• Часопісы
  • Ноч  Віктар Марціновіч

    Ноч

    Віктар Марціновіч

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 412с.
    Мінск 2018
    68.16 МБ
    — Што ў цябе рэбры зламаныя, сам вінаваты, — падвысіў голас аўтарытэт. — Хто цябе прасіў пад кулі бурмістравага ахоўніка скочыць? У мяне трапілі? He? У Сёму? He! Ну, дык сам вінаваты! За бронік дзякуй скажы і далей давай цынк парадкуй.
    — На гэтага ўжо болып не павесіць, — уздыхнуў паранены. — I так багата на адным кані. Гружу наступнага. Давайце заменім свінюкоў! У нас жа матэрыялу хапае.
    — Як на ферму вернемся, новых галоваў напілуем, — неахвотна пагадзіўся брат Ягорый. — Хаця я смуроду не чую.
    Свіная галавешка кранулася і, вільнуўшы вушамі, паляцела на зямлю.
    — Вось так! He будзе нудзіць на адваротным шляху, — трыумфальна праспяваў бліжэйшы да мяне голас.
    — Ты што вось зараз зрабіў? — з націскам спытаўся далейшы.
    — Скінуў мардзяк гэты гнілы! Вы ж самі сказалі, што новых напілуем!
    — Скінуў — давай падымай ды мацуй! — загадаў галоўны.
    — Чаму гэта? — не зразумеў той, у каго былі паламаныя рэбры.
    — Таму гэта! Што Сёма не для таго жыватом тут зямлю вымятае, сляды свіныя пакідаючы, каб ты на месцы забойства адгадку жывучасці свінакапытых пакідаў! Наступным разам не лычы будуць з валын трушчыць. А ў цябе выцэльваць, кубель!
    Пачулася незадаволенае сапенне, фігура зняла плашч, грэбліва заматала галаву ў яго і закінула на сядло побач з грашовымі торбамі.
    — 3 гэтага таксама ўжо крыві не выціснуць! — пачуўся наводдаль голас Сёмы.
    — Ну, дык зазірні ў кабіну, там крыві з тых двух столькі, што аж вунь сцякае, бач! — параіў аўтарытэт.
    Далейшыя падзеі, як напісаў бы барочны аўтар вандроўнага рамана васямнаццатага стагоддзя, разгортваліся вельмі хутка, як ветразь тыпу “блінд” на іспанскім галеоне. Пакуль узброены двума капытамі замест пэндзляў Сёма разгінаўся, вохкаў, паціраў паясніцу і ўздымаўся па металічных прыступках, я паспеў у два лёгкія крокі апынуцца ля прагалу пры безгаловым Памочніку Машыніста. Я занёс нагу ў праём, ад поўнай бяспекі мяне аддзяляў адзін хуткі рух наперад. Аднак тут я спыніўся. I вырашыў выдаткаваць поўную секунду, каб вярнуцца ў кацельную і крутануць да ўпору сіні вентыль. Постаць “мастака” Сёмы ўжо вымалёўвалася пры ўваходзе, калі я, бы плывец у ваду, скочыў у прахалодную цемру. Сёма не пачуў маё прызямленне, бо будка запоўнілася шыпеннем катла. Але Брат Ягорый узвіўся:
    — Што гэта там у цябе тупае?
    — У мяне ўсе, хто мог тупаць — ужо адтупалі! — адазваўся Сёма. — Тут усе сядзяць роўна, нібы злодзеі на маліне!
    Я ўціснуўся ў пясок адхону. Сёма патыцкаў свінымі нагамі па скрываўленай падлозе і стаў самааддана ствараць сляды капытоў на лесвіцы, што вяла ў каморку агнявой брыгады. Акуратна ссунуўшыся з насыпу, я адпоўз глыбей у цемру і ўпрысядкі пабег прэч. Баяўся, што лакаматыў грымне, пакуль я буду побач. Таму, ладна аддаліўшыся, я прысеў ля рэек і ўглядаўся ў цемру. Я бачыў перасоўванне мурашыных фігурак ля металічнага кіта, але цягнік стаяў і не думаў выбухаць. Зразумеўшы, што дыверсіі не атрымалася, я павольна пайшоў наперад уздоўж пуцей — Горад Святла мусіў быць недзе там.
    Калі вакол самкнулася цемра, у галаву палезлі думкі. Пра тое, што мой заплечнік са спальнікам і цёплымі рэчамі застаўся на тэндары. Добра, што вечны ліхтарык я не зняў з сябе — ён быў спушчаны на шыю. Пра тое, што дубальтоўка, а таксама ўвесь запас набояў засталіся ў разрабаваным вагоне. Што іду я да Горада Святла з абсалютна пустымі рукамі: ні грошай, ні ежы, ні нават цёплых рэчаў. Няма нават змены бялізны ці запасных шкарпэтак. Калі роздумы паспелі добра сапсаваць мне настрой, ззаду грымнула.
    Я адчуў гэта па рэйках — ляскат перадаўся па матэрыяле хутчэй, чым даляцеў гук. Рэйкі завылі металічным ціньканнем. Уздрыгнула зямля. Прычым добра, як пры тым землятрусе, які мы некалі перажылі на Суматры. Нарэшце данёсся і розгалас — амаль не чутны, але маштабны. Ён раскаціўся па ўсім даляглядзе, нібыта трэснуў не велізарны боепрыпас, а шандарахнула выбухамі па цэлым фронце. Я рад быў бы тут дадаць, што праз некалькі секунд ля маіх ног прызямлілася галава брата Ягорыя. Ці прыляцела,
    размахваючы капытамі ў паветры, палова каня з заціснутым пад сядло мехам са свіным рылам. Ці адбылося нешта, што засведчыла б: забойцаў абварыла, парвала на шматкі і змяло з гэтага свету.
    Але далёкі грукат у цемры, грукат, перад якім не было выбліску і пасля не было марыва пажару, быў адзіным сведчаннем таго, што кацёл выбухнуў. I я не ведаю і не даведаюся ніколі, ці загінулі злодзеі, ці хаця б адзін з іх. Верагодна, мне і не трэба пра тое ведаць. Вялікай радасці з гэтай нагоды я ўсё роўна не адчуў бы. Помста — пачуццё, здольнае прыносіць трывалую асалоду толькі тым, у каго іншых пачуццяў не засталося.
    Сцежкі ўздоўж насыпу, зразумела, не было. Другасная правінцыйная чыгунка, што працінала поўдзень, звязваючы паўстанак з занядбаным некалі райцэнтрам, — не той напрамак, ля якога маглі нарасці населеныя пункты, жыхары якіх тапталіся б вакол пуцей. Як падказвала мапа, Горад Святла — Мека новага часу — паўстаў там, дзе ў часы БССР туліўся гарадок, адзначаны пустым кольцам. Чацвёртая ступень змяншэння значнасці — пасля вялікага сілуэта з пазначэннем вуліц, падвойнага кола і кола, замаляванага знутры.
    Там-сям ногі загразалі ў раллі, і даводзілася выбірацца на шпалы. Недзе да самага чыгуначнага палатна набліжаўся лес, і калючыя яловыя лапы чапляліся за паліто. Я заўважыў што некаторыя секцыі рэек былі пасля рамонту — пад імі ляжалі свежыя дошкі: мабыць, чыгуначнікам для ўзнаўлення руху вугальнага каравану давялося рэстаўраваць не толькі паравоз. Узбоч пуцявіны, побач з прасёлачнымі дарогамі, пры паржавелых шлагбаумах, трапляліся невялічкія будынкі чыгуначнікаў. Зробленыя з цэглы, яны стаялі з некранутым шклом у вокнах, абяцалі ложак і, магчыма, нават нейкі просты харч. I я ўжо вызначыўся, дзе буду есці і спаць на першым сненні.
    Ісці было лёгка, я праганяў думкі пра ўсе наступствы пазбаўлення ад заплечніка з рэчамі тым, што напяваў песні, якія здольны быў прыгадаць. Калі адхон рабіўся гравійным, падбіраў ды шпурляў наперад каменьчыкі. I калі чарговы раз падняў галаву, каб вызірнуць напрамак руху, зніякавеў, заўважыўшы ў небе з’яву, якой мы—усе мы, чалавецтва, двухногія, насельнікі цемры, тубыльцы ночы — ужо і не марылі дачакацца.
    За пагоркам, куды ўпіраліся рэйкі, тлеў выразны і неаспрэчны ружовы світанак. Вядома, яшчэ было далёка да блакітнага неба і пунсовай кароны вакол сонечнага бліна, што выкочваецца з-за небакраю. Але гарызонт быў падкрэслены непрымроеным, адрозным ад чарнільнай бездані зеніту, ззяннем. Я заплюшчыў вочы і пастаяў так колькі хвілін. Раскрыў павекі. Святло не знікла. Я павярнуўся спінай і далічыў да ста. Азірнуўся. Ззянне было там. Па целе токам біў радасны калатун. Я разгарнуў мапу і шчоўкнуў налобнікам. Усё сыходзілася: намаляваны частакол чыгункі паказваў на паўднёвы ўсход. Золак мог зачынацца там.
    I тады, здурнелы ад радасці, я пабег. Вочы адзначалі, як паступова расце ружаватая стужка над зямлёй, як там, у ззянні, пачынаюць блякнуць і выключацца зоры, а вось і ніжнія лапы касмічнага пакемона зрабіліся менш выразнымі. Я бег, і бегчы было лёгка. Бег выявіўся самай дасканалай формай выказвання радасці, закладзенай у саму сутнасць чалавека танцам шчасця. I калі дыханне марнела, я пераходзіўнахадзьбу, адчуваючы, як з хуткасцю дыскатэчнага страбаскопа калоціцца сэрца, а лёгкія распіраюць маю грудзіну, нібы пара кацёл перагрэтага лакаматыва. Але я не спыняўся, не спыняўся, бо было адчуванне, што гэты магічны світанак працягнецца толькі датуль, пакуль я — я адзіны — буду верыць у яго сапраўднасць. I я не зважаў на тое, што золак, сапраўдны золак, калі б ён
    пачаўся, ужо даўно мусіў бы запалаць памяранцам на ўсё неба. Можа быць, з гэтай ночы можна толькі выбегчы, думаў я. Магчыма, ёсць такія досвіткі, да якіх можна толькі дацягнуцца самому, казаў сабе я. I працягваў перастаўляць ногі. I рушыць наперад. I галава ўжо ўсё зразумела — і пра кірунак чыгуначных рэек, які не мог так супадаць з вектарам сонечнага ўзыходу, і пра назву месца, да якога я імкнуўся, і пра падазрона нешырокі разбег ззяння, але ногі ўсё яшчэ адштурхоўвалі зямлю, яшчэ неслі цела наперад.
    I толькі калі задыханы і знясілены, мурзаты ад вугальнага пылу і поту, я нарэшце пабачыў гмах агароджы і асобныя будынкі Горада Святла, я зразумеў, што цуду сонечнага з’яўлення давядзецца яшчэ пачакаць. Цікава, колькі людзей да мяне рабіла такі подбег? Колькі расчараваных сэрцаў сцялася, зразумеўшы тэхнагенны характар золку?
    Калі знікла надзея, цела адразу набыло сапраўдную вагу. Я чапляўся ботамі за шпалы і маркотна цягнуўся да мегаполіса — ці не адзінага буйнога паселішча, не разарванага на меншыя гарадкі-дзяржавы, непаўторнага ў сваёй ілюмінацыі.
    Выйшаўшы з-за пралеска, я заўважыў пракладзеную скрозь пагоркі гірлянду, што складалася з рухомых светлавых кропак. Спыніўшыся, я змог параўнаць гэта з відовішчам шашы, па якой машыны рушаць з хуткасцю вусеня. Так выглядалі подступы да Горада Святла па дарогах. Я ішоў уздоўж чыгункі і таму шыкаваў сваёй адзінотай. Каб трымаўся гасцінца — быў бы аточаны натоўпам іншых бадзяг.
    Гарадскія валы насоўваліся бліжэй, і побач з імі я адчуваў сябе як стомлены легіянер, які таптаўся да Сервіявай сцяны рымскага памерыя. Агароджа была высачэзная, у некаторых месцах земляны вал сягаў на вышыню дзевяціпавярховага будынка. Наблізіўшыся,
    я пабачыў велізарныя чыгуначныя хоперы для перавозкі вугалю, паўцісканыя ў падэшву вала, які, падмацоўваючы глебу, не дазваляў ёй абсыпацца. Побач з адваламі бункерныя вагоны выглядалі дзіцячымі цацкамі.
    Я не мог зразумець, як так адбылося, але глеба, з якой быў насыпаны гарадскі мур, парасла хмызняком і чэзлымі дрэўцамі, быццам гэтыя пагоркі ўзніклі яшчэ да таго, як Горад Святла стаў паселішчам, што патрабуе абароны. Самае галоўнае — наверсе на аднолькавых адлегласцях былі жоўтыя шары. I яны не нагадвалі паходні ці высвятленне дыёдных пражэктараў. Гэта не ўкладалася ў галаву, але менавіта так некалі выглядалі гарадскія ліхтары, мачты якіхупрыгожвалі праспект, што праглядаў праз ліпы за грушаўскімі вокнамі.
    Наводдаль быўяшчэ адзін невытлумачальны феномен. Па-над агароджай вытыркаліся верхавіны труб. He цацачныя дудачкі вугальнай кацельні, а цагляныя ўсталяванні нейкага буйнога камбіната. I з іх шчодра валіў тлусты чорны дым. Ягоныя ручаі роўна выцякалі ў рудое неба і ўтваралі там атрамантавую лужыну. За гарадскім валам жыла нейкая індустрыя.