Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
Гэтыя бульбяныя кнэдлікі спадабаліся і Гердзе, яна стаптала жменю. Потым я сядзеў пры свечках, асалавеўшы ад зжэртага (ніколі так не наядаўся ў Грушаўцы), пацягваў з крыштальнага куфля пакрытую шампанскімі бурбалачкамі “Кока-колу” і млява разважаў, што калі нават я і не дайду да канцавога пункту свайго маршруту, бо гэта пакуль не выглядала рэальным, дык хаця б добра павесялюся цягам рэшты жыцця. Перспектыва перціся праз вымерлы і вымерзлы свет ужо не падавалася такой маркотнай, мроіліся незвычайныя гарады і новыя цікавыя знаёмствы — вось што значыць добра пад’есці. Я перабраўся ў спальню, выставіў недагарэлыя свечкі на падваконне і вакол ложка, улез у спальнік, нацягнуў на сябе коўдру і ваўняны плед. Дагараючы, свечкі выпраменьвалі яшчэ і надзвычай роўны прыемны настрой.
Падазраю, менавіта праз іх святло яны мяне і засяклі. Але, пакуль я быў у памяшканні, не сунуліся, бо былі ўпэўненыя, што я ўзброены, як і любы вандроўнік у пустках.
Я заснуў хутка і смачна, з Гердай ля ног. А жахі, наснёныя ўначы, можна растлумачыць успамінам пра нябожчыка, што сядзеў у сваім вазку чатырма паверхамі ніжэй.
Вастракутны ліст явара, утвораны наледдзю з боку вуліцы, не прывітаў мяне гэтым разам на раніцу. He было за шклом і далёкіх таполяў Грушаўкі на тле перламутрава-мядзянага неба. Але само неба, падобнае да споду велізарнай чорнай пярліны, было тут. 3-пад гэтага неба, выглядае, сысці не так проста.
Раздзел другі
ГЕРДА ПАЧАЛА БРАХАЦЬ, ЯК ТОЛЬКІ МЫ ВЫЙШЛІ 3 пад’езда. Спачатку мне думалася, яна голасна асуджае мяне за тое, што я самавольна забраў яе з гэткіхутульных малінаў. 3 месца, дзе было яшчэ столькі непажэртага. Раскошная грэчка на сняданак, бляшанка бычкоў, падзеленая па-братэрску (усе з’еў я, на выпадак, калі раптам яны сапсаваліся — Герда шыкавала бяспечным каціным кормам) стварылі зусім бестурботны лад. Я спрабаваў злавіць яе пысу ў прамень налобніка, каб зразумець ейны настрой, але яна ўвесь час рухалася, навастрыўшы вушы. Таму я ішоў ды ўшчуваў:
— Чаго гэта ты разлямантавалася? Прывыкла да камфорту, дзявуля? Дык усынавіся якім катом! Бо гаспадар у цябе мяцежны. Ён патрабуе буры. Нібыта ў буры ёсць спакой!
Тут мне зрабілася не па сабе, бо снапок святла нарэшце спыніўся на яе галаве, і я пабачыў, што Герда ўстрывожаная. Яна ўперылася некуды ўбок, у прамежак паміж дамамі. Хвост уніз, уся напружаная. Гаўкне колькі разоў і павернецца да мяне з красамоўным выразам, маўляў, ты што, не чуеш там нічога, двухногі дурань? Праменя ліхтара хапала толькі на дзясятак метраў. Далей святло праглыналася сутоннем. У якім нібыта і не праглядалася рухаў.
— Што ты там сабе ўжо напрыдумляла? — я нядбала пасунуўся ў той бок. Падышоўшы, запэўніўся, што ля
дома не было нічога і нікога, толькі свежыя сляды, якія мы пакінулі ўчора.
Можа быць, слядоў было і больш, як быццам у мяне вырасла яшчэ пара ног. Але выглядае, мы тут проста ладна натапталі ўчора з сабуляй. Я паспрабаваў выблукаць з мікрараёна да трасы, але не даў рады: аднастайныя панэлькі, аднастайныя праезды паміж імі. Я пайшоў па ўчорашніх слядах, але яны хутка раздвоіліся, нібы мяне зрабілася два, і кожны пайшоў у сваім кірунку. Тады я ўскараскаўся на адну з машын, пакінутых на праездзе, выключыў налобнік, даў вачам прызвычаіцца да цьмянага ззяння неба і пабачыў яўны прагал паміж панэлькамі — там было болып неба, значыць мусіла чакаць шырокая прасека вакол дарогі. Герда ўсё брахала.
Зрабіўшы некалькі крокаў без ліхтара, я ўсвядоміў, што вочы бачаць нашмат далей без налобніка — з’яўляецца такая сабе шэрая перспектыва. Спатыкнуўшыся на яміну ў лёдзе, зрабіў выснову, што шыю сабе ў сутонні зламаць шэрая перспектыва абсалютна не замінае. Уключыў ліхтар, скіраваў яго так, каб бачыць напрамак і паверхню, па якой іду, ды нарэшце выйшаў на трасу. Спатрэбілася некалькі секунд, каб узгадаць, з якога боку я прыйшоў: без светлавых арыенціраў дарога, што патанала ў цемры, выглядала як шлях з нікуды ў нішто. Герда працягвала брахаць.
Хутка я разглядзеў і тры стужкі роварных шын, якія бачыўучора. Нейкая трасца тут адбывалася з адбіткамі.
Я паспеў прайсці некалькі кіламетраў у бок гары — за мной цярпліва назіралі. Мабыць, хацелі запэўніцца, што абцяжараны грувасткім заплечнікам гаспадар сабакі напраўду такі нежыццяздольны недарэка, як і падалося на першы погляд. Браханне сабулі паспела мяне стаміць, і я ўцягнуў яе ў любімую забаўку — пе-
раключыў прамень налобніка на вузкі фокус ды стаў па дарозе круціць галавой, матляючы маленькай плямкай па прыснежаным асфальце. Псюля яшчэ пагаўкала для парадку, але нарэшце скарылася жарсці даганяць спрытны агеньчык. Зрабілася ціха — толькі мае крокі, яе задыханае сапенне, скокі ды буркат у момант, калі прамень выслізгваў проста з-пад лапаў. Калі ў чарговы раз я рэзка перавёў галаву з боку наперад, снапок налобніка не адбіўся на зямлі. Замест гэтага ён падсвяціў мядзведзя, які стаяў перада мной. Праз імгненне мядзведзь вырабіў наступнае. Ён весела сказаў:
— Драсьці!
Пасля крутануў рулю вінтоўкі, якая вісела ў яго на плячы так, што, зрабіўшы паўкола, доўгі драўляны прыклад ляснуў мне ў падбароддзе. Я пачуў як цокнулі мае зубы, верхні шэраг аб ніжні, дзякуй богу, язык паспеў уцягнуць ад здзіўлення. Потым інерцыя ўдару падкінула мяне ўверх і па прыгожай дузе павяла назад. Я ляцеў доўга і хораша, вага заплечніка надала маёй глісадзе авіяцыйнай вытанчанасці. Я паспеў вяла падумаць: з якой гэта халеры мядзведзі пачалі хадзіць па палях са стрэльбамі. Ды чаму яны гэтымі стрэльбамі вось так заганна б’юцца, хаця маглі б інтэлігентна загрызці ці хаця б зухавата бабахнуць. Мабыць, эканомія патронаў, адказаў я сам сабе ў той момант, калі мая патыліца ацаніла ўсе перавагі сустрэчы з абледзянелым асфальтам у хай сабе і моцна заношанай, але ўсё ж тоўстай заечай шапцы. Цікава, ці раздушылася пляшка з віскі, бо я ж так старанна закруціў яе ў швэдар акурат на выпадак падзення на спіну.
Налобнік з мяне сарвалі, а зверху палыхнулі два ліхтары, скіраваныя проста ў твар.
— Супакой сабаку! — загадаў другі, меней медзведзяваты голас. — Супакой, a то застрэлім!
Я хацеў узняцца ды запярэчыць, што сабаку няпроста супакоіць, калі на яе гаспадара здзяйсняюць напад мядзведзі з ружжамі, але ўзняцца я не здолеў — не дазволіла руля дубальтоўкі, што ўперлася мне ў грудзі. Ад рулі моцна пахла паленым порахам, то я зрабіўся вельмі ветлівым.
— Вітаю вас, паны мядзведзі! — сказаў я ў цемру. — Чым мы вас пакрыўдзілі?
— Ён думае, што здольны нас пакрыўдзіць, — маладжавы голас узняў прамень ліхтара на медзведзяватага. Мядзведзем выглядаў барадач, апрануты ў сабалінае футра. Было складана зразумець, дзе канчалася поўсць ягонай барады ды пачыналіся космы футра.
— Супакой сабаку! — яшчэ раз рыкнуў ён.
Я, лежачы, намацаў Гердаў ашыйнік і пацягнуў яго ўніз, прыгаворваючы:
— Гердачка, усё нармальна! Дзядзі проста вельмі хацелі з намі пазнаёміцца! I не ведалі, як далікатней гэта прапанаваць!
Сабуля перастала кідацца на варвараў, якія нас захапілі, але брахаць не спынілася.
— Падымайся, пойдзем! — тыцнуў мядзведзь руляй у мяне.
Я з цяжкасцю падняўся, працягваючы трымаць Герду за ашыйнік. Расправіў паліто пад лямкамі заплечніка, бо складкі балюча ўпіліся ў спіну. Пагладзіў Герду па ўзвушшы, супакойваючы. Ёй неяк перадалася мая ўпэўненасць у сабе. Яна прымоўкла. Захопнікі зайшлі мне за спіну ды падштурхнулі наперад вінтоўкай:
— Давай, ідзі. Наперад. Мы — за табой. Сабаку трымай, бо шарахнем шротам.
Я пайшоў, прыслухоўваючыся да гукаў з-за спіны. У пляцаку прыцішана булькала. Віскі не разбілася.
У промнях налобнікаў нашых захопнікаў паблісквалі зубы Герды — яна ішла выскаліўшыся ды ціхенька гырчэла: ёй не падабалася, што людзі, якія ўдарылі гаспадара, беспакарана цягнуліся цяпер ззаду, наставіўшы на нас стрэльбы. Часам мне здаецца, што Гердачцы трэба было нарадзіцца бультэр’ерам, часам — памеранскім шпіцам. Вельмі шырокі дыяпазон настрояў у характары.
Захопнікі мірна тупалі за намі і праз нейкі час пачалі перамаўляцца.
— Ці не было ў цябе калі-небудзь адчування, што ўсе нашы дзеянні прадвызначаныя, Мазай? — інтымна спытаўся малады голас.
— He разумею, пра што ты, Заяц, — груба адказаў кудлаты.
— Як быццам бы ёсць нейкі план. Ці сцэнар. I мы ў ім — нават не акцёры. Марыянеткі. I можа вось зараз — адзінае, для чаго мы народжаныя, гэта каб гэтае вось бібабо і ягонага сабаку завезці да Цара.
— Мне дык наадварот замала прадуманасці ў гэтым свеце. Такі, як ты, Заяц, дык даўно павінны быў скончыць нявольнікам у матрыярхаце “Зялёны Луг”, — медзведзяваты тупаў нейкі час моўчкі, потым дадаў: — Але вось праўда, неяк шмат паўз нас дурнаватых візіцёраў пачало цягацца. Спачатку хіпстары на веліках. Зараз гэты, з сабакам. Яшчэ і спаць застаўся, ну? Нічога не баяцца.
— Секундачку! — я перапрашальным тонам улез у іх размову, не збаўляючы хуткасці, каб не раздражняць людзей з узведзенай зброяй. — Вы, мабыць, пераблыталі. Хіпстары на веліках збочылі на Слуцк. А мы зараз ідзем па трасе на Гомель, ці не так? Паўднёвы ўсход?
— Вось бачыш, Заяц, з якім матэрыялам прыходзіцца працаваць. Сунецца кудысьці. 3 сабакам. Заплечнік сабраў здаравенны, толькі вушы з-за яго відаць. I не
ведае, куды ідзе, — растлумачыў свайму суразмоўцу медзведзяваты.
— Мы на Слуцкай трасе. Поўдзень. Кіруемся да Цара Гары. Якому можа спадабацца твой сабачка.
Герда прыняла дапушчэнне пра сабачку чарговым гырканнем. He ведаюць яны, з кім звязаліся. Думаюць, з памеранскім шпіцам.
Я спрабаваў зразумець, як умудрыўся схібіць з напрамкам, не дайшоўшы да патрэбнага павароту амаль чвэрць маршрута. Моцная стома ды адсутнасць трэніроўкі падоўжылі адлегласць адоленай пасля выхаду на кальцавую дыстанцыі, вось і паспяшаўся. Пасля таго як людзі са стрэльбамі нас адпусцяць, a здарыцца гэта мусіць хутка (бо што ім да нас?!), трэба будзе на першым жа павароце забіраць правей. Каб сустрэцца з кірункам на Гомель.
— Прабачце, яшчэ адно пытаннечка, — я паспрабаваў азірнуцца, але атрымаў нямоцны штуршок у спіну, — а ў вашага Цара Гары які парадак? Ці ёсць там рабаўладанне? Бо, ведаеце, я неяк не люблю, калі свабоду чалавека абмяжоўваюць.
— Яшчэ адзін хвілосаф пра маю бараду! — нязлобна прыкрыкнуў Мазай.