Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Амаль усю прастору пакоя займаў перасоўны дызельны генератар ваеннага тыпу. Складана было зразумець, як менавіта ён трапіў пад зямлю — важыў ён з тону, а ўсе дзверы бетоннай скрыні, дзе ён месціўся, былі ў два разы вузейшымі за яго найменшы бок. Адно з шыпатых шасі было спушчанае, гума на астатніх патрэскалася. Мабыць, служыла гэтая крыніца электрычнасці яшчэ ў пяцідзясятыя гады дваццатага стагоддзя. Прылада была пакрытая чорнымі разводамі паліўна-алейнай сумесі.
— Пасвяціце, кшталту, сюды, калі ласка, — папрасіў Сямён Чапля. Я стаў за ім, скіраваўшы ліхтарык за ягоную спіну.
Ён адкінуў накрыўку з маторнага аддзела, агаліўшы счарнелае праз змазку і застарэлае паліва патрубкі. Я паспеў пабачыць нешта дзіўнае — празрысты, нібы складзены з пушынак дзьмухаўца, абрыс гарбатага каменя. Сямён моцна дзьмухнуў — і прывід пераўтварыўся ў попел, асыпаўся, скрышыўся ўніз. На ягонае месца ён паклаў адну з камлыг, якую прывалок з сабой. Пасля замкнуў маторны аддзел, шчоўкнуў фіксатарам, прымацоўваючы накрыўку, кінуў другі камень пад колы і рвануў прамаслены шнур стартара. Нічога. Рвануў яшчэ. I тут прылада ўздрыгнула і завібравала. Нешта прывяло ў рух нябачныя воку поршні. Шум быў не такі гучны, як падчас працы дызельнага ці бензінавага матора, але генератар гучаў. Мне ў бок ударыў пругкі струмень цёплага паветра. Яно пахла катлом з лазні. Праз секунду на столі міргнуў і ажыў жоўты ліхтар, закратаваны ў армаванае шкло. Лямпачка паступова набрыняла электрычнасцю і спынілася прыкладна на чвэрці сваёй колішняй моцы. Гэтага было дастаткова, каб пабачыць габарыты ўстаноўкі, што займала пакой, але чытаць пры ззянні такой інтэнсіўнасці было б немагчыма. Прывіднае, бледнае святло
запалілася і ў наступным холе — там, куды ад генератара вялі драты.
— Як гэта працуе?—ускрыкнуў я. — Энергія з камянёў?
— Штукарства Пастуха, — паўтарыў Чапля, бліснуўшы кукурузінамі.
Я выключыў налобнік і наблізіўся да ўстаноўкі. Паклаў руку на метал накрыўкі — ён зрабіўся цёплым.
— Ці гэта магчыма? Тэхналогіі будучыні? — спытаўся я, усё яшчэ не даючы веры сваім вачам.
— Э, не! — Чапля дыдактычна падняў палец. — Пастуху б гэтая здагадка не спадабалася! Ён шматкроць падкрэсліваў: электрычнасць — мінулае. Тэхналогіі будучыні будуць абмінаць электрычнасць. Тэхналогіі будучыні будуць скіраваныя на супрацу з прыродай, a не на яе спажыванне. He важна, што ты спажываеш: нафту, вадарод, зямлю ці граніт. Важна, што сам гэты падыход сябе вычарпаў.
— Але ж камяні! — я не мог не здзіўляцца.
— Пастух сказаў, што крышачку аптымізаваў ужо існую прыладу. I што гэта быў адзіны шлях, — Сямён Чапля зрабіў паўзу і сказаў-такі праўду: — Бо я, кшталту, сам — чалавек веку электрычнасці. I, кшталту, ні з чым болей тонкім не паладзіў бы. Так ён сказаў.
Я падняў накрыўку. За тую секунду, што генератар яшчэ працягваўвібраваць, я паспеў пераканацца, што камень быў пакладзены проста на плоскае ложа пасярод маторнага аддзела: ніякіх прылад, якія б дапамагалі яго спажываць, воку бачна не было. Рухавік закашляўся ды змоўк, а праз секунду згасла і лямпачка на столі.
— Трэба зачыненым трымаць. Інакш не працуе, — вінаватым тонам пракаментаваў у цемры голас чалавека электрычнага веку. Чапля ў прыладзе разумеў не больш за мяне. Задаваць пытанні пра тэхнікі распаду кварцытаў не выпадала.
Ажывіўшы крыніцу святла, мы выйшлі ў хол, які суседнічаў з генератарным. Гэта быў вялікі пакой са скругленай на манер касцельнай апсіды задняй сценкай. Праз драўляную падлогу тут было не так волка. У нішы месціўся майстравіта выкананы мазаічны партрэт Леніна. Правадыр сусветнага пралетарыяту, які на нямецкія грошы зладзіў рэвалюцыю, што з кантрыбуцыяй выняла Расію з вайны з Нямеччынай, дзе яна перамагала, касіўся ястрабіным вокам. Такі позірк быў у Самуэля, калі ён тлумачыў, што рэакцыі пораху трэба было пакінуць, каб людзі маглі забіваць адзін аднаго. Колер на каменьчыках смальты чырвонага сцяга за Леніным быў такі яркі, нібы іх толькі што падфарбавалі лакам для пазногцяў.
Ля нішы месцілася скураная сафа, закіданая неахайнымі і даўно не мытымі вярблюджымі коўдрамі. Блізу яе быў столік з выявай шахматнай дошкі на стальніцы. На ім, побач з выключанай настольнай лямпай, ляжала нейкая адзінокая кніжка. Побытавыя звычкі ўладара падзямелля чытаць было проста, бы кнігу слядоў лесу. Я не ведаю, чаму ад самага пачатку чалавек з ананасам на галаве выклікаў у мяне агіду.
Бліжэй да ўваходу пры сцяне быў масіўны стол, багата закіданы ежай, недаедкамі, ускрытымі скрыначкамі, бляшанкамі, разадранымі скруткамі. Я пабачыў чатыры пакункі антыкварнай савецкай грузінскай гарбаты (“чай чёрный байховый”). Пры іх пашыхтаваўся ўзвод нямытых гранёных шклянак, у якіх, паверх горкі водарасцяў, стала на два пальцы вадкасці колеру мачавіны здаровага чалавека: светлы бурштын. Харчовыя прыпасы не вынеслі з бункера перад запячатваннем праз тое, што яны, падобна, ужо тады былі па-за тэрмінам прыдатнасці. Але тое, што лічылася няўежным за светлымі часамі, будзе яшчэ доўга пад’ядацца ў часы цёмныя. Гэткімі жырафамі, як ананаса-
галовы, якім пашчасціла без намаганняў спрычыніцца да гастранамічных скарбаў страчаных імперый.
— Тут быў, кшталту, пакой для адпачынку афіцэраў гарнізона, — Сямён трос пальмачкай на сваёй галаве. — Калі Пастух спытаў, дзе мне будзе зручней уладарыць, я абраў гэтую залу. Бо тут паветра больш.
Над сталом на сценцы было графіці — чубатая белая чапля на троне, пафасу якой пазайздросціў бы аўтар бандыцкіх татуіровак у апошнюю дэкаду мінулага стагоддзя. У гэтай мэблі былі і львіныя морды, і тыгрыныя кіпцюры, і калоны, і пілястры, і нават невялічкі порцік на спінцы.
— Вось адсюль, усё, значыцца, і кіруецца, — ён паказаў пальцамі на дзіўную інсталяцыю, што была пад графіці. Праз нацюрморт вынікаў жыццядзейнасці Сымона Чаплі на стале я спачатку і не звярнуў на яе ўвагу.
Гэта былі дзве брудныя таўшчэзныя пласціны шкла, счэпленыя між сабой і склееныя па тарцы. Паміж слізгала рухомая лінза вады. На кожны мой крок стол уздрыгваў, і вадкасць калыхалася ў такт.
— Тут, галоўнае, пусты акварыум быў. На дзвесце літраў, — тлумачыў ананасагаловы. — Каб афіцэры скалярыяў вырошчвалі ў вольны ад падрыхтоўкі да Трэцяй сусветнай час. I, калі Пастух мне сваю задуму растлумачыў, я гадаў: як ён такую складаную штуку вымайстрыць? А ён шкло з акварыума дастаў — яно там на пластылін мацавалася, клаву прычапіў, дрот падвёў—і ўсё! Штукар сапраўдны, кажу ж!
Да стала вёў тоўсты чорны шнур. Пад шкляным “маніторам” ляжала зжаўцелая музейная клавіятура — з тых, дзе кожная клавіша была асобным домікам, з паглыбленнем пад палец наверсе. Мне заўсёды было цікава, ці моцна спружынілі яны, ці лёгка паддаваліся націсканню? Ці трэба было біць па іх, як па літарках друкарскай машынкі?
— Галоўнае, я не ведаю, кшталту, чаму Пастух менавіта мяне абраў. Я вандроўным быў. Ішоў ад Зялёнага Лугу пасля таго, як там жонкі за мужыкоў узяліся. У іх да мяне неяк адразу шмат пытанняў узнікла. He ўсе разумеюць творчасць. Яна, бывае, павінна і крыўдзіць. Кшталту. Пра балючае трэба казаць. Давялося бегчы. Бадзяўся па пустках. Падрабоўваў паціху — a хто не рабаваў? Я думаю, што Пастух, кшталту, пазнаў ува мне вялікага творцу. He шахцёру ж такое давяраць!
Мы сталі шчыльна да стала. Ён тэцнуў па зжаўцелай клавішы Esc. Тая паддалася лёгка, са смачным пластыкавым гукам. Я пазайздросціў пісьменнікам старых часоў, якім пашчасціла ствараць вось за такімі прыладамі, больш падобнымі да фартэпіяна. Тым часам па вадзіцы ў шкле пайшла рабізна, якая склалася ў асобныя літары — скругленыя куточкі, раманскі стыль:
HELLO MASTER HERON
Літары не праступалі на вадзе, яны былі зробленыя з вады — зеленаватая тоўшча вакол іх адступала, агаляючы тэкст. Вока міжволі адзначыла напластаванні смарагдавага акварыумнага грыбка, які Сямён Чапля не парупіўся змыць з “манітора”.
— Вось, кшталту. Знаёмцеся. Гэта і ёсць Аракул.
— Гэта? — выдыхнуўя.
— He, ну Аракул гэта, кшталту, я. Я — Аракул. А гэта — мой голас. Я ім гавару з цемрай. I дзікімі.
Ён прыняў велічную паставу, зрабіўшыся падобным да зухаватай чаплі на бандыцкім троне. Я нават паправіў стрэльбу, бо заўважыў, што чужая зброя дапамагае яму змагацца з уяўленнямі пра ўласную веліч. I сапраўды, ён амаль адразу перайшоўу рэжым гіда, які вядзе экскурсію па Рэйхстагу:
— Наверсе, побач з панарамным светлавым перадатчыкам — кругавы сканер. Яго таксама Пастух усталяваў. Я не ведаю, як. Пры мне Пастух наверх не лазіў, ды і не залезці туды чалавеку. Там секцыя лесвіцы на двухстах метрах уніз абрынулася — хіба толькі проста па метале караскацца. Сканер аўтаматычна счытвае паказчыкі сямнаццаці светлавых вежаў з населеных пунктаў, якія праглядаюцца адсюль. Тыя збіраюць па ланцугах навіны з іншага свету. Усё сабранае сістэма рэтранслюе без майго ўдзелу, фільтруючы паведамленні, якія ідуць па другім коле. Часцяком мне скідаюцца прыватныя паведамленні. Гэта — самае смешнае. Чукчы пішуць: кшталту, як нам жыць? Скажы, о вялікі! О ўсёведны! Я тут не надта стрымліваюся. Ну, пішу: ціскайце коз, сукі! Ці там: піце сікуны! Ці: кахайцеся з раллёю! I яны рапартуюць: пакланяемся, Аракуле! П’ем! Кахаемся! Ці будзе дабрабыт? I я адказваю: будзе, шалберчыкі! Чакайце, кшталту! I яны чакаюць! Дзікія!
— Чаму “дзікія”? — не стрымаў раздражнення я.
— Дык а хто яшчэ ў такія бздуры паверыць?
Я хацеў адказаць, што паглядзеў бы на яго самога пасля таго, як ён пажыў бы ў заселенай драпежнікамі і бандзюкамі цемры. Сярод вёсак, дзе людзі забіваюць сябе, бо ім няма што есці. Сярод туманаў, дзе палююць здзічэлыя сабакі памерам з дызельны генератар. Калі адзіная крыніца ведаў пра свет — караваншчыкі, якія валакуць вугаль ці слодыч пад нежывымі нябёсамі.
— Яны ж там рэальна крануліся ўсе! — працягваў Аракул. — Вы навіны чытаеце? — ягоныя выпуклыя зубы не запаўзалі пад вусны. Яны тарашчыліся, як вочы ў павука. Мне хацелася ляснуць па іх прыкладам. Каб кукурузіны лопнулі і выкрышыліся. Але я слухаў, дыхаючы праз нос. Ён працягваў трашчаць: — Вось, глядзіце, давайце пачытаем. Тэкс. Контрал Эм!
Вадзічка за шклом прыняла форму рухомых радкоў. Літаркі цягнуліся па вызваленай ад вільгаці пляцовачцы, уздымаліся з вады і хаваліся ў ваду.