Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
лапсардак, пашыты са штроксу з буйнымі барознамі. У сукупнасці з напышлівымі чаравікамі, ці то стылізаванымі пад змяю, ці то сапраўды вырабленымі са змяінай скуры, стыль суразмоўцы рабіў яго падобным да прадстаўніка субкультуры, якая загінула разам з магістральнай культурай чалавецтва. Напружыўшы памяць, я прыгадаў што ў Мінску так некалі апраналіся харлеістыя — байкеры, якія аддавалі перавагу матацыклам “Харлей Дэвідсан”. Але дэталі вопраткі — шматлікія касцяныя амулеты, прыкручаныя да камізэлькі і каўняроў лапсардака, пярсцёнкі, якія больш пасавалі б суфію, чым аматару матораў, старасвецкая торба-кофр ля ног — усё гэта адсылала да візуальных кодаў, што былі старэйшыя за культуру “Харлей Дэвідсан”. Яго аблічча распавядала нешта пра пустыню, бязмежнасць і свабоду. Такіх людзей дакладна не сустрэнеш у нашых мясцінах.
Твар гаспадара тэрасы быў мядзяны, нібыта аднойчы яго настолькі моцна апякло сонца, што гэты загар застаўся з ім назаўсёды. Доўгія сівыя валасы, кудлатыя бровы ды пільны позірк з-пад іх. Позірк ці то індзейца, ці то старога каўбоя.
Што да кніжак, дык чытаў ён ці то вельмі мала, прычым на мовах, якія я не ведаю, ці то — настолькі многа, што чытанне як фактар утварэння асобы перастала мець значэнне. Таму зразумець яго літаратурай мне не ўдалося.
Я хацеў спытаць яго імя, думаючы, што, можа, ён адкажа ў новай модзе, пазначаючы не столькі родавае найменне, колькі прафесію, і гэта дапаможа зразумець, чым жа займаецца гэты каўбой. Але, як толькі я адарваўся ад разглядвання знешнасці і павярнуў галаву да стала, пабачыў, што перада мной стаіць такая ж глыбокая талерка са стронгай, абкладзенай печанай бульбай з плямамі прысмажынак. Больш за тое, побач
з талеркай ляжаць рыбны нож і трохзубы відэлец. Ад маёй талеркі ўсё яшчэ густа валіў пар — прыгатавалі яе пазней за ягоную.
Мой рот міжволі адкрыўся, бо фокусаў я не бачыў з дзяцінства.
— Смачна есці! — шырока ўсміхнуўся ён мне, адным рухам зрэзаў скурку са сваёй рыбіны, адкінуў яе і ўзяў поўны відэлец трапяткога стронгавага філею. У мой нос настойліва пралез пах рукалы, базіліка, лімона ды іншых цудаў, якія абсалютна, зусім, ніяк не магчымыя ў гэтым свеце. Але можа быць, незнаёмец ведае і як прарошчваць цытрусавыя ў поўнай цемры — хто ж яго ведае.
— Нешта вы не ясце, — сказаў ён з турботай у голасе. — Няўжо рыбец нясвежы? Чаму грэбуеце пачастункам?
Я паматаў галавой, скідваючы насланнё. Але вось жа яна, рыба, якую перада мной ніхто не ставіў. Парыць, абдае духмяным водарам. Баючыся падацца вар’ятам, я асцярожна зазначыў:
— Маю дзіўнаватае адчуванне. Быццам усё гэта было раней. У мяне дэжавю. Пачалося, як толькі вы мяне аклікнулі.
— Дэжавю — вынік таго, што з мільёна імаверных сцяжынак, якія сцякаюцца ў дадзены момант, вы выбралі менавіта тую, што была падрыхтаваная для вас.
Паколькі я нічога не зразумеў, я вырашыў заняцца рыбай. Зрабіў асцярожны надрэз, але філей падняўся разам са скуркай, вылезлі косткі. Тады я вырашыў пачаць з галавы і, пакуль адпілоўваў яе, расцерушыў усю пярэднюю частку рыбы. Ледзь не плачучы, закінуў у рот дзве бульбіны. 3 вачэй пырснулі слёзы — настолькі горача зрабілася языку. Я забыў, што печаная бульба доўга зберагае цяпло.
— Паколькі мінулага і будучыні не існуе, мы жывем у адным часе, — працягнуў аматар стронгі. — Мы вы-
мушаныя зноў і зноў паўтараць маршрут, які праходзім за жыццё. Часам робім памылкі, якія вядуць нас далёка ў бок. Часам выходзім на прадвызначаную каляіну. I тады адбываецца дэжавю. 3 чалавекам не можа здарыцца нічога лепшага за дэжавю.
Ён пачаў гучаць, як сектант, і я вырашыў павялічыць хуткасць ужывання ежы — на выпадак, калі камунікацыя збочыць у пралесак, у якім зробіцца няўтульна. Я адкінуў нож і пачаў заграбаць філе відэльцам. Працэс пайшоў спрытней, асабліва калі я зразумеў, што косткі можна выцягваць з рота рукой. Мабыць, глядзеўся я не дужа манерна, але што зробіш з чалавекам, які выйшаў з гэткай сцяны дажджу?
— Кім перадвызначаную? — спытаўся я. — Хто вырашае, куды нам рухацца? Ці не сам чалавек? Свабода волі іўсё такое?
Ён ці то задумаўся, ці то даў нырца ў гастранамічныя перажыванні. Пакуль ён маўчаў, я паспеў адказаць на сваё пытанне сам. Бо менавіта на тое і ёсць свабода волі: каб у нас была магчымасць збочыць з асноўнай сюжэтнай сцяжыны.
— Маё імя Самуэль, — сказаў ён, праглынуўшы чарговы кавалак рыбы і працягнуўшы мне руку. Я таропка выцер свае запэцканыя стронгай пальцы аб штаны і паціснуў ягоную жменю. Мне падалося, ён вымавіў сваё імя крышачку незвычайна. He “Са-мюэль”, а хутчэй “Са-ма-эль”, з націскам на другі “а”. Пасля гэтага ён дадаў зусім ужо нечаканае: — Але вы можаце называць мяне Мішам. Так прасцей.
— Я — Кнігар, — паспрабаваў я ўцягнуць яго ў размову аб прафесіях. — Да нядаўняга жыў у Грушаўцы. А зараз зрабіўся вандроўнікам. Іду на поўдзень.
“Міша” паддзеў рыбіну відэльцам з нажом і спрытна перакуліў яе на другі бок. Бульбы ён нават не крануў, паглыбляючы адчуванне, што паходзіць не з гэтых
мясцінаў. Мова ягоная пры гэтым была чысцюткай, ён не блытаўся ў канчатках і націсках, акрамя хіба што націску ва ўласным імені.
— Кнігі, — прамовіў ён задуменна, хірургічна зрэзаўшы кавалак філе. — Я памятаю адну. Адметная. Яе напісаў нейкі рускі. Усе думалі, што гэта раман пра нячыстую сілу. I мне было цікава пачытаць, што людзі пішуць пра гэта. Бо Гогаль таксама ж добра пісаў пра яе. Але тэкст рускага быў прысвечаны не нячыстай сіле. А самай галоўнай загане вашых земляў. Дзякуючы якой тут і пануе нячыстая сіла. Страху.
— Страху? — я здагадаўся, пра якую кнігу вядзецца гаворка, але з “Мішам” немагчыма было весці дыялог, ён пратоптваў прамову толькі ў тым кірунку, куды хацелася яму, і задача суразмоўцы тут была — падкрэсліваць вузлавыя месцы.
— Так, страху. Страх панаваў тут сто гадоў таму. Страх пануе тут і зараз. У іншых мясцінах таксама не салодка. Але няма вось гэтай баязлівасці ў кожным, — ён глыбока ўдыхнуў, як быццам хацеў прынюхацца да паветра і адчуць гэты смурод чалавечай перасцярогі.
— Але, пагадзіцеся, складана не быць баязліўцам, калі па дарогах гойсаюць казлакапытыя. Са свінячымі галовамі... — запярэчыў я.
Самуэль спыніў жаваць, кінуў на мяне погляд і сцяўся, быццам бы ў ваганні, ці не раскрыць мне нейкую таямніцу. Потым начапіў яшчэ кавалак рыбы на відэлец і працягнуў абстрактна:
— Той рускі пісаў, што асноўная праблема страху — што ён вядзе да іншых заганаў. Напалоханы чалавек і здрадзіць, і падмане, і заб’е. Але насамрэч галоўная праблема страху—што ён засціць вочы. Напужаны не бачыць нічога, акрамя ўласнага перапуду.
— Але ёсць і аб’ектыўныя рэчы,— не пагадзіўся я, — напрыклад, тры нябожчыкі пры дарозе на Горад
Святла. Аднаму з іх аддзялілі галаву так па-заліхвацку, што яна адляцела ад цела на адлегласць шпурнутага каменя. Другога рассеклі папалам. Той, каго рассеклі, некалі быў Бурмістрам Грушаўкі.
— I што ў гэтым страшнага? — Самуэль цвяроза паглядзеў мне ў вочы, і раптам зрабілася складана нават сабе самому растлумачыць пачуццё, якое працяла мяне, калі я ўглядаўся ў вастравухія сілуэты вершнікаў. А гэты нібы ведаў пра гэтае пачуццё, нібы бачыў, як я хаваўся за камлём, здзервянелы, баючыся ўступіць у бойку з нетапырамі.
— Ну як “што страшнага”? — раззлаваўся я. — Хіба тое, што ў аднаго з загінулых быў аўтамат Калашнікава з поўным ражком. Ён выстраляў усе трыццаць куль. I ўсё роўна загінуў. Свінарылых не бярэ чалавечая зброя.
— I вы, канечне, бачылі гэта самі? — Самуэль выцер вусны сурвэткай.
— Пра гэта мне сказалі людзі, — паціснуў я плячыма. — Калі б я гэта бачыў сам, і я застаўся б там, побач з Бурмістрам.
— Пра гэта вам сказалі людзі, — ён усміхнуўся, паўтарыўшы за мной гэтую фразу. — Людзі наогул — вялікія балбатуны. Жылі на свеце закаханыя. I было гэта вельмі, вельмі даўно. Калі Зямля не была перанаселеная і нагадвала цудоўны сад. I мужчына кахаў сваю адзіную. I калі ў глыбокай старасці тая памерла, ён, звар’яцеўшы ад гора, выразаў з уласнага цела рабро, выявіў на ім твар сваёй жонкі і размаўляў з ёй. I што людзі пра гэта напісалі? Як усё перакруцілі? “Узяў адно з рэбраў... і закрыў тое месца плоццю... і стварыў з рабра жонку”. Што за глупства? Хіба чалавека магчыма стварыць з косткі?
— I дзе вы вычыталі гэтую версію Адама і Евы? — спытаўся я, не перастаючы жаваць. — У кумранскіх скрутках?
Калі я пытаў пра тое, што адводзіла гутарку ад лініі, якую вёў суразмоўца, ён змаўкаў. Так і цяпер — ён адкінуўся на спінку крэсла і ўглядзеўся ў струмені вады, што абрыналіся з даху тэрасы. Я не мог зразумець, да чаго вядзе “Міша”. Што казлакапытых не трэба баяцца? Дык што, любіць іх варта?
— Чалавек баіцца таго, што не здольны зразумець, — сказаў я, глытаючы бульбу. Яна была настолькі смачная, быццам яе толькі выкапалі з градаў.
— Чалавек не баіцца, а здзіўляецца таму, што не здольны зразумець. Калі ж прыходзіць страх, ніякага чалавека ўжо не застаецца, — флегматычна паціснуў плячыма Самуэль.
— Але ж вы не будзеце адмаўляць, што свет без світанкаў палохае.
— He бачу ў ім нічога жудлівага, — зноўку не пагадзіўся ён.
— Вы яшчэ скажыце, што адбылося нешта добрае, і вам падабаецца гэтая цемрадзь, — націснуў я.
— Адбылося нешта непазбежнае, — канстатаваў “Міша" ўпэўнена. — Нездарма ж у старажытных кнігах паведамлялася пра “канец свету“. Людзі чакалі “канца свету”, але думалі, што яго зладзяць самі. Вы ж памятаеце ўсе жахалкі пачатку стагоддзя? Climate change, Незаўважаная вайна, штучны інтэлект і паўстанне машын. Чалавецтва настолькі пераканалася ў сваёй велічы, што і скон свой звязвала з сабой. Калі ў дваццатыя гады нехта з палітыкаў выкарыстоўваў слова “Армагедон”, усе думалі пра ядзерную вайну, быццам homo sapiens — галоўная сіла на планеце.
— А што, хіба ёсць мацнейшыя? — я адклаў відэлец і прыслухаўся.
Было цікавым не тое, што кажа Самуэль, а тое, як ён гэта гаворыць. Нават у прамовах Рэйтана падчас нашых псеўданавуковых дыскусій на Грушаўцы прагля-
далася няўпэўненасць. Бо добрая адукацыя не дазваляла яму вытлумачаць усё тое, што мы бачылі ў нябёсах. I Рэйтан увесь час удакладняў: “можа быць”, “не выключаю”, “я думаю, што”. “Міша” ж не здагадваўся. На інтанацыйным узроўні ён менавіта канстатаваў. I быў першым, хто гаварыў пра цёмную драму такім тонам. Але на пытанне пра сілы зноў не адказаў, і мне давялося перафармуляваць у болып правакацыйным ключы: