Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Гэтым разам чокаліся з суседам злева, зноўку без тостаў моўчкі. Пілі да донца. Хітрасць спрацавала супраць мяне. Дзве алкагольная плыні, слабейшая і мацнейшая, роўныя ў сваёй смярдзючасці, сустрэліся і ўскіпелі ў крыві. Брага прыйшла хутчэй, хлопнуўшы мяне па вушах ды вымусіўшы вусны знямець. Потым даклыпаў і крупнік, акуратненька ўскрыўшы мне чарапушку, дастаўшы мозг і засыпаўшы замест яго колкай трухі. Стол скрануўся і паплыў па акіянскіх хвалях, усе мае суседзі ператварыліся ў маракоў, яны трымалі локці ля талерак, каб іх не змыла. Твары ва ўсіх расчырванеліся, вочкі зрабіліся шчырымі, бы ў чарцей. Усе нешта казалі, ніхто нікога не слухаў. Казаў і я — пра тое, што ў мяне сабуля наверсе, ёй кепска,
яна вымагае дапамогі, а не ведаю, як ёй дапамагчы. Тут я заўважыў што нечая лапа зграбае са стала апошні праснак, бляшанкі з тушонкай даўно ўжо выскраблі. 3 ежы мне дасталася квадра салёнага агурка, якая пакінула ў роце настолькі цвілы прысмак, што брага і крупнік у параўнанні з ім выглядалі ялавічынай па-правансальску. Ежу змялі са сталоў з той хуткасцю, з якой можна зашнураваць бот. Андрон з Мыколам, выглядае, правялі ў гэтым месцы дастаткова часу, каб навучыцца выжываць пры тутэйшых “традыцыях”: у кожнай руцэ яны трымалі па мажным скрутку з запраўленага тушонкай лаваша. Гледзячы на мой роспачны твар, Андрон ткнуў Мыколу локцем, і яны перадалі па адным сувоі мне.
Я жэр іх, не кожны раз тралляючы скруткам у рот, бо гайданне нашага карабля зрабілася невыносным. Тут грымнуў баян, гэта была мелодыя без словаў, хутчэй сумная, чым танцавальная, яна цурчэла, як вадзіца ручая па разагрэтых летам камянях. Усе павярнулі галовы да нявесты, тая моўчкі сцягнула з галавы фату, паклала бялюткую тканіну перад сабой на заліты брагай і закіданы крошкамі стол. Пасля — паправіла валасы, паднялася і павольнымі крокамі рушыла да дальніх прачыненых дзвярэй ля драўлянай лесвіцы. Зайшоўшы ў пакой, цемра якога на секунду абазначылася бялявым ложкам, нявеста пакінула дзверы прачыненымі.
Баян працягваў наярваць, калі з-за стала падняўся Андрон, выцер рот рукавом і, крыху пагойдваючыся, патупаў у бок таго пакоя. Сэнс гэтай сцэны не даходзіў да мяне нават на моцна п’яную галаву. Пры дзвярах Андрон павярнуўся і зірнуў на мяне. Чамусьці менавіта на мяне. У ягоных вачах я адзначыў разгубленасць і роспач. Дзверы за ім зачыніліся, Тамада кінуў граць, усе разлілі па новай без усялякіх тостаў, і хутка ніхто
ўжо не прыгадваў, што вяселле засталося без віноўніцы. Я выпіў яшчэ два разы, выпіў таму, што налівалі. Засцерагальныя сірэны ў галаве, якія звычайна бароняць ад відавочнага глупства, пад уздзеяннем крупніку перасталі працаваць.
Калі Тамада зайграў у другі раз, Андрон ужо сядзеў пры стале, чамусьці апрануты не ў сваю вопратку, a захінуты ў бялюткую прасціну. Я падумаў, што ён можа парыўся зноўку, а з таго пакоя, у які выходзіла нявеста, ёсць праход да лазні. Таму не стаў звяртаць ўвагі. Зараз пад цурчанне хуценькай мінорнай мелодыі ўзняўся Мыкола, зірнуў спадылба на жаніха, які ўпаў тварам на рукі і спаў. Потым Мыкола развярнуўся спінай да стала, згорбіўся і неяк паспешліва пабег да покойчыка, дзверкі ў які паспелі прачыніцца. Пасля быў правал, я выходзіў падыхаць на вуліцу і вярнуўся, заўважыўшы, што далоні мае ліпкія ад чагосьці, падобнага да ванітаў. To, мабыць, мяне знудзіла. Піць я адмаўляўся, у галаве стала паціху праясняцца, шторм змяніўся малаткамі, якія білі проста ў патыліцу. Мыкола зноў сядзеў на сваім месцы, таксама ў прасціне. Ён засяроджана піў, асцерагаючыся глядзець па баках.
Я думаў злавіць яго позірк, каб сказаць дзякуй за ежу, якой ён падзяліўся са мной, але тут Тамада падняўся. Галоўны Грыбок паправіў баян і зайграў таропкую мелодыю ў трэці раз. Я павярнуў галаву да дзвярэй і заўважыў, як у гэты самы момант нехта акуратненька прачыніў іх знутры. Жаніх прачнуўся і глядзеў на мяне без усялякага выразу на твары — ягоная свядомасць была выключаная, цела пагойдвалася ў такт пульсу. Я адчуў, што кожнае вока за гэтым сталом вытарышчылася на мяне. Мужчыны глядзелі ў пахмурным чаканні, жанчыны — хто гарэзліва пасміхаўся, хто заахвочвальна ківаў галавой у бок патаемных дзвярэй.
— Давай! Ідзі ўжо! Ну! — казалі мне суседзі рознай ступені п’янасці, і Андрон з Мыколам, у вачах якіх я думаў знайсці хаця б якое тлумачэнне, глядзелі хто куды, абы не на мяне.
Грыбкі ўжо цягнулі за рукавы — нямоцна штурхаючы, мяне паставілі на ногі і сталі далікатна скіроўваць да дзвярэй. П’яны дзядзечка ў цыраваным камуфляжы гасцінна расчыніў іх шырэй перад маім носам, і там, у прыцемках, я, халаднеючы, хутчэй разабраў, чым пабачыў — бялюткія ногі, заружавелыя клубы, скамечаная коўдра, адвернуты да столі абыякавы твар з некранутай пацалункамі памадай на вуснах.
— Што? Тут? Адбываецца? — пралепятаў я.
— Давай! Ну! Яна чакае!
Тыя, хто не піхаў мяне ў спіну, уважліва глядзелі. Усмешак зрабілася болей. Мая рэакцыя іх весяліла.
— Што ты, як цэлка! Што, бабу ніколі не бачыў? Заходзь, яна чакае!
Я спыніўся, азірнуўся, паматляў галавой, як бы збіваючы насланнё, і пачаў павольна адступаць назад, спінай, не абарочваючыся, не ў змозе адвесці позірк ад дзявочых цыцак, ад падфарбаваных ружовым лакам пазногцяў, што прыціскалі да міжножжа вільготную прасціну, ад танюткай шыі, ад аголенага пляча, на якім прагная зяпа пакінула добра бачную барвовую пячатку засмока.
— Давай, не катуй ты дзеўку! Ёй жа сорамна! Ідзі і дзверы прычыні! — загадала жанчына, што напачатку вечара сядзела поруч з нявестай. Магчыма, яе маці. A рукі працягвалі падпіхваць мяне ў цемру, супрацьстаяць майму адыходу, не пускаць мяне за стол.
— He! He! He! Вы што?! — выкрыкнуў я, абтрасаючы з сябе ўчэпістыя рукі.
I тут пачуўся спакойны голас Тамады. Ён казаў не гучна, але тлум імгненна прыцішыўся, усе ўслухоўваліся ў словы галоўнага:
— Насамоны паўсталі там, дзе раней была гурковая ферма. Восем сямей. Дзядзькі і цёткі. Усе Грыбкі. Мы — родныя паміж сабой. To зараз мусім запрашаць гасцей. Генетыка.
— Вы здурнелі? — з мяне зляцелі рэшткі хмелю, я стаяў пасярод пакою ды крычаў. — Вы крануліся тут усе?
— Гэта рытуал, — голас Тамады набраў моц, галовы Грыбкоў згодна заківалі.
Я зноўку пачаў матляць галавой — мімаволі, адрынаючы тое, што бачыў і чуў, не даючы гэтаму веры.
— Ніхто яшчэ не адмаўляўся, — крычалі шчарбатыя раты.
— Грэбуеш, падла?
— Імпатэнт, можа? — з падазрэннем дапусціла бабулька.
— Ды ў яго стаяк! Што, не бачыш? — залатазуба ўсміхнулася жанчына побач з ёй. — Ён яшчэ і табой, глядзі, зацікавіцца! Пасля нявесты!
— Панясеш, Грыбчыха, на сёмым дзясятку!
— Дык не ламайся! Давай за справу!
— Можа, ён толькі з сабачкамі!
Галасы рэзка абарваліся, калі зноўку загаварыў Тамада:
— Нязгода з рытуалам — смяротная абраза, — ён зрабіў паўзу, даючы мне шанец нешта адказаць, але я прыгаломшана маўчаў. I Тамада працягнуў: — Таму, хто абражае нашы традыцыі і зневажае нашых жэншчын — не места ў Насамонах, — зараз голас Тамады гучаў нейтральна, як судовы вырак.
— Дайце хаця б заночыць! — папрасіў я. — Я заплаціў за адно сненне.
— Ганьба! — закрычалі госці.
— Гэцьпадлюку!
— He захацеў у ложак з гарачай дзеўкай — хай ваўкі цябе ў тумане грэюць!
— Хаця б прадайце харчу! — гэтага я мог бы і не пытаць, адказ быў прадказальным.
— Лёд табе харч! А снег на дэсерт!
— Каціся адсюль!
— Хаця б пакажыце, у якім кірунку Горад Святла! — цікавей за ўсё было глядзець на рэакцыю Андрона ды Мыколы. Яны адвярнулі галовы да сценкі ды рабілі выгляд, што занадта п’яныя, каб спачуваць.
— Мы даем пяць хвілін на збор рэчаў, — пасля чарговай паўзы вырачыўТамада.
Далей я ішоў наверх, а за мной крочыла раззлаваная бражка з пакрыўджаных насельнікаў Насамонаў, пакрыўджаных родных нявесты, пакрыўджаных бацькоў жаніха, пакрыўджаных сведак, перавязаных бліскучымі партупеямі з подпісамі “Свідзецелі”. I ўсе яны тыцкалі мне ў спіну і крычалі праклёны, таму Герда прачнулася і гаўкала наверсе. I, адчыніўшы дзверы, я спрабаваўуціснуць яе ў пакой, і было гэта складана, бо ззаду на мяне напіралі Грыбкі, наперадзе ўзбурвалася не менш за іх раз’юшаная Герда, у нумары было цёмна. Вельмі дзіўна, што ліхаманкава шукаючы па канапе, я забыў тут толькі том Герадота і свой падарожны кіёк, a стрэльбу, заплечнік, налобнік і мапу прыхапіў з сабой.
Далей мы спускаліся — у адваротным парадку — спачатку азвярэлая Герда, якая з асалодай цапала за канечнасці любога, хто не паспяваў сысці з дарогі, потым я, схапіўшыся за ейны ашыйнік, а навокал — Грыбкі, Грыбкі, Грыбкі. Пляшкай, зэдлікам ці важкім жбанам у канторы ў нас не зашпурнулі толькі таму, што баяліся трапіць у сваіх. А вось калі мы выбраліся з памяшкання і пайшлі праз туман зігзагамі ў пошуках выхаду, мне ў спіну, галаву і заплечнік паляцелі камянюкі, сухое галлё і камякі зямлі.
I гэта пры ўсім жаданні складана было прыняць за пер’е.
Раздзел шосты
Мы далі нырца Ў смугу за сцяной і неўзабаве згубіліся. I для тых, хто імкнуўся пацэліць у нас брудам, і для саміх сабе. Нам не патрэбны быў Грыбок, каб выйсці да Насамонаў але я б з асалодай заплаціў бы Грыбку два цынкі, каб выйсці з іх. Каб вярнуцца на ранейшы кірунак. Туман усё робіць туманам: дрэвы праз некалькі крокаў губляюць выразную акрэсленасць галінаў, пераўтвараюцца ў невыразныя слупы, якія нарэшце зліваюцца з навакольным нішто. Людзі робяцца згусткамі вільгаці, дарога праглынаецца бялявай коўдрай, думкі губляюць выразнасць, і ты проста цягнешся, туманна спадзеючыся на тое, што напрамак выведзе цябе куды-небудзь.
Жыццё ў дарозе адрозніваецца ад жыцця ў горадзе тым, што ўсе сустрэтыя пераўтвараюцца са знаёмцаў у мінакоў. Гэта нагадвае сядзенне ў каруселі: у фокус тваёй увагі на секунду заплывае постаць, і толькі ты паспееш прывітальна кіўнуць, як яна змяняецца чыёйсьці спінай. I ты разумееш, што ў тваёй ветлівасці, красамоўнасці ці добразычлівасці няма сэнсу — карусель забірае ўсё гэта з сабой, а чарговыя фігуркі, што падсоўваюцца ёй, бачаць цябе ўпершыню. На дарозе ў цябе няма аніякай рэпутацыі, акрамя той, пра якую скажа твая вопратка ці ты сам. На дарозе ніхто не можа цябе пакрыўдзіць да глыбіні душы ці парадаваць надоўга, бо ўсё добрае пратрывае толькі той час, пакуль ты не