Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
— Скажыце, калі ласка, а ці далёка да фермы? — запытаў я.
— Блізу сарака кіламетраў. Уздоўж трасы, — глуха буркнуў ён.
— Вой, то прабачце, калі ласка, але, можа, у вас знойдзецца што пажаваць? Вельмі есці хочацца, а пры дарозе нічога няма.
— Так не робіцца, — спакойна адказаў мінак.
— Я добра заплачу! Буцер які. Ці каўбасы. Хаця б што. Жывот рыпіць, ажно кішкі ў банцікі завязваюцца.
Фігурка пастаяла з хвіліну, утаропліваючыся ў мяне, потым зноўку вымавіла:
— Так не робіцца. Бачыш чалавека — забірай на сто крокаў правей, ён робіць тое самае. Інакш можна страляць. Так не робіцца.
— Паміраем з галадухі з сабачкам, — вырашыў я націснуць на мінака Яе Вялікасцю.
— Свіны стэйк. Поўны праснак і кавалак сала з камень крэсіва. Дзесяць цынкаў — прапанаваў ён. Цана была касмічная, але што паробіш. — Я пакладу мяса на зямлю і адыду на сто метраў. Ты забяры ды пакладзі побач цынк. Калі падманеш, буду страляць!
— Згода! — ледзь не пачаў пляскаць у ладкі я.
Пакуль мы танцавалі з ім гэты гандлярскі танец, я зразумеў што чалавек быў шахцёрам: пра гэта недвухсэнсоўна паведамлялі не толькі ягоныя манеры, але і М-16 з падствольным гранатамётам. Калі б ён быў злодзеем, ён мог лёгка зрэзаць мяне чаргой са свайго прыстралянага ствала. Але ў шахцёраў свой кодэкс. Мы паважліва разышліся, я завярнуў да лесу, якім у нашых краях сканчаецца любое поле, зайшоў глыбока ў гушчар, наламаў ельніку, разгарнуў пластыкавы пакет і знайшоў там таўсценную, шчодра пасоленую ды як след праперчаную свіную паляндвіцу. Пра тое, як я еў яе, запечаную на галінках да хрусткай скарыначкі, людзі Зямлі калі-небудзь складуць вершаваны эпас. У ім знойдзецца месца і прысмаку дымка, і похрусту буйных драбінак сапраўднай марской солі на зубах, і Гердзе, якая глядзела на мяне, як жонка Бога мусіла глядзець на Бога, калі той ствараў гэты свет. Канечне, знайшоўся маленькі кавалачак і ёй. Здаецца, яна заплюшчыла вочы ад асалоды, калі глытала яго.
Як заўсёды пасля гарачай сытнай ежы, настрой рэзка пайшоў угару, а жаданне ісці некуды, наадварот, наблізілася да нуля. Праз ляноту я ледзь перастаўляў ногі, і наступныя сорак кіламетраў у маёй галаве круціліся розныя — вядома, самыя дасціпныя — варыянты выкарыстання дробных чорных істотаў з чатырма лапамі ды хвастом для пераносу моцна наетага чалавека. Герда мой настрой адчувала і трымалася падалей. I толькі разлітая па целе лянота не дазволіла мне прадметна заняцца яе закілзваннем.
Паблізу ад фермы мінакі пачалі трапляцца часцей. Я болей не дзівачыў і, пабачыўшы постаць, дысцыплінавана забіраў убок, каб не правакаваць сутычку. Ферма з’явілася з-за павароту без папярэджання: пастаўленая проста пры дарозе, яна з усіх бакоў была аточаная ле-
сам. Над гаспадарчымі прыбудовамі дамінавала цяжкая цагляная фартэцыя, выкананая ў варварскім раманскім стылі, распаўсюджаным у дзевяностыя гады мінулага стагоддзя, калі гэтай часткай сушы запраўлялі варвары, прыязныя да раманскіх аздобаў.
Круглая вежа з акенцамі-байніцамі, у кожным гарыць святло — прыкмета сапраўднай заможнасці гаспадароў. Тэрыторыя была асветленая жоўтымі ліхтарамі — гэта не было падобна ні да люмінафору, ні да святладыёду, я ніколі раней не бачыў такой крыніцы святла. Ля дома быў вершнік — на кані ён трымаўся настолькі ўпэўнена, што нагадваў кентаўра. Што цікава, вакол прыбудоваў і побач з лесам не было ні капітальнага плоту, ні нават невялічкай агароджы. Выглядала, што аўтарытэт гаспадара гэтых мясцінаў быў настолькі высокі, што ніхто нават думаць не мог, каб зайсці на тэрыторыю ды скрасці нешта. Тут не баяліся ні неўраў, ні бандытаў.
Падышоўшы бліжэй, я зразумеў, што некалі гэты дамок быў нечым кшталту прыдарожнай харчэўні з матэлем. Хлявы і стайні, зробленыя з бярвення і дошак, з’явіліся тут пазней. Я ўзяў Герду за ашыйнік, паправіў заплечнік і дубальтоўку на спіне ды скіраваўся да невялічкага загончыка пры ўваходзе ў адзін з хлявоў. На габляванай сасне, што ўтварала парэнчы, сядзеў грузны лысы мужчына ў расшпіленай кацавейцы. Пад ватнікам бачная была цяльняшка. Час ад часу ля твару мужчыны загаралася чырвоная кропачка, і пасля гэтага ягоную фігуру ахутвала воблака туману. Яшчэ тут муляў рэзкі пах. Нешта з мінулага. Там, у загінулым свеце, ён сустракаўся настолькі ж часта, як і паганы віскі Teacher’s. А тут і цяпер гэты пах знік.
Лысы ляніва падняў руку да вуснаў і прыняў ад твару цыгарэту. Збіў попел. Зноўку зацягнуўся. Ён паліў тытунь. Цыгарэтка была бялявая, з жоўтым фільтрам. Гэ-
тая старадаўняя забаўка каштавала, мабыць, усяго таго цынку, што ў мяне быў з сабой. На Грушаўцы апалкі прадаваліся спачатку вёдрамі, потым паштучна, потым — па міліметрах да фільтра, потым яны зніклі зусім.
— Добрай ночы, — сказаў я, набліжаючыся. — He так часта пабачыш чалавека за такім каштоўным хобі.
Лысы ўперыўся ў Герду, а потым падняў галаву на мяне, відавочна не разумеючы, пра што я кажу. Я кіўнуў на агеньчык у ягонай руцэ.
— А. Ты пра гэта, — ён зацягнуўся. — Няма нічога лепей у свеце за першую зацяжку тытуню, — ён пацягнуўся. — Люблю ўсмактаць дымку, калі прачнуся. Нават да кавы яшчэ.
Так я зразумеў, што гэты чалавек п’е каву, магчыма, па кожным сваім прачынанні.
— Хочаш? — ён выцягнуў са штаноў поўны пачак “Кэмэлу” ды працягнуў мне.
Ніколі да гэтага я не адмаўляўся ад настолькі дарагой прапановы.
— Пазнавата вы прачынаецеся, — я скінуў заплечнік на зямлю ды прысеў на агароджу загона ля яго. — Я паспеў ужо сорак кіламетраў прапаўзці.
— Рассінхрон, — усміхнуўся лысы. — Ідзеш, бадай, здалёк. У нас світанак. Тут толькі пеўні адспявалі.
— Я з Грушаўкі, — кіўнуў я. — У нас быў бы падвячорак. Хаця халера ведае, гадзінніка не маю, спаў без будзільніка на шляху.
Лысы працягваў углядацца ў Герду. Яна адчула ягоную цікаўнасць да сябе ды прыткнулася да маёй нагі, маўляў, дзяўчына занятая, нічога не выйдзе.
— Ты таксама пры кучаравым хобі. Кабель ці сука? — ён кіўнуў на сабулю.
— Дзяўчынка, — далікатна пазначыў я пол сваёй сяброўкі.
— Як завуць?
— Герда.
Мужчына прымружыўся ды глыбока зацягнуўся.
— Прадасі? — спытаў ён, выдыхаючы дым.
— He, што вы!
— А калі шмат прапаную? — ён зноўку ўвабраў у лёгкія дым.
— Дык сабаку нельга прадаць, — я думаў, што кажу відавочнае. — Яна аддадзеная гаспадару. Яна не зможа жыць з іншым.
— Хлапчуком яшчэ марыў я, — лысы ўкруціў цыгарэту ў паўнюткую попельніцу, прыкручаную да парэнчаў. Відаць, любіў ён тут курнуць. — I спачатку бацькі не дазвалялі. Яны катоўнікамі былі. Кацістымі. А потым лёс склаўся так. Доўга адсутнічаў на волі. Трымаў дарогу роўна. Мяне ціснулі, я ціснуў. He здолеў бы апекавацца сабакам. А зараз іх паелі ўсіх. А каго не паелі — тыя самі ядуць, на людзей кідаюцца. Жарабца здолеў знайсці, шчэнных не засталося. Прыносілі мне ваўчанят — яны людзей не прымаюць. Сабака патрэбны. Нармальны, хатні сабака.
Жоўты ліхтар на куце загону даваў роўны водбліск на аблічча лысага. Hoc бульбінай, мясістыя вушы, рухомыя, нервовыя вусны — спачатку ён пажоўваў фільтр цыгарэты, потым пачаў пакусваць ніжнюю губу. Цікава, што пры такім неспакойным роце, вочы ягоныя глядзелі цяжка, як бы забіваючы суразмоўцу ў зямлю. Ён быў падобны да злога Буды, гэты дзядзька.
Я прыгледзеўся да незвычайнага ліхтара: крыніцай святла ў ім быў няроўны празрысты камень памерам з кулак, прывязаны да драўлянай распоркі. Камень меў няроўную фактуру, у ім трапляліся ярчэйшыя зярняткі, цямнейшыя жылкі, рудаватыя і залацістыя слаі. Ягонае тленне было адносна роўным, падобным да фосфарнага, але значна ярчэйшым. У такім святле можна было б чытаць.
— Ніколі не бачыў такога вялікага? — спытаў лысы.
— Я першы раз сутыкаюся з нечым падобным. Што гэта?
— Слёзы Геліядаў, — лысы дастаў з кішэні маленечкі тэрмакубак для эспрэса, адвінціў накрыўку — там зіхацела некалькі вугельчыкаў. Ён падпаліў ад іх цыгарэту ды прыбраў сваю “запальнічку”. — Слёзы Геліядаў, — паўтарыў ён зноўку з пэўным сарказмам у голасе. — Насамрэч проста бурштын.
— А чаму ён свеціцца?
— Таму што, як кажуць дылеры, ён здабыты ў рацэ Эрыдан. Балтыйскі бурштын не свеціцца, мы з братамі правяралі. Толькі той, што з Эрыдана. Бо толькі ён — “слёзы Геліядаў", — лысы прамаўляў без энтузіязму ды даволі блытана. — Эрыдан — звычайная рэчка, ідзе за Горадам Святла. Шырокая. Я не памятаю, як яе раней звалі. Дняпро? Ці, можа, Прыпяць? А можа, Дзвіна? Каму гэта зараз цікава? Зараз яе называюць “нябеснай плынню”. “Нябеснай”, — лысы хмыкнуў. — Я думаю, гэта для таго каб задраць на бурштын цану вышэй за аблокі. Але бурштынавыя дылеры кажуць, што яе так празвалі за тое, што калі бурштын у таўшчыні вады пачаў свяціцца, а здарылася гэта зусім нядаўна — ты ж бачыш, гэтая забаўка нават да Грушаўкі пакуль не дабралася — дык вось, у гэты момант людзі падумалі, што ў рацэ адбіваюцца зоры.
Я паглядзеў у зацягнутую срабрыста-чорнымі аблокамі вышыню ды здзівіўся:
— А як зоры, якіх не бачна на небе, могуць адбівацца ў рацэ?
— Гэта ты ў бурштынавых дылераў спытай, — хмыкнуў лысы. -—Адно што, калі будзеш таргавацца, дык пераканайся, што бярэш фарт, а не лажу. Нам тут нядаўна прадалі каменьчык, а ім унутры жоўты дыёдны ліхтарык быў схаваны. Дык замахаліся за гэтым
фраерам бегаць, а потым яму гэты кавалак шкла піхаць у...
— А вы не ведаеце, як мне знайсці брата Ягорыя? — я перарваў лысага, каб не слухаць, куды дакладна быў запханы фальшывы бурштын.
Лысы глыбока зацягнуўся, і я звярнуў увагу, што над адным з пярсцёнкаў вытатуіраваных на ягоных пальцах, прысутнічае невялічкая карона.
— Дык гэта я і ёсць, — усміхнуўся ён.
— Мяне да вас Цар Гары накіраваў, — я саскочыў з парэнчы ды расшпіліў заплечнік, каб дастаць адтуль падарунак.
— А, Сашка, — лысы махнуў рукой, маўляў які ён Цар — так, дзіцяня пры пясочніцы.
Я працягнуў брату Ягорыю нож у скураных похвах ды зноўку прымасціўся побач на жэрдачцы.
— Ён сказаў перадаць вам гэта. Падарунак.
Лысы насупіўся, расшпіліў ножны, агаліў клінок, пачаў уважліва яго разглядаць. Тут, побач з велізарным домам лысага, шэрая шурпатая сталь выглядала асабліва нягеглай. На твары ўладальніка фермы адбілася — не, не расчараванне, але засяроджанасць. Ён круціў паляўнічы ножык і так, і гэтак.