Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Тым часам зрушаны вентыль выклікаў няяснае сіпенне, Машыніст адкруціў яго ў папярэдні стан і зароў — прычым, не на мяне, а на Качагара:
— Страўліванне вады — у крайніх выпадках! Сіні вентыль — не кранаць! Ён — на выпадак пазакрытычных пераліваў! Назіраць за ўзроўнем! У цябе манометр на чырвоным, тваю медзь! Трымай тэмпературу!
— А што будзе, калі сіні вентыль крутануць? — улез я, проста каб падтрымаць размову. Чым даўжэй я быў тут, тым больш цяпла выкрадаў скурай.
— Пры недахопе ўзроўню вады агаляецца столь агнявой каробкі. Над паднябеннем топкі мусіць увесь час быць сто міліметраў вады. Калі менш, спачатку адбываецца перагрэў. Выплаўляюцца кантрольныя пробкі, — усё гэта Машыніст крычаў у спіну Качагару. Я падумаў, што Качагары пры такой працы мусяць змяняцца кожныя два-тры рэйсы, бо абслугоўванне металічнага іхтыязаўра выглядала працэсам больш напружным ды нервовым, чым колішні біржавы гандаль. I кожнага навічка трэба муштраваць нанова, тлумачачы, як варажыць рэактарам на колах. Машыніст працягваў застрашаць: — Праз шэсць хвілін дахавы ліст набярэ 550 градусаў і пачне дэфармавацца. Калі адразу ж не вымкнуць цяпло, перагрэты метал дае разрыў. У катле тэмпература дзвесце, у атмасферы вада кіпіць на ста. Імгненнае закіпанне спараджае дадатковы ціск — і машыне звязда! Кацёл раскрыецца, як банан. У Горадзе Турмаў хлопцы закіпяцілі музейны паравоз, недаглядзелі ваду—рвануў так, што знесла два паверхі вакзала. Шаснаццаць чалавек зварыла. Брыгаду нават і не знайшлі.
— Зразумела! — для мяне гэта было апокрыфам з падручніка па фізіцы. Каб меней матляла, я схапіўся за жалязяку ля галавы. Тая паддалася, і наверсе рэзка зашыпела, таму я вярнуў яе ў папярэдні стан. — A колькі ехаць наогул?
Пачуўшы пытанне, што не адносілася да сусвету катлоў, Машыніст зыркнуў на мяне са злосцю.
— Табе што, у хвілінах адказаць? — ён скінуў маю руку з рычага і працягнуў інструктаваць беднага Качагара. Ён кідаўся ад прыбора да прыбора, бы аператар атамнай станцыі, у рэактары якой пачалася некантраляваная ланцужковая рэакцыя. — Водны інжэктар, — Машыніст пастукаў па поручні, на які я спрабаваў абаперціся, — адмыкаць асцярожна, з вачыма на манометры! Пры ўпушчэнні вады запаўненне рабіць паступова! Пільнуючы ціск! Бо выбухне!
— Тут ёсць хоць нешта, дотык да чаго не выклікае выбуху? — крыкнуў я, звяртаючыся да абодвух. Але Машыніст не палічыў пытанне вартым адказу. Бо было то пытанне ад чалавека, які не еў праснака, вымачанага ў алеанафце.
— Можа, гэтага лепей наверсе пакласці? — я кіўнуў на памочніка Машыніста, які спаў стойма. О, з якой бы асалодай я заняў яго месца! Папярэдне прывязаўшыся да чаго-небудзь.
— Ён лежачы ў рэйсе не спіць! — бліснуў вачыма камандзір агнявой брыгады. Прычым, незразумела, ці было тое самастойным рашэннем паснулага, ці распараджэннем прыхільніка Платонава. — Час табе ісці, — завяршыў ён экскурсію. Я, хапаючыся за патрубкі і манометры, скіраваўся да выхаду, але Машыніст перахапіў за плячо: — Можаш лезці па капітанскай лесвіцы, — прапанаваў ён велікадушна.
Адступіўшы, ён паказаў на металічыя драбіны за спінай. Яны дазвалялі падняцца на тэндар проста з кабінкі, абмінаючы віхлястую рэйку, прыстасаваную да боку вугальнага вагона. Я толькі што дасягнуў новага ўзроўню ў адносінах з цеплавозам. Гэтая лесвіца была шырэйшай, караскацца па ёй было не так страшна, бо спіна ўпіралася ў метал кабіны. Адно што наверсе ногі праслізгвалі па накрыўцы вугальнага корабу, a вецер наравіў здзьмуць на рэйкі. Я апусціўся на
кукішкі і так дабраўся да ратавальнай ляжанкі. Забраўшыся пад брызент, я выцягнуў з заплечніка арктычны спальнік і два тоўстыя швэдры. Залезшы ў спальнік, я завязаў швэдры паверх шапкі. Так я мог не толькі сагрэцца, але і зберагчы цяпло, скрадзенае каля топкі. Я высунуў нос і назіраў, як плывуць чорныя палі, рассечаныя там-сям шыхтамі таполяў і падціснутыя невялічкімі ляснымі дзялянкамі. Некалькі разоў мы праносіліся ўздоўж знятых з рэек электрычак: перакуленыя, яны нагадвалі паламаны дзіцячы канструктар.
Паравоз соп і адфыркваўся — у ягоным руху было штосьці і не зусім механічнае. Як быццам сама паравая тэхналогія балансавала паміж аўтаматызмам машынаў і сусветам, пабудаваным на сядланні жывёлаў. Кожная з якіх мела ўласны тэмперамент і характар. I рабілася зразумела, адкуль чэрпалі апантанасць рухам італьянскія футурысты, чым сілкаваў сваё захапленне цягнікамі Платонаў: з гэтым зверам трэба было з’яднацца, прыслухацца да рытму ягонага сэрца і ўжыцца ў такт. Тады на пляцоўцы танкера з вадой, што рыўкамі рассякаў ноч, было зусім і не страшна. А яшчэ наведвалі думкі пра тое, што чакае ў Горадзе Святла. Сама назва яго абяцала нешта азоранае, значнае. Нягледзячы на тое, што пад покрыва праціскаўся вецер, спальнік сагрэў мяне. Правальваючыся ў дрымоту, я адчуў гэтае цяпло так, быццам да маіх лытак прыхінулася цёплая спіна разамлелай праз сон Герды.
Раздзел чацвёрты
Разбудзіла цішыня. I адчуванне адсутнасці руху. Менавіта так: я ўзняўся і, нацягнуўшы боты, рушыў па капітанскай лесвіцы да будкі Машыніста. I толькі завісшы над спускам у кабіну, адчуў смурод. Паветра было атручанае мярцвячынай. Гэты пах не зблытаеш ні з чым. Смерць абрала занадта яркую парфуму, каб пазначаць пацалаваных ёю.
Гідкая перасцярога вымусіла забыцца пытанне, з якім бег уніз. Ужо зразумела, “чаго стаім”. Так пахне бяда. Рухі самі набылі асцярожнасць. Я бязгучна праслізнуўу будку, запоўненую шыпеннем, бульканнем і іншымі гукамі катла. Праз пабачанае са сцятым дыханнем і самлелым сэрцам прысеў на слізкую падлогу. Памочнік Машыніста быў тамсама, дзе я запомніў яго ў стане глыбокага сну. У адным рыўку ад выхаду, не абароненага ні дзверцамі, ні шклом. Ён не змяніў позы, адкінуўшыся плячыма да сцяны. Але галавы не было. Замест яе тырчаў водруб з белай косткай пасярэдзіне. Калі ён спаў, складзеныя лодачкай рукі боўталіся ў паджывоцці. Цяпер каля пахвіны паміж чорнымі далонямі была ягоная галава. Перад смерцю нябожчык паспеў прачнуцца і спалохацца. Вочы — шырока адкрытыя. Да бялкоў прыліпла чорная вугальная труха.
Ля ўваходу, заціснуты паміж распаленых прыбораў, быў Качагар. 3 яго і нацякло крыві, што зрабіла падлогу ліпкай. Яго смерць была больш доўгая і пакутлі-
вая. Я не хачу гэта апісваць, але з пабачанага я зразумеў, што хлопца задушылі вантробамі, вынятымі з жывата. He прапануйце мне піханай пальцам каўбасы больш ніколі.
Машыніст адсутнічаў. Магчыма, яму ўдалося збегчы. Жалезны дыназаўр, якім кіравалі нябожчыкі, працягваў жыць. На манометры скакала стрэлка, з патрубкаў травіла пара, метал хрыпеў ад напругі. Прыгінаючыся да падлогі, я падпоўз да прагалу і асцярожна вызірнуў.
Першым, што я пабачыў, быў вялізны лыч свінакапытага, што сядзеў на кані на ўзроўні маіх вачэй за метр ад лакаматыва. Велізарная, апранутая ў цёмны плашч постаць часткова схавала тое, што рабілася пры зямлі. Счарнелая зяпа, здаравенныя лапушыны вушэй — усё было нерухомае. 3 роту істоты не ішло пары. Яна, у адрозненне ад каня пад ёй, не дыхала.
Я прыглядзеўся да свіной мазгаўні. Засмяглыя вочкі, прыліплы да ссінелага падбароддзя язык: пачвара была нежывая некалькі тыдняў. Яна не рухалася, а тое, што я спачатку прыняў за ўздрыгванні, было інерцыяй ад пераступу каня пад ёй. Мярцвячына выглядала абсалютна адсутнай у сваёй нерухомасці, цяжка было зразумець, як гэты вершнік некага можа забіць. За ёй, пры зямлі, нешта варушылася, і, пакуль мае вочы адаптаваліся да падсветленай паравозным ліхтаром цемры, я паспеў здзівіцца, наколькі дакладна і пераканаўча здолела ўрэчаісніцца нешта, прыдуманае такім бздыром, як Сямён Чапля.
Нарэшце я разглядзеў дзве постаці, якія ператоптваліся пад паравозам.
— Можа, досыць? — запыталася тая, што была скурчанай.
— Мала слядоў. Тапчы яшчэ, — ля твару таго, хто адказаў, запаліўся агеньчык цыгарэты. Сцэну ахінуў тытунёвы дым.
Фігура разагнулася, і я пабачыў у руках абрубкі свіных ног. Патыкаўшы імі ў зямлю, фігура нагнулася і абмакнула капыты ў нешта. Напружыўшы зрок, я пазнаў у гэтым чымсьці ўскрытую грудзіну Караваншчыка.
— Габрэй скончыўся. He дае ўжо колеру, — забедаваў той, што рабіў сляды. Было чутно, што яму не падабаецца тая работа, якую яму даручылі.
— Гэты скончыўся — адкрывай наступнага, — абрубіў голас брата Ягорыя. I дадаў: — Вось менавіта для гэтага, Сёма, мы звычайна пакідаем аднаго сведку жывым. Каб нехта мог распавесці пра зверствы казланогіх. I не трэба было тыя зверствы маляваць.
Яго суразмоўца адышоўубок, павошкаўся там і вярнуўся ў поле зроку, цягнучы за нагу цела Машыніста.
— А з гэтым што рабіць? — спытаў “мастак” млява.
— Напруж фантазію. Што-небудзь жудаснае. Каб ажно яйцы падціскала. Я ж кажу. Іхны Аракул перадаў, што свінарылых не існуе. Што ён іх прыдумаў. Хутка фраеры перастануць баяцца. I пачнуць пільна ўглядацца, куды страляюць. To паспрабуй ужо.
— Дапусцім, нос калі яму адрэзаць?
— Ты, галоўнае, зараз слядзі давай. Пакуль кроў не састыла!
Ягоны суразмоўца запаліў святлач, у якім зрабілася бачнай акуратная нажавая рана ля сэрца Машыніста. Істота садрала з прыхільніка Платонава майку, скарысталася чалавечай “фарбай” і павяла крывавы “свіны” слядок да вагона. Раптам з цемры за тры крокі ад уваходу ў паравоз выслізнула яшчэ адна істота — яна несла важкі мех, таму не надта азіралася. Наблізіўшыся да каня, дзе сядзеў свіны вершнік, адхінула плашч свінакапытага і, войкаючы, пачала мацаваць прынесенае да сядла. Я баяўся быць заўважаным, таму не вызіраўдалёка.
— Доўга яшчэ? — запытаў голас брата Ягорыя.
— Дзве траціны засталося! Каб былі арбы — можна было б загрузіць як ёсць, у куфрах. Але ж гэта вы рашылі, што “свінакапытыя на вазах не ездзяць”! To трэба ссыпаць у мяхі. Гадзіны дзве яшчэ завіхацца. A дзе тое напісана, калі падумаць?
— He блюзнер мне! — каротка адрэагаваў галоўны. —Аўтарытэт паважаць трэба.
— He, я што, спрачаюся? — працягваў ныць той, што прынёс мех. — Паставілі цынк цягаць чалавека, у каторага рэбры паламаныя — я цягаю! Хаця так можна і лёгкае сабе праткнуць. А ад гэтых свінюкоў смярдзіць так, што можна адным удыхам пранцы падчапіць!
— Нічога не чую! — абрубіў голас фермера.
— He, ну праўда, згніла свініна! Хутка чэрві завядуцца! А я побач з паламанымі рэбрамі кручуся! Лепей вы б Сёму на гэтую працу паставілі!