Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
— Слугі Сітхаў ціснуць з двух бакоў. У калідоры носяцца лазерныя кулі ад бластараў, — у сутонні ля падмосткаў ажыла фартэпіяна: тапёр з паступовым нарастаннем выдаў трывожную музычную фразу, якая дублявала прамоўленае. Казальнік працягнуў: — Ззаду ворагі, спераду ворагі. Прынцэса Лея ў небяспецы. Яна звяртаецца да сваёй світы: “Што будзеце рабіць? Вы мусілі прыдумаць план адыходу!” А Ханс Сола ёй: “Я вас тут, краля такая, эксплуатаваць сябе не запрашаў!” I збірае свой твар у гэткую грэблівую курыную дупку. Ён не паважае Прынцэсу Лею, бо, у адрозненне ад Люка Скайуокера, сам — не арыстакрат. Ханс Сола — не проста чалавек з трэцяга саслоўя, ён пірат, касмічны пралетар, анархіст. I, як мы далей пабачым,
ён будзе не толькі хаміць Яе Вялікасці, але і спрабаваць спакусіць яе. Ажно пакуль арыстакрат Боба Фет не замарозіць яго ў карбаніце на замову бацькоў прынцэсы, выбітных сенатараў (тапёр вырабіў камічны пасаж).
— Ён дакладна той фільм пераказвае? — шаптаў я на вуха Даме. Калі я крануў вуснамі яе мочку, адчуў, як ад валасоў дыхнула тым самым водарам: дубовы мох, карэнне касачоў, язмін, сабраны да апошняга сонечнага заходу. Каханне ў запаветным лесе. Цнота і спакуса, аванс і нясмеласць.
— Ну, можа, яго крыху адаптавалі пад наш горад.
— I тады прынцэса, раззлаваўшыся, бярэ бластар, і проста ў сваім гэтым манікюры страляе ў сценку! — працягваў Казальнік. — А Ханс Сола паварочваецца да Люка Скайуокера ды вымаўляе: “Ці заб’ю яе, ці закахаюся!” Пасля чаго яны скочаць у смеццезборнік. Наступны слайд, калі ласка!
Асістэнт паклаў новую кальку на светлавую тумбу з рагулінай, струмень якой вытвараў малюнак на сценцы. На ёй Чубака, Сола, Прынцэса Лея ды Люк стаялі пасярод прыцемненага памяшкання. Зараз сценкі пачнуць сціскацца. Чубака быў выяўлены цемнаскурым нявольнікам, простая каіпуля Люка ўпрыгожаная карункамі і вышыўкай.
— А пра што “Зорныя войны”? — не здолеў я адмовіць сабе ў яшчэ адным дакрананні да яе вуха вуснамі.
— Прадстаўнікі розных кланаў змагаюцца за сэрца Прынцэсы Леі, — вымавіла Дама Карнавалу. — Але ў фінале Лея жэніцца з Люкам і нараджае сына, які потым выяўляецца Дартам Вэйдэрам.
Цікава, як бы пад патрэбу гэтага горада адаптавалі “Трансформераў”. Ці, напрыклад, “Чужых”.
— Ведаеш, я не вельмі люблю дынастычныя сагі. Можа, пашукаем закуток для рэпетыцыі нашага тан-
цу? Бо танцую я нібы ізюбр, паранены ў філей лазернай куляй. — Я гаварыў гэта і ўсведамляў, што, каб застаўся — мог бы шаптаць і шаптаць нешта ў запаветны язмінавы водар.
Яна павярнула да мяне твар і моўчкі пахістала галавой, сцяўшы вусны.
— Канечне, хадзем! — сказала яна з гатоўнасцю, хаця я бачыў, што яна была захопленая сюжэтам. — Сіндбад — не найлепшы Казальнік!
— Прабач, — сказаў я, калі мы выбраліся з залы,—у мяне ў кішэнях вецер свішча, балюча слухаць пра чужое шчасце і дабрабыт, — і паспрабаваў перавесці ўсё ў жарт: — Ты не ведаеш, ці ёсць пры палацы Валовічаў біржа працы для бадзяжных літаратуразнаўцаў? Мне б не зашкодзіла панесці з горада крыху цынку.
— Табе не трэба ні пра што турбавацца, — цьмяна сказала яна, ляпаючы драўляным абуткам па прыступках. — Паспрабуй проста быць шчаслівым. He думай пра будучыню! Да закрытага адкрыцця мы мусім слугаваць выключна табе.
Мы выбраліся на Ла Рамблу, і яна ціснула сваёй весялосцю, пырскала ў вочы святлом, танцавала ды шамацела мелодыямі, якія гралі на хангах. Гэтым разам я адчуў вострае адчужэнне ад гэтага “нармальнага” горада, у якім усё было амаль “як раней”. Мы збеглі ўжо з другой грамадскай падзеі, і аднекуль узялася ўпэўненасць, што рэціравацца прыйшлося б і з мясцовага тэатра, і нават з трыб’ют-канцэрту Depeche Mode.
Такая колькасць шчаслівых людзей! Як быццам усе не гаротныя двухногія кантынента перабраліся пад электрычныя ліхтары. Усведамляючы, што свет, які яны пакінулі, застаўся счарнелы, згаладнелы і пусты. I ў феерыі віру і раскошы адчуваўся прысмак дэкадансу. Калі б карыкатурнай мясцовай арыстакратыі не паўстала праз Аракул, яна, разам з карнавалам, мусіла
цвіллю нарасці сама як рэакцыя на празмернасць. Баляванне пасярод чумы — гэта заўсёды забаўка для эліты. Што там казаў Рэйтан пра былы свет?
Я не падзяліўся з Дамай сваімі адчуваннямі, але яна пачула нешта і без рэплік. Магчыма, аднак, яе выказванне было звычайнай заўвагай тубыльца пра турыстычны звярынец:
— Неяк мне млосна ад усяго гэтага. Трэба дзе-небудзь схавацца!
Я чакаў, што арыстакратка прапануе наведаць маёнтак яе бацькоў — гэта цалкам укладалася ў логіку нобіляў. Але замест гэтага яна асцярожна зазірнула мне ў вочы ды запытала:
— Можна мы пойдзем да цябе ў гатэль?
У гэтым позірку не было ніякага абяцання. Толькі перасцярога. I гэтая перасцярога адрознівала прапанову ад першага падыходу Дамы да майго жытла. Паказваючы мне нумар, яна паводзілася так, быццам я быў падораным ёй поні.
Канечне ж, я пагадзіўся. He ў спадзеве на абяцанне. А ў разліку на перасцярогу. Якімі б ні былі ямачкі ці прыкушаныя вусны, падабенства — недастатковая аснова для пачуццяў.
Уверцюра да “Чароўнай флейты” Моцарта ўтрымлівае ў сабе фрагмент, дзе адна і тая ж мелодыя спачатку падаецца ў мажорным, поўным аптымізму, ключы, а потым, калі яе развіццё праходзіць праз кульмінацыйны перавал, яна ж граецца ў парадку, поўным светлай скрухі. Як настальгія па ўласнай жа весялосці. Наш зваротны шлях да гатэля па вуліцы моцартаўскага гарэзлівага штукарства, быў акрэслены мінорам. Я вырашыў высунуцца з гэтага горада як толькі мяне адпусцяць з цырымоніі: ежу ўпалюю ў найбліжэйшым закінутым мястэчку, цынк зараблю там, дзе меней шчаслівых насельнікаў.
Калі мы прайшлі ўзвышша тэрыкона і натоўп пачаў разводзіць нас у бакі, дзяўчына падхапіла мяне пад локаць ды прытулілася да майго дрэнна пашытага сурдута. Мы тупалі моўчкі, і ніколі да гэтага моманту не былі настолькі аднадумнымі з ёй. “Міс Пшонка”, — гучала ёй у спіну гучней. Здаецца, яна свядома забяспечвала сабе рэпутацыю. Што будзе казаць свайму зубатаму прынцу на вясельнай цырымоніі?
Ліўрэйны мурын прачыніўдзверы ды нізка схіліўся перад маёй спадарожніцай. “Ваш столік чакае!” — падбег да нас Дзін Рыд — ягоны твар выцягнуўся, калі “Міс Пшонка” моўчкі абмінула яго і пайшла поруч са мной наверх. Асветленыя ампірнымі светлавымі шарамі чырвоныя кілімы з узорам трохкутнай каронай, лёгкі джаз, які прыцішана гучыць з дынамікаў. У калідорах “Метраполя” нават пахла так, як некалі ў “Хілтане” і “Рэнесансе”.
Адзін мудры чалавек у мінулым жыцці аднойчы сказаў мне: хочаш даведацца пра настрой жанчыны, якая пагадзілася зайсці з табой пасля спаткання, — паглядзі на яе твар, калі адчыняеш дзверы. Магчыма, Дама Карнавалу ведала пра гэтую показку, бо, пакуль я круціў ключы ў замку, павярнулася да мяне спінай.
Яна зайшла першай, моўчкі дачакалася, калі я зачыню дзверы, і моўчкі ж зняла з мяне сурдут і кафтан. Рухі яе былі рэзкія, як у матулі, якая распранае перапэцканае дзіцё. Пасля па яе плячах прабегла хваля — яна скінула сваё мядовае паліто на падлогу і рушыла ў ванную, не закрываючы за сабой дзвярэй. Адтуль ударыў гук вады і, каб я не падумаў нічога такога, данеслася шорганне волкай туалетнай паперай па тканіне.
Я прайшоў у пакой і пацікавіўся зместам шуфлядак у століках ля ложкаў. Хочаце даведацца, што думае гатэль пра сваіх гасцей, зазірніце туды. У гатэлі для
спатканняў тут будуць пакінутыя прэзерватывы ды інтымны гель, у гасцявым доме для круцялёў з дрэннай крэдытнай гісторыяй — нічога, у іканічным рэсорце для фотак для Instagram — гедэонаўская Біблія, гід па горадзе, паходны швейны набор ды навошчаная махнатка для абутку.
У люксавым гатэлі Горада Святла швейнага набору, канечне ж, не прадугледжвалася, бо тут мусілі спыняцца джэнтльмены ў бездакорных касцюмах. Замест гіда па горадзе ў вялікай шуфлядзе ляжаў поўны набор карнавальных масак: Баўта, Каламбіна, Марэта, Гата, Вольта ды Dama di Venezia. Замест гедэонаўскай Бібліі — вялікі зорны атлас, у які я з цікаўнасцю заглыбіўся, ажно пакуль груканне драўніны ў падлогу не паведаміла, што пасцірушкі скончаныя.
Дама развесіла маю вільготную вопратку па старасвецкіх латунных батарэях — хутка касцюм мусіць высахнуць. Сама ж расшпіліла і падкасала каўнер, каб ён хутчэй пазбавіўся вільгаці. Шыя ў яе агалілася, і я пазбягаў на яе глядзець. Дзяўчына прысела побач са мной на ложак і зазірнула ў кнігу, якую я трымаў. Атлас быў адкрыты на расповедзе пра нябеснага пакемона — у частцы, дзе ўладальнік “сховішчаў снегу і скарбніц граду”, ‘Тасподзь з Буры”, пытаўся ў Ёва, ці здольны ён “расцягнуць путы” сузор’я Арыён.
— Ты ведаеш, што ноч — дужа рэдкая з’ява ў космасе? — прамовіла яна.
Я закрыў кнігу і ўсміхнуўся:
— Па мне, дык гэта “рэдкая з’ява” крыху зацягнулася.
— Сітуацыя, калі з планеты бачна чорнае неба і зоры — недасяжная ці дасяжная толькі сезонна на ўтварэннях болыпасці зорных сістэм.
Я хацеў запытацца, ці не даведалася яна пра гэта з пераказу “Зорных войнаў” у мясцовым кінатэатры, але
прыкусіў язык. Настрой быў занадта крохкім, каб руйнаваць яго іроніяй.
— Наша ноч узнікла таму, што Сонца аддзеленае ад цэнтра Галактыкі шчыльнымі воблакамі пылу, які не прапускае святло. Інакш ззяла б без перапынку. У мяне быў добры рэпетытар па астраноміі.
— Тут вучылі астраномію і пасля таго, як газеты пачалі пісаць пра неўраў з андрафагамі? — здзівіўся я.
— Рэпетытар быў у мяне яшчэ да таго, як сцямнела, — мякка адказала дзяўчына. — Але астраномія ў нас ніколі не выходзіла з ужытку.
Павісла паўза, і, каб пазбавіцца яе, я дастаў з шуфлядкі маскі, збіраючыся насмяшыць яе перакручваннем гатэльных мэсыджаў гасцям. Але яна дадала:
— Тады, дзяўчынкай, я думала: якія мы, людзі, шчаслівыя! У нас ёсць ноч. Такія рамантычныя зацемкі. Час для спатканняў. Час для кахання.
— Але выявілася, што зусім не ноч была аптымальнай для спатканняў, — працягнуў я, думаючы пра сваё. — Прынамсі, у блізкіх людзей. Уначы вока выхоплівае меней. Уначы не бачыш каханага, а прыдумваеш яго. Гульня ў хованкі. Хлеб для фантазій. Дзень — час шчырай любові. Днём і толькі днём чалавек напраўду аголены. Днём ён выяўляецца такім, якім яго стварылі. 3 усімі ягонымі хібамі. 3 усім рабаціннем ды плямамі на скуры.