Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Ён пакруціў галавой, быццам шукаючы рэч, патрэбную для працягу размовы, потым заўважыў торбу ля ягоных ног, паклаў яе на калені ды працягнуў:
— Ля смарагдавай зоркі, якую вы ўжо, напэўна, заўважылі на даляглядзе, ёсць агароджанае сеткай поле. Там застрашальныя знакі, але не звяртайце ўвагі на іх. Вежу падпірае дванаццаць тросаў, на кожным ліхтар свайго колеру. У бетонным фундаменце рубінавага тросу ёсць спуск, пры ім — кораб з кодавым замком. Там трэба набраць: “тры, чатыры, дзевяць,
пяць, восем, шэсць, дзевяць” — гэта адкрые праходку ў сутарэнні, дзе і жыве Аракул.
Я заварушыў вуснамі, запамінаючы лічбавую камбінацыю. Запісаць яе не было на чым, калі не прымаць да ўвагі скарб, які я насіў ля сэрца ў візітоўніцы. Ён дакладна не прызначаўся для занатовак. Самуэль падхапіўся, трымаючы скураны кофр ля грудзей — ён зрабіў гэта так нечакана, быццам па яго прыехаў “Харлей”.
— Але час мне ўжо ісці.
Я здзіўлена развёў рукамі. Калі ніхто болей не носіць гадзіннікі, немагчыма кудысьці спазніцца. Да таго ж, ён абяцаў, што дождж неўзабаве скончыцца, таму незразумела, куды ён імкнуўся, пакуль ліло ў дзве ноздры.
— Пачакайце, вырушым разам! — прапанаваў я “Мішу”.
— О не! Табе трэба адпачыць. Там, — ён кіўнуў на вокны пакоя, што месціўся за тэрасай, — знойдзеш ложак. Ён аплачаны на адно поўнае сненне, але я не скарыстаўся ім. Адпачні, як след. Заўтра цябе чакае доўгі пераход. Да таго ж — знаёмства з Аракулам. Лепей быць паспаўшы. Ну, а я — развітваюся!
Каўбой кіўнуў, прытрымаўшы капялюш пальцамі правай рукі, ды ўпэўнена зрабіў крок пад вадаспад. Секунда — і ён зрабіўся нябачны ў чорных струменях, што абрыналіся з нябёсаў. Я паспеў адзначыць, што ў гэтага дзівака не было наогул аніякай зброі. Пакуль ён сядзеў побач, я думаў, што ягоны рычажны вінчэстар, напэўна, чакае яго ў пакоі, а калі ён рушыў прэч, не паспеў спытаць, як яму выжываецца без добрай стрэльбы.
Я запіхаў у сябе рэшту ласунку — калі знікла неабходнасць манернічаць, рыба з бульбай падалася яшчэ больш смачнай. Я вымыў рукі пад дажджом і асцярожна зазірнуў у пакойчык. Было адчуванне, што як
толькі я прайду сюды, адразу ж з’явіцца выбівала ў белай кашулі, які моўчкі скарыстае маё цела для адпрацоўкі баявых прыдушэнняў, прабіванняў ды абдзіранняў. Але за дзвярыма я знайшоў цёплы і сухі пакой у стылістыцы вінтажнага хюге: драўляны ложак, мядзяная ванна з — о цуд! — гарачай вадой, ільняныя прасціны, масіўныя шафы, дзе замест вопраткі арганічна глядзеліся б карабельныя якары.
Ложак быў неразабраны, са стопкай бялюткіх махнатых ручнікоў. Зацягнуўшы ў пакой заплечнік, дубальтоўку і вогкае паліто, я адразу ж аддаўся занятку, у які непазбежна паглыбляецца прафесійны бадзяга, як толькі знаходзіць камфортнае, сухое і цёплае лежбішча з гарачай вадой. I вы — не вандроўнік і не ведаеце цяжару валацужнага жыцця, калі падумалі пра гарачую ванну з адданым ляжаннем у чысцюткім ложку з выпрастанымі нагамі і неабцяжаранай спінай.
Ды дзе там! Маркотны занятак, які чакаў мяне, называўся памытушкамі. Мне трэба было змыць дарожны бруд ды пот з цішотак, кашуляў шкарпэтак, і усё было хораша і нават весела, пакуль я не зняў з сябе швэдар і не акунуў у балею яго. Пакуль не пабачыў, як успыхнулі ружова-рубінавым плямы, што засталіся на ім пасля гаротнай аперацыі. I тады, вось толькі тады, седзячы ў цяпле, пасля сытнай вячэры, з планамі на адпачынак, я горка заплакаў і не мог спыніцца, гледзячы на кроў і прыгадваючы сабульку.
Адціснуўшы вопратку, я развесіў яе па драўляных крэслах ля гарачай грубкі. Калі справа была завершаная, я быў такі стомлены, што ледзь прымусіў сябе залезці ў ванну, каб нарэшце змыць і з сябе дарогу. A дакрануўшыся галавой да свежай навалачкі на падушцы, я адчуў водар пральнага парашку і далікатнай парфумы і адзначыў перад сном: “Айцец Дажджу” быў стойбішчам класа дэ люкс.
Я добра выспаўся, у сненнях працягваў размовы з Самуэлем, і не змог бы адразу вызначыць, пра што ён казаў сам, а што насніў я. Хаця так бывае, калі рэальнасць выяўляецца больш ветлівай, чым ты пра яе паспеў падумаць. Ці калі сустракаеш знаёмцаў, якія б болып пасавалі свету сненняў.
Падняўшыся з ложка, я адчуў змены ў гукавой карціне прыцемкаў за дзвярыма. Раскрыў створкі і кіўнуў так, як ківае параноік, які набыў кілаграм піханай пальцам кілбасы і кантрольна ўзважвае яе дома, запэўніваючыся, што прадукт важыць роўна столькі, за колькі і было заплачана, а яго не падманулі ні на грам. Дажджу на двары не было. За тэрасай стаяла звычайная начная ціша. Гэта быў яшчэ адзін момант, пасля якога вельмі дарэчна было б прачнуцца.
Раздзел другі
ЯА ВЕРАНДЗЕ ЧАКАЎ ПАПЯРОВЫ СКРУТАК 3 Эмблемай “Айца дажджу”, адціснутай на сапраўдным чырвоным сургучы. Прамацаўшы паперу, я апазнаў два цеплаватыя ланч-боксы з мяккага пластыку. У такія раней рассыпалі кітайскую ежу нятанныя рэстарацыі з дастаўкай.
Адзначыў, наколькі гэта ўдалы спосаб ветліва сказаць госцю, што яму ўжо час змотваць вуды: з аднаго боку, цябе ніхто не гоніць у шыю, нават прапануюць ежу ў дарогу. 3 іншага, калі затрымаешся надоўга — ежа састыне, а сам факт запакаванасці красамоўна сведчыць пра спадзеў кухара і гаспадара, што частавацца ты будзеш ужо газануўшы.
Грубка высушыла вопратку, таму, хутка запакаваўшыся, я выступіў у цемру. Зараз, калі дождж скончыўся, была добра бачная зорка Аракула, хаця Месяц і частку сузор’яў усё яшчэ накрывала хмарына. Самуэль неяк здолеў прадказаць, што паліваць перастане, але, як і ўсё на нерухомых нябёсах, хмара не зрушыла анікуды. Увесь ветрык застаўся ў раёне запраўкі, у вільготным лесе панавала маўклівая задуменнасць.
Першая частка шляху прайшла ў баданні двух базавых жаданняў: прайсці як мага болей не стаміўшыся, альбо ўсё ж зазірнуць, што ж мне прыгатавалі такога цёплага, пакуль яно не састыла. “He спяшайся, бздыр, бо як нажарэшся — ісці будзе цяжэй”, — шыпеў я
ўнутранаму геданісту. “Вось папсуецца смакоцце — будзеш кару з соснаў грызці! Трэба хаця б зірнуць, што там!” — гарлаў геданіст схімніку. Геданіст, канечне ж, перамог — ён заўсёды перамагае ў дарозе, пакуль турботы доўгага шляху не зрэжуць з яго апошні тлушч і не зробяць роўным аскету. Самым складаным было знайсці сухое месца для прывалу, бо зацяжны дождж вымачыў тут кожны сантыметр, і ўжо выйшаўшы з-пад хмары, я праставаў уздоўж ручаёў, што расцякаліся ад “Айца Дажджу”.
Нарэшце я выйшаў да хутара — чатыры хаты, тры з закалочанымі вокнамі, адна, выглядае, была заселенай на момант Зацямнення. На плоце намалявана нешта белым балончыкам, я запаліў святло і пабачыў дзве кропкі і скіраваную ўніз куточкамі дужку. Сумны смайлік — здаецца, гэты значок некалі называлі так. На ўсялякі выпадак абмацаў кволую зжаўцелую траўку светлавым слупком — каб не трапіць у пастку ці на расцяжку. Зрэшты, штосьці ж мастак меў на ўвазе, выяўляючы пячатку суму менавіта тут. Дзверы былі замкнёныя, ламацца ў хату, маючы гатовы пакунак з цёплай ежай, не мела сэнсу, таму я накіраваўся да дрывотні. Вогнішча было накрытае лістамі шыферу, пад навесам было палена з уторкнутай сякерай. Я выцягнуў калун і, не здымаючы стрэльбы з плячэй, сеў на сухую плаху.
У скрутку выявілася калекцыя рысавых пельменяў залітых сычуаньскай поліўкай. Мяса мела смак сапраўднай свініны, шчодра запраўленай перцам і травамі. У другім боксе знайшоў кісла-салодкую локшыну з кавалачкамі, што мелі фактуру кураціны. Да ўсяго дадаваліся эстэцкія палачкі з лакіраванага кіпарысу. Усмоктваючы кітайскую вермішэль, я пабачыў новую выяву сумнага смайліка на адным з дубовых слупоў агароджы вогнішча. Тут знак ішоў поруч са стрэлкай, што паказвала кудысьці за клады дроваў.
Цмокаючы локшынай, я запаліў налобнік і праціснуўся ў шчыліну паміж плотам і дрывотняй. Гэта была сцежка, што вяла за агароджу. Я ўжо збіраўся вяртацца назад, калі святло ўперлася ў прастакутны правал у зямлі. Я падышоў бліжэй і заўважыў дубальтоўку, што ляжала ў чэзлай траве ля яміны. Справа былі насыпаныя два капцы ў форме трунаў. Пясочак на іх месцамі абсыпаўся, але формутрымаў. Светлавы слупок намацаў крыжы — спачатку адзін, потым другі, габляваная сасна, чатыры цвікі, аркушы бяросты, па якіх вугельчыкам выведзеныя подпісы. На першым крыжы: “Галіна, жонка”. На другім — “Сняжана, сястра”. I гады жыцця, з аднолькавым годам смерці, — тым, калі сцямнела і час спыніўся. Галіне — 84, Сняжане — 92. Закінуўшы палачкі ў бокс з локшынай, я наблізіўся да яміны і заўважыў, што ля яе ўзгалоўя таксама ўсталяваны крыж, подпіс на перакладзіне паведамляў: “Дзед Васіль”, на момант смерці — 89. Ніжэй быў адрыў бяросты з маленькімі літаркамі, накрэмзанымі абы-як. Давялося абысці земляны адвал з уторкнутай рыдлёўкай ды стаць усутыч з крыжам, каб мець магчымасць разабраць:
Ня мам што есць Ня мам за што купіць Няумем так жыць
Прачытаўшы — адступіў і абапёрся на рыдлёўку, яшчэ не да канца ўсвядоміўшы, што тут адбылося. Тут пабачыў яшчэ адзін жаласлівы смайлік, выведзены белым проста на траве. Дзве пустыя гільзы ад дубальтоўкі знаходзіліся ля ягоных “вачанятак”.
Нарэшце я здагадаўся падсвяціць нутро ямы, ды выраніў локшыну на зямлю. У незакапанай магіле святло выхапіла боты і лінялае старэчае галіфэ ня-
божчыка, які мусіў быць тым самым “Дзедам Васілём”. Я паспеў заўважыць муміфікаваную руку — схуднелую, жоўта-чорную, бы ў разбінтаванага егіпецкага фараона. Адразу ж адвярнуў ліхтар убок, каб не турбаваць нябожчыка і не глядзець на гэта.
Падняў ружжо, пераламаў яго. У рулях — два патроны. Адзін стрэляны, другі цэлы.
Ня умем так жыць.
Слупок святла зноўку ўпёрся ў выведзены на траве смайлік. Масляністы росчырк белым пульверызатарам пераўтвараў сцэну патройнага суіцыду ў твор сучаснага мастацтва. Гэта быў не проста заклік звярнуць увагу на важную дэталь, што тлумачыць расклад. Гэта быў подпіс мастака. Пад творам у жанры appropriation, які ён стварыў з чужога гора. I ўсе астатнія, хто тут быў, прыходзілі, хісталі галавой ды ішлі далей, кранутыя “мастацтвам”. Яны паводзілі сябе як гледачы, наведнікі галерэі, а не як людзі. Такая трапная дэманстрацыя таго, у што пераўтварыўся арт перад тым, як культура знікла. Hi спачування, ні чалавечнасці. Толькі гульня на пачуццях. Толькі сумныя смайлікі. Ці вясёлыя — што адно й тое ж. Intsagram-этыка, selfie-спагада.