Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Тым часам за прылаўкам абазначыўся рух: бамбукавая заслонка, што адгароджвала гандлёвую залу ад прыватнай прыцемненай прасторы адхінулася. Да мяне выйшла сівая жанчына: пастава арыстакраткі, спагадлівыя вочы, маршчыністы твар. Карусель навучыла мяне хутка рабіць высновы: тут — “Мумі тролі” ў дзяцінстве, Джойс у юнацтве, Кафка ў маладосці, першы пацалунак на тле “Маленькага Буды” Берталучы, чаканне “Маленькага Прынца”, няўдалы першы сексуальны вопыт пад Бродскага, каханне з Памукам, сям’я з Бёлем (муж — старэйшы). Але нешта не складвалася. Нейкія страшнавата добрыя вочы. Што там у іх? “Чайка па імені Джонатан Лівінгстан”? Рон Хабард? “Дыянэтыка”? Сан Мён Мун?
Я схіліў перад гаспадыняй галаву ды абраў для вітання нейтральна-красамоўнае: “Кланяюся яснавяльможнай пані..." — з гэткім шматкроп’ем напрыканцы падчас вымаўлення, заахвочваючы жанчыну назвацца. “Яснавяльможнасць”, якая спрацавала некалі з сакратаркай Бурмістра, мегерыстай Магдаленай, мусіла даць плён і тут.
— Бог вам у сэрца. Я — маці Таццяна, — запоўніла яна шматкроп’е.
— Маці каго? — найменне было незразумелае, і таму я крыху па-ідыёцку зрэагаваў. Гердачка тым часам клацала кіпцюрыкамі ў аддзеле вопраткі, зацікаўлена абнюхваючы рыбацкія курткі і гумовыя боты. Мая суразмоўніца чула скокі, але сабачку не бачыла.
— Маці Таццяна, — мякка паправіла мяне гаспадыня, пільна ўглядаючыся ў шэрагі куртак і вежы мехавых шапак.
— Вельмі прыемна! Я — Кнігар! Іду з Грушаўкі на поўдзень.
За Маці Таццянай была бачная галерэя фаўст-патронаў з цёмнага шкла. Яны былі закаркаваныя саматуж-
на: выплаўленай на агні пластмасай. На найбліжэйшых да мяне бутэльках можна было пабачыць амаль аднолькавыя намаляваныя ад рукі этыкеткі. “Чарнілы «Валерыя Восені» 5 цнк за 0,75”, — паведамляла таблічка з цэннікам. Крама пры запраўцы была месцам настолькі цывілізаваным, што тут нават навучыліся брэндаваць брагу.
— Пашчасціла вам з электрычнасцю, — шчыра сказаў я, азіраючыся вакол.
— Бог даў нам вятрак, — яна знайшла сваю версію слова “пашчасціла". — I вецер, які рухае вятрак. I буйны аптовы склад, на маразільнікі якога хапіла энергіі. Паўсюды пануе ціша, а наш генератар не спыняецца. Гэта Божы цуд! — яе вочы зрабіліся яшчэ дабрэйшымі.
— Добра, што вас не разрабавалі, — я даволі даўно ўжо не бачыў рэлігійных людзей і таму не ведаў, як паводзіцца, у які дакладна момант пачынаць жагнацца.
— Гэта сіла нашай веры, — запэўніла маці Таццяна. — I зусім крышачку аўтарытэт братэрства “Аўтаз”. Яны сочаць, каб Божаму цуду не заміналі. Усе рабаўнікі ў пусташах ведаюць, што браты з намі, то стараюцца нам дапамагаць у імя славы Гасподняй.
Тут з-за адзежы дзелавіта паказалася Гердачка. Вочы гаспадыні запраўкі зрабіліся яшчэ цяплейшымі.
— Як завуць вашага сябра? — запыталася яна.
— Гэта — Герда. Мая сабуля.
— Нехта здолеў яго параніць? — крышачку незразумела паставіла пытанне маці Таццяна.
— Герда трапіла ў пастку. Нейкі гад выставіў у хаце пастку. А мы зайшлі пераночыць. Вось Гердачка і траўмавалася.
— Вельмі прыкра, — жанчына пахістала галавой. Яе вочы выпраменьвалі любоў. — I што, у параненым стане ён не можа перакінуцца?
— У сэнсе? — яна размаўляла нейкімі загадкамі.
— Пакуль на ягонай лапе рана, ён не можа зрабіцца чалавекам. Такім, як вы? Гэты ваш сябар, — яна сцвярджала, а не пыталася. Я быў пачаў сумнявацца, ці Герду мае на ўвазе гаспадыня.
— Гэта — мая псюля. 3 якой я жыў і да Зацямнення. Яе завуць Герда. Самы звычайны сабачка, стараваты, праўда.
Я спалохаўся, што сівая жонка абразіцца ўзгадкай узросту. Складана іх зразумець, гэтых рэлігійных. Але яна выглядала зачараванаю нашай кампаніяй. He змяняючы выразу на твары, маці Таццяна рассунула мехавыя адвароты свайго кабату, агаляючы вялікі залаты крыж. Зрабіўшы гэта, яна пільна паглядзела на мяне. Мне нават падалося, што яна чакала, што я завойкаю ды задымлюся.
— А што вы вось зараз мелі на ўвазе? — запытаў я, праганяючы павіслую ў паветры нязручнасць. Тая ўзняла бровы, ці то не разумеючы, ці то робячы выгляд, што не разумее. — Мне проста падалося, што вы на мяне гэты крыж агалялі.
Маці Таццяна фыркнула са складаным выразам на твары, які можна было зразумець і як расчараванне маёй праніклівасцю, праяву незадаволенасці тым, што крыж не спрацаваў, так і знак таго, што яна — нармальная верніца, таму глупствамі ў стылістыцы нуар-фільмаў пра вампіраў ніколі не займалася.
— Проста што я хацеў бы сказаць, маці Таццяна, — засакатаў я, бо нязручнасць зрабілася невыноснай. — Я — звычайны чалавек. Іду з Грушаўкі. Тыпу бежанец. A гэта — мая сабулька. I яна не перакідваецца нікуды. Яна не робат-трансформер. To бок, можа быць і перакідваецца, пакуль я сплю, але, прачнуўшыся, я ніколі не бачыў яе ў выглядзе, адрозным ад яго існага. Хаця, можа, і парадаваўся б, каб яна была прыгожай дзяўчынай. He ў тым сэнсе, што я гатовы кахацца з чатырохногімі,
але прыгожая дзяўчына — прыемны суразмоўца, a прыгажосць, гэта... Гэта... — я спрабаваў жартаваць, але твар маці Таццяны быццам застыў, не ўсміхаючыся.
— Я зразумела, што вы хочаце сказаць, Чараўнік, — паведаміла яна, абдаўшы цеплынёй са сваіх зрэнак.
— Чаму Чараўнік? — канчаткова ўстаў я ў тупік.
— Вы ж самі сказалі, што вы — Кніжнік. Кніжніцтва, знахарства — я пра ўсё гэта ведаю. Мне пра гэта ўсё сказаў Бог у Святым Пісанні.
— Я не Кніжнік. Я — кнігар. Накшталт бібліятэкара быў у Г рушаўцы.
— I потым вас людзі прагналі, — дапамагла яна, ветліва падаўшыся наперад.
— He людзі прагналі. Сам пайшоў. А зараз там ужо і рабаўладанне. Карацей, вельмі складана ўсё каротка растлумачыць.
Размова перарвалася. Гаспадыня проста глядзела на мяне з мацярынскай любоўю, а я не мог падабраць словы, каб растлумачыць ёй, што мы — людзі. Адчаяўшыся знайсці аптымальны разварот нашай гутаркі, я перайшоў да справы.
— Мне сказалі, што ў вас ёсць медыкаменты. Што могуць адшукацца нават антыбіётыкі.
— Вас не падманулі, — яна з гонарам усміхнулася. — У нас найлепшая аптэка сярод пустак. Дзякуючы электрычнасці, мы захавалі ўсё тое, што мусіла даўно сапсавацца. У нас ёсць усе групы антыбіётыкаў, якія могуць спатрэбіцца, адно што цэны, на жаль, нізкімі не назавеш.
— I вось, вяртаючыся да маёй сабулі, ёй, як вы бачыце, патрэбна тэрміновая дапамога. To не маглі б вы прадаць нам якіх эфектыўных лекаў? У яе запаленне, я баюся, каб не перайшло ў сепсіс. Ну, і я б яшчэ ежы ўзяў. I, — тут я бездапаможна ўсміхнуўся, — жэтон для эспрэса.
— Канечне! — Маці Таццяна горача заківала галавой. — Канечне, дапамагаць людзям і хатнім жывёлам, пазбаўляць іх ад пакутаў, лекаваць іх хваробы ды зажыўляць іх раны — наш абавязак! Але! — яна паглядзела мне ў вочы, і я проста жыватом адчуў, што перада мной — выключна добры чалавек, які знаходзіцца на баку святла. — Але нічога на маёй запраўцы і ніколі — прынамсі пакуль я жывая — не будзе прададзена Чараўніку ды параненаму неўру.
— Дзе вы пабачылі неўра? — нервова ўскрыкнуў я.
— Ваш сябар — неўр, — канстатавала яна. — I вы — таксама. Неўр Знахар. Гэты — перакідаецца ў чорнага ваўка. Нейкі дабрадзей з Божай дапамогай здолеў параніць яго, хаця звычайна неўры ў ваўчыным выглядзе непаражальныя. I хутка ён здохне, ён ужо ледзь ходзіць.
— Вы. Вы... — у мяне нават сеў голас ад крыўды. — Вы нават не ўяўляеце, як вы памыляецеся! Гэта — сабака. He неўр. I не чорны воўк. Мы жылі ў кватэры на Грушаўцы, дзе я зарабляў здачай кніг у арэнду. У мяне ёсць адмацавальная грамата за подпісам Бурмістра, з пячаткай! — раптам прыгадаў я. Канечне, з майго боку назваць гэты зневажальны дакумент так, было відавочным перабольшаннем. Але патанаючы, ухопішся і за паперу з “дурнем”.
— Якая мне карысць ад граматаў, якія вырабляе нячысты? Ад пячатак ягоных і круцельскіх словаў ягоных? — маці Таццяна паціснула плячыма, як бы здзіўляючыся, за якую дуру я — Сатана — яе прымаю.
Трэба сказаць, добра, што Гердачка з нашых словаў не разумела нічога. Паколькі гаспадыня казала спакойна, знешне гэта выглядала як ветлівая размова двух прыязных людзей. Пакуль я падбіраў іншыя аргументы, маці Таццяна, крыху падвысіўшы голас, выракла:
— Набліжаецца час малітвы. I таму я хацела б прасіць вас пакінуць тэрыторыю гэтай крамы.
На спробы залагодзіць гэтую цёцю ў мяне засталіся нават не хвіліны — секунды.
— Чакайце! Чакайце! — я ўскінуў руку і зноўку адчуў на сабе погляд гэтых добрых шэрых вачэй, якія патаналі ў ветлівых зморшчынках. — Чакайце! Вы — цудоўны чалавек, я гэта бачу! Але вы ў сваім разуменні рэальнасці крышачку памыліліся! I давайце згадаем пра Бога! Хіба ён не вучыць вас дабрыні? I літасці?
— Канечне! — узрадавана падтрымала жанчына. — Любові да ўсіх стварэнняў Ягоных!
3 той паўзы, якая пайшла за гэтым, я зразумеў, што канечне — неўры і знахары да Боскіх дзяцей не адносяцца. Прастора для манеўраў скарачалася.
— Але ж ён добры! Ваш Бог! А вы зараз робіце зло!
— Ён — добры і ўславіцца тым назаўсёды! — калі яна пачала разважаць пра Бога, прамяні любові з яе аблічча перайшлі з бліжняга святла на дальняе.—Але Бог бывае не толькі добрым, але і жорсткім, і разбуральным Бог бывае. Ён не толькі лашчыць, не толькі літасцівы, але і выпрабоўвае, і карае, і помсціць.
— Бог, які помсціць? — зразумеўшы, што з чалавекам на дальнім святле немагчыма весці гутарку, я аўтаматычна перапытаў, каб лепей разумець, вера ў што дакладна прывяла да нашага выгнання.
— I помсціць, і карае, і выпрабоўвае.
— Навошта Богу выпрабоўваць? — з сумневам працадзіў я. — Ён што, інструктар па выжыванні?
— У Ёвы з зямлі Уц было сем сыноў і тры дачкі, і быў ён самы заможны з усіх сыноў Усходу. I сказаў Сатана Богу, што Ёва праведны толькі праз шчасце зямное. I забралі тады ў Ёвы ўсе грошы, і загінулі ўсе ягоныя дзеці, але Ёва працягваў услаўляць Бога. I захварэў Ёва страшнай праказай, і быў прагнаны з гора-
да, і сядзеў там у попеле ды гноі, саскрабаючы струпы са свайго цела чарапком, і ўсё роўна ўсхваляў Бога. I звярнулася да Ёвы жонка, і заклікала яна аблаяць Бога, і сказаў ёй Ёва: няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а дрэннага не будзем прымаць? I выйшаў тады Гасподзь з буры да яго, і ўзнагародзіў за цярплівасць і адданасць, і нарадзілася ў яго зноў сем сыноў і тры дачкі. I разбагацеў ён удвая ў параўнанні з былым, а Нячысцік пацярпеў паразу.