Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
— Яна — чалавек. Проста перакінуўся ў сабаку, — мяне панесла: сутыкнуўшыся з перспектывай страціць лекі, я пайшоў ва-банк. Калі зразумеў, што менавіта ляпнуў, вяртацца было позна, заставалася толькі несціся наперад, зажмурыўшыся. — У нас у Грушаўцы ўсе так робяць. Мы навучыліся гэтаму ад неўраў.
Далей адбылося нешта незразумелае. Цэльнаметалічная лэдзі, якая мусіла засмяяцца мне ў твар і спусціць мяне з драбін ударам нагі, раптам зацікаўлена сабрала бровы ля пераносся ды сур’ёзна спыталася:
— I складана гэта? Можаш навучыць?
Я не ведаў, як адказаць. Розум настойваў, што трэба даць задні ход і растлумачыць, што я выказаўся фігуральна, і Герда проста такая ж важная для гэтага свету істота, як і чалавек. Але досвед, падораны дарогай, нашаптаў, што варта трымацца версіі, якая падзейнічала.
— Я сам не ўмею. Але калі сабуля выкараскаецца, яна вас навучыць.
— Ну, тады добра, — Старшыня кіўнула. Мне падалося, яна пачала паважаць мяне болей пасля той бздуры, якую я ёй сказаў. — Нож у цябе, думаю, ёсць, не зусім жа ты дурны. Нажніцамі прыбярэш лахманы мяса з касцей. Перад пачаткам зацягні вены жгутом. Костку пілаваць — ці ёсць патрэба?
Ад аднаго пытання мне зрабілася млосна, я пахістаў галавой. Будзем лічыць, што патрэбы пілаваць костку няма. I ніколі не ўзнікне.
— Пасля аперацыі пачнеш калоць цэфазалін. Тая ж доза, што з навакаінам. Ін’екцыі ўнутрымышачна, кожныя шэсць гадзін. Хопіць на поўны курс.
— Слухайце, — я глядзеў на шпрыц, нажніцы ды пляшачкі лекаў. — Я разумею, вы вельмі занятая. Але ці не маглі б вы дапамагчы мне? Бо вы, я гляджу, дасведчаны медык.
— Гэта я дасведчаны медык? — Старшыня вагалася літаральна секунду. — Проста я мушу тут кіраваць усім. У аднаго з нашых зуб забалеў, трэба было вырваць. He вельмі атрымалася. Яміна загнаілася, дык да цэфазаліну інструкцыю давялося чытаць.
— Ну вось! Вы хаця б абязбольванне зрабілі б!
— Ты не зразумеў, бадзяга! — яна сціснула зубы, і яе скулы напяліся. — Я стварэнням са звышздольнасцямі аперацый не раблю. Бо можа быць балюча. Той, з зубам, дык дагэтуль мяне баіцца. He хачу, каб мяне твой сябар у сабачы кал пераўтварыў.
Mae хітрыкі абярнуліся супраць мяне. Чакана.
— Добра. Колькі гэта будзе каштаваць?
— Паўтары тысячы зарадаў, — яна адказала так, быццам папярэдне зверылася з друкаваным меню. — Задатак не менш за тысячу, астатняе можаш данесці пазней.
— Колькі? — выдыхнуў я агаломшана.
— Паўтары тысячы. Гэта сабекошт, калі набываць на запраўцы. А што такое? — яна пакрыўджана выпрасталася. — Ты думаеш, я нагрэцца хачу? На леках?
Я скінуў пляцак, такі лёгкі цяпер, і стаў вытрасаць запасы цынку, што засталіся ў ім. Старшыня збірала іх у кубы па сто “зарадаў" (так яна называла батарэйкі) і ссоўвала да краю стала. Падлік не заняў шмат часу, бо
этап, на якім я быў невымерна багаты, даўно мінуў. Тысяча трыста дваццаць дзве адзінкі. Старшыня глядзела на мяне з жалем.
— I далёка ты з такім запасам ісці надумаў?
Mae планы ўжо даўно сталі выглядаць настолькі па-дзівацку, што паведамляць пра іх людзям, якія надзейна стаяць на зямлі, не выпадала. Я сумна пачасаў падбароддзе:
— Добра. Давайце я вазьму толькі навакаін і палову антыбіётыкаў.
— I як ты без грошай пацягнешся?
— He маю патрэбы ў цынку. У Горадзе Святла жыве чалавек, які вінны мне капітал, — я зноўку збрахаў бо баяўся, што яна забярэ навакаін.
— Бяры ўсе лекі, бадзяга. Бяда антыбіётыкаў у тым, што яны не дзейнічаюць, калі не ўвесь курс спажывеш, — яе вочы свяціліся амаль злосцю, калі яна агучвала гэтае добрае рашэнне. — Калі-небудзь вернешся да нас у элеватар і навучыш мяне перакідацца. Як навучышся сам. Лячы свайго сабачку!
Я спускаўся разгублены. Дабро ў людзях заўжды ўражвае больш, чым зло. Яго неяк меней чакаеш.
Тое, што было далей, нагадвала дурны сон — так бывае з непрыемнымі рэчамі, якія лёс вымушае цябе зрабіць толькі адзін раз. Герда спала з напаўадкрытымі вачамі — будзем называць гэта сном, хаця, магчыма, словы “непрытомнасць” ці “ліхаманка” пасавалі б лепей да бельмаў закочаных зрэнак. Я памыў рукі. Памыў нож і нажніцы, змазаў іх рэшткамі “Тычэрсу”. Заслаў ложак цэлафанавым пакетам, у якім насіў запасныя майкі. Дастаў шпрыц. Зрабіў дзве ін’екцыі ў тканіны вакол меркаванага адрэзу. Затуманены розум задаўся пытаннем, ці варта калоць навакаін у ссохлы ды зжаўцелы ступак, ад якога смярдзела гніллю, але я своечасова ачомаўся, зразумеўшы, што нерваў там ужо не засталося.
Пасля надрэзаў скуру па коле — гэта нагадвала аддзяленне кавалкаў пухнатага кіліма. I вось за гэтае неадушаўлёнае ўспрыманне і варта трымацца. Дык вось, пад кілімам агаліліся сухажыллі, яны нагадвалі танюткія рознакаляровыя стужачкі, адны — ружавейшыя, іншыя — бялейшыя, далей, за імі, была электраправодка — сіняватая ізаляцыя, зробленая хутчэй за ўсё з пластыку, ці з чаго там раней выраблялі ізаляцыю да правадоў. Як толькі я ўскрыў адзін з правадкоў, адтуль лінула — не, не мядзянымі правадамі, а гарачай, пульсуючай, чорнай згушчонкай, і запахла, як на рынку, — там, дзе гандлююць тушамі, і адбылося гэта праз тое, што я забыўся пра жгут. Слізкімі ад крыві рукамі я намацаў гумку ды з трэцяга разу здолеў абвязаць ёй лапу, але зацягнуць было складана, пальцы коўзаліся па ліпкім ад крыві жгуце, а крыві рабілася ўсё болей, добра, што заслаўчужы ложак цэлафанам, і вось пульсацыя з проваду спынілася, я разануў далей, там было фарфоравае донца, пабітая ступка з белай керамікі, я счысціў аскепкі ды, паддзеўшы нажом, вышчаўкнуў сапсаваную рэшту — і Герда раптам гучна заскуголіла, не прыходзячы ў прытомнасць, і вось менавіта ў гэты момант, калі ссохлы, мёртвы ступак, павіс на маім нажы, мне нарэшце зрабілася блага.
Ніякіх там танных штук з кружэннем галавы ці пацямненнем ў вачах. Проста ў пакоі зрабілася занадта душна. He горача, а менавіта задушна. Я ўдыхаў, удыхаў на поўныя лёгкія, але гэтага не хапала, каб падлога перастала сыходзіць з-пад ног, а ком знутры растаў Калі насланнё скончылася, я ачомаўся седзячы, з выцягнутымі ўверх рукамі — нават непрытомны, я баяўся дарэмна дакрануцца да чагосьці і страціць умоўную дэзінфекцыю на далонях. Ачуняўшы, я нечакана спрактыкаванымі рухамі завязаў вены, зашыў
скуру, сфармаваўшы вакол косткі акуратную куксу. Нарэшце, я зняў жгут, укалоў цэфазалін, зрабіў зберагальную перавязку.
Памыў рукі і сеў побач з сабуляю. I не заўважыў, як вось так, седзячы, заснуў. Прачнуўся з адносна свежай галавой, але не здолеў разбудзіць яе. Герда дыхала каротка і была такая ж гарачая, як і да аперацыі. Як я ні чухаў загрывак, як ні клікаў — дзявулька не прыходзіла ў прытомнасць. Я зрабіў яшчэ адну ін’екцыю цэфазаліну, пачынаючы разумець непазбежнае.
Я гладзіў Герду па галаве і распавядаў пра цуды, пабачаныя ў папярэдніх вандроўках, пакуль яна не памерла. Калі б я не выйшаў з Грушаўкі, Герда пражыла б значна даўжэй. Я быў вінаваты ў ейным заўчасным сконе, прычым, вінаваты шмат разоў: мая віна былаў тым, што яна трапіла ў пастку, што я не дапамог раней, здабыўшы неабходныя лекі на запраўцы.
Пра што я думаю, калі ўсведамляць усё вышэйзгаданае робіцца невыносна?
Пра тое, што Герда пабачыла зноўку Месяц і зоры. Пра тое, як яна падымала нос і прымружвала вочкі, упершыню адчуўшы ветрык на сваёй поўсці. Бадай, сам я памяняў бы на гэта некалькі гадоў свайго жыцця.
Трэці
СШЫТАК
Раздзел першы
П'ЕРАЛІЎШЫ ВАДУ 3 РУКАМЫЙНІКА Ў ТЭРМАС, Я пакінуў на стале шклянку з нескарыстанымі антыбіётыкамі — пойдзе ў залік недаплаты за лекі. Засунуў стрэльбу ў заплечнік, прыклад упёрся ў донца, а руля схавалася да сярэдзіны. Ісці так будзе зручней. Але прыгадаў пра монстра, ад якога мусіў бараніцца ў тумане, і задуменна перамясціў зброю з плецака на плячо: так бяспечней.
Узяў сабулю. Яна падавалася цяжэйшай. Выйшаў з ёй на руках. Мяне адразу абступілі маўклівыя постаці хлебаробаў — нейкім чынам вестка пра маё гора разнеслася па пякарнях ды элеватарах. Нехта ляпаў па плячы, нехта завёў дураслівую гісторыю, якая мусіла ўзняць настрой.
— У мяне таксама раней кот быў, — казаў бадзёры галасок з натоўпу. — Ды не просты, а электрычны. Да жонкі маёй ласціўся, а мяне ўвесь час токам біў. Бо ў мяне ад рук салярай пёрла, і не хацеў ён, каб я яго жмякаў. А я катоў з дзецтва люблю.
Плойма скіроўвала мяне за вароты паселішча, дзе трохі далей бачныя былі сілуэты некалькіх старых дубоў. Апавядальнік працягваў:
— Як ні крану — пстрыкае і пстрыкае. He тое, каб надта балюча. Але непрыемна. Мой жа кот. Як яго не жмякнуць? Нашто ён тады? Дык быў у нас у АПК мужык вучоны. Ён нават тэхнікума скончыў. Інтэлі-
гентны чалавек. Аграном. Дык ён з прыборчыкам ка мне прыйшоў, і сталі мы таго ката мераць. Мераў ён, мераў, а я, значыць, дзяржу. Ну, і гаворыць: “У ката твайго розны патэнцыял на вушах вытвараецца. Кожны раз, калі ты яго бярэш. I калі далонню па галаве праводзіш, кшталту маленькага кароткага замыкання праісходзіць. Электрычны кот. Як электрычныя рыбы бываюць, пстрыкаюць, каб рыбакоў патравіць”.
— I як вы яго вылечылі? — спыталіся ў гаваруна.
— А ніяк. Калі цемранула — ён знік. Я шукаў яго, цікава мне было, ці засталася ў каце электрычнасць. Калі ў целевізары яе не стала. Ну, а потым жонка мне данесла, што гэта суседзі яго спаймалі. I з’елі. Разам з загадкай. Аграном сказаў: кот Шродзінгера.
Мы выйшлі пад дубы, я пабачыў аднолькавыя драўляныя абеліскі з шыльдачкамі і зразумеў, што праз аддаленасць ды збяднеласць паселішча, нябожчыкаў тут дагэтуль хаваюць, а не паляць. Яны не баяцца рабаўнікоў могілак, не чулі пра продаж майна пахаваных — у мінскіх полісах нейкі час таму томбрайдарства было папулярнай прафесіяй.
Пад галінамі старога дрэва ўжо была падрыхтаваная яміна. Хлебароб, у якім я пазнаў Петрака, скочыўуніз і прыняўу мяне з рук цела. Іншыя, натрэніраваныя на зернятоку, узяліся за шуфлі і за некалькі хвілін закідалі глінай маю дзявульку. Побач вымаляваўся Кухар. I, пакуль мы вярталіся да агароджы працоўнай вёскі, суцяшаў мяне так:
— Як гэта ні банальна, але варта даць крыху часу. Усё загоіцца. Трэба толькі перачакаць. Лепш за ўсё пабыць сярод людзей. Будзем радыя дапамагчы з працай. Заробкі ў нас не надта, але колькі зарадаў з сабой можна знесці.