Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
— Трэба ж розум мець! Хочаш пакараць — карай з галавой! — енчыў былы Аракул. -— Супакойся! Падумай, а пасля рабі! Сталін казаў: помста — страва, якую трэба есці халоднай!
Перажыўшы так шмат, ён быў цяпер настолькі ўзрушаны, што нават перастаў мяне баяцца. Давялося зноўку пераламаць стрэльбу і, каб доўга не мучыцца з заплечнікам, зарадзіць той патрон, які я выцягнуў са стрэльбы дзеда-самагубцы. Чапля змоўк, пазіраючы на мяне з асуджэннем.
— I што мне зараз рабіць? Куды ісці? — ён пытаўся так, бы я — бессардэчны ўладальнік радыёстанцыі, які толькі што звольніў самага рэйтынгавага дыджэя.
— Ідзі прэч, — загадаў я каротка. — Я думаю, сюды ўжо ідуць удзячныя аматары тваёй творчасці.
— Я ж ні халеры не ведаю ў гэтым свеце! — крыўдліва даводзіў ён. — Чым займацца мне?
— Валі ты, дружа, у Элеватары — памятаеш, як іх знайсці? Там праца ёсць — шуфлем махаць, за ежу.
Ён відавочна думаў працягваць спрачацца, таму я ўзняў стрэльбу і дыдактычна навёў яе на дыскваліфікаванага прарока. Ён забурчэў, як пусты страўнік, і, здаецца, акурат мармытаў нешта наконт вайсковых прыпасаў, што можна было б выцягнуць з бункера, бо навокал жа — згаладнелыя вёскі, дзе людзі нават кару з дрэваў паелі, але пачаў адыходзіць спінай, прэч ад мяне.
— Дык гэта. Я, кшталту, не зразумеў, — выгукнуў ён, пакінуўшы дыстанцыю прыцэльнага стрэла. — Што там з казлакапытымі? Іх жа няма, правільна? Іх жа я сам і прыдумаў? 3 Герадота спісаўшы!
— Яшчэ як ёсць! — не збрахаў я. — Бачыў на ўласныя вочы! I сляды, і постаці. Такія чалавека кордам напалову рассякуць! To шчаслівай дарогі!
Дурань знік у цемры. А я застаўся адзін ля згаслага смарагдавага вока, якое стваралася з намерам упарадкоўваць свет, але замест гэтага — падпарадкоўвала яго.
Падумалася, што згаданы Сталін, магчыма, і меў рацыю, што помста, як і любое злачынства, сапраўды патрабуе халоднай галавы. Але ж толькі нягоднік помсціць з разлікам. Толькі падлюка старанна выношвае планы ў адказ на перажытую несправядлівасць. Толькі злыдзень будзе чакаць, пакуль рукі перастануць дрыжэць ад шалу. А добры — кінецца з кулакамі адразу, не пралічыўшы, выдаўшы сябе і свае намеры. Добры рэагуе на зло няўмела, непрафесійна, неахайна. Таму ён і добры. Дай такому чалавеку састыць, узважыць дзеянні, і ён даруе крыўдзіцелю.
Раздзел трэці
П"ерш чым пералезці праз агароджу, я ўзяў манекен ад фальшывай варонкі і падцягнуў яго бліжэй да сеткі. Абвестку пра міны кінуў
побач. Хай усе бачаць, як менавіта бярогся ад “дзікіх” усёведны і найразумнейшы Аракул.
Стаў прадзірацца праз калючы гушчар. Зараз, ведаючы, што лес муціраваў не праз чорную магію, але ад электрамагнітнага выпраменьвання ваенных лакатараў ніякай злавеснай аўры ў дрэвах ужо не адчувалася. Лес як лес. Пасохлы, прыдатны да хуткага збору сухога ламачча. Выйшаўшы на невялічкую палянку, наабдзіраў яловых лапак ды склаў аснову пад вогнішча. Выкрасіў іскру, раздзьмуў агеньчык. Дастаў не даедзеную Гердай бляшанку кацінага ласунку, паставіў яе ў полымя падагрэцца. He тое, каб цёплым харч быў менш гідкі. Але так я меней пачуваўся катом: яны ежу не кіпяцяць. Калупнуў нажом, з’еў некалькі кавалкаў і, сплюнуўшы, адкінуў бляшанку прэч: пакуль я недастаткова скаціўся.
Дастаў мапу і шчоўкнуў аракулавым ліхтарыкам. О, як жа Яго Найсвяцейшаства шкадуе пра свой падарунак! Як жа ён трасецца, ідучы па цёмных палях з непрацоўным налобнікам! Адшукаўшы вежу Аракула, я зразумеў, што прарабіў ладны шлях ад некалі вольнай муніцыпаліі. Яшчэ якіх дзесяць сантыметраў уніз — і мапа Беларусі скончыцца. Давядзецца перасоўвацца,
абапіраючыся толькі на дарожныя пазнакі і расповеды мінакоў. Але да Горада Святла было яшчэ два ці, можа, нават тры сненні. 3 улікам таго, што маршрут наперадзе не ўпрыгожваў россып населеных пунктаў, што абяцалі магчымасць зарабіць на ежу, зноўку варухнулася думка пра вяртанне дадому. Але хутка прыгадаліся навіны, прачытаныя з воднага манітора, і жаданне знікла. Неўзабаве ва ўсіх мінскіх дзяржавах будуць уладарыць камісары-рабаўладальнікі з Кальварыі. Прага моцнай рукі падпарадкавала ім значную частку земляў у межах старой кальцавой. Я прыглядзеўся да дзвюх гарызантальных рысачак, перакрэсленых вертыкальнымі штрыхамі: частакол пачынаўся амаль адразу за Аракулам і цягнуўся ажно да Горада Святла, але не было ніякай магчымасці зразумець, што гэта такое. Як я ні ламаў галаву, уцяміць значэнне гэтай пазнакі я не здолеў.
Закідаўшы вогнішча, я пайшоў да сцяжыны, мабыць, ствараючы шмат хрусту ды тлуму—хай сабе мне і падавалася, што я праслізгваю між дрэваў бы маўклівы цень. Я паспеў толькі высунуцца з гушчару, калі мне ўхрыбеціну ўтыкнулася штосьці цвёрдае, а сталёвы голас загадаў:
— Стой, раз, два!
Я замёр, аўтаматычна ўздымаючы рукі. Азірнуўся, ды не пабачыў нікога. Нават бялкоў вачэй, якія зазвычай цяжка схаваць.
— На калены! — скамандаваў той жа голас, здымаючы з майго пляча зброю.
Я падпарадкаваўся, скручваючы шыю ў спробах зразумець, што за нябачная істота мяне затрымала. Жвавыя пальцы тым часам пазбаўлялі мяне ад заплечніка. Дзівак чалавек! Думае, мяне можна абрабаваць! Думае, я магу пераносіць нейкія каштоўнасці! Захопнік пстрыкнуў святлом і сцягнуў з твару нейкую
прыладу. У светлавых бліках я пазнаў ваенны цеплавізар. Начное бачанне. Такая цацка здавалася ў арэнду на рынку ў Грушаўцы і цынку, выглядае, жэрла не менш, чым Герда кацінага корму. Пяць хвілін каштавалі два поўныя зарады. Але забаўка вартая, я не пашкадаваў чатыры цынкі, каб пабадзяцца дзесяць хвілінак вакол возера, дзівячыся, як выглядаюць чалавечыя постаці ў розных спектрах. Чалавек, што спыніў мяне, мусіў быць вельмі заможным.
Ён абмацаў мае кішэні, знайшоў нож і дастаў яго, расшпіліў заплечнік, стаў вельмі прафесійна яго патрашыць. Гэты быў не падобны да тых дурняў, што служылі Цару Гары. Ліхтарык, замацаваны пад руляй караткаствольнага аўтамата з глушыльнікам, высвечваў кожнае шво ў маім плецаку. Заўважыў бутэльку, у якой пляскалася рэшта фірмовага віскі, але не стаў яе канфіскоўваць, кінуў назад у маю торбу на лямках. Значыць, адабраць каштоўнасці не было мэтай. Агледзеўшы заплечнік, ён зашпіліў яго і вярнуў.
— Так. Устаць. Ідзі наўпрост, — даў каманду сталёвы голас. Пакуль я падымаўся, паспеў разглядзець апранутую ў чорнае постаць. Рухаўся чалавек абсалютна бязгучна, і ўвесь час, пакуль я ішоў да асфальту — a менавіта туды кіраваў мяне захопнік, — у мяне было адчуванне, што за спінай нікога няма, што я прыдумаў сабе дзівака з цеплавізарам.
— Стой, раз, два! — нагадаў пра сябе голас, як толькі мы дайшлі да гасцінца. — Рукі за спіну! Сеў на кукішкі!
Я асцярожна апусціўся на асфальт. Сядзець у гэтай позе з рукамі за спінай было нязручна. Цела перакульвала назад, я нахіліўся наперад і прыўзняўся на дыбачкі. Але праз тузін уздыхаў пальцы ног забалелі, давялося адкінуцца і абаперціся грудзямі на калені. Праз тры хвіліны пакутлівага балансавання ўсё, што
было ніжэй за калені, так безнадзейна зацякло, што, калі б я нават вырашыўускочыць і пабегчы, не здолеў бы зрабіць і два крокі.
I, выглядае, мой выдатна трэніраваны захопнік пра гэты расклад добра ведаў, нездарма ж не парупіўся мяне звязаць. Хутчэй за ўсё ён дзейнічаў паводле інструкцыі, прыдуманай для такіх сітуацый задоўга да таго, як цеплавізары зрабіліся прыладай, карыснай поўныя суткі.
Неўзабаве з напрамку дарогі ад Элеватараў ды запраўкі пачуўся конскі тупат. Коні не беглі, а няспешна ітттлі, і было іх нямала. Там мітусілася шмат агеньчыкаў, здалёк усё нагадвала дыскатэку. Маўклівая постаць побач са мной папераджальна тройчы міргнула ліхтарыкам. Яму адказалі адным бліскам.
— Устаць. Пяць крокаў да ўзбочыны! — было загадана мне.
Я ўзняўся на нетрывалых нагах, цалкам прадказальна адразу ж бухнуўся назад на калены і толькі вось гэтак, амаль паўзком, выканаў загад. Пакуль я коўзаўся, у цягліцы пайшла кроў, а разам з ёй у ікры, шчыкалаткі ды ступакі ўтыркнуліся маленечкія голачкі. Паязд я сустрэў са святочным выразам на твары: так мяне ў жыцці не крывіла.
Спачатку з цемры выйшла шэсць фігур, па тры з кожнага боку. Яны абмацвалі ліхтарыкамі асфальт і ўзбочыны, відаць, шукаючы выбухоўкі ці іншыя пагрозы каравану. У іх былі “Калашнікавы” з падствольнікамі, пераносныя кулямёты і нават антыкварны супрацьпяхотны гранатамёт М79. Парад стралковай зброі прамінуў маўкліва, толькі метал бразгаў на кожным кроку. За імі цягнуліся тры вазы асноўнага абозу. Запрэжаныя чатырма коньмі кожны, фургоны былі пастаўленыя на капітальныя шасі з беспаветранай гумы. Па баках яны былі ўзмоцненыя лістамі
брані. Усталяваныя на рухомыя карзіны хуткастрэльныя пушкі, знятыя з БМП, надавалі вазам нават паэтычны выгляд. Апошні фургон, таксама аточаны ўзводам, прыпыніўся каля нас.
— Вой, а хто гэта ў цябе такі красівы? — спытаў майго захопніка кплівы голас. Успыхнуў пражэктар, які скіраваўся проста на маю перакрыўленую фізію.
— Захапіў выведніка свінажопых. Хаваўся ў лесе ля Аракула, — слова “рыскун” гэтым людзям таксама было не блізкае.
— А вы ці не ведаеце, чаму гэта Аракул не блішчыць? — пацікавіўся іншы, уладарны, голас з воза. Ён увесь час прамаўляў з крышачку пытальнай інтанацыяй — нават калі ні пра што не пытаў.
— Што ў гэтага з тварам? Ты што, яму апендыцыт выразаў? — то быў другі, больш нахрапісты.
— Мяне жабай паставілі. Ногі зацяклі, — прамармытаў я, але ніхто мяне не слухаў.
— Гэты селянін падобны да выведніка, як я падобны да Мошэ Даяна, я вам скажу! — прамовіў уладарны голас зверху. Ён звярнуўся да мяне: — Вы кім такім будзеце?
— Трэба ісці, нельга караван расцягваць, — пачаў нервавацца адзін з тых, хто стаяў за возам.
— Я — Кнігар. Іду ў Горад Святла. Са свінагаловымі не знаёмы.
— Нейкі ён дохлы. Ды ў паліто. 3 чаго ты ўзяў, што ён выведнік? — запытаўся кплівы.
— Свінажопыя, адназначна! Ён цынку пры сабе не мае!
— Эй, ты чаго цынку пры сабе не маеш? — пацікавіўся з’едлівы голас.
— Скончыўся ўвесь, — змрочна адказаў я.
— Што будзем з ім рабіць, таварыш Караваншчык? — з усмешкай звярнуўся кплівы да ўладарнага.
Я прапаную стрэльнуць у башку, на ўсялякі выпадак. Каб мінімізаваць рызыкі. A то раптам ён напраўду свінажопы? — мне падалося, што ён жартаваў. Здзеклівы зноў звярнуўся да майго захопніка: — А зброя ў яго была?