Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
— Пагрузка скончаная, — зрабіў ён справаздачу. Гатовыя чапляць вагон ды рушыць.
— Можа быць, я магу далучыцца да вас? — спытаўся я асцярожна, бо не ведаў, што гэта значыць — “ехаць на тэндары”. Нічога асабліва камфортнага тое не абяцала.
Камандантэ скасіў на мяне вочы і цэлую хвіліну вагаўся, ці варты я таго, каб ён сам мне хаця б нешта адказваў. Нарэшце скрывіў рот ды выціснуў:
— У вагон з цынкам дапушчана толькі асабістая ахова Караваншчыка. Едзем без артылерыі, то мушу адмовіць.
Я паспрабаваў зазірнуць у вочы лысаму, але яны ўвесь час скіроўваліся некуды ўбок — мабыць, калі размова заходзіла пра бяспеку грашовага прадпрыемства, ён рабіўся празмерна абярэжлівым і не зважаў на сантыменты ды асабістыя прыхільнасці.
— Можа, вы хаця б вернеце мне маю дубальтоўку і нож, якія забраў з сабой ваш баец? — я наважыўся запытацца, бо не быў упэўнены ў тым, што па прыбыцці пра мяне зноў не забудуцца, ды мае сродкі абароны не знікнуць па законах ваеннага часу.
— Таксама немагчыма, — нахабна ўсміхнуўся барадаты. Помсціў ён мне за Мантэйру Лабату? Ці шкодзіў проста для ўзняцця настрою? — Нагадайце нам пра канфіскаванае ў Горадзе Святла, — мне падалося, што ён зараз жа зробіць інструкцыі, каб маю стрэльбу ды нож выкінулі праз акно ў полі, каб раптам мне іх сапраўды не вярнулі.
— Гэта адзіныя сродкі бяспекі, якія ў мяне ёсць! — сказаў я, звяртаючыся да Караваншчыка. Але ён, здаецца, нешта падлічваў у галаве.
Алігарх з Камандантэ схаваліся ў чарговым паравым выдыху цмока. Калі бялявыя кудлы развеяліся, абодвухужо не было на платформе. Машыніст дзівіўся на мяне з акенца. Унутры монстра нешта ляснула, ягонае нутро разам з белым клубам выдала моташны віск, папярэджваючы, што неўзабаве сланапатам прыйдзе ў рух. Разумеючы, што лакаматыў рыхтуецца стартануць без мяне, я схапіўся за слізкія ад пакінутых чыгуначнікам масляністых адбіткаў поручні ды паспяшаўся наверх. Платонаўскі тыпаж сустрэў мяне ў прагале з тварам, які меў не самую ветлівую грымасу з бачаных мной у жыцці. Калі паспрабаваць укласці ў два словы ўсю гаму эмоцыяў, што вымаляваныя былі на абліччы пагоншчыка сталёвых сланоў, дык атрымалася б наступнае: “Куды прэш?”
— Прабачце калі ласка! — забляяў я, разумеючы, што мая расхваляваная куртуазнасць моцна канфліктуе з алеанафтным стылем жыцця гэтага чалавека. —■ Мушу перапрасіць! Бо я проста не сцяміў як гэта: “ехаць на тэндары"? Дзе ён знаходзіцца, “тэндар”?
Для большай красамоўнасці я паўтарыў ягоны рух, паказаўшы на заднік паравоза. Вагон, які ішоў пасля ўваходу ў кабіну, уяўляў сабой прастрочаны клёпкамі суцэльны паралелепіпед з чорнага металу. У ім не было ні дзвярэй, ні акенцаў.
— Па рэйцы да задніка вадзянога танка, там лесвіца наверх, — ён прасвяціў мяне позіркам, у якім шмат было сумневу, ці можа чалавек, які не ведае, як “ехаць на тэндары”, сапраўды захапляцца Андрэем Платонавым. Ён дадаў, як разумова адсталаму прыхільніку паравозаў: — Тэндар — сховішча вугалю ды вады. Ззаду — уздым на платформу. За вугальным корабам выгін, можна сесці. Там будзеш ехаць.
Па суровым твары я зразумеў, што сам Машыніст шмат разоў ездзіў на тэндары, як ездзілі і нешматлікія людзі, якіх ён паважае. Каб трапіць на паказаную ім “рэйку”, давялося запаліць налобнік. Па сутнасці, праходка была шырынёй з вузкую алешыну — добра што па “тэндары” на ўзроўні рук быў металічны прут, за які можна зачапіцца. Калі я зрабіў дастаткова крокаў, каб ужо не мець магчымасці заскочыць назад на прыступку кабінкі, масіўны кіт, да якога я быў прылеплены, уздрыгнуўусім сваім шматтонным целам. Цягі на колах варухнуліся. Паўзуны, залатнікі, кулісы і тузін іншых дэталяў, што месціліся цяпер проста пад маімі ступакамі, са скрыгатам прыйшлі ў рух.
Я ледзь не зляцеў на рэйкі ды ўскрыкнуў крыху гучней, чым мог сабе дазволіць адданы паслядоўнік Платонава і аматар паравых машын. Магчыма, з боку Машыніста гэта было праверкай: выжыве — паедзе,
не выжыве — будзе змазка для колаў. Перабіраючы змоклымі рукамі па чорным слізкім пруце, я даціснуўся да кармы агрэгата — толькі каб пераканацца, што і тут стаяць не было дзе: адразу пад нагамі быў зачэп з тармазной магістраллю, за ім павольна паўзлі рухомыя рэйкі.
Паравоз рухаўся рыўкамі — я адчуваў кожны рух калёснай цягі. Пры ваганні кулісы колы лакаматыва выдавалі характэрнае “чуханне”. “Чух, чух, чух” — як у дзіцячым мультфільме. Гэта было падобна да паездкі ў машыне, якая робіць падскок кожны раз, калі поршні праслізгваюць па цыліндры ўверх. Але я не хацеў завісаць над безданню і стаў караскацца па хісткай лесвіцы, што вяла на гарбіну кіта. “Язда на тэндары” гартавала характар. Наверсе, аточаная з двух бакоў вадазаборнікамі, была пляцоўка, прыкрытая чорным брызентам. Сцягнуўшы тканіну, я зразумеў, што брызент спачатку быў цёмна-зялёным, ды проста прысыпаўся, як і ўсё навокал, чорным пылам, які шчодра выкідвала паравозная труба. Пад накрыўкай хаваўся турыстычны кілім, які нехта клапатліва ўплавіў у жалеза тэндара. Калі схапіцца за ўспенены пластык, не так страшна навісаць над сопкай грамадзінай паравоза.
Праехаўшы тры сотні метраў, монстр выдаў яшчэ адзін паравы выдых і спыніўся. Ззаду з віскатам насунуўся драўляны антыкварны вагон. Ягоныя вокны давалі на чыгуначны адхон утульнае жоўтае святло, і чамусьці падумалася пра Буніна і Агату Крысці. Але не паспеў я замілавацца, як буфер вагона ляснуў у паравозны заднік. У паветры разнеслася донканне ад звону, яго мусілі пачуць нават у Элеватарах. Мяне кінула наперад — я ледзь не высадзіў зубы аб метал вугальнага кораба.
Знізу замітусіліся людзі, замацоўваючы пальцы зачэпаў, прагучаў тужлівы свісток. I вось, адкаціўшы-
ся на паўметра назад, паравоз з натугай пачаў няспешны рух да Горада Святла. Спачатку монстр болей скрыгатаў і рыпеў чым уласна рухаўся. Мяне падкідвала і матляла з боку ў бок, быццам я сядзеў на раз’юшаным дыназаўры. У рот набілася недаспаленага вугалю, а вопратка і кілім унізе хутка зрабіліся шурпатымі ад чорнага пяску. Але я хутка прыдумаў расцягнуцца і накрыцца тканінай, каб не так засыпала попелам.
Монстр ішоў са спрытнасцю сарамліўца, які апынуўся ў цэнтры незнаёмага горада з пільнай патрэбай адшукаць прыбіральню. Але прамежкі паміж “чуханнямі” пачалі скарачацца, і ў маю галаву ўдарыў ветрык, які наганяла хуткасць. Па разгоне, сутаргавая работа поршняў ды цягаў зрабіліся меней заўважнай, лакаматыў пайшоў амаль роўна, хай сабе і жаданне выпусціць з-пад пазногцяў кілім ды застацца без страхоўкі пакуль не ўзнікала.
Вецер свістаў увушшу, і хутка я змёрз да стадыі, пасля якой перспектыва спікіраваць галавой на рэйкі болып не падавалася дужа трагічнай. Сядзець на адкрытым паветры было нясцерпна, стылую сцюжу было няможна трываць, з носу лілося, галаву абдымаў абруч холаду. He ўстаючы, я скінуў заплечнік, запіхнуў яго глыбей пад брызент, ды, рухаючыся па-пластунску, далез да лесвіцы. Рухацца ўніз зрабілася яшчэ цяжэй, бо, па-першае, вымерзлі пальцы, па-другое, цягнік набраў хуткасць і, хай сабе яго ўжо не калаціла па вертыкальнай восі, як напачатку, але тэндар кідала з бокуўбок.
Я хацеў паскрэбціся ў бунінскі вагон ці хаця б папрасіцца праехаць у будцы машыніста: халаднеча — самы эфектыўны натхняльнік — запэўніла мяне, што зараз я здолею пераканаць каго трэба ў чым трэба. Я гатовы быў чытаць лекцыю пра карысць спажывання прозы Мантэйру Лабату дарослымі галаварэзамі, я
гатовы быў кідаць вугаль, кіпяціць ваду, пець песні і танцаваць стрыптыз.
Але, як толькі я апынуўся ля ўзножжа тэндара, я ўбачыў, што пасажырскі вагон адасоблены ад лакаматыва капітальнымі дзверцамі без ручкі. Усё, што я мог, — заглядаць у хатні камфорт цёплага вагона праз акенца з тоўстага чыгуначнага шкла ды спрабаваць прыцягнуць увагу вартавога. Але ён быў добра габляваным камлём і адразу развярнуўся да мяне спінай, з якой гуляць у глядзелкі было бясплённа.
Ужо замірыўшыся з думкай, што мой лёс за грахі перад чалавецтвам — прамерзнуць на леташні яблык у тэндары антыкварнага паравоза, я праціснуўся па жэрдцы да ўвахода ў будку Машыніста. I трэба сказаць, пасля гэтага шляху, праробленага ледзь не ўсляпую праз вецер, што біў у твар і выціскаў з вачэй слёзы, дык вось, пасля гэтай праходкі над чорным прадоннем на свеце засталося не так шмат рэчаў, якія маглі б мяне палохаць.
Машыніст прыняў амаль ветліва. Ён сустрэў так, нібы ў ягоную будку мяне прывёў не сабачы холад, a прага пабачыць працоўныя дэталі катла.
— Дайшоў? — спытаў ён каротка. — Ну, малайца!
У ягоным кабінеціку было спякотна. Як у топцы Апальшчыка. 3 розніцай, што месца тут было, нібы ў мангале, з дапамогай якога сквапны рэстаратар спрабуе засмажыць нагу дарослага лася. На пляцоўцы ў два квадратныя метры, падпёртай распаленымі да ста градусаў металічнымі дэталямі топкі, туліліся тры чалавекі. Адзін, памочнік машыніста, спаў зняможаным сном, стойма ля сценкі. Проста за ягонай спінай быў не прычынены прагал, за якім несліся падсвечаныя Месяцам палеткі. Яго матляла па сценцы, але, выглядала, ён прызвычаіўся спаць па-салдацку і кантраляваў становішча цела, нават праваліўшыся ў
сненне. Магчыма, стокер у гэтым антыкварным паравозе не працаваў, і небараку давялося закідваць патрэбны для закіпання катла вугаль уручную, шуфлем. Ля манометраў, рукаяцяў, круцёлак ды подціскаў мітусіўся качагар. Ён быў знешне падобны да Машыніста, толькі выглядаў куды болып няшчасным. Сам Машыніст стаяў у самым казырным месцы — за два крокі ад топкі, на роўнай адлегласці ад бакавых прагалаў. Ён з бачнай асалодай прыкрыкваў на Качагара, робячы выгляд, што кіруе працэсам.
— Моцна замерз там, — растлумачыў я сваё з’яўленне. Маё вока хутка ацаніла расклад: месца, дзе мог бы змясціцца чацвёрты член брыгады, тут не было канструктыўна прадугледжанае. Ля ўваходу я замінаў Качагару даставаць некаторыя рычажкі, да якіх кароткім гаўканнем дасылаў яго Машыніст.
— Можа, я магу вам нечым дапамагчы? — прапанаваў я безнадзейна. — Прыбрацца там. Ці, не ведаю, вентыль які падкруціць.
Ілюструючы прапанову, я зрабіў колькі рухаў вентылем, што падаўся навейшым за астатнія прылады дзівоснага агрэгата. Я зразумеў, што прашу пра немагчымае яшчэ да таго, як дагаварыў: напаўцёмная кабінка была пазастаўленая прыстасаваннямі, колбамі, жалязякамі ды шарнірамі з экзатычнымі назвамі, выбітымі паверх польскіх тэрмінаў. Прычым, яшчэ невядома, якая з версіяў найменняў была найменш зразумелая: арыгінальная, выведзеная лацінкай, альбо пераклад, напрыклад, — “Водазаспакаяльная калонка”. Дапамагчы я быў не здольны, бо ні халеры не разумеў. Болей за тое, мая наяўнасць ля топкі азначала, што нехта з адмыслоўцаў мусіць лезці на тэндар.