Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Першая рыдлёўка пяску пайшла на белы росчырк ля стрэляных гільзаў. Я дастаў цэлы патрон з рулі і паставіў зброю побач з крыжам дзеда Васіля. Упёрся ў адвал пяску ды зрушыў ягоную вяршыню ў яміну. Тое, што засталося — хутка перакідаў шуфлем уніз, закрываючы магілу. Сфармаваў капец. Задумаўся, ці правільна зрабіў, бо целы маглі адкапаць томбрайдэры ў пошуках скарбаў. Аднак зразумеў, што гаротны подпіс дзеда Васіля будзе бараніць нябожчыкаў ад марадзёраў: зразумела, што лавіць тут няма чаго. Хіба што знесці не даедзеную мной локшыну.
Вярнуўшыся да вогнішча, збіў калуном са слупа смайлік са стрэлкай. Адчуваючы сябе высакародным
Герастратам, зрабіў тое самае з пазнакай на ўваходзе. Арт не прайшоў куратарскай праверкі.
Выйшаў за весніцы, расціраючы пякучыя мазалі на далонях. Вось і пад’еў, дундук. Хмара “Айца Дажджу” засталася далёка за спінай, наверсе дыхала чыстае зорнае неба з ілюмінатарам Месяца, схаваным чорнай засаўкай. Бег праз чорны аксаміт растапыраны пакемон Арыёна. Чорны гарызонт пад дыяментавымі нябёсамі выглядаў як бераг, з якога можна было б скокнуць у зорнае возера.
Я цягнуўся і думаў пра той самы алгарытм, які чамусьці вызначыў для дзеда Васіля, бабы Галіны ды бабы Сняжаны менавіта такі скон. Чым, цікава, якімі ўласнымі выбарамі, яны гэта заслужылі? I як вось такое можа лічыцца справядлівым?
Смарагдавы агеньчык быў ужо зусім блізка — настолькі, што ягонае зырканне кідала зеленаватыя пляміны на сасновы ўзлесак. 3 цемры вымалявалася вежа — даўжэзны металёвы штыр, які ўзнёс светлавы маяк высока, ажно пад нябесны жывот. Дарога тут забірала лявей, да Аракула трэба было ісці праз гушчу. Я адзначыў, што са сцежкі няма ніводнага павароту ў той бок — глеба была не пратаптаная, людзі абміналі жытло прарока. Уключыў ліхтарык, каб, прадзіраючыся скрозь хмызняк, не высадзіць сабе вострай галінай вока. Уключыў — і адзначыў што святло зрабілася слабейшым: цынк падсеў, хутка змярцвее.
Лес тут зрабіўся ніжэйшым, цямнейшым ды зусім нядобрым. Чым бліжэй да вежы, тым больш траплялася ссушаных дрэваў якія згубілі кару і ўсе іголкі з галінаў, стаялі, як скамянелыя пітоны. Да патрэсканых шчупальцаў шчодра папрыклееныя маленькія хваёвыя шышкі. Ельнік агаляўся, рудыя колкія лапіны нагадвалі пустынныя калючкі. Калі гіганцкая вежа праглянула нарэшце ў прагалы, скурчаныя дрэвы навокал
зрабіліся не нашмат вышэйшымі за чалавека. Ніводнай сасны з простай спінай, усе — папрысеўшыя, павыкручаныя, пазавязаныя ў вузлы. Пад нагамі ўздыбіліся змярцвелыя карані — іх таксама нечалавечая сіла вымусіла канвульсаваць, выпростваць свае пальцы, нібы мерцвякі з магілы. Ісці даводзілася з вялікай перасцярогай: карані чапляліся за чаравікі, жадаючы збіць з ног, кінуць у бок навостраных галінаў.
Я рухаўся праз мёртвы лес, і было мне неспакойна. Бо Самуэль не ўдакладніў, хто ён такі, той Аракул. Ці чалавек? Ці іншая істота? Калі паржавелая, размаляваная чырвоным і белым металічная вежа сваёй нязграбнасцю пастулявала, што яе зрабілі чалавечыя рукі, дык смарагд, што выпраменьваў зялёнае святло наверсе, дазваляўдумаць, што яго сілкуе нетутэйшая энергія. I кіруе ім, магчыма, зусім не зямная пачвара.
3 часоў, калі ў літаратуры ўпершыню з’явіўся канцэпт прыхадняў з космасу, праз багатую на фантастычныя сюжэты летуценную прозу дзевятнаццатага стагоддзя і да перадапакаліптычных фільмаў пра кантакт, нашае ўяўленне пра іншапланетнікаў вельмі змянілася. Некалі прышэльцы захапілі той самы лапік свядомасці, які французскія асветнікі вызвалілі ад Бога. Паколькі невытлумачальных рэчаў у свеце засталося багата, а казаць пра Стваральніка пасля кпінаў Вальтэра было ўжо не модна, прышэльцы — марсіяне, сатурніяне і г. д., спачатку рабілі з людзьмі цуды рознага кшталту, паралельна вучачы іх “правільна” жыць. Потым, у дваццатым стагоддзі, чужынцы пачалі палохаць, перамясціліся ў сутарэнні хорару — каб у стагоддзі нашым зрабіцца роўнымі партнёрамі па дыялогу пра гаджэты. Можна сказаць, што чалавецтва ўвайшло ў эпоху цемры, наогул нічога не баючыся.
Але зараз, прадзіраючыся праз перароджаны лес, я прыгадваў па чарзе ўсе жахалкі пра прышэльцаў і
кантакт — ад “Белай сарокі” Яна Баршчэўскага да “Салярыса” Станіслава Лема. Калі нарэшце непралазны гушчар упёрся ў металічную сетку, я ўжо не быў упэўнены ў тым, што хачу праз яе пералазіць.
Жалезны штыр, з якога мігцеў смарагд, стаяў пасярод вялікага поля, аточанага з усіх бакоў скручаным нізкім ляском. Там-сям паляна была пакрытая ямінамі, ля якіх ляжалі нерухомыя цёмныя мяхі. Падпёртая тоўстымі тросамі вежа ўзносілася ў паветра вельмі высока і не мела наверсе аніякай платформы. Калі б туды, на верхатуру, і мог залезці чалавек, доўга ён бы там не пратрымаўся. Ад тэхналогіі, якая магла б у нашым свеце дазволіць кіраваць маяком на адлегласці, пачынала круціцца галава. Сервапрывад? Тросік, прыстасаваны да кнопачкі на моцным ліхтары? А чым гэты ліхтар сілкуецца? Батарэечкамі? I колькі разоў іх трэба памяняць, каб падтрымліваць настолькі прарэзлівае святло?
Плот уздоўж поля быў адметны. У нашым цёмным свеце, калі ёсць агароджа і ля яе няма кулямёта, гэтую агароджу абавязкова прадзяруць. Проста каб прадэманстраваць перамогу хаосу над парадкам, анархіі над абмежаваннем. У гэтым плоце не было павалена ніводнага слупа. Хісткая рабіца, што мацавалася з дапамогай звычайных зачэпаў, не была прабітая ці расплеценая. Хаця і слупы, і металёвая сетка каштуюць нятанна ў свеце, дзе вакол любога жывога паселішча трэба ўзводзіць умацаванне. Крыху збоку, прыхаваная хмызняком, на прутах вісела шыльдачка.
Я кінуў на яе светлавую пляму з налобніка ды схаладнеў. На жоўтым фоне, побач з падобным на супрацьгаз чэрапам і дзвюма курынымі костачкамі, было напісана: “МІНЫ. ПРАХОДУ НЯМА”. Абапёрся на рабіцу, пачухаў галаву пад шапкай. Нейкі тут быў глабальны несутык: з аднаго боку, невытлумачальная, іншапланетная сіла,
што скарлючыла лес. Смарагд, які без непасрэднай чалавечай дапамогі ззяе ў паднябессі. 3 іншага — нейкія прымітыўныя “МІНЫ”, якія прытупалі наўпрост з музея Другой сусветнай вайны. У такіх абставінах больш натуральна выглядала б папярэджанне: “АСЦЯРОЖНА, БЛАСТАР ХВІГАЧЫЦЬ БЕЗ ПАПЯРЭДЖАННЯ”. Ці: “ЗВАЖАЙЦЕ, НЕЙТРОННЫ ДЭЗЫНТЭГРАТАР”.
Падбадзёрваючы сябе такім чынам, я ўчапіўся ў ячэйкі рабіцы і палез наверх. Ногі праслізгвалі па маленькіх ячэйках, я зразумеў, што зараз звалюся ды адстрэлю сабе дванаццаціперсную кішку. Ці што-небудзь важнейшае для жыццядзейнасці. Зняў стрэльбу, прыбраў з яе набоі і закінуў за плот. Пасля туды ж паляцеў заплечнік. Я шпурляў яго як мага далей, каб, калі там напраўду міны, ён загінуў першым. Пляцак плюхнуўся ды адскочыў ад травы — агулам ён быў занадта лёгкі, каб зачапіць самы чуллівы дэтанатар.
Спусціўся. Зрабіў некалькі крокаў на дыбачках. Падабраў стрэльбу ды заплечнік, старанна ўсё гэта начапіў, робячы значна болей рухаў, чым патрабавалася. Зрабіў крок, потым яшчэ. Хто ведае, пра што меркаваў Самуэль, калі скіроўваў мяне на міннае поле. Можа, хацеў пасмяяцца, даведаўшыся, што чарговага небараку парвала на канфеці. Можа, хобі ў яго такое — адпраўляць накормленых рыбай людзей на феерычную смерць. Можа, у яго мэта — размініраваць тут усё.
Крочыць было страшнавата. Я прысеў ды абмацаў рукамі кавалак зямлі, што быўу межах дасягальнасці без дадатковых крокаў. Знайшоў: адзін лінялы апалак, накрыўку ад піва “Аліварыя”, таксама адну. Зашмат прыкметаў бесклапотнага чалавечага адпачынку як для міннага поля. Хіба міны тут з’явіліся толькі пасля таго, як людзі кінулі піць “Аліварыю”.
Утаропіўшы вочы ў найбліжэйшую яміну, упрыгожаную кулём з саломай, я зрабіў адзін, два, тры крокі. Ісці
хутка было не страшна. Запэўніваючы сябе, што, калі я пайду хутка, бомба пад нагамі не паспее рвануць, я прасунуўся метраў на дваццаць. Да найбліжэйшага тросу, акрэсленага лямпачкай колеру сахарыну, заставалася два кідкі заплечніка. Крок, яшчэ крок — і тут пад маёй нагой хруснуў дэтанатар супрацьпяхотнай міны.
Я ўявіў, як эфектна мяне зараз раскідае па пажоўклай траве, але міна чакала. He прыбіраючы нагі, намацаў ступак ліхтарыкам. I пабачыў у бляклым святле цёмна-зялёны пластыкавы відэлец. Нехта тут добра пагуляў. Фухнуў з палёгкай, зрабіў яшчэ некалькі крокаў, потым зняў ліхтарык, разабраўяго, дастаючы батарэйкі ды памусоліў іх у далонях. Налобніку заставалася менш за гадзіну працы і, калі яму ўздумалася памерці, хай ён зробіць гэта пасля таго, як я выйду з міннага поля. Аддаўшы сваё цяпло цынку, уставіў зарады і націснуў на ўключэнне. Струмень сапраўды зрабіўся значна мацнейшым, але вось ці надоўга? Я абшарыў ім адрэзак поля, што аддзяляў мяне ад рубінавага тросу.
Святло спатыкнулася на чалавечую пяцярню. Яна была нерухомай і тырчала вертыкальна з чорнай плямы, якую я чамусьці прыняў за мех з саломай. Куль ляжаў акурат пры варонцы. Цікава, што мог рабіць куль з саломай на мінным полі? Побач з ямінай ад выбуху? Калі б побач была Герда, яна агледзела б мяне сваім фірмовым позіркам, у якім адчувалася шмат сумневу ў тым, што чалавек — істота разумная.
Прыкаваны да месца, я выкруціўся назад, не мяняючы становішча ступняў. Ад рабіцы мяне аддзяляла сто метраў і тры трупы. Агароджа была бліжэй з левага боку, аднак маё адступленне мусіла перасячы найбліжэйшую варонку. Вырашыўшы, што міна паўторна ў адну і тую ж дзірку не закладаецца, я кінуў заплечнік покатам перад сабой і павалокся за ім. Як істота нерво-
вая, я скіроўваў святло ўбок ад разарванага выбухам цела, але ў нейкі момант плямачка ўсё ж трапіла на забітага. I гэта быў не чалавек. I не труп чалавека. Выпручаныя пальцы з ружовымі пазногцямі блішчэлі ў святле лакам. Я намацаў твар — жаночая галава без валасоў. Пластыкавая галава.
Сплюнуўшы пад ногі, я накіраваўся да накрытага мешкавінай манекена і з асалодай падфутболіў яго. Торс, раскінуўшы рукі, праляцеў некалькі метраў ды пляснуўся на жывот. На ягонай спіне мільганула пазнака. Той жа балончык. Літара “7”, старанна выведзеная паміж пластыкавых лапатак. Выглядае, кожнае пудзіла тут было пранумараванае дбайным галерыстам. Неяк занадта літаральна супадаюць нашы з цынічным мастаком шляхі апошнім часам. Я агледзеў варонку, адзначыўшы пакінутыя рыдлёўкай барозны, ды, ужо не перасцерагаючыся, пайшоў да тросу з рубінавай лямпачкай. Цікава, як яны сілкуюцца — ніякіх жа драбінаў тут да іх няма. Выпраменьванне было роўнае, з вялікай плошчай, як быццам гарэў буйны дыёднік на шэсць цынкаў. He дзіва, што гэтае месца выклікала жах па ўсіх метраполіях — на невялікай плошчы былі сабраныя рэчы, якія занадта складана зразумець. I нават манекены побач з выкапанымі ямінамі раскідваць было не трэба, каб трымаць люд наводдаль.