Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Я хацеў зазначыць, што Бог, які ў заклад з Сатаной дазваляе забіць дзесяць чалавек, — не той Гасподзь, якому я б маліўся. Але я вырашыў праглынуць рэпліку — гэта яшчэ болей умацавала б яе ў перакананні, што мы — д’яблавы стварэнні. Я моўчкі скінуў з пляча вінтоўку, узвёў куркі ды прыўзняў рулю. Зброя цэліла не ў жанчыну, я наставіў яе на тэракотавую армію пляшак з чарнілам. Тыкаць стрэльбай у бяззбройнага чалавека я не ўмеў і вучыцца гэтаму не збіраўся. Страляць не жадаў нават для дэманстрацыі сур’ёзнасці сваіх намераў. Але нам з Гердай дужа патрэбныя былі антыбіётыкі.
Маці Таццяна сустрэла ўзнятыя рулі яшчэ адной блаславёнай усмешкай. Адчувалася, што калі да гэтага моманту яна і рабіла высілкі, каб трымацца ў рэчышчы сваёй дзівацкай карціны свету, цяпер яе выбар падмацаваўся жэстам агрэсіі, на які добры чалавек ніколі бы не наважыўся.
Гаспадыня выйшла з-за прылаўка, падышла ўсутыч да мяне, узяла рыла дубальтоўкі ў кулак ды ўціснула сабе ў грудзіну, ссунуўшы залаты крыж.
— Давай, Нячысты! Страляй! Я даўно не была на споведзі, бо на зямлі не засталося ніводнага святара, які б яе мог прыняць. Але пакутніцкая смерць даруе ўсе грахі! Страляй, ну! А потым паспрабуй сам знайсці на нашых складах тэтрацыклін і цэфураксім! Тут табе пекла ў дапамогу!
Адступіў на крок і апусціў рулю. Я прайграў гэты бой. Безнадзейным усё зрабілася пасля таго, як я схапіўся за дубальтоўку. Пра што я думаў? Спрабаваў напалохаць? Тую, хто верыць у пекла? I, што самае крыўднае, мае намеры былі незласлівымі. Я шчыраваў не для сябе. Але, як я раптам зразумеў, зло ніколі не дапамагае зрабіць добрую справу. Ніколі.
Чаму, сыходзячы з запраўкі, я не захапіў пару бляшанак тушонкі ці хаця б якую салаку ў тамаце? Таму, што прадаць мне прыпасы яна адмовілася. Адбіраць жа сілком было несправядліва — ці акурат не тое ж слова я скарыстаў, каб растлумачыць Цару Гары, чаму не аддам Герду? Калі заклікаць да справядлівасці ў час, як крыўдзяць цябе, і рабіць несправядлівасць, калі нешта патрэбна табе, вартасць гэтага панятку растане ў тваёй галаве настолькі, што наступным разам ты пасаромеешся да яго апеляваць. I хто ведае, што ў цябе адбяруць тады?
Адышоўшы ад ветрака на адлегласць, якая цалкам выключала ідэю туды вярнуцца, я запаліў налобнік і дастаў мапу. Паперчына падказвала, што дарога на Горад Святла справа ад знака “Мерседэса”. Я ж, паверыўшы ўказальніку, пайшоў налева. Мой бацька арыентаваўся ў картах добра, яму дастаткова было кінуць хуткі позірк на атлас аўтамабільных дарог з пальчатніцы нашай машыны, каб зразумець, у які бок выкручваць з Налібок на Стоўбцы. Наша генерацыя спасцігала прастору ўжо метадам дотыку да экранаў GPS-навігатараў. Давялося напружыцца, каб зразумець, што, калі па папяровай мапе ідзеш уніз, твае напрамкі пераварочваюцца.
Калі дзявулька першы раз прысела, я падумаў, што яна проста хоча адпачыць. Я расшпіліў заплечнік, дастаў ейны харч, але яна млява адвярнула пысу. Гердачка хутка дыхала, яе вочы блішчэлі. Я пагладзіў яе па ўзвушшы і прамовіў з педагагічнай інтанацыяй:
— Даражэнькая, калі не будзеш лопаць каціны корм, больш застанецца коцікам. Яны будуць жэрці яго, іхняя поўсць будзе рабіцца болей і болей бліскучай, і аднойчы яны прыйдуць, белыя пухнатыя камячкі пяшчоты, і замуркочуць нас з табой да смерці.
Але сэрца Герды, звычайна чуллівае да ўсяго, што тычыцца знявагі котападобных, не адклікнулася на спробу распальвання міжвідавой варажнечы. Яна глядзела гэтымі сваімі вільготнымі вачыма і як быццам казала: і хай сабе. Я дарую ім усё! Я зноўку пагладзіў яе, і Герда зняможана прылягла жыватом на асфальт. Так, я ўвесь гэты час бачыў, што ёй пагана. Я бачыў, але заплюшчваў вочы на гэта.
Пагладзіўшы яе, даў ёй напіцца цёплай вадзічкі з тэрмасу. Пасядзеў побач, адпачываючы сам. Калі я падхапіўся і паспрабаваў падняць за ашыйнік Герду, яна заскуголіла. Я адмаўляўся верыць, што далей нам не прасунуцца. Мы сядзелі пад зорамі пасярод поля. Hi хаціны, ні адрыны, ні агеньчыка навокал. Для начлегу неабходнае было цёплае месца з ложкам, складзенага не з галінаў і прэлага лісця. Месца, дзе я мог бы перавязаць Гердзіну лапу і прыдумаць, што рабіць далей.
— Гердачка, нам трэба ісці. Да найбліжэйшага жытла, якім бядацкім яно б ні было. Мы не можам сёння ночыць у лесе, — звярнуўся я да яе.
Сабулька гераічна ўзнялася, зрабіла колькі крокаў, спачатку падскокваючы, потым — падвалакаючы лангету. Ды зноўку звалілася, хутка дыхаючы і ўмольна гледзячы на мяне. Я прысеў побач, адной рукой стаў гладзіць яе па баку, другую запусціў пад сваю шапку, накруціў валасы на пальцы, сціснуў пасму ў кулак ды ірвануў так, што на вачах выступіла вільгаць. Далейшы рух быў паралізаваны. Раскручваць павязку тут, сярод бруднага снегу ды талай вады, было б дурас-
цю. Месца, дзе можна было б гэта зрабіць у адносна спрыяльныхумовах, удасягальнасць зроку не трапляла. I ў момант, калі я збіраўся завыць ад роспачы, ззаду пачуўся грукат капыт.
Так, гэта было неабачліва, але я запаліў налобнік і выйшаў на сярэдзіну гасцінца, маючы намер спыніць вершнікаўлюбой цаной. У галаве заварушылася ваганне, ці не зняць з пляча дубальтоўку і ці не сустрэць коней са зброяй у руках, бо гэта паскорыць камунікацыю. Але пасля здарэння на запраўцы штосьці ўкалола перасцярогай. He варта кранаць стрэльбу, калі не гатовы з яе страляць. Прылада забойства не дапамагае размаўляць. Гэты ручаёк думак захаваў мне жыццё. Бо, калі б я цэліўу абоз, мяне б завалілі, не збаўляючы хуткасці.
Неўзабаве па гуках я разабраў, што коні ідуць галопам, што іх чатыры, а пабачыўшы ў месяцовым святле чорную пляму, што імкліва неслася мне насустрач, зразумеў, што чэшуць не вершнікі, а дзіўнаваты тарантас.
— Стойце! Спыніцеся! — залямантаваў я.
— Прэч! Страляцьмем! — крыкнулі мне ў адказ. Я пабачыў рулю “Калашнікава”, скіраваную мне ў лоб.
Другі голас крыкнуў:
— Зважай, ён бяспечны! Стрэльба за спінай!
Павозка пранеслася міма, рэзка ўзяла ўправа і спынілася. Скінуўшы са спіны заплечнік і дубальтоўку, я з узнятымі дагары рукамі рушыў да карэты. Тарантас быў зроблены задняй часткай антыкварнага “Гольфа”. Капот з рухавіком, пярэдняя вось з трансмісіяй, сядзенні былі акуратна знятыя з кузава. Ад машыны застаўся толькі кумпяк з задняй воссю, крэсламі ды багажнікам. Калісьці гэты “Гольф” быў двухдзверным, што дазволіла прыварыць да металу пад пасажырскімі вокнамі раму, на якую чапляліся аглоблі. Канструкцыя выглядала зухавата, але надзейна. Хай сабе пад вагой сядзельцаў, яна прасела на амартызатарах амаль да зямлі.
Наперадзе адфырквалася чацвярня коней. Пуга фурмана тырчала побач з пасажырамі на канапе над задняй воссю.
— Вырубі святло! — загадалі з салона і, як толькі я падпарадкаваўся, заляпілі мне ў твар адразу двума светлавымі струменямі.
— Гэта ж Кніжнік! — кракнуў з салона хрыплаваты галасок, які падаўся мне дужа знаёмым.
— Падобны, — з сумневам адказаў яму другі, маладзейшы і суровейшы.
— Што, Кніжнік, мусіў-такі ў скіфы падацца? — з незласлівым здзекам запытаў першы.
У арбе запаліўся дыёдны ліхтар. Ён раскінуў плямы мёртвага бялюткага ззяння па тварах ды адзенні самай дзіўнай кампаніі, якую толькі можна было сустрэць пасярод поля на мяжы паўднёвых пустак на шляху да Горада Святла. Пасярэдзіне, заціснуты ды скурчаны, сядзеў Бурмістр. Ягоны твар змяніўся з той пары, калі мы бачыліся. Тады ён нагадваў выяву неапазнанага князька з медзяка дзяржавы Ганзейскага саюза. Цяпер аблічча больш нагадвала старызніка, які прыгандлёўвае медзякамі эпохі Ганзейскага саюза на флюмаркеце вестфальскай вёсачкі. Ці нават да аптавіка, які пастаўляе старызніку адціснутыя на найбліжэйшым шроце ды штучна акісленыя мядзяныя манеты для падману турыстаў. Веліч, якой і не было зашмат на гэтым твары, канчаткова развіталася з Бурмістрам. Цяпер я глядзеў у твар камічнага акцёра, які спрабуе сябе ў драматычным амплуа. За Бурмістрам сядзела жанчына, а бліжэй да мяне, з пугай фурмана і “Калашнікавым” — Манька. На ягоным твары было некалькі свежых кровападцёкаў.
— Якія людзі! — я шырока ўсміхнуўся і апусціў рукі, пабачыўшы, што Манька схаваў аўтамат за спіну. — A я прачытаў, што вы ў турме!
Зрабіўшы крок да машыны, я заўважыў, што крышка багажніка ўзнятая, падпертая бліскучымі цыліндрыкамі, якіх было напхана ў кумпяк “Гальфа” вельмі шмат. Выглядала, карэта прасела не толькі праз пасажыраў, але і праз важкі груз. Плямка ліхтара лягла таксама на клятчастую торбу, якая мне падалася вельмі знаёмай.
— Пераварот у нас здарыўся, — прыніжана ўсміхнуўся Бурмістр. — Я думаў, што ўсе людзі за мяне. A яны, аказваецца, увесь гэты час хацелі не дэмакратыі, а моцнай рукі.
Ён кінуў хуткі позірк сабе за спіну, туды, дзе над багажнікам блішчэў нагружаны цынк.
— У людзей ніхто не пытаў. Была дэмакратыя — хацелі дэмакратыю. Настала дыктатура — хочуць дыктатуру, — растлумачыў сваё бачанне падзеяў Манька. — У каго зброя, той жаданні народа і вызначае.
— Але свабода! Я думаў, яны будуць біцца за свабоду! — бурмістр няўлоўным жэстам падціснуў крышку, але тая ўсё роўна працягвала сядзець коса, дазваляючы пабачыць груз.
— Мусім ехаць, — каротка распарадзіўся Манька.
— За свабоду б’юцца толькі тыя, хто яе ўсвядоміў, — сказаў я. — Прыгадайце Касандру. Мабыць, замала свабоды было пры вас, пан Бурмістр. Ці гэта толькі называлася так — “свабода”.
Я паглядзеў на вартага жалю старога за шклом, ды пашкадаваў пра свае жорсткія словы. Як асоба ён склаўся яшчэ ў тым свеце. Пасярод хабараў, дзяржплана ды “пяцігодак”. Ён спрабаваў быць лепшым за папярэднікаў. I зрабіўусё, што мог, сваім наменклатурным мозгам. А свабода — гэта не валасы. Яна хутка не вырастае.
Бурмістр замест таго каб тлумачыць сваё разуменне свабоды, проста адхіліўся ў бок. I я пабачыў твар жанчыны, і то была зусім не сакратарка Магдалена.
— Гэта вы? — выкрыкнуў я, але Касандра не пажадала зірнуць у мой бок.
— Вельмі нам дапамагла, — пахваліў яе Бурмістр. — Па ўласным жаданні зрабілася нявольніцай Намесніка, скрала ключы ад турмы. А ты кажаш: “свабода”.
Я міжволі зыркнуў на цынк у багажніку.
— Трэба ехаць. За намі пагоня, — падганяў грамаду Манька.
— Мы як ад фермы выехалі — увесь час нервуе, — рагатнуў Бурмістр. Усё яму нейкія коннікі мрояцца.