Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Я раскрыў меню, на першай старонцы якога была выяўленая Мэрлін Манро ў сваім класічным ўорхалаўскім вобразе. Пад вечна маладой сэкс-сімвалкай, на тле амерыканскага сцяга, назва установы: “Сівая Мэрлін”.
Прагартаў старонкі: бургеры з сырам чэдар, каліфарнійскія курыныя крыльцы, t-bone стэйк, смажаная
бульба з соўсам “Хайнц". Высокая амерыканская кухня. Некалі ў дарагіх месцах імкнуліся ўзнаўляць кулінарныя традыцыі збяднелых японскіх вёсак, жыхары якіх ведалі толькі рыбу і рыс, зараз модна наследаваць танным забягалаўкам Новага Свету. У напоях — вялікі выбар класікі, ад В52, да класічных лонг-дрынкаў.
— Як такое можа быць? — не вытрымаў я. — “Махіта са свежай мятай і лаймам”?
— Цалкам верагодна, — “Міс Пшонка” была нечым занепакоеная. — Ля валу некалькі камбінатаў вырошчваюць сапраўдную гародніну з дапамогай спецыяльных лямпаў. Поўная замена сонечнага святла.
Я заўважыў на сталах храмаваныя музычныя аўтаматы з дзірачкай пад батарэйку. Дарагія, халера, тры песні — поўны цынк. На сцэну тым часам выйшлі музыкі: лакіраваныя электрагітары, труба, саксафон. Зараз будзе гучна. Багатыя людзі не любяць гаварыць з тымі, з кім дзеляць ежу.
— Слухай. У мяне да цябе ёсць нечаканая прапанова, — асмялеўшы, я звярнуўся да Дамы Карнавала на “ты”. — Давай адсюль уцячэм. Будзь да мяне таксама на “ты”, без цырымоній, добра?
— Куды? — яе твар яшчэ выказаў занепакоенасць, але я бачыў, што вочкі ўспыхнулі радасцю.
— Я пабачыў тут адну “дзёнерную”, а курыныя кебабы не жэр аж з пары, калі людзі яшчэ насілі цёмныя акуляры ад сонца. Давай адкінем увесь гэты пафас ды проста закідаемся курацінай. Ды паразмаўляем, як людзі.
— Ну, я не ведаю... — Тэкерэй, Дзюма і Брантэ патрабавалі ад яе змушанага вагання, але я ж бачыў, што побач з Эміліяй Сэдлі ў ёй жыве Бекі Шарп, а разам з Джэйн Эйр віруе Вялікі Гэтсбі. Яна мусіць павесціся на мой заклік да рэвалюцыі.
Я падняўся, упэўнена згроб яе сцюдзёную далонь сваёй жменяй і пацягнуў прэч.
— Калі ласка! На нас глядзяць! — выдыхнула яна, але руку не прыбрала. I ў шэпце я чуў зусім не Эмілію Сэдлі.
Мы выбеглі з “Метраполя”, яе рука выкараскалася з маёй, але дзяўчына пайшла вельмі блізка да мяне, і паміж намі ўзнікла нейкая змоўніцкая повязь. “Пшонка”, “Пшонка” — нягучна казалі мінакі нам наўздагон, я чуў лёгкае адценне знявагі ў гэтым, і мне хацелася абараніць яе ад мясцовых — зусім не зразумелых мне — раскладаў.
— Я па шчырасці вельмі люблю дзёнеры, — кідала яна мне ўрыўкамі, калі натоўп прыціскаў нас адно да аднаго, — але я не мушу іх есці, — нас зноўку разняло, — бо гэта нізкая ежа, ганебная, — паўза, я імкнуся да яе, але плынь разводзіць нас у розныя бакі, — родзічы забараняюць мне. Але я, бывае, пасылаю Марту. — ... — Я пачакаю вас, у сэнсе, цябе. — ... — Пакуль ты будзеш браць.
Трэба было абраць месца для балявання, і ўсе завулкі, як і ў любым горадзе з адкрытай каналізацыяй, былі смярдзючыя і брудныя, а па праспекце хвалямі ціснуў натоўп. Завярнуўшы ў вулічнае адгалінаванне за сталінскім дамком, мы прыўзняліся па пажарнай лесвіцы на два паверхі. У паддашшы, на ўзнесенай бляшанай пляцоўцы, можна было не баяцца чужых вачэй. Дама Карнавалу засталася чакаць, а я пабег высякаць забароненую ежу, ежу багоў.
Кухар зноўку назваў мяне “бей эфендзі”, запісаў нумар майго гасцявога купона, асцярожна пацікавіўся, ці не трэсну я, з’еўшы два вялікія скруткі. Ды з вінаватым выглядам папрасіў распісацца, што я бяру менавіта два. “Інакш гільдыі не кампенсуюць”, — паўтарыў ён, а рукі ягоныя ўжо варажылі: курыца шкварчэла, падаючы з пірамідкі, таматы і гуркі накладаліся
горкай на мяса, і ўсё гэта заціскаў у сябе пакрыты месяцовымі плямамі праснак. Калі дзядзька дастаў гатовыя кебабы з электрычнай печкі, калі я пабачыў хрусткія падпаліны на пергаментных капэртах з кавалачкамі сакавітай кураціны, я падумаў, што самым складаным будзе данесці скарб да маёй суўдзельніцы некранутым.
Галоўным пытаннем у паяданні дзёнэраў ёсць тое, куды трапіць першая кропля з прарванага нутра. Як бы старанна ні абгортваў майстар ласункавую брушыну фольгай, пасля некалькіх укусаў смачны кебаб абавязкова лопне. Памятаючы гэта, я загадзя зняў з сябе сурдут і кафтан, ды кусаў духмяны скрутак, стаўшы літарай “Г”, так, што калі мой кебаб працёк, сумесь салатнага соку, кетчупу ды белага соусу ляпнула побач з нагой. Дама ж Карнавалу, выглядае, “пасылала Марту” па дзёнеры толькі ў сваіх марах. Бо на трэцім жа ўкусе яна атрымала крывавую кетчупную рану проста на каўнер сваёй каралеўскай сукенкі.
— Ой, — сказала яна.
Тое, што адбывалася далей, вельмі нас зблізіла. Я б нават падкрэсліў, што на такое збліжэнне не разлічваў, яго не замаўляў і быў да яго зусім не падрыхтаваны. Дзвюх сурвэтак хапіла толькі каб зняць крывавую пасту, пакінуўшы памадны развод ад прастрэлу. Як гэта заўсёды здараецца з кебабамі, кропля заняла найбольш бачнае месца на самай светлай вопратцы. “Міс Пшонка’’ расшпіліла каўнер, агаліўшы велізарнае бурштынавае калье, і спачатку расцірала пляму пальцамі, потым падключыліся вусны. Прадказальна, была пакліканая дапамога ў выглядзе майго сурдута, майго кафтана, маёй камізэлькі і нават маёй пышнай кашулі. Калі мы скончылі, задыханыя і счырванелыя, кетчуп быў паўсюль, расцёрты танюткай плёнкай па маёй і яе вопратцы.
Дзяўчына занепакоена аглядала пляму, якая зрабілася меней чырвонай, але цёмнай ад вільгаці ды вялікай памерамі. Адчуванне было такім, як быццам яна спачатку некага забіла, а потым старанна замыла сляды пры маім актыўным удзеле.
— Зараз мусім чакаць, пакуль высахну, — расхвалявана сказала яна.
— Мая віна! Мусіў папярэдзіць, што кебабы пырскаюць, — з жалем у голасе вымавіў я. Насамрэч ніякага жалю не адчуваў—мне было весела, як, здаецца, і ёй.
— Віна насамрэч мая, — прызналася “Міс Пшонка”. — Па праўдзе, я ніколі не замаўляла кебабаў Марце. Бо гэта такі... Ну як сказаць? Харчовы камінаўт. А Марта не тое, каб вельмі на маім баку...
— Ну ў вас і норавы! — я ўзрушана пакруціў галавой. — Навошта грошы, калі не можаш дурэць, як хочацца?
Яна пакусала вусны ў задуменні, я адчуваў, што яна падзяляе маё абурэнне.
— Разумееш, мы дбаем пра прыстойнасць. Калі сонца знікла, тут быў глухі райцэнтр са слабым інтэрнэтам. Без працы, грошай і перспектыў. Мы мусілі першымі вымерці з галадухі. Але дзякуючы нашаму ладу жыцця з’явілася і святло, і цяпло, і грошы. Калі Карнавал не паважаць — вугаль скончыцца. Святло згасне.
Пра Карнавал ім, канечне ж, напісаў Сямён Чапля. Хацеў пакпіць з “дзікіх”. Я вырашыў не спрачацца і не імітаваць асветніка Дэні Дзідро. Веданне, што твой уклад жыцця — вынік шэрагу дурных забабонаў, прымаецца ў разлік толькі ў выпадку незадавальнення ім.
— А “пост”? Ты яшчэ казала пра “пост”.
— “Пост” — частка карнавальнай культуры. Гэтаксама, як закрытае адкрыццё, гільдыі і астатняе, — яна ўздыхнула.
— I вы ўсе верыце ў Бога?
— Бога? — Дама не змагла зразумець, у якой сувязі я запытаў пра яго.
— Трымаеце пост вы праз рэлігію? — асцярожна спытаў я.
Дзяўчына задумалася, яшчэ раз працёршы месца, дзе соус сапсаваў сукенку. Мабыць, Сямён Чапля не прыдумаў прычыны, з якіх яны мусяць пасціць. He дачытаў у гарнізоннай бібліятэцы. Бо быў заняты Герадотам.
— Напэўна, так. Мы паважаем Бога. Бог падзяліў людзей на нобіляў і простых, — адчувалася, што яна старанна пераказвае словы, якія сказаў ёй рэпетытар на прадмеце “добрыя манеры”.
— А ты сама як думаеш? — паспрабаваў я збіць яе з панталыку.
— Калі б не сцямнела, людзі б пра Бога і не прыгадалі, — Дама пачала казаць болей упэўнена, як быццам яна імправізавала ў межах зададзеных рамак. — Вырашыў, напрыклад, Бог зрабіць другое прышэсце. I кім бы мусіў стварыць Хрыста? Блогерам-мільённікам? Поп-зоркай? Прэзідэнтам ЗША? Інакш ягоную навуку б не пачулі! Калі б Хрыстос проста хадзіў па гарадах у атачэнні запыленых вучняў — ягонае слова засталося б у нідзе. Таму і спатрэбілася зацьменне. Людзі ўспомнілі пра Бога, пра арыстакратыю. У Горадзе Святла паважаюць нобіляў і дбаюць пра Карнавал. Таму ў нас ёсць мяса, гародніна і махіта са свежай мятай.
Яна абаперлася на парэнчы лесвіцы, схіліўшы галаву да святочнага натоўпуўнізе. 3 гэткім жа ганарлівым замілаваннем Кацярына Другая, мусіць, глядзела на сялянаў, вымытых перад яе візітам у выбраныя вёскі.
— Як Ён можа на ўсё гэта глядзець? I нічога не рабіць? — дарожкі нашых з дзяўчынай настрояў разышліся, бо я не падзяляў гэтага захаплення падсветленым ліхта-
рамі святам сытасці. I дакладна звяртаўся да іншага Бога. He таго, які зрабіўся тут падмуркам для чалавечай няроўнасці. — Чаму ў свеце, які Ён стварыў, лепш за ўсё жывецца злодзеям без святла ў сэрцы? Чаму тыя, хто пужаюць, перамагаюць над зняможанымі ды запалоханымі? Чаму страх зрабіўся асноўным пачуццём пад зорамі? Страх, а не любоў? За што ўсё гэта?
Я праглынуў горыч. Яна задуменна закусіла вусны, на твар закраўся сумнеў, і я падумаў, можа, Дама мяне пачуе. Калі не мае словы, дык хаця б маю інтанацыю. Мы ўсе нарадзіліся роўнымі, і хай сабе ў маім дзяцінстве ўжо не было савецкай тоеснасці, але багатыя не лічылі сябе пацалаванымі Богам. Але дзяўчына вагалася пра іншае. Бо ўголас сказала:
— Можа, ты проста няправільна пражыў жыццё? Таму і лічыш, што Бог несправядлівы? Ты ж вандроўны. He жывеш на адным месцы. He маеш вагі ў грамадстве.
— Я выйшаў з Грушаўкі, бо мусіў выйсці. Я пайшоў, маючы столькі грошай, колькі мог несці на сабе. Са мной ішла сабуля.
— Сапраўдны сабака?
— Яе звалі Герда. Засталася са светлых часоў. Дарогай я страціў грошы, заплечнік, цёплую вопратку, стрэльбу. Герду забіў чалавечы страх перад прыдуманымі неўрамі. Што я не так рабіў? — не ведаю чаму мяне прарвала менавіта тут і цяпер. Магчыма, уся справа была ў манеры Дамы Карнавалу пакусваць вусны ў задуменнасці. I ў ямачках на шчочках, калі яна ўсміхалася.
— Чалавек не мусіць бадзяцца.
— Але ж Хрыстос бадзяўся.
— Напэўна, ты ўскрываў чужыя хаты, рабаваў майно, — вымавіла яна без папроку.
— Нежывых людзей, — перабіў яе я. — Хіба пан Бог караў мяне за тое, што я сілкаваўся харчамі, якія ўжо
непатрэбныя былі гаспадарам? Ці не ўсё адно памерлым? Нейкі ён нелагічны, гэты Бог!
Дзяўчына не пачувалася ўпэўнена ў гэтай тэалагічнай спрэчцы. Болей за тое, нейкая думка свідравала яе. Так неўзабаве і кроў выступіць на вуснах.