — Некалі іх продкі распрацавалі радовішча вугалю. Зараз яны валодаюць горадам. Частка палаца адкрытая для наведванняў, туды водзяць экскурсіі і праводзяць пачэсныя зборы.
— I што, нас пусцяць? — без асаблівай цікаўнасці запытаўя.
— Закрытае адкрыццё карнавалу адбываецца тут, мы мусім адрэпетаваць танец. А гэта — мой жаніх.
“Міс Пшонка” сказала гэта, не змяняючы інтанацыі. Яе ківок быў адрасаваны вялікаму падсветленаму сіцілайту, з якога пасміхаўся апрануты ў сучасны пясочны касцюм маладзён. Крыху конскі твар, шмат роўных
зубоў, валасы ў колер пінжака. Хлопец сядзеў за працоўным сталом, закіданым дакументамі. Маці і бацька стаялі ззаду, уладна ўсклаўшы пальцы на яго плечы, і было ў гэтым нешта шэкспіраўскае. Рукі, выглядала, былі цяжкімі, бо маладзён горбіўся.
За спінай хлапца выяўлены быў герб — хіба не адзіны прыдуманы густоўна, калі не рабіць зніжку на тое, што ён намаляваны пад дыктоўку прыкладна такіх жа эстэтаў, толькі на дзвесце гадоў раней.
“ВАЛОВІЧЫ, СВЕТ УДЗЯЧНЫ ЗА ВАІПА СВЯТЛО!” — было напісана вялікімі літарамі на плакаце. Цікава, хто аплаціў гэтую ўдзячнасць: гараджане ці самі Валовічы? I калі гараджане — дык чаму бігборд месціўся на тэрыторыі маёнтка, за агароджай? Узброеныя ахоўнікі ля брамы крыху паблажліва далі Даме знак прайсці і старанна абшморгалі мой кафтан. Так мяне не трэслі з тых часоў, калі я рабіў перасадкі ў Франкфурцкім аэрапорце.
— Ты пазнаёміш мяне з прынцам? — запытаў я, думаючы другім пытаннем удакладніць, ці варта нам зноўку перайсці на “вы”.
— He, малодшы Валовіч моцна заняты. Ён не будзе са мной кантактаваць да завяршэння карнавалу, — паспешліва зазначыла дзяўчына.
Парадны падыход да палаца быў перакрыты, гасцявая сцежка зводзіла налева і ўпіралася ў касу. Абвесткі паведамлялі, што квіток каштуе тры цынкі, што бахілы абавязковыя для ўсіх і што зараз доступ абмежаваны, бо “праводзіцца мерапрыемства”. Павітаўшыся з касіркай, “міс Пшонка” загадала мне ісці за ёй. Драпаючы старанна вылізаны паркет драўлянымі чаравікамі, яна збочыла ў калідор і адвяла аксамітавую завесу, што перакрывала ўваход у невялічкую авальную залю, дзе на прыстаўных крэслах з чырвонымі спінкамі сядзела багата народу. Я адзначыў, што
Даме Карнавалу добра вядомыя набліжэнні да гэтага асабняка. 3 гасцявога ўваходу.
Вольных месцаў у зале не было. Некалькі чалавек выкруцілі галовы, заўважыўшы нас, і некаторыя павагаліся, ці ўзняцца, каб саступіць жанчыне месца. Але ніхто гэтага не зрабіў. “Трэцяя міжнародная канферэнцыя бізнес коўчаў”, — паведамлялі словы на расцяжцы, прымацаванай да столі. Перад публікай нервова расходжваў вядоўца, то бок, гэта на маю думку ён рухаўся нервова, а сам бы ён, мусіць, сказаў бы, што рухаўся энергічна, матывавальна, натхняльна. Але гэта вельмі нервавала. Падзея нагадвала патаемную сходку мазахістаў у межах яшчэ не адкрытага карнавалу.
— Ці гатовыя вы да развіцця дакладнага бачання мэтаў, якія стаяць перад вашым бізнесам і выпрацоўкі разумення аптымальных рычагоў у інструментарыі іх вырашэння? — заводзіў прысутных вядоўца. Некалькі чалавек выгукнула “так”. — Ці гатовыя вы змяніць свае чаканні ад рэзультатаў, на які скіраваны ваш бізнес? — кожны раз ён пытальна падвышаў інтанацыю напрыканцы рэплікі. Паколькі гэты сказ быў карацейшы, тут больш людзей падтакнула нервоваму.
— He ў час мы прыйшлі, — ціха сказала ў маё вуха Дама Карнавалу, — гэта да вечара. He здолеем рэпетаваць.
— Ці разумееце вы, якія вынікі нашай размовы вам патрэбныя, каб вы лічылі, што правялі час з карысцю? — надрываўся вядоўца. У граматыцы ягоных гаварэнняў нешта было глабальна паламанае, але я не мог зразумець, што менавіта. — Ці гатовыя вы ацаніць сваю асабістую зацікаўленасць у варыянтах аптымізацыі свайго бізнесу па дзесяцібальнай шкале і выставіць адзнаку не ніжэй за восем, а інакш скарачаць колькасць варыянтаў да аптымальных паказнікаў? — зала падтаквала, не задумваючыся. У чым, здавалася, і быў сэнс разагрэву.
— Гэта — карнавальны зал, да ночы яго прыбяруць для балявання, — шаптала мне на вуха Дама. — Раней гэты пакой быў яшчэ меншы, яго пашырылі за кошт іншых памяшканняў. Бачыш драўляны люк, на якім стаіць гэты дзядзька? Там была прыбіральня, гэтая частка дома навісае над безданню. Пад ёй — трыццаць метраў пустэчы. I сток ля падэшвы тэрыкона.
— Ну тады дазвольце запрасіць нашага наступнага спікера! — экстатычна выкаціў вочы да столі шоумэн. — Легендарны бізнес-анёл, файнэнс экзекуціў, трэнер па гоалз энд апарцьюніціз і пачэсны коўч нашай канференцыі! Вова Чэлсі!!!
Зала зайшлася апладысментамі, а мы паспяшаліся прэч. Ахоўнік на выхадзе зноўку пачаў мяць мой кафтан і я нават пашкадаваў, што нічога каштоўнага не сцібрыў — было б не так крыўдна.
— Хадзем у кіно! — прапанавала мая суразмоўца і скіравалася да выверту вуліцы, куды выцякаў натоўп з палацавагаўзвышша. Дзяўчына расшпіліла паліто і ці то забылася, ці то перастала зважаць на запэцканасць сукенкі. Такой яна мне падабалася больш. Зрабіўшы сотню крокаў, мы спыніліся ля залітага святлом хола за шклянымі дзвярыма. Па баках ад уваходу —плакаты з дрэнна намаляванай Прынцэсай Леяй з “Зорных войнаў”. На іх было напісана нешта незразумелае: “Новая Надзея”. Размоўна-сінематаграфічнае шоу. Казальнік — Сіндбад ака Гуд Камедзіян. Паказы нон-стоп, музыкальная феерыя”.
— Размоўна-сінематаграфічнае шоў? — не паверыў я вачам.
— Калі сцямнела, у нашым райцэнтры не заставалася ўласнага кінатэатра, колішні перарабілі ў гіпермаркет, — цярпліва растлумачыла яна. — Моцы нашай ТЭЦ не хапіла на тое, каб сілкаваць абсталяванне сучасных ІМАХ з 5D і Inner Dolby, якое сталкеры пры-
неслі з вялікіх гарадоў. To сталкеры працягваюць шукаць па вясковых клубах, а тут узнік свой фармат кіно. Мне ён болей даспадобы, чым тэатр ценяў ды воднае шоу. Сам зараз пабачыш.
Касірка прыняла працягнуты мной нумарны квіток, але, пазнаўшы Даму Карнавалу, прапусціла нас без запісу. “Займайце любыя месцы”, — сказала. Мы прашмыгнулі ў цёмнае памяшканне, запоўненасць якога была несупастаўнай з захопленасцю людзей дзеяй: нешматлікія гледачы проста ўліплі ў сцэну. Там у светлавым снапку сядзеў падобны адначасова да Джорджа Лукаса і Умберта Эка барадач. За ім месціўся вялікі экран, на якім была карцінка: апранутая ў форму імперскага пехацінца Лея схілялася ў пацалунку над Ханам Сола. Малюнак быў выкананы ад рукі рознакаляровымі алоўкамі. Hoc прынцэсы пазначаны дзвюма плямачкамі — гэтаксама ж, як насы на большасці гербаў, якія мы бачылі ў Верхнім горадзе. 3 чаго можна зрабіць выснову, што Мекай для людзей мастацтва Горад Святла пакуль не зрабіўся. Казальнік дачакаўся, пакуль пасядзем, і працягнуў: