Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
вырушыш. Гэтаксама, як і ўсё дрэннае. To не варта крыўдаваць і сумаваць. Трэба проста ісці — рух каруселі падорыць новыя прыязныя твары і добрых людзей.
Ішлося лёгка. Выглядала, мы паспелі добра адпачыць, пакуль нас не прагналі з вяселля. Нават Герда бадзёранька скакала на трох лапульках. Вочы цынічна бліскалі, на пысу вярнуўся пракудлівы ды крыху здзеклівы выраз. I я нават дапусціў бы, што яна ачуняла, каб не памятаў гук храбусцення костак у ране і не ўсведамляў, што яна ўжо працяглы час адмаўляецца ад ежы. Мы паспелі прайсці прыблізна такую ж адлегласць, якую мела свабодная муніцыпалія ад кальцавой дарогі, як вока зафіксавала цікавы аптычны феномен. Навокал як быццам пачало цямнець.
Як бы гэта лепей апісаць, бялявы непразрысты змрок пачаў змяняцца болып глыбокай чэрню. I не адразу я зразумеў, што гэта мы проста выходзім з густой смугі, што навокал адгадваецца шырокае поле, і вока ўжо амаль можа дастаць да гарызонту. Паветра зрабілася радзейшым, і нават дыхаць стала лягчэй, і тут, на вялікай адлегласці, над пагоркамі ды лясамі, у дымцы цёмных нябёсаў, праявіў сябе трапяткі агеньчык. Ён быў дзіўнага адцення, не падобны да любой з крыніцаў святла ў існым свеце: не бялюткі, не цёпла-памяранцавы, але вельмі халодны, востры, бы зорка, ды пры гэтым — смарагдава-фіялетавы. Нават адсюль, з далечыні, ён выглядаў як нешта такое, што не адносіцца да нашага прымітыўнага наваколля цынку і праснакоў.
Праз колькі кіламетраў я спыніўся папаіць сабуліну, бо яна высунула язык і ўсім сваім выглядам паказвала, што ў Піквікскім клубе цяпер сервіруюць дарджылінскі аранж пекое, а Яе Вялікасць не адмовілася б ужо і проста ад вадзічкі. Дастаючы тэрмас, я перажыў дзіўныя дотыкі да твару. Як быццам яго кранаўся танюткі,
нябачны праз сваю лёгкасць, ядваб. Я ўсвядоміў, што такое ж перажыванне адбываецца падчас хуткай хадзьбы. Паветра абцякае скуру, ствараючы адчуванне руху. А цяпер, у нерушы, паветра ідзе само, паўз мяне.
I такое было нормай у мінулым. Прыгадалася і слоўца: вецер. Гэта называлася: “вецер”. Нехалодны ветрык дзьмуў паўз дарогу, авяваючы нас з Гердай. Дзявулька ўзняла нос, прыплюшчыла вочкі, разявіла пашчу і дазволіла гэтаму прыроднаму фену гуляць у поўсці. Гэта было прыемнае адчуванне, дзіва, што ў тым, папярэднім, свеце, мы настолькі прызвычаіліся да яго, што і не звярталі ўвагу.
Я ішоў і млява раздумваў, што азначае вяртанне ветру. I ці прыйшоў вецер у Грушаўку таксама, ці толькі я знайшоў месца, дзе ён ёсць — гэтаксама, як раней я ўваходзіў у вобласць туману, якая неўзабаве скончылася. I, калі вецер ёсць толькі тут, дык дзе ён пачынае ды дзе завяршае свой побег? Ці, можа, кружляе па ўсёй Зямлі і вяртаецца роўна да гэтага месца? А калі ён раптам пачаў дзьмуць па ўсім свеце — дык ці не азначае гэта, што Зямля ажывае, і неўзабаве трэба чакаць узыходу сонца? Кожны крок, зроблены мною, ставіў новае пытанне і прыводзіў да новых думак.
Я глядзеў проста перад сабой, і калі апусціў галаву долу, ледзь не падскочыў: ля маіх ног вілася нейкая чорная дрэнь. Памерам з Герду, яна рухалася, прыціснутая да асфальту, абсалютна бязгучна: ні сапення, ні крокаў. Чорная пляма паўзла з маёй хуткасцю. Я паспеў здзівіцца, што мая нервовая дзявулька не ўзняла лямант ад сутыкнення з нязведаным зверам, калі заўважыў, што падобная чорная трасца прыляпілася і да лапаў псюлі, толькі рухаецца інакш — рывочкамі, з падскокамі. Я не паверыў вачам і, пачынаючы разумець, задраў галаву дагары. Тое, што я пабачыў у небе, растлумачыла незразумелых істот.
Над намі ззяў раскошны, ярчэзны, нібы толькі што абцёрты сняжком ды высушаны ручніком туману, маладзік. Першая квадра, на мяжы неасветленай часткі бачныя плямкі кратараў. Вось што падсвятляла спод грушаўскіх аблокаў, не даючы Рэйтану спакою. Месяц сядзеў роўна там, дзе быў заўсёды, выглядаў абсалютна ардынарна, і сваім будзённым выглядам адрынаў магчымасць свету, дзе бензінам гасілі вогнішчы, а батарэйкамі плацілі за ежу. Калі Месяц там, значыць, недзе і сонца. Бо менавіта ягонае святло і толькі яно можа вымалёўваць гэты светлавы сярпок на абліччы суседняга нябеснага цела. А калі Сонца і Месяц нікуды не зніклі, значыць, Зямля мусіць быць круглай, а Сусвет бясконцым. Значыць, усяму будзе тлумачэнне. Нармальнае, лагічнае тлумачэнне, далёкае ад фантазіяў, апублікаваных у газетах.
Маладзік з’явіўся з-пад пледа нізкіх аблокаў, які надзейна ахутваў геаграфію неба за маёй спінай: Грушаўка, Гара, ферма не маглі пабачыць цуду, сведкам якога стаўся я. Але наперадзе над зямлёй быў аголены космас: там зіхацелі зыркія зорачкі, сярод якіх вылучалася адна, што месцілася куды бліжэй і давала куды ярчэйшыя смарагдава-фіялетавыя промні. 3 гэтай адлегласці падавалася, што незвычайная крыніца святла лунае проста ў нябёсах, што, можа, гэта падае сігналы зямлянам завіслы ў стратасферы касмічны карабель.
Я заўважыў што Герда таксама ўтаропілася ў неба, як і я, радавалася маладзіку і глядзела ў далёкія россыпы зіхоткіх дыяментаў. Натхнёныя зорамі, авеяныя ветрыкам, з адбіткамі Месяца ў зрэнках, мы імкнуліся да небакраю, нібы персанажы якой-небудзь дрэннай нямецкай паэмы, калі з цемры ля ўзбочыны выпаўзла чорнае пудзіла на дзвюх распорках. Я запаліў налобнік: гэта быў патрэсканы ліст шыферу, пастаўлены
замест зніклага дарожнага знака з каштоўнай нержавейкі. Белым балончыкам мастака, дэбют якога я ўжо назіраў на надмагільным помніку ля фермы, было выведзена:
‘Торад Святла — налева Горад Парыж — направа Паўднёвыя пусткі — наўпрост
У Парыжы не быў, пра Горад Святла чуў, у пустках ледзь не зарэзалі”
Выключыўшы ліхтар, я заўважыў над пагоркам добра бачны гіганцкі знак “Мерседэса”, пазбаўлены кола, у які ён упісаны ў арыгінале. Так працуе памяць: пабачыўшы тыя тры лопасці, я спачатку прыгадаў лагатып мапіыны старога свету, і толькі потым усвядоміў, што гэта штосьці пабачанае мной на шахцёравай мапе. Жадання даставаць паперчыну не было, ды і патрэбы таксама. Я і так памятаў, што трохкутнай зоркай быў адзначаны паварот на Горад Святла. Зрабіўшы некалькі крокаў, я заўважыў што белая трохпромневая штуковіна рухаецца. Велічэзная канструкцыя круціцца вакол сваёй восі, вельмі павольна і важка, і праз гэты гіпнатычны характар яе руху адразу прыгадаліся ветракі. Тое, што я пабачыў унізе, было надзвычайна нават для такога багатага на цуды шпацыру, які здарыўся пасля нашага выхаду з Насамонаў.
Пад вежай ветрагенератара разлеглася бедна падсветленая сапраўдным электрычным святлом аўтазапраўка з вялікай крамай пры ёй. Энергіі ад ледзь рухомых лопасцяў хапіла, каб забяспечыць бляклым святлом неонавую шыльду са словамі “Белнафтах.. .м”. Набытк... ў дарогу”. Са зніклых літар “I” нехта сканструяваў неонавы крыж, які прыладзіў над уваходам.
Крыж, што праўда, зіхацеў няроўна, адна папярэчына мільгала, другая ззяла толькі напалову.
Вёслы ветрака мясілі паветра з сакавітым прыхлёбам. Дзюба, да якой ляпіліся лопасці, выклікала дзіцячыя згадкі пра вентылятарныя амерыканскія бамбардзіроўшчыкі, якія клеілі з пластмасы падчас хуткабежнай, але крыважэрнай Незаўважанай Вайны. У бляклых водблісках святла ад запраўкі я заўважыў, што на кожным крыле ветрака старанна намаляваны вялікі і не заўсёды роўны крыж.
Аўтаматычныя дзверы не распаўзліся, калі мы з Гердачкай наблізіліся да ўваходу: ці то дэтэктары руху даўно зламаліся, ці то электрычнасці не хапала на тое, каб запускаць такія складаныя механізмы. Давялося скарыстацца пластыкавымі дзвярыма побач. Калі я адчыніў іх, усярэдзіне блюмнкуў званочак, апавяшчаючы, што завітаў новы пакупнік.
Карусель нашай дарогі нарэшце зрабіла прыпынак у сапраўды гожым месцы. Памяшканне выявілася хіба не апошнім у свеце музеем старасвецкага спажывання. Спраўджаная мара Мыколы.
Тут было цёпла, працавалі электрычныя абагравальнікі, я не здзіўлюся, калі пры запраўцы знайшліся б і душавыя з гарачай вадой. Люмінесцэнтныя трубкі на столі, хай сабе ледзь падсветленыя, але працоўныя, палічкі з хай сабе аднатыпным, але таварам. Тут я зноўку ператваруся ў складальніка сярэднявечных вопісаў, у лаканічных пераліках якіх часамі адчувалася болей экспрэсіі, чым у шчыра аздобленых прыметнікамі навэлах пазнейшых часоў. Калі фантазія, не засмактаная гаджэтамі, не атрафаваная засіллем вобразаў (якое пачалося ў нашай культуры з рэнесансных часоў) працуе напоўніцу, прыметнікі не патрэбныя: у аўтараў і чытачоў напіналіся струны прыгожага, і асалода лілася ў кроў ад звычайнай паслядоўнасці назоўнікаў.
Дык вось, тут былі лядоўні з “Лідскім” квасам і марожаным “Каштан”! Тут была вадзічка “Дарыда” з араматам яблыка ды лайму, а таксама без яго. Тут былі тры тыпы тушонкі! Кансерваваныя шпроты, печань траскі, салака ў тамаце, кальмары ў алеі! Замарожаныя ракі! Філе крабаў! Пласціны зледзянелага ласасінага філе! Марынаваныя ў воцаце в’етнамскія гурочкі! Чыпсы (на цэны лепей не глядзець, тут я міжволі паглядзеў ды страціў мову: “20 цнк”). Узмоцнены металічнай арматурай стэнд з сапраўдным алкаголем: круглякі “Араспелу”, гранаты “Версаляў”... Ля гэтага стэнду цэтлікаў з цэнамі не было: настолькі дорага, што адпускаецца паводле дамоўленасці.
Убачку месціліся сунічныя шампуні “Беліта”, какосавыя бальзамы “Ліў Дэлана”, абагравальныя крэмы “Белбіяфарму” ды гелі-крэмы для душа з водарам тых раслін і пладоў, пра смак якіх цяпер папросту не прыгадвалася. Яшчэ далей ішлі вешалкі з вопраткай: навюткай, не паношанай, так званы “first hand”. А ў цэнтральным шэрагу велічны, нібы паганскі камень, узвышаўся аўтамат з кавай. Праз шкляны заднік было бачна сапраўднае зерне: карычневыя крупінкі чакалі, калі іх расцісне кавамолка, каб прыгатаваць “эспрэса”, “рыстрэта” ці “амерыкана”: усе тры кнопкі меню былі падсвечаныя блакітнымі агеньчыкамі. Дзіва было працаздольнае! Шыльдачка наверсе паведамляла, што за эспрэса давядзецца выкласці “10 цнк”. Я заплюшчыў вочы ды прыдаў цягучую духмяную вадкасць у белым керамічным кубку. Два глыткі, толькі два глыткі духмянай карамелі: адзін, каб прачнуцца, другі — каб задумацца. Палец сам націснуў на пімпачку. Аўтамат віскнуў, паказваючы, што вось-вось пачне малоць маю каву, але на маніторчык усплыў подпіс: “Працуе па жэтонах. Жэтоны на касе”.