Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Ён моўчкі паказаў мой нож і стрэльбу.
— Ці магу я пацікавіцца, якім будзе імя вось гэтага вашага спецыяліста? — нецярпліва запытаўся ўладарны голас у кагосьці ўнутры фургона. — Я іх увесь час блытаю, яны падобныя, бы селядцы ў бочцы Хацкеля Мардухавіча Шагала, я вам скажу. Трэцяе сненне ідзем без адпачынку, а як звяртацца, не ведаю.
— Гэты — радавы ўзвода альфа, франтальнае забеспячэнне.
— А імя, дадзенае чалавекам, які яго нараджаў, ці мае?
— Якое імя ў цябе? Саша, здаецца?
— Сіргей, — няўпэўнена азваўся мой кампаньён. Магчыма, ён і сам паспеў забыцца на чалавечае імя.
— Сярожанька, даражэнькі вы мой! Вы бачыце ў сустрэтага вамі селяніна свіны лыч? He? А капыты вы ў яго бачыце? Таксама не? А ў раёне дупкі вы яму ліхтарыкам свяцілі? Вы знаходзілі там ружовы хвосцік гнуткай спіралькай? He? Дык я вам скажу, Сярожанька, гэты селянін і свінарылыя — гэта дзве бальшыя разніцы! Вы куды ішлі? — запытаўся голас у мяне.
— У Горад Святла, — я ўзняў галаву, прымружваючыся ад пражэктара.
— Вось, бачыце, Сярожанька, чалавек з галечы, цягнецца да ведаў да літаратуры! Як Шалом Алейхем! Называе сябе “Кніжнікам”, можа, нават і вершы піша, я вам скажу, Сярожанька, у гэтага селяніна можа быць выдатная будучыня. Я проста вось бачу зараз, як ён выступае са сцэны ў “Метраполі” і яму пляскае публіка ў добрых касцюмах.
— Нам трэба рушыць. Стаяць небяспечна, — нагадалі ззаду.
— I я вас здзіўлю, Сірожанька, але мы возьмем гэтага селяніна з сабой, каб пагутарыць пра тое, як зараз жывецца моладзі, — заявіў той, да каго звярталіся, як да Караваншчыка.
— Вы што! Нельга! Ну ніяк! Гэта парушэнне пратаколаў бяспекі! — адказаў яму нехта ў кібітцы.
— Я вас умаляю, не трэба паводзіцца так, як быццам бы я ваш пасажыр! Гэта вы — і ўвесь ваш ЦАХАЛ — мае пасажыры! — адрэзаў Караваншчык. — Лезьце сюды, малады чалавек! — загадаў ён з брычкі.
Я ўзняўся на ногі і, кульгаючы, наблізіўся да фургона, і адтуль запыталі, чаму я кульгаю, і я паўтарыў пра “жабу”, і прагучаў тэрмін “генацыд” (“вы ж паглядзіце, бядак ледзь ходзіць, вашы зайцадавы выламалі маладому паэту нагу з суставаў!"), і скончылася тым, што Сірожа ледзь не ўнёс мяне ў тарантас, атрымаўшы паказальную вымову за калечанне мірнага насельніцтва. Mae стрэльбу і нож ён пры гэтым забраў.
За бранёй хавалася прасторная платформа, застаўленая сталёвымі куфрамі, паверх іх — дзве даўгія скураныя канапы. Над галовамі пасажыраў змыкаліся паўкруглыя рэбры брызентавага даху. Але цяпер тканіна была сцягнутая — відаць, спусцілі для лепшага агляду пасля таго, як мінулі вобласць ападкаў.
На адной з канапаў свяціў на траціну магутнасці садовы дыёднік, таму я пабачыў лысага старога, яго арліны нос і вінаваты выраз твару. А таксама — прылепленую да мочкі левага вуха белую сферу памерам з фасоліну. Яна зіхацела і паблісквала нават тады, калі ў ёй не адлюстроўваўся ліхтар. Я адразу ж адкінуў думку, што гэта — брыльянт, бо, па-першае, хто цяпер носіць дыяменты, а па-другое — такіх буйных папросту не бывае. Арлінаносы трымаўся з годнасцю, хоць і
апрануты быў без пыхі: цёмны цёплы функцыянал. Аніякай асаблівай паставы ў яго не было. Адчуванне велічы паходзіла з агульнага раскладу, які не псавала нават манера гаварыць — шматслоўная, з адвечнымі пытальнымі інтанацыямі. Але з першага погляду на сцэну было зразумела, што гэты лысы тут — галоўны.
Насупраць яго на канапе сядзеў барадаты дзядзька ў шапцы а-ля Фідэль. Ён быў падобны да правадыра хунты ў збяднелай лацінаамерыканскай краіне. Добры тварам, багаты жыватом. Белая ўрачыстая кабура была зашпіленая на — гэта важна! — залаты гузік. У Камандантэ былі скураныя пальчаткі, таксама белыя — ён засунуў іх пад пагон свайго ўцепленага фрэнча. Чаравікі мелі колер кавы з малаком. Яго абліччу не хапала толькі чорных квадратных акуляраў. I, канечне ж, сігары. Затое быў тут нечаканы дадатак: вялізны залаты праваслаўны крыж. У сукупнасці з кудлатай барадой і мажнай шыяй крыж надаваў вобразу Камандантэ яшчэ і выразны папоўскі складнік. Відаць, без духоўнасці працаваць камандзірам наёмнікаў складана.
Ззаду, каля аблепленай бранёй агнявой карзіны з рухомай гарматай, былі тры маладыя салдаты. У той час, калі Камандантэ глядзеў не ў іх бок, яны ўпотай перакідваліся ў карты, але калі іх распінаў цяжкі позірк, яны, не адкладаючы картаў, рабілі выгляд, што збіраюць снарады ў стужку. У сукупнасці з расхлябаным вознікам, які выглядаў так, як быццам сядзеў пры лейцах трое сутак запар, кампанія нагадвала брыгаду Васілія Чапаева, якая едзе ці то адбіваць станіцы ў рабаўнікоў, ці то на патрэбу баяздольнасці чырвонай арміі рабаваць іх самастойна.
— Вітаю вас на вугальным караване! — выбачальна ўсміхнуўся мне лысы. — Вы трапілі да людзей, якія забяспечваюць цяплом і святлом усе мінскія полісы і
палову населеных пунктаў пры дарозе! Зараз мы праходзім самы небяспечны адрэзак шляху, то выбачайце нервовасць таго шлімазла. Маіх папярэднікаў тут рэзалі тройчы. He ведаю, хто такія гэтыя вашы свінагаловыя, але да матэрыяльных каштоўнасцяў нашага з вамі свету яны маюць вельмі нездаровую прывязанасць, я вам скажу!
— Я — Кнігар! — паўтарыў я, сядаючы побач з Камандантэ. — Іду здалёк, з Грушаўкі. Свінарылых бачыў ля запраўкі. Сустракацца з імі не хацелася б.
— Ой, вы абсалютна не бойцеся гэтых шмэндрыкаў! — развёў далонямі лысы. — Вы ж бачылі, у нас столькі запрошаных спецыялістаў, што мы маглі б уступіць у бойку з ХАМАСам, і я нават не ўзяўся б прадказваць, колькі ў той бойцы пратрымаўся б бедны ХАМАС! Хутка мы з вамі зменім транспарт, і там будзе ўжо зусім бяспечна. To гэтыя вазы і дзве траціны аховы пойдзе есці гефілтэ фіш у карчму “У Ляйбы”.
— Свінарылых не бярэ звычайная зброя, — на ўсялякі выпадак паўтарыў я чутае.
— Ой, я вас умаляю, малады чалавек! Калі іх не бярэ звычайная зброя, дык што ж яны так любяць звычайны цынк? Вы, галоўнае, не бойцеся. У гэтых скрынях, — ён паляпаў далонню па куфары, — нашая выручка за ўвесь прададзены вугаль. На Мінск мы цягнем вугаль з Горада Святла, на зварот — грошы, каб набыць новы вугаль. Такі, ведаеце, маленечкі гешэфт. I вось я ў вас пытаюся: куды падзеліся гэтыя вашыя казлакапытыя ды свінарылыя, калі побач трыццаціміліметровая гармата?
— Я хацеў толькі ўдакладніць, што я паходжу не з сялян і паэзіяй не займаюся, — не ведаю, чаму мой мозг брыкнуў выказацца на гэтую тэму. — У Грушаўцы даваў кніжкі ў арэнду. У мяне там засталася вялікая бібліятэка. Ведаю літаратуру, таму завуся Кнігаром.
Але Караваншчыка было не збіць з думкі, якую ён вёў. Ён быў суразмоўцам інерцыі: пакуль не выкажа ўсяго, што тапталася па ягоным языку з мінулай HaroAbi, на новую тэму не пераскочыць.
— Вось вы мне скажыце: што ж яны не прыходзяць да нас пагутарыць? — пытаўся лысы. — Мы едзем па гэтым маршруце ўжо, мабыць, соты раз. I ўвесь час — адны! Я б, можа, і хацеў бы сустрэцца з якім-небудзь маладым свінарылым, запытацца пра ягоныя перспектывы ў жыцці. Але ж яны не ідуць! Але што вы кажаце? — гэта да яго дайшла мая рэпліка. — Дык вы ведаеце літаратуру?
— Крышачку пачытаў за свой век! Дастаткова, каб здагадацца, што любімым пісьменнікам у вашага ахоўніка быў Мантэйру Лабату.
— Што вы кажаце? — здзіўлена выкрыкнуў Караваншчык. — Генерал, вы хіба чыталі кнігі?
— Я не ахоўнік, — змрочна адгукнуўся чалавек з белай кабурой. Гэты быў з той пароды людзей, што вельмі любяць смяяцца з іншых, але ім не даспадобы, калі смяюцца з іх.
— Дык а што гэта за пісьменнік Лапатун?
— Мантэйру Лабату — з Бразіліі. Жыў у дваццатым стагоддзі. Пісаў для дзяцей, — было прыемна аддзячыць за жарт пра апендыцыт і “дохласць”.
— Я проста з маленства кніг не чытаў, — апраўдваўся барадач. — “Ордэн жоўтага дзятла” — апошняе, што трымаў у руках.
— Ён не ахоўнік, ён найміт, прычым паважаны, — пахваліў Камандантэ лысы. — Але ж які вы разумнік! Ну проста рэбе Эліяху бен Шлома Залман, вядомы таксама, як Віленскі гаон! Вы ведаеце, хто такі рэбе Эліяху бен Шлома Залман? Ну канечне, вы ведаеце, хто такі рэбе Эліяху бен Шлома Залман, вы ж такі вучоны чалавек!
Я ўзважваў, ці распавесці стракатай кампаніі гісторыю пра ўзлёт і гранд-фінал кар’еры Сямёна Чаплі, але вырашыў, што ёсць такія апокрыфы, якія лепш расказваюцца самі.
— А я вось раней, калі ў нашы нябёсы залятала сонейка (а здаралася тое праз ніякаваты тутэйшы клімат дужа рэдка), утрымліваў ювелірную краму. У цэнтральным Мінску, ля кінатэатра “Перамога”. Можа, памятаеце? — летуценна ўздыхнуў лысы. — Якія часы былі! I, галоўнае, нават пасля таго як ляснуліся кошты на золата, падавалася, што дыяменты — гэта назаўжды. Бывала, утаропішся ў гэтае ззянне, і яно — як водбліск вечнасці. Як замёрзлае святло, — ён падсвядома дакрануўся да фасоліны ў вуху. Колькі ж там у ёй вагі? Паўтара караты? Як у яго мочка не адарвецца? — Але потым сонца згасла, і ззянне — за ім. Зараз усе барыжаць бурштынам, прыдумалі ж, “рака Эрыдан”. A дыяменты ўсе сышлі на неба...
Ён задраў галаву. Там, праз рэбры спушчанага брызентавага даху, праглядалі рассыпаныя жменямі па чорным аксаміце брыялеты, маркізы ды прынцэсы. Праз усё неба праходзіла шыкоўнае калье, якое патаналаў алмазным пыле меншых зорачак. Меле ды грэйнерамі на нябеснай вітрыне былі выкладзеныя даўгія падвескі самых розных форм. Пасярод нёсся за далягляд зроблены з чысцюткіх ашэраў нябесны пакемон.
— I вось, калі доўга глядзіш туды, бывае, здараецца адчуванне, што зоры — гэта маленькія дзірачкі, праз якія б’е сапраўднае брыльянтавае святло космасу, — прызнаўся ён. — Што цемра — проста пыльная завеса. А зоры — прагалы ў ёй...
Я нічога не адказваў. Трэба быць збанкрутаваным ювелірам, каб мець такі светапогляд.
— А што будзе самай прыгожай кнігай пра зоры, якая прыходзіла ў вашы рукі? — спытаў ён усё з той жа
летуценнай інтанацыяй. Успаміны зрабілі лысага гандляра сентыментальным да камізму.
Я задумаўся, бо такіх пытаняў мне яшчэ не задавалі. Падняў галаву, углядаючыся ў касмічнага пакемона.
— У сярэдзіне мінулага стагоддзя адзін малады пісьменнік адправіўся ў Маскву на літаратурную вучобу. Ён ужо быў шырока вядомы ў вузкіх колах, але яму чагосьці бракавала. Можа, кахання, хаця ён быўвядомы бабнік. Можа, самоты і скрухі па той, што яго не кахае. У Маскве ён сустрэў жанчыну, якой папросту захварэў. Але яна была замужам і не збіралася адмаўляцца ад заможнага ды ўладкаванага лёсу. Хаця і давала яму авансы. Пісьменнік кахаў яе ўсё жыццё — я чытаў згадкі пра гэтую хваробу ў ягоных пазнейшых дзённіках. Праз непадзеленае пачуццё пісьменнік зрабіўся Уладзімірам Караткевічам. Самы трапны ў нашай літаратуры дваццатага стагоддзя. Я ім захапляюся.