Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч

Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
“На запыт братоў насельнікаў Братэрства Аўтаз тэрыторыя з мэтай навядзення парадку ўзятая пад кантроль Народнай Дыктатурай Кальварыя. Рада Аўтарытэтаў распушчаная, кіраўніцтва здзяйсняе Упаўнаважаны Намеснік Народнай Дыктатуры Кал.ьварыя".
— Вось і даджэнтрыфікаваліся! — пракаментаваў Аракул. — “Хто быў братком — хай стане братам”, — перадражніў ён аўтазаўскіх пацыфістаў. Толькі фізічная сіла! Толькі кроў! Дзікім трэба моцную руку на шыю! У каго болей зброі, той і будзе ўладарыць над імі! Забівай, заціскай, запалохвай — не прайграеш!
Як і ў выпадку з затапленнем, мне падалося, што Чапля не асуджае, а хутчэй ухваляе жорсткасць. Цікава, ці быў ён такі да таго, як лёс прывёў яго за пульт кіравання рэальнасцю.
— Здаецца, задача чалавека — пашыраць межы дабра. А не рабіць свет дурнейшым, — змрочна выціснуў я. — Вы б маглі перадаць, што Аракул асуджае лютаванне Кальварыі. I людзі прынамсі пачалі б біцца з дыктатурай.
Ён гучна заржаў ды пляснуў у ладкі. Рэха ад гука панеслася па бетонных калідорах. Потым бліснуў на мяне вясёлым вокам. Зразумеў, што я не жартую. Зрабіўся сур’ёзным. Пакасіўся на вінтоўку і ветліва спытаў:
— Я вось забыўся ўдакладніць. Вы чаго б хацелі ад мяне? Якое ў вас жаданне? Бо ў тых, іншых, былі жаданні. Я звычайна пытаюся пасля таго, як усё пакажу і ўжо гатовы весці наверх.
Маё жаданне цяпер палягала ў тым, каб нямоцна яго пабіць. Так, каб на дупе засталіся сінякі, але без крыві,
без крыві. Але Ананас быў бяззбройны і ў бойку не лез. Таму я, дыхаючы праз нос, абышоў працоўны стол і наблізіўся да лежака. Спытаў, без асаблівай цікаўнасці:
— I пра што яны прасілі? Mae папярэднікі? Якіх дасылаў Пастух?
— Друті папрасіў даць яму клавіятуру. Хацеў напісаць што-небудзь ад сябе. Перадаў нейкую дурасць. Пра экспедыцыю брытанскіх вучоных, якія выйшлі да краю зямнога драніка. Я так зразумеў ён сам раней журналістам быў, а потым яго тэкставым робатам замянілі. Хацеў запусціць сваю апошнюю сенсацыю. Нешта даказваў сабе.
— А першы? — я прысеў за столік, шчоўкнуў выключальнікам лямпы. Тая набіралася святлом вельмі павольна, падсвечваючы цёмна-зялёную вокладку кнігі.
— А першы папрасіў уславіць ягонае імя. Яго звалі “Двуххвосты Барсук”. Я напісаў, што ён здолеў казлакапытага забіць. Ён вельмі шчаслівы выходзіў. Казлакапытага! Забіць! Іх жа ўсе дзікія баяцца! Праз нейкі час з Метэарытных Кар’ераў святлом перадалі, што Барсука знайшлі з ускрытым горлам. Але я прыбраў гэта з ратацыі, далей за маю вежу не пайшло. Каб памяць трывала. Дык а што вам было б трэба?
— Я прыйшоў сюды, бо хацеў паведаміць, што дарога на горад святла ад Запраўкі да Элеватараў перастала быць бяспечнай, — стомлена сказаў я. — Свінагаловыя забілі там трох знаёмых мне людзей.
— Свінагаловыя? — яму і гэта, здаецца, падалося смешным.
Вокладка ў прыцемках падалася мне знаёмай. Фармат А6. Цісненне па франтоне. Невялічкая постаць. Муза, калона. He верачы, я адкрыў кніжачку і ледзь не выгукнуў уголас: што ў яго робіць мой Герадот? Але Герадот быў не мой. Тое ж выданне. Помнікі гістарычнай думкі Акадэміі навук СССР. Але — квадратная пя-
чатка гарнізоннай бібліятэкі паўночна-заходняй акругі войскаў ПВА. I інвентарны нумар. Ды прыклееная кішэнька для карткі чытача. Апошні карыстальнік — падпалкоўнік Кукуй М. П., люты-красавік 1982.
— Герадот? — я зноўку сцягнуў стрэльбу з пляча. — Герадот?!
— А што такое? — спытаў ён з інтанацыяй, з якой людзі звычайна паўтараюць жарт пасля таго, як з яго ніхто не пасмяяўся.
Старанна абмінуўшы вектар стрэлу, ён наблізіўся да століка, узяў томік у рукі. На вуснах лунала павукастая ўсмешачка.
— Герадот, — пацвердзіў Ананас. — Я карыстаўся ім, каб натхняцца. Вы ж уявіце сабе, якая гэта, кшталту, задача: прыдумаць цэлы свет наноў! Галоўнае, калі толькі пачаў перадачы — у мяне ж не было ніякага фідбэку. Дзве вежы найбліжэйшыя працавалі. Са свечкамі, якія сістэма бачыла праз раз. I пісалі, хто ў іх з галадухі акалеў. Хіба цікавы такі свет? Тады я пачаў дадаваць. Пра амазонак. Пра казлакапытых. Мне прыходзіць: ваўкі задралі бедака, які свіней праз лес пераганяў. Я пускаю ў ратацыю: неўры, сука, разарвалі ўзвод салдат! Вось гэта творчасць! Гэта размах! Герадот бы ўхваліў! Ці пішуць: мазурыкі разабралі груз зарадаў. Ахову парэзалі. Я замяняю: казлакапытыя! Казлакапытыя кадыкі людзям павыгразалі! Кроў ручаямі, ажно, сука, булькае!
— Дык усё гэта прыдумка? Скіфы, андрафагі, будзіны? Ал е як тад ы... ?
— А то ж! А хіба незразумела чалавеку з галавой?
Я мацней сціснуў стрэльбу. Ананасагаловы разважае пра людзей з галавой.
— Яно-та, канечне, неяк дзіўна зрабілася. Зараз з месцаў пішуць адразу так: “казлакапытыя зарэзалі”. I далей: “Сляды капытоў у крыві”. I я вось думаю. Гэта ж
дзікія проста перасцалі, праўда? Бо якія “капыты”? Адкуль? — у ягоных вочах мільгнуў цень страху.
У мяне тым часам наспела рашэнне. Я не разумеў, як мог пабачыць у цемры вастравухія свіныя галовы, калі ўсю гэтую лухту прыдумаў дурнаваты зух, пасаджаны магутным дзіваком у вайсковы бункер. Але з ўсім раскладам дакладна трэба было нешта рабіць. I гэтае “нешта” адназначна мусіла адрознівацца ад пушчанага ў ратацыю паведамлення пра героя-Кніжніка, якога не могуць задраць неўры да затаптаць казлакапытыя.
Я ўскінуў вінтоўку, нацэліўшы яе ў ананасную галаву. Павольна падняўся, з асалодай адзначаючы, што страх вымусіў Чаплю сагнуць ногі ў каленах. Паказаў яму руляй рухацца да працоўнага стала. Калі ён павярнуўся спінай, я з цяжкасцю стрымаў жаданне выпісаць яму нагой па азадку. Дыхаў носам. Эмоцыі кантраляваць прасцей, калі дыхаеш носам.
— Сядай за клавіятуру, — загадаў я. Узяў за плячо ды ўціснуў яго рукой у крэсла, калі ён паспрабаваў завіснуць над сталом стоячы. — Пішы. Пішы наступнае: “Добрай ночы, цёмны свет! Мяне завуць Сямён Чапля”. Напісаў? Яно перадалося?
— Трэба на “ўвод” націснуць, — растлумачыў ён тонам экскурсавода. — Вось, я націскаю, бачыце, яно перапаўзае наверх шкла. Перадатчык на вежы пачынае светлавую пульсацыю. Словы зніклі ў вадзе верхняга поля — фраза адасланая.
— Добра. Пішы далей: “Я чалавек, як і вы. Па непаразуменні я атрымаў доступ да гэтага перадатчыка”. Напісаў?
— Так, перадаецца. Але ж святлу ніхто не паверыць пасля гэтага. Уся светлавая кулыура загіне. To будзе хаос! Навошта? — істота, якая пасяліла ў гарады-дзяржавы страх перад няіснымі монстрамі, кінула на мяне пытальны позірк з-за пляча. 0, як жа я хацеў адкінуць
стрэльбу ды настукаць “Хард дэйз найт” на ягоным бубне! Хаця б за эпізод на запраўцы. Але замест гэтага раўнуў на яго басам:
— Пішы моўчкі! Далей: “Неўраў не існуе, будзінаў не існуе, андрафагаў не існуе. Казлакапытых прыдумаў я, Сямён Чапля”. Адправіў? Далей: “Верце толькі таму, што бачыце сваімі вачыма”. Цісні ўвод. Апошняе. Выдай капслокам: “НІЧОГА HE БОЙЦЕСЯ”.
Ён націснуў на ўвод ды абярнуўся. Мы з ім былі занадта розныя. Я не прымаў яго ўяўленняў пра “смешнае” ды “карыснае”, але і ён касіўся на мяне, як на звар’яцелага, не ў змозе зразумець, навошта я спыніў такую весялуху. Па ягоных запаволеных вачах я бачыў, што істота прыдумляе, як дэзавуяваць тое, што запусціў пад маю дыктоўку. Што будзе ў газетах, калі я дасягну Горада Святла? Уяўляю: “Казлакапытыя захапілі Аракула і перадалі на яго паклёп! Але іх перамог Двуххвосты Барсук! I зараз Аракул зноўку вяшчуе праўду!"
— Убок! — загадаў я, узводзячы куркі.
— Што? — ён узняў рукі над галавой, але застаўся на месцы.
I тады я з нечуванай асалодай згроб яго за шыварат і адкінуў ад стала. Крэсла перакулілася, Ананас апынуўся на падлозе і папоўз па дошках ад мяне, закрываючыся рукамі ад стрэльбы. Быццам карцеч, якая з такой дыстанцыі разнясе косткі ў шчэпы, магчыма спыніць пальцамі. Ён лямантаваў:
— He трэба забіваць! Бяры кантроль над сістэмай! Я проста пайду! Цябе Пастух таму даслаў? Каб ты прыбраў Сямёна Чаплю?
Я ўзняў зброю да пляча, упёрся шчакой, прыцэліўся у шкло і плаўна націснуў на спускі. Шчоўк, шчоўк. Якая была б эфектная сцэна. Каб у рулях засталіся патроны. Каб я не дастаў іх, пералазячы праз агароджу. Ска-
заўшы нядобрае слова, я перавярнуў стрэльбу руляй да сябе і нямоцна ткнуў прыкладам у “манітор”. Ён пераўтварыўся ў выбух шкляных пырскаў, вада пралілася на клавіятуру, з якой паляцелі іскры. Святло ў пакоі мільганула, але сістэма вытрымала замыканне. Я паддзеў клавіятуру прыкладам, скінуўшы яе на падлогу. Пасля стаў на яе нагой — тая вытрымала, як вытрымала і ўдар чаравікам. Надзейныя прыборы выраблялі напачатку віртуальнай эры. Узяўшыся за стрэльбу дзвюма рукамі, быццам яна была вялікім пестам для таўчэння крафтавага масла ў ступе, я ўдарыў так, што шрот літарак стрэліў па ўсім пакоі. Яшчэ ўдар — і клавіятура пераламалася папалам.
Задаволена агледзеў учынены разгром. Пераламаў ружжо, намацаў у кішэні паліто патроны, уставіў у ствалы і рушыўу пакой з генератарам. Ананасагаловы, які ўвесь гэты час прасядзеў, закрываючы твар далонямі, ажыў і папоўз за мной па падлозе:
— He трэба! Там страляць не трэба! Бяда будзе, кажу! — вішчаў ён.
Але я быў ужо каля металічнага зубра. Прыцэліўся ў крышку і націснуў на гашэткі. Шандарахнула так, быццам нехта ўзарваў мне галаву. Бетонны каменны мех узмацніў гучнасць грохату, на нейкі час я страціў слых— у вушах загуло, а ў нос шыбанула едкім парахавым дымам. Карцеч прайшла праз метал, выламала камень разам металічнай накрыўкай рухавіка, адрыкашэціла ад сцен ды бліскавіцай мільганула ў мяне ля рэбраў. Ананас стаяў побач і крычаў мне ў твар, але яго было не чутно.
Пасля гэтага зрабілася цёмна і млосна, ногі падкасіліся, і я падумаў, што другая карцечына, відаць, уджаліла мяне, бо на столі і сценах бункера праступілі казачна прыгожыя зоры. I Сямён Чапля быў побач, ён нешта паўтараў мне ў твар, размахваючы сваімі худымі ручыдламі, у якіх як быццам было больш локцяў, чым
у звычайнага, “не творчага”, чалавека. Але слых пачаў вяртацца, і я здолеў падняцца і зразумеў, што не паранены, а Чапля крычаў вось што:
— Генератар падсілковае ўваход! Нельга было страляць! Камяні падтрымлівалі замок! Мы маглі ж так назаўсёды застацца пад зямлёй! У бункеры!
Я патрос галавой — вушы балелі. 3 руляў курыўся дымок.