Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
— Мушу ісці, — рашуча адрынуў я прапанову, заўважыўшы, што амаль у кожным месцы, дзе спы-
няўся, з’яўлялася спакуса, якая спрабавала збіць мяне са шляху. Падумаўшы, дадаў пра тое, што раней падавалася неістотным: — Там, на дарозе, паміж запраўкай ды Элеватарамі, свінарылыя парэзалі траіх людзей. Я ратаваў сабаку і не здолеў паклапаціцца пра парэшткі.
— Мы падбаем пра іх. Але трэба паведаміць гэтую навіну Аракулу. Гэты ўчастак дарогі лічыўся бяспечным. Варта папярэдзіць вандроўных, каб яны былі гатовыя да нападаў. У нас няма сваёй светлавой вежы. Калі сустрэнеш наперадзе вёску з вежай, папрасі людзей папярэдзіць Аракула пра напад.
Мы развіталіся, і, ужо адышоўшы, я злавіў сябе на думцы, што варта было набыць у Кухара праснакоў у дарогу. Але потым прыгадаў, што грошай, якімі я мог бы разлічыцца за хлябы, у мяне папросту не засталося. А дазваляць хлебаробам дапамагаць мне задарма яшчэ раз, было ўжо не па-людску. I я проста валокся наперад.
Страта Герды прывяла мяне ў самнамбулічны стан: пасля знікнення істоты, якой я мусіў апекавацца, усе мае турботы падаваліся неістотнымі. Заплечнік не важыў анічога. Вада ў мяне была. Ішлося лёгка і пуста. Вяртацца да таго месца на сцяжыне, дзе я рассыпаў сваё багацце, падавалася немэтазгодным. He толькі з разумення, што багацце ўжо даўно падабранае іншымі вандроўнікамі, але і праз нежаданне ісці назад.
Дбаць пра сябе цяпер падавалася нечым камічным: я не быў паранены, ішлося лёгка, а калі нешта і палохала па-сапраўднаму, дык хіба тое, што, калі батарэйкі ў налобніку згубяць свой зарад, я апынуся ў поўнай цемры. I нават па закінутых хатах мне давядзецца шныпарыць, давяраючы толькі ўласнаму зроку. Калі ў жываце заводзіліся востранькія кіпцюрыкі голаду, што драпалі вантробы, накручвалі іх ды балюча сціскалі, я рабіў некалькі глыткоў вады. Гэта дапама-
гала, каб ні пра што не думаць нейкі час. 3 інструменту развагі дарога пераўтварылася ў дапаможнік захавання цішы ў галаве. Я ішоў, і гэтага дастаткова. Мёртвых не падняць.
Неўзабаве коўдра аблокаў адкацілася настолькі далёка, што зрабілася бачнай Вялікая Мядзведзіца. Палярная зорка ззаду, Арыён спераду — гэта ўсё, што мне патрэбна было ведаць пра напрамкі. За ўвесь час, як зверху агаліўся космас, Арыён не змяніў свайго змяшчэння, але я ўжо не памятаў, ці мусяць сузор’і рухацца цягам ночы, ці не. Нарэшце, прыгадваючы паводзіны Месяца, гэта было неістотна. Маладзік выглядаў так, быццам быў спраецыраваны на нябеснае скляпенне, ды яго проста забыліся правільна анімаваць.
Што я адышоў далёка, я зразумеў з таго, наколькі большай стала смарагдавая зорка наперадзе справа. Адсюль праглядалася яе адметнасць: чаргаванне сполахаў і прыцемак, звычайная светлавая азбука адбывалася тут з нечалавечай хуткасцю. Светлавы перадатчык мігцеў так, як мігцяць пульсары ў нябёсах. Я не ведаю, чыя рука магла б запальваць і гасіць святло з такой кулямётнай спрытнасцю. Сузіранне трапяткога ззяння несла тое адчуванне неспакою, з якім глядзіш на штосьці, што не здольны растлумачыць.
Бліскавіцы зрабіліся бачнымі горш, быў момант, калі яны зніклі зусім. Прыкладна тады я зразумеў, што зорак наверсе няма. Я прыгледзеўся і заўважыў чорную аладку хмары, што прыляпілася да Месяца. Пад ёй была каламуць, быццам бы, прапоўзшы па Млечным Шляху, хмара сваім азадкам узняла глей з прыдоння. Яшчэ праз нейкі час, вынырнуўшы з бяздум’я, я зразумеў, што тое шамаценне, якім поўніцца лес навокал сцяжыны, — гэта дождж. Сцюдзёныя кроплі,
якімі сыпле тут неба немаведама колькі часу, пераўтварылі зямлю ў добра замяшанае цеста. I з гэтай сцежкі лягчэй было зляпіць вялікі каравай, чым карыстацца ёй па прызначэнні. Кожны крок вымагаў падвойных высілкаў: трэба было з усёй моцы выцягваць засмактаныя брудам ступакі, якія выходзілі з гліны з прагным чвяканнем.
Ногі ў паношаных высокіх ботах змакрэлі. Вільгаць трапляла праз паламаныя доўгай дарогай падэшвы, прабілася праз дзве пары ваўняных шкарпэтак і ледзяніла ступні. Паліто прамокла і зрабілася настолькі цяжкім, быццам я зняў яго з помніка Леніну. Па твары цяклі рэкі, вада засціла вочы. Парасона ў мяне, зразумела, не было.
Месячы бруд нагамі, я выбраўся на асфальт. Ідучы па ім, пазбаўлены неабходнасці выдзіраць ногі з размяклай багны, я адчуў вяртанне забытага адчування холаду. Пакуль заплечнік быў нагружаны, а паветра сухое, дрыжыкі не бегалі па спіне. Цяпер жа калатун біў у ногі, рукі, плечы, пра вогнішча не даводзілася і думаць, бо замочаны ў лужынах павал прыдатны хіба для таго, каб выціскаць з яго ваду. Трэба было як мага хутчэй пераадолець завесу дажджу і выйсці на сухое. Там і шукаць, як сагрэцца і высушыць вопратку з абуткам. Але хмара, што выглядала такой маленькай на небе, усё не сыходзіла, і было адчуванне, што яна заварожаная і магічным чынам змяняе форму ды выцягваецца ў той бок, куды я рушу.
Неўзабаве волкае сутонне злева асвяцілася трыма агеньчыкамі — гэты “Пояс Арыёна”, памуляўшы перад вачыма, выскачыў з-за фіранкі вадзяных струменяў мне пад ногі, выявіўшыся электрычнымі паходнямі над уваходам у невялічкі прыдарожны шынок. Трэцяя зорачка зіхацела крыху наводдаль, з тэрасы ў левым крыле гэтай таверны.
Шырокія дзверы былі гасцінна разнасцежаныя, у праёме на зэдліку сядзеў не абдзелены плячыма выкідала ў белай кашулі. Побач з ім стаяў старасвецкі мангал з вугельчыкамі — так бамбіза грэўся. Увесь ягоны выгляд кантраставаў з паэтычнай назвай установы, напісанай шрыфтам, стылізаваным пад вадзяныя кропелькі: “Айцец Дажджу”. Назва дапамагла зразумець, што дождж тут ёсць з’явай геаграфічнай, a не метэаралагічнай.
На твары бітка можна было без цяжкасці прачытаць ягоны літаратурны бэкграўнд: брашура “Баявыя тэхнікі Кітая”, раман “Мы біліся за Шаалінь”, баёпік Бруса Лі ды інструкцыя па баявым ужыванні ЗРК С-500. Усё гэта, у сукупнасці з буйнакаліберным кулямётам, які быў развернуты на стацыянарнай лангеце на другім паверсе шынка, давала зразумець, што да пытанняў бяспекі тут ставяцца сур’ёзна. Калі я ўвайшоўу сектар абстрэлу ягоных вачэй, ён лянотна ўзняў галаву і паспрабаваў прывітальна ўсміхнуцца. Яшчэ доля секунды, і ён запрасіў бы мяне ўсярэдзіну. Але ягонае вока, спрактыкаванае не толькі ў ацэнках небяспекі, але і ў прыкідках плацёжаздольнасці мінакоў, паведаміла яму пра мяне нешта такое, што ён апусціў вочы долу, паказваючы, што я — не кліент “Айца Дажджу”. I, у выпадку спробы, фэйскантроль тут не прайду. He ведаю, што тут спрацавала: маё прадзёртае пад рукавамі паліто, ці чорная змоклая шапка, ці мае боты, у шмат слаёў запэцканыя ліпкай глінай.
Я пастаяў ля ўвахода з хвіліну, разважаючы, ці варта завесці размову і запытаць, ці магу я дапамагчы чым на кухні ці па гаспадарцы ў абмен на права пагрэцца ля каміна. Але тое, з якой прынцыповасцю біток на мяне не глядзеў, дазволіла зразумець, што адзіным плёнам такой камунікацыі будзе маё прыніжэнне. Таму я пайшоў далей праз вадаспад дажджавых кропель, не
азіраючыся на гасцінны будынак, на гарачыя вуглі, на блізкасць ложка, за які няма чым заплаціць, і гарачай ежы, даступнасць якой забяспечвалася не адлегласцю, а станам фінансаў.
— Гэты дождж хутка скончыцца! — прамовіў хрыплаваты голас, і я замёр. На верандзе побач з настольным дыёднікам, стылізаваным пад садовы ліхтар, сядзела постаць. Незнаёмец працягнуў, звяртаючыся да мяне: — I, калі дождж хутка скончыцца, дык ці не лепей перачакаць яго за размовай?
Я стаяў не варушачыся, бо, па-першае, не быў пэўны, што гэтай рэплікай менавіта мяне запрашаюць у гэты ўтульны, але не самы гасцінны шынок (факт таго, што дождж лепей перачакаць за размовай, не азначае, што гаспадар адкрытай веранды гатовы размаўляць са мной, запрашаючы перачакаць дождж: гэта можа быць тэарэтычным назіраннем сытага, патанулага ў камфорце чалавека).
Па-другое, усю маю сутнасць працяла перажыванне, што ўсё гэта — цемра, некалькі лаканічных агеньчыкаў, дождж, дрыжыкі і размова з прыцемненай постаццю — раней надаралася. Я адкрыў рот, каб нешта сказаць, і, як гэта бывае падчас дэжавю, тут жа зразумеў, нібы дакладна ведаю, што мушу казаць. Як быццам трапіў у каляіну, рухацца па якой можна толькі ў адзін бок:
— Хіба дождж, ці туман, ці аблокі, ці цемра ў наш час не трываюць вечна?
— Гэты дождж хутка скончыцца, — паўтарыў мужчына. Я заўважыў, што ягоная рука зрабіла запрашальны жэст: мне сапраўды прапаноўвалася далучыцца да яго на верандзе. Я няўпэўнена наблізіўся і заўважыў што да ягонага стала вядуць асобныя прыступкі. За яго спінай стаялі дзве жароўні з вуглямі, таму тут было суха і цёпла.
— Сядайце. Зараз будзем есці, — ён кіўнуў мне на крэсла побач з жароўняй. Я хутка скінуў пляцак, пазбавіўся паліто і шапкі, разаслаўшы іх па крэслах блізу вуглёў Хай падсохнуць хоць трошкі.
Зноўку адчуваючы, што кажу ўжо аднойчы сказанае, я прамовіў:
— У мяне няма грошай, каб заплаціць за вячэру.
Гаспадар тэрасы махнуў рукой — маўляў, глупствы, не пераймайся. Калі я ўладкаваўся побач, з чорнага праёму да нас выйшла старая. Яна паставіла каля майго суразмоўцы блюда з вялікай выцягнутай уздоўж рыбінай, абкладзенай печанай бульбай. Побач з блюдам яна паклала відэлец і — вось дзе экзотыка! — старасвецкі рыбны нож: срэбная рыдлёвачка замест ляза.
— Стронга, — прадставіў мне рыбу незнаёмец. — Калісьці яе шмат было ў мясцовых рэках. Але потым тут развілася прамысловасць, і стронга паднялася на поўнач. Любіць чыстую вадзіцу. А калі ўсе прадпрыемствы спыніліся, вярнулася. Цяпер яе шмат нават у ручаях. Я навучыў мясцовых гаспадароў, як лавіць стронгу. I за гэта яны заўсёды частуюць мяне задарма.
Я прыглядзеўся да суразмоўцы. Чамусьці пры гэтым маё пачуццё паўторанасці таго, што я перажываю, толькі ўзмацнілася. Я быццам пазнаваў гэтага чалавека, хаця дакладна ніколі не бачыў дагэтуль. Ягоная вопратка стварала ўражанне, што ён іншаземец. Бо ён і апрануты быў занадта лёгка для гэтых мясцін. I, магчыма, таму, што сама вопратка была занадта адметная. Самай экзатычнай дэталлю гардэроба быў скураны капялюш стэтсан: высокі верх, шырокія палі, узнятыя дагары. У галівудскіх фільмах белы стэтсан насілі добрыя хлопцы, чорны — кепскія. Гэты быў шэры, колеру моцна зацяганай скуры.
Торс незнаёмца сцягвала камізэлька з рудаватага замшу, паверх яе быў накінуты шырокі вохрысты