Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
— Маю да вас заклік. У мяне паранены сабака. Ён не можа крочыць далей. Калі ласка, падкіньце да бліжэйшай вёскі! — я малітоўна склаў далоні ля грудзей.
Яны пераглянуліся. Першым адмоўна пахістаў галавой Манька. Ён нават не стаў нічога тлумачыць. A Бурмістр узняў рукі і маляўніча развёў іх па баках. Інакш гэты жэст не атрымаўся б эфектным — ягоныя локці былі заціснутыя іншымі пасажырамі.
— Ну, ты сам бачыш! — сказаў ён. — Мы ўтрох тут сядзім. Ледзь уціснуліся. Я нават удыхнуць як след не магу. Еду падціснуўшы жывот. Няма месца, хлопча. Проста ну аніяк!
— Сабака памрэ! — не стрымаўшыся, крыкнуў я. — Гердзе вельмі блага! Можа, мы хаця б на каня спераду неяк ускараскаемся!
— Ды ты што! Без сядла! — завойкаў Бурмістр. — Немагчыма!
— Імчым хутка. Каб рыссю яшчэ. Аў нас галоп. Праз тры крокі заб’яцеся, — Манька ўжо прыняў рашэнне і не збіраўся яго пераглядаць. Ён павярнуўся да мяне, і я адзначыў, як змянілася ягонае аблічча. Праз перанесенае выгнанне ён як быццам падурнеў: бровы ўвесь час былі наверсе, і пабоі толькі падкрэслівалі гэты прасцецкі выраз. — За намі выйшлі. Я чую. Хутка на-
гоняць. Ты з дарогі збочвай лепш. Ідзі па сцежках. A то і цябе раздзяруць, і сабаку разбяруць.
Касандра нічога не адказала на мой запыт, працягваючы ўзірацца ў цемру. Расшпіленая шубейка, футраны кафтан. Белыя валасы, чорныя бровы. Бедная, бедная Касандра.
— Болей чакаць не можам! Да пабачэння! — ён шчоўкнуў хлыстом у паветры, і коні ірванулі з месца ў алюр.
Я пастаяў пад зіхоткім небам, звыкаючыся з думкай, што дапамогі чакаць больш няма адкуль. Што нават deus ex machina, узняты на сцэну рукой нябачнага рэжысёра, толькі што знік наперадзе, вырашыўшы не дапамагаць мне. Таксама я адзначыў, што калі Манька выпраўляў мяне, бяззбройнага, у пусткі на смерць, ён вырашыў не казаць мне “да пабачэння”. Зараз жа, упэўнены, што на смерць ляціць ужо ён сам, вырашыў кінуць гэтае ветлівае развітанне. Як быццам яно магло прывязаць яго да свету жывых. Як быццам бы яно ад чагосьці наогул аберагала. Я пастаяў ля Герды — яна сапла, лежачы на баку. Калі я крануў яе — адкрыла вока і жаласліва віскнула, паказваючы, што нікуды ісці не здатная. Тады я накінуў заплечнік на спіну, асцярожна падняў сабулю і паклаў яе на плечы, нібы ягня. Потым паспрабаваў узняцца, абапіраючыся на дубальтоўку. Выйшла не адразу.
Герда не была вялікім сабакам. Але важыла роўна тыя дваццаць кілаграм, што, накладзеныя на ўжо нагружаную спіну, рабілі рух наперад фізічна немагчымым. Я збочыў з дарогі і ледзь перастаўляў ногі, цягнучыся па ледзь бачнай у месяцовым святле сцежцы. Але я ўсведамляў, што далёка так не прасунуся. Вага ўціскала мяне ў зямлю, падымаць ногі было складана, нават абапіраючыся на прыклад вінтоўкі. Страшэнна балела спіна і чамусьці калены, якія не вытрымлівалі
нагрузкі. Я прысеў на паваленае дрэва адпачыць, адолеўшы менш за кіламетр. Надраў яловых лапін, паклаў сабулю на зялёную падушку. Вады ў тэрмасе заставалася на два глыткі, і я ўліў іх у гарачую Гердзіну пашчу.
Відаць, у чалавека ўсё ж ёсць нейкія не згаданыя ў падручніках анатоміі органы пачуццяў, бо, калі я зноў пачуў цокат капытоў па асфальце, штосьці ўтрымала мяне ад таго, каб ажывіць налобнік ды выйсці на дарогу. Замест гэтага я выхапіў стрэльбу ды, хаваючыся паміж хвояў, наблізіўся да прагалаў, адкуль быў бачны асфальт. Асцярожна клацнуў рычажком, пераламаў рулю, пераканаўся, што ў кожны ствол забіта па патроне. Пасля схаваў бялявыя плямы далоняў глыбей у рукавы ды прыхінуў цёмны каўнер да твару. Суцішыўся і пераўтварыўся ў слых: рухалася не павозка, a асобныя коннікі. I іх было шмат — такі цокат магло ствараць цэлае войска.
Першая двойка пранеслася паўз мяне хутчэй, чым я мог паспець разглядзець іх постаці. Яны імчалі наперад, бы чорныя вялізныя птахі, — значна спрытней за гружаную цынкам ды трыма пасажырамі арбу. За імі разыходзілася хваля патрывожанага ляснога паветра, і я ўнюхаў моташлівы смурод. Гэты водар не зблытаеш ані з чым: так смярдзіць толькі мярцвячына. Я ўпершыню адчуў гэты пах, калі прыйшоў на пахаванне тапельца, які за тыдзень да таго быў маім аднакласнікам. Яго знайшлі позна, таму клас не вытрымаў доўга каля труны. Пасля ягоная маці старанна клікала нас на жалобную вячэру і, здурнелая ад гора, абяцала нейкія “калдуны з мясам”, але я яшчэ тры дні мог піць толькі ваду. Зараз гэты пах быў побач, і прынеслі яго гэтыя чарнявыя птахі, што несліся наперад.
За першай двойкай пайшла другая, і тады ў маладзіковых водблісках я выразна разглядзеў іх абрысы.
Галовы — у два разы большыя за чалавечыя, вянчаліся вострымі трохкутнымі вушкамі, як у свіней. Абледзянеўшы ад жуды, я ўглядаўся ў наступныя пары вершнікаў, і вока выхоплівала ўсё болей падрабязнасцяў: разяўленыя лычы з частаколам няроўных зубоў, крывыя зморшчаныя пятакі, з некаторых пашчаў высунуліся языкі, што рухаліся ў такт падскокам.
Смярдзючая працэсія ўсё цягнулася: нежывыя ішлі парамі, і было іх некалькі тузінаў. Яны не перамаўляліся і не азіраліся. He соўгаліся ў сёдлах. На спінах некаторых блішчэлі перакладзіны двухручных мячоў ды рукаяці вялікіх секачоў для разбірання туш. Некалькі галоваў былі звернутыя ўбок і ўніз, як быццам іх часткова адсеклі ад целаў. Гэта выглядала надзвычай непрыемна. Мяркуючы з памераў галоваў, кноразы былі здаравенныя: форма целаў скрадвалася плашчамі, шырокімі накідкамі ды цемрай. Падалося, у некаторых было нешта кшталту чалавечых ног. Бо коні былі азначаныя страмёнамі, у якіх штосьці было прасунутае. Але капыты я не разглядзеў, як ні ўзіраўся.
Можна было б сказаць, што я не ўзняў рулю, не пацэліў ды не стрэліў наўздагон аднаму з свінюкоў праз тое, што ў мяне было толькі два набоі з карцеччу. Толькі тое, што ў патронніках. Апошні прыпас ляжаў у заплечніку. I, нават калі б я пацэліў у аднаго ці двух вершнікаў, за час, які спатрэбіўся б мне, каб дабегчы да плецака, расшпіліць яго, дастаць патроны, зарадзіць ды працягнуць бой, мяне б пакрышылі на шопскую салату. А адразу за мной — яшчэ і ні ў чым не вінаватую Герду. I я б не толькі не дапамог тым, каго пераследавала моташлівая пагоня, але і спрычыніўся б яшчэ да дзвюх смерцяў. Гэта прыгожае, але вельмі ліслівае для мяне тлумачэнне.
Я не пачаў страляць проста таму, што быў страшэнна, да здзервянення, перапалоханы. Мне было млос-
на — і ад паху, і ад відовішча. Я зніякавеў настолькі, што, нават захацеўшы, не здолеў бы ўзняць стрэльбу ды трымаць яе роўна. Да таго ж, акрамя разважання пра адсутнасць прыпасаў, тут было яшчэ інтуітыўнае пачуццё марнасці страляніны па нежывым. Тое, што памерла, немагчыма забіць — гэта ўжо не логіка, гэта інстынкт. Яны зніклі, і тупат сціх, а я стаяў прытуліўшыся да хваіны, і дыхаў праз раз, ціха-ціха, толькі каб яны не пачулі. Потым адхіліўся ад дрэва, з якім ужо быў зросся, ды, намагаючыся не шумець ламаччам пад нагамі, вярнуўся да Герды. Яна сустрэла мяне трывожна ўзнятай галавой. Сабуля ўзіралася ў цемру вільготнымі ад ліхаманкі вачыма, я пагладзіў яе і супакоіў: “He бойся, гэта аптавікі павезлі на Горад Святла сапсаваныя каціныя кансервы, якія ты не ясі! Вось і смурод”. Пасядзеўшы крыху і ўпэўніўшыся, што цокату болей не чутно, я зноўку асцярожна ўсклаў сабулю на плечы паверх плецака і пакрочыў, абапіраючыся на ружжо.
Я паспеў заўважыць, што праз даўгія пераходы пад цяжарам на маім паліто пачалі распускацца швы. Падпахамі — там, дзе былі лямкі заплечніка, — з’явіліся дзюрачкі. Я думаў, што трэба знайсці голку з ніткай, ці нават не так: што, дацягнуўшыся да паселішча, варта на гэтую драбязу не забыцца.
I тут наперадзе пачуліся раскаты аўтаматных чэргаў. Над лесам узляталі светлавыя адрэзкі трасераў, асядалі плаўнымі дугамі, паспяваючы згаснуць у паветры да сутыкнення з зямлёй. Гэта нагадвала святочны феерверк у гонар дня народзінаў. Але праз паўхвіліны далятала буханне аўтаматных стрэлаў ды змяінае сакатанне, якое ўтварала куля, разрываючы паветра. I рабілася ясна, што там, наперадзе, не петарды ў неба запускаюць, што там адбываецца нешта адваротнае святу дня нараджэння. Бой цягнуўся з хвіліну. Чэргам
“Калашнікава” адказвала моўча. Пасля запанавала мёртвая цішыня.
Я сцішыўся, намагаючыся рабіць лягчэйшыя крокі, у чаканні, што зараз хеўра казлакапытых вернецца, каб пранесціся паўз нас у кірунку да ўваходу ў пекла, з якога з’явілася. Але свінагаловыя зніклі. I тут было хіба тры варыянты: ці то Манька перастраляў іх, ці то яны вярталіся праз іншы гасцінец, ці то засталіся пры целах забітых, каб банкетаваць чалавечай свежанінай. У любым выпадку трэба дбаць пра асцярожнасць і не набліжацца да дарогі. Я зрабіў тры прыпынкі, штораз не адольваючы і кіламетра, калі адчуў, што мой завод скончыўся. Што ўсё, болей я не здольны зрабіць ні кроку. Спатыкаючыся, надраў сухой папараці, накідаў яе горкай на сфагнум і прылёг побач з сабуляю, адразу праваліўшыся ў хуткі сон зняможанага жаўнера.
Прахапіўся з разуменнем, што маё маруджанне забівае Герду, што я папросту не маю права на адпачынак, пакуль не адшукаю дах над галавой, ложак і чыстую ваду.
Але ў сне, як гэта бывае, адшукалася выйсце з сітуацыі, што падавалася тупіковай.
Расшпіліўшы пляцак, я пачаў жменямі выграбаць цынк. Скідваў сотні патрончыкаў — запас, які гарантаваў бы ложак у паселішчах на многія сненні, — у бруд пад нагамі. Будзем як птушкі нябесныя, якія не сеюць, не жнуць і не збіраюць у жытніцы. Хай дарога корміць нас. Грошы правальваліся ў мох, каціліся ў зарасці папараці, збіраліся ля сухога голля, пераўтвараліся ў срэбнае азярцо на сцяжыне. Вось жа пашчасціць камусьці! Я пазбаўляўся таго, што так дбайна збіраў, рыхтуючыся да дарогі. Збіраў, думаючы, што без цынку ісці праз цёмны свет немагчыма. Расставацца з багаццем трэба хутка, каб не паспець пашкадаваць. Я выкінуў болей за палову запасаў, зрабіўшы
заплечнік лягчэйшым на дваццаць кілаграмаў. У невялічкім ляску пры дарозе засталося блізу дзвюх тысяч батарэек. Пакінуў каля тысячы: мусіць хапіць на самае неабходнае.
Пасля закінуў аблегчаны пляцак на спіну, далікатна паклаў на плечы сабулю і пругкай хадой пакрочыў наперад, ні разу не азірнуўшыся. Па ходзе ўзняў дубальтоўку, абцёр прыклад крысом паліто, збіваючы бруд і наліплае ссохлае лісце, і закінуў зброю за спіну — больш няма неабходнасці абапірацца на гэтую мыліцу. Герда трымалася малайчынкаю, балансуючы пры кожным руху, як парны цыркавы эквілібрыст. Але ад яе лапы, што маячыла каля майго носа, патыхала хваробай. Зараз мы куды-небудзь дойдзем.