Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
Тросы чапляліся за бетонныя падмуркі вагою не менш за палову танка. Мабыць, падчас добрай вятрыны вежу гайдала, як Гацака пасля дзвюх дозаў Цугундаравай брагі. Я ўскараскаўся на пляцоўку ды абшнарыў паверхню ў пошуку лічбавага замка. Але наверсе нічога не было. Тады я злез і стаў правяраць зямлю ля рубінавага пастамента. Зрабіў амаль поўнае кола, покуль не зачапіўся нагой за нешта, падобнае да музычнай калонкі. Скрыня была гладкая, з вузкай шчылінай
уздоўж накрыўкі. Кіруючыся логікай цёмных часоў, я дастаў нож, уставіў лязо і стаў разгойдваць шчыліну, і невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б выпадкова пальцам не націснуў паглыбленую ў метал кнопку. Накрыўка ссунулася ўбок з пнеўматычным шыпеннем.
Пад ёй выявіліся асветленыя смарагдам лічбавыя цыліндрыкі з рэгулятарамі ўверсе і ўнізе. Я крануў ніжні і, пакруціўшыся, там з’явілася лічба “дзевяць”. Пасля дотыку да верхняга вярнуўся нуль. Зараз засталося прыгадаць камбінацыю. Відовішча светлавых індыкатараў было настолькі незвычайнае, што галавешка мая зрабілася пустой, як бітон перад дойкай. “Тры, чатыры, восем, дзевяць, пяць, шэсць, дзевяць” — халера, не прайшло. Я корпаўся, зноўку і зноўку прапануючы светлавому табло версіі, якія падказвала памяць. Адзінае, у чым быў пэўны, — у першых “тры, чатыры". Далей — правал, і думалася пра візітоўніцу, паперчына ў якой магла дапамагчы з сямізначнай камбінацыяй. “Тры, чатыры, шэсць, пяць, дзевяць, восем, пяць”. Алошняя ў шэрагу кнопка, падсвечаная фіялетавым, зноўку адмоўна блюмкнула ды вярнула лічбы на нулі. Цікава, колькі разоў яшчэ можна будзе паспрабаваць, перад тым, як гэтыя дзверцы выклікаюць тэрмаядзерны ўдар на галаву?
Я ціснуў і ціснуў на пімпачкі, і сэрца маё запаўнялася крыўдай, якая не мела адрасата, а таму была самай горкай. I тут ззаду пачуўся галасок:
— А ты, кшталту, што тут робіш?
Я рэзка павярнуўся і пабачыў цыбатую постаць з камянямі ў руках. Камяні яна трымала акурат над маёй галавой, заставалася толькі трэснуць як след, а пасля абяззброіць і растрыбушыць мой заплечнік. Але постаць была ці то надта збянтэжаная маёй прысутнасцю, ці то не гатовая да фізічнага гвалту. Яна здолела толькі яшчэ раз паўтарыць:
— Цябе ж тут, кшталту, не павінна быць! Ты ж дзікі? А дзікія сюды, кшталту, не даходзяць. Дык што ты тут робіш?
Я ўзняўся, здымаючы з пляча вінтоўку. Тыцнуў рулямі фігуры ў грудзіну.
— He такі ўжо я і дзікі! — растлумачыў сітуацыю я, паралельна скіроўваючы бляклую пляму ліхтара на чалавека. Гэта быў немалады хударлявы віхор, якога, нягледзячы на сівізну ў шчацінні, хацелася ўсё роўна назваць “хлапчынай”. Ёсць такія тыпы на зямлі. У ягоным абліччы адлюстроўваліся дужа спецыфічныя літаратурныя бэкграўнды. Хакслі, Бераўз, Керуак, Хантэр Томпсан, крышачку Кастанеды, крышачку вершаў Снуп Дога. — Цябе Пастух паслаў? — запытаў ён, бездапаможна ўздымаючы камяні над галавой.
— Я не ведаю ніякага пастуха, — адрэзаў я.
— Ну, “Пастух” гэта я так, кшталту. Ад сябе прыдумаў, — ён усміхнуўся. Зубы ў яго былі выпуклыя, нібы вялікія жоўтыя кукурузіны. — Дзядзька ў капелюшы, — ён паспрабаваў намаляваць над сваімі вушамі каўбойскі капялюш. 3 камянямі ў руках абрыс атрымаўся занадта авангардысцкі.
—Аднаго дзядзьку ў капелюшы ведаю, — пагадзіўся я. — Ён паведаміў мне код ад гэтай катрынкі. А я неяк не парупіўся ўтрымаць яго ў памяці. Заняты быў. А што за “дзікія”?
— Ну, гэтыя, — ён грэбліва махнуў галавой, — якія за брамай жывуць. У цемры. Ну, як сказаць? Каторыя, кшталту, газеты чытаюць.
Пад цэтлікам “дзікія”, падобна, праходзілі ўсе, за выключэннем яго самога. Ды, магчыма, Самуэля. Я разглядаў сустрэтага. У цыбатага былі выпнутыя скулы і фрызура ананасікам: валасы збітыя ў дрэды і заплеценыя на макушцы ў шышачку, з якой у розныя бакі тырчаць лісты валасяной пальмы. За яе хочацца
ўхапіцца памацней і выдраць ананасіну галавы з градкі плячэй. He ведаю, навошта людзі робяць такія фрызуры. Хіба праз спрэчку з кімсьці. Альбо каб пазлаваць іншых. Але гэты жыўудалечыні ад цырульняў, магчыма, для яго гэта быў адзіны варыянт, каб грыва не лезла ў вочы. Я б дык лепш нажом пагаліўся.
— Рукі можна апусціць, — дазволіў я. Рулю пры гэтым я трымаў у прыўзнятым стане. Як бы ён ужо і не на мушцы, але пры гэтым яшчэ і не займеў поўнага даверу.
— А я, галоўнае, неяк адразу зразумеў што вы — не дзікі, — балбатаў ён. — Думаю, не, не дзікі. Дзікі нават калі праз поле з пудзіламі пройдзе — дык скрынку не ўскрые. Будзе нажом калупацца. Але дзікія баяцца тут усяго. Лес іх палохае. Лес тут пакруціла. Тут раней РЛС была і поле спадарожнікавых перадатчыкаў. РЛС. Радыёлакацыйная станцыя. Вайсковая. Электрамагнітным полем тут лес пабіла. Дзікім страшна. Яны ніколі сюды не падыходзяць. Пастаяць ля сеткі, паглядзяць. I, галоўнае, ідуць да сябе. Кшталту, газеты чытаць.
Я адзначыў, што стрэс зрабіў яго гаманлівым — гэтаксама, як мяне няёмкасць вымушала рабіцца куртуазным. Добра, што ягоная шматслоўнасць уключылася раней за маю барочную напышлівасць. Можна адпускаць кароткія рэплікі і захоўваць за сабой вобраз небяспечнага мача.
— Ну што, паедзем уніз, ці што? — прапанаваў ён, заціснуўшы камяні пад пахай, ды свабоднай рукой набраў код. Усе мае варыянты не былі нават блізкімі да правільнага. To, калі б ён не падышоў, кукаваў бы я тут ажно да світанку. — А я, галоўнае, выйшаў кілаватаў набраць. Энергія ў сістэме скончылася, — ён незразумела паляпаў па камянях. — Набраў, галоўнае, вяртаюся. Гляджу — сядзіць. Думаю: няўжо дзікі? A потым гляджу — на клавішы націскае. Інтэлігентны
чалавек! Са стрэльбай да таго ж. I чаму я падумаў, што дзікі?
Пакуль ён усё гэта гаварыў, у мяне закруцілася галава так, што я нават прысеў. Я чакаў, што пасля ўводу шыфру ў зямлі адкрыецца прыхаваная ніша, якая дасць доступ пад бетонную пліту. Але ўсё адбылося гэтак жа, як з рыбай у “Айцы Дажджу”: незразумела, але вельмі пераканаўча. Кшталту цуду, які нават цудам не назавеш, бо карцінка рэальнасці нават без усялякіх спецэфектаў падмяняецца нечым іншым. Настолькі ж пераканаўчае для органаў пачуццяў, як тое, што было раней.
Я міргнуў, і раптам замест лістападаўскай ночы ў полі апынуўся ў цеснаце вузкага праходу, з усіх бакоў абкладзенага бетонам. Тут пахла мышамі. Так смярдзіць вогкая коўдра на лецішчы, дзе не быў тры сезоны. Рамантычная цемра зорнай ночы змянілася на задушную цемру сутарэння.
— Млоснасць пройдзе, — супакоіў балбатун. — У мяне таксама першыя разы так было. А вам Пастух не тлумачыў, навошта вас дасылае? He? Вы проста ўжо трэці. Трэці ўжо тут. Можа, ён перадаць мне што хоча? А чаму сам не прыйдзе?
Я акуратна ўстаў на ногі — галава і плечы ўвапнуліся ў змакрэлую халодную столь.
— Я — Сямён Чапля! Той самы! — мой суразмоўца выняў з кішэні ліхтарык на чорным шнурку і ўключыў яго, падсвяціўшы бетонныя прыступкі, што вялі ўніз. — Вы ж чулі пра мяне, канечне?
Я прамаўчаў, бо не пазнаваў імя і прозвішча.
— Раней, кшталту, зусім іншай творчасцю займаўся, — растлумачыў ён. —Але галоўнае, таксама творчасцю! — ён паказаў кукурузіны зубоў. Ва ўсмешцы было шмат гонару. 3 чаго я зразумеў, што быць Сямёнам Чаплем — пачэсна.
У параўнанні з ягоным ліхтарыкам мой свяціў, як месяц побач з сонцам. Той даваў незвычайнае святло: форма ў плямкі была такая ж, але фактура праменя была болып насычаная і ўпэўненая. Ён рабіў цемру навокал цямнейшай, а светлавую плынь значна святлейшай. Ярчэзнае ззянне амаль не рассейвалася, выглядала, як шырокая рака з рэзкімі краямі. Ніколі не бачыў такіх.
— Цікавы налобнік, — пракаментаваў я.
— Падарунак Пастуха, — растлумачыў Сямён Чапля маёй стрэльбе. — Ягонае штукарства. Тут — вечная батарэйка.
— Вечная батарэйка? — перапытаў я, не паверыўшы. — Як гэта?
— Дык во, трымайце! Мне ён, кшталту, не патрэбны, — праважаты працягнуў мне крыніцу святла. — Я яго ўсё роўна толькі для вас запальваў. Каб вы не спатыкнуліся, — ён баязліва паглядзеў на стрэльбу. — Я ж і так тут кшталту кожны выгін, кожную прыступку ведаю.
Я прыняў налобнік, скіраваў на падарунак свой амаль непрытомны святлач, ускрыў батарэйнае аддзяленне: там быў толькі адзін цынк, замест другога нехта ўціснуў каліва чорнай рассыпчатай глебы.
— Што гэта? Торф?
— He рэкамендую чапаць! — ён выскаліў зубы ва ўсмешцы. — Штукарства Пастуха! Калі ўлезці — перастане працаваць! А можа яшчэ і токам ляснуць!
Я закрыў налобнік і працягнуў яму свой. Той спачатку зрабіў знак, што не возьме, але пры канцы руху рукі ўсё ж падхапіў яго.
— Тут за часамі РЛС быў кіроўчы пункт паўночна-заходняга камандавання супрацьпаветранай абароны, — прамовіў Сямён Чапля. — Цэлы падземны горад. I надзейна, і дзікія не сунуцца. Усе ўваходы яшчэ за са-
вецкім часам бетонам залілі. Пасля таго, як вежу на тэлевізійную перакваліфікавалі.
Мы спусціліся на тры паверхі ўніз, далей стаяла чорная вадзіца.
— Там яшчэ два ўзроўні, — Чапля паправіў камяні пад пахай. —Але яны затопленыя. Цікава, з людзьмі іх затапілі ці без? — з яго позірку я зразумеў, што яму было б даспадобы, калі б тапілі з людзьмі.
Убок вялі прычыненыя металічныя дзверы, пафарбаваныя ў настолькі нудны ружовы колер, што адразу рабілася зразумелым: іх ставілі за часамі Імперыі Зла. Па сценках у чатыры шэрагі цягнуліся таўшчэзныя драты ў чорнай гумавай ізаляцыі. Месцамі яны былі выдраныя разам з капітальнымі сталёвымі пласцінамі, што мацавалі іх да бетону. Я праставаў за Чаплем, павесіўшы дубальтоўку на плячо гарызантальна — нібыта, і трымаць не трэба, і пальнуць можна, калі што. Калі гэты чалавек вырашыць даць лататы, я ў жыцці не адшукаю яго ў гэтым напаўзатопленым лабірынце. I не знайдуся сам. I буду бадзяцца тут, паступова ператвараючыся ў Мінатаўра.
Мы абмінулі адамкнуты пакой са стэлажамі, пра які ён сказаў, што гэта — гарнізонны склад тушонкі, амаль такі ж невычэрпны, як і батарэйка ў маім новым налобніку — і апынуліся ў холе, завешаным касцюмамі хімічнай абароны. Падобныя да велізарных кажаноў плашчы былі непрыемнымі на дотык — я намагаўся не кранаць іх нават зброяй і заплечнікам. Пры выхадзе са сховішча адкрыўся невялікі пакой, ад якога па падлозе разыходзілася шмат чорных правадоў. Тут смярдзела дызелем, але не так, як пахне толькі што запраўлены “Фольксваген”, а так, як патыхала б ад заржавелага трактарнага рухавіка, кінутага дагніваць на полі. Рухавіка, які ніхто даўно не запраўляў і не заводзіў.