• Часопісы
  • Ноч  Віктар Марціновіч

    Ноч

    Віктар Марціновіч

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 412с.
    Мінск 2018
    68.16 МБ
    Я не ведаю, чаму вырашыў, што здолею прабрацца за сцяну там, дзе ў яе ўваходзілі рэйкі. На шляху апынулася высачэзная заслона шырынёй у паўтара цягнікі. Яна цягнулася да верху сцяны і не мела нават шчылінкі, у якую мог бы праціснуцца чалавек. Я пастаяў перад тупіком, уключыў ліхтар, разлічыўшы рух у назіральнай вышцы наверсе. Але ніхто не спяшаўся адчыняць шлюз незнаёмцу, які коўзаўся пры пуцях. Тады я выключыў святло і паспрабаваў ускараскацца на вал. Але было занадта стромка, да таго ж на вышыні ў тры чалавечыя росты ў глебу былі забітыя нафтавыя цыстэрны, абмінаючы якія, можна было звярнуць шыю.
    Я пайшоў уздоўж валу — туды, дзе ў сцяну заходзіла светлавая гірлянда падарожных. Там мусіла быць мытня ды КПП. Але хутка ногі пачалі загразаць у глебе — яна зрабілася вязкай, яе паверхня бліснула адлюстраваннямі ліхтароў. Усё поле да дарогі было залітае вадкасцю, прычым пахла яна не парфумай “Дыор Ж’адор”. Я пачуў цурчанне і, азірнуўшыся на сцяну, заўважыў некалькі вадаспадаў. Выглядала, каналізацыя ў так файна падсветленым мястэчку была пабудаваная па сярэднявечным прынцыпе простай пратокі. Я меў шчасце апынуцца акурат пасярод каналізацыйнага вусця. Здолеўшы зрабіць яшчэ сотню крокаў, я тыцнуўся ва ўжо непраходную багну, паспрабаваў збочыць да чыгункі, але праваліўся амаль па калена. Пачаўшы панікаваць, я намацаў нагамі прагал — ён быў бліжэй да сцяны.
    Калі боязь завершыць жыццёвы шлях у смярдзючай твані ўвайшлаў перыгей да панікі, я пабачыў палацык наверсе, проста пры вале. Драўляны новы рамантызм, бесклапотнае дзевятнаццатае стагоддзе. Бялюткі, як параход. Жоўтае святло з інтэр’ераў грае на пазалочаных разетках. I чаму, цікава, прыгажосць кідаецца на мяне менавіта тады, калі я спрабую не захлынуцца ў непраходным балоце? Мне не пашчасціла з надвор’ем: калі б тут панавалі грушаўскія каля-нуля, глебу б падмарозіла, і па полі можна было б гуляць у футбол. А паколькі... I тут я заўважыў проста пад нагамі велізарную, чалавечага памеру, ляльку, апранутую ў шыты золатам карункавы камзол. Я ўключыў і адразу ж выключыў ліхтар, не жадаючы глядзець на мерцвяка. Вочы, апроч аголеных праз доўгае ляжанне костак, паспелі выхапіць пацешны характар касцюма: камзол быў з тканіны, вельмі падобнай да велюравай абіўкі фатэляў. А тое, што я спачатку прыняў за шпагу, было адрэзам тоўстага дроту, абгорнутага фольгай. Яшчэ
    праз тузін крокаў я пабачыў шыкоўную пірацкую трохвуголку з падробным страўсіным пяром з “Ікеі”. Чорны парык нежывога пірата расплыўся пад ёй багавіннем. Дзіўная жалобная традыцыя апранаць нежывых у барочную вопратку і скідваць іх у твань. Забруджанае поле, па якім я ішоў, было не толькі каналізацыяй, але iVIP-могілкамі.
    Калі я выбраўся з гідкай багны і наблізіўся да натоўпу ля брамы Горада Святла, маё аблічча мела настолькі самабытны выгляд, што я б не прайшоў фэйс-кантроль нават у начных клубах апраметнай. Вугальны пыл змяшаўся на паліто з жыжай каналізацыі, да ботаў і штаноў наліп заквашаны ў нерухомай вадзе бруд. He ведаю, якога колеру быў мой твар, але далоні выглядалі як лапы ў аднаго знаёмага дога: чорныя, страшныя, з непрыбранымі кіпцюрамі. Я спрабаваў суцяшаць сябе, што мой выгляд згубіцца сярод парэпаных жыццём і дарогай абліччаў іншых гасцей Горада Святла. Але пабачанае на дарозе болып нагадвала чаргу запрошаных на рэцэпцыю ў французскай амбасадзе.
    Паверх свежых кашуляў накінутыя франтаватыя шалікі. Начышчаныя лакіркі, выпрасаваныя стрэлкі, пастаўленыя фрызуры, паголеныя твары. Самым непрыемным было тое, што за сто метраў ад уваходу, там, дзе пачыналася агароджа, былі інсталяваныя ярчэзныя старадаўнія электрычныя ліхтары. Выратавальная заслона цемры, у якой можна было б схаваць сорам, была бесцырымонна адхінутая. Электрычнасць высвеціла кожны чорны паўмесяц майго пазногця, кожную загразлую ў шчацінні драбінку вугалю, кожны прыліплы да палітона апалак. Яна абазначыла вільготныя ад каналізацыйнай вады сляды, што я пакідаў на асфальце.
    Для апісання майго становішча дарэчна б зноўку звярнуцца да мовы вандроўных раманаў васямнацца-
    тага стагоддзя, але я пашкадую чытача. Проста паверце: я пачуваўся персанажам татэмічнага снення, дзе бачыш сябе аголеным сярод натоўпу на раздарожжы вялікага горада.
    Я падышоў да чаргі і стаў за джэнтльменамі ў палітонах оксфардскага выгляду. Яны мелі чамаданы Samsonite на колцах. Калі я стаў побач, яны зусім не крыўдна перацягнулі чамаданы наперад, і ў гэтым не было і ценю перасцярогі, што я нешта скраду. Яны працягвалі рэспектабельную размову:
    — А я гэтым разам далучыўся да партыі зберагальнікаў Durex: падчас карнавалу — ну, ты памятаеш, што робіцца з норавамі. Буду прадаваць па дваццаць цынкаў за тры штукі. Прыбытак трыста адсоткаў. А ты ўсё зайцаў?
    — He, зайцы засталіся ў мінулым сезоне, — джэнтльмен выправіў манжэты белай кашулі з паліто. — Вось паглядзіш: імі будуць гандляваць на кожным рагу, з нулявым попытам. Патрэбная бізнес-інтуіцыя. Гэта памятаеш, як Вова Чэлсі ўклаўся ў груз ліхтарыкаў сем карнавалаў назад. А тут адрэстаўравалі вугальную ТЭЦ і асвятлілі горад. I павіс на Вову крэдыт. He, я гэтым разам закінуўся ў ібісаў. Розныя памеры, жаночы варыянт з падмаляванымі вачыма.
    — Ібісы страшныя.
    — Ібісы — класіка карнавалу. Смех са смерці. У сярэднявеччы ў такіх масках дактары хадзілі падчас эпідэмій чумы. У дзюбу лекі закладаліся, каб не захварэць.
    Першы агледзеў рукаў кашаміравага паліто, узняў галаву да ліхтароў і крытычна заўважыў:
    — Шманіць усё ж іхТЭЦ. Бачыш, вопратка ў вугальных адкідах. Добра, што яе на дальнім канцы горада будавалі.
    — Ну а што паробіш, — уздыхнуў другі. — Без ТЭЦ у іх не было б святла, а ў нас — такой маржы. Тут жа
    вугальныя руднікі паўсталі адначасова з Credit Suisse у Швейцарыі. У Нью-Ёрку сябры платанавага пагаднення яшчэ па кавярнях свае ўгоды афармлялі, нават біржы як такой не было, а тут Валовічы сабе маёнтак на вуглі адбудавалі. Проста пры тэрыконе.
    — Тэрыкон? Гэта што? — неахвотна здзівіўся першы. Яму было непрыемна паказваць, што ён можа не ведаць нейкіх тэрмінаў.
    — А вось той земляны вал, бачыш? Гэта тэрыкон, адвал вугальных распрацовак. Горад там, унутры, побач з вугальнымі разрэзамі ды шахтамі. А пагорак, на якім стаіць палац Валовічаў, — штучны.
    Першы страціў цікаўнасць да тэмы, бо яна не тычылася камерцыйнага выхаду. Я, відаць, прыцягнуў на сябе вады са смуроднага балота, бо другі суразмоўца амаль не грэбліва павярнуўся да мяне, уцягнуў носам паветра і ветліва сказаў наступнае:
    — Вы, даражэнькі, без тавару стаіце. Мо скарыстайце fast lane справа. Яна — для тых, хто ідзе пры спрошчаным мытным кантролі.
    I гэта было ну не крыўдна — чалавек дапамог скараціць час чакання. Сапраўды, частка дарогі пуставала, над ёй вісела шыльда: “Ручная торба, да пяці кіло” са стрэлкай наперад. Я абышоў агароджу, што адасабляла чаргу, і, яшчэ раз абтросшы бачны бруд з паліто, штаноў ды ботаў, рушыў наперад. Народу нецікава было ўваходзіць у Горад Святла з “ручной торбай да пяці кіло”, бо я прамінуў астатнія пяцьсот метраў да мытні ў адзіноце, прайшоў па ўздымным мосце над пракапаным каналам і апынуўся ў бетонным корабе пункта мытнага дагляду.
    Справа была арганізаваная без асаблівай павагі да гасцей Горада Святла. Праз прагалы ў сценах на прыкручаны да падлогі стол глядзелі аўтаматныя рулі. Як толькі я наблізіўся да стала, наверсе, высмажваючы
    душу, запалілася святло. Чорныя паўмесяцы маіх пазногцяў цяпер не проста абазначыліся — яны, здаецца, пачалі адкідваць цені. Два гучнагаварыльнікі ў кутах фыркнулі і загадалі, прычым, значна гучней, чым патрабавалася, каб я мог іх чуць:
    — Выстаўце злева на стол дваццаць поўных зарадаў уваходнай платы. Пакладзіце сваю торбу па цэнтры стала і размяркуйце рэчы па правай частцы стала.
    — Але ў мяне няма дваццаці цынкаў, — развёў я рукамі.
    — Выстаўце дваццаць поўных зарадаў злева, — гучней паўтарыў гукамацюкальнік.
    — У мяне няма ні цынку, ні асабістых рэчаў! — я таксама сказаў гучней — на выпадак, калі мяне не чуюць.
    Голас нейкі час маўчаў, быццам знямеўшы ад майго нахабства.
    — Як паведамляецца ў правілах доступу ў Горад Святла, цанауваходуўГорад Святла складае дваццаць поўных цынкаў у карнавальны тыдзень і тры папярэднія яму дні і дзесяць у астатні час. Калі ў вас няма дваццаці поўных цынкаў, вы не можаце прэтэндаваць на ўваход у Горад Святла нават у выпадку паспяховага праходжання мытні.
    — А ці магу я, кшталту, у крэдыт зайсці? Я зараблю грошай і заплачу на выхадзе. Можна так?
    Голас у дынаміках змоўк, і я занепакоена ўглядзеўся ў рулі. Каб мяне не пачалі расстрэльваць яшчэ да моманту, як я адчую, што размова скончаная. Але раптам у бетонны мех уварваўся іншы, болып далікатны голас:
    — Што значыць — у вас няма асабістых рэчаў? — не надта гучна спытаўся ён. Хутчэй за ўсё, прамоўца трымаў рот падалей ад мікрафона.
    — Ну, вось так атрымалася. Hi торбы. Hi цынку.
    — А якую зброю вы пераносіце? — задалося яшчэ пытанне.
    — Ніякай зброі няма. Так атрымалася.
    Пасля гэтага маўчанне апанавала памяшканнем на такі працяглы час, што я ўжо вырашыў, што тут традыцыя адмаўляць моўчкі. Але калі я развярнуўся сыходзіць, над адной з байнічных шчылінаў загарэлася шыльдачка: “Чакайце”. Чакаць давялося доўга — я ўжо і на стол прысаджваўся, і па боксе пахадзіў, і задумаўся, ці не прапанаваць дынамікам абмяняцца анекдотамі. Добра, што ўгэты “зялёны канал” не было чаргі, інакш я моцна замарудзіў бы трафік. Нарэшце, гучнагаварыльнік зноўку ажыў гэтым разам пры мікрафоне апынулася немаладая жанчына.
    — Назавіцеся, калі ласка, — прапанаваў голас місіс Марплз.
    — Кнігар. Іду з Грушаўкі.
    — Ці вандруеце вы адзін? — такі тэмбр быўу бабулі, што выкладала англійскую мову ў маёй школе.
    — Абсалютна, — пагадзіўся я. — Прыйшоў праз ферму, запраўку, Элеватары, скарыстаўшыся чыгункай. Але паравоз выбухнуў пасля нападу казлакапытых. Ну, як казлакапытых...
    — Вы напэўна ведаеце, што адзін раз на трыста шэсцьдзясят пяць ранішніх гудкоў у нашым горадзе адбываецца карнавал, — урачыста прамовіў голас. Так раней па тэлевізары аб’яўлялі пераможцаў латарэі. Я кіўнуў.
    — Напярэдадні, — працягнула бабуля, — гільдыі сумесна з радавітымі фаміліямі патаемна пагаджаюцца наконт адмысловых умоваў, паводле якіх будзе абірацца Кавалер Карнавалу. Мужчынскае ўвасабленне свята. Дама Карнавалу вызначаецца з ліку незамужніх дачок нобіляў.