Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
— I што гэта значыць? — неўзабаве запытаў брат Ягорый. — Як гэта разумець? Сашка, можа, што на словах перадаваў?
— Я думаю, з яго боку гэта было кшталту прывітання. Гэткае “намастэ, аміга”! Пацверджанне таго, што ён вас шануе. “На знак глыбокай павагі”, ён сказаў. Ён проста папрасіў мяне завітаць на ферму ды пакінуць гэты падарунак брату Ягорыю. 3 вялікай пашанай пра вас адгукаўся.
Позірк лысага спыніўся на сабулі. Гердачка яшчэ мацней заціснулася за маю нагу, спрабуючы зліцца з сутоннем і не адсвечваць.
— А, зразумеў, — сказаў брат Ягорый нарэшце. Ён нядбайна кінуў ножык сабе ў кішэню. — Ну то ў якасці адваротнай паслугі маю цябе запрасіць сёння ў нас пераночыць. 3 нас — панскі пачастунак ды, калі захочаце, конны шпацыр у краіну туманаў.
Я не чуў, што ён казаў. Мой позірк утаропіўся ў гліну пад нашымі нагамі. На ўнутраную паверхню загончыка, на агароджы якога мы сядзелі. Уся яна была ад кута да кута пакрытая добра бачнымі востранькімі слядкамі — падвойныя, востранькія зверху, закругленыя ўнізе.
— Што такое? Чорта пабачыў? — лысы ўжо нейкі час нешта казаў мне ў твар. — Што з табой?
— Там у вас. Сляды. Што гэта за сляды? Вы што, казлакапытых тут гадуеце? — мне вельмі хацелася зняць з пляча стрэльбу, каб проста трымаць яе ў руках, на ўсялякі выпадак. Але гэта было бессэнсоўна — патронаўу ёй не было.
Брат Ягорый паглядзеў на адбіткі на зямлі пад парэнчамі ды пашчоўкаў пальцамі перад маімі вачамі.
— Якія казлакапытыя? Ты крануўся? Свіння тут хадзіла. Бо вось там, — ён паказаў на ўваход у ферму, — хлеў. Мы свіней выпускаем пагуляць на свежым паветры. Ты свінню хоць бачыў, хлопча?
У тым, што ён казаў быў сэнс. Але апрача свіней у сваім жыцці я бачыў яшчэ парэзаных людзей. Месца, дзе яны загінулі, было ўсё затаптанае гэткімі ж слядамі. Выцягнутыя, востранькія. Бы вушкі ў Герды, калі яна пільна да чагосьці прыслухоўваецца.
— Даруйце, але мушу ісці, — каротка сказаў я ды саскочыў з парэнчаў. Падсеў пад лямкі заплечніка, устаў, абапіраючыся на жэрдку.
— Сам не хочаш адпачыць — пашкадуй сабаку. Сучцы трэба пад’есці, загоніш — памрэ.
— Нічога, яна ў мяне трэніраваная. Мы здолеем дайсці да карчмы. “У Ляйбы”, здаецца. Тут жа яшчэ
толькі ранак. Пеўні ледзь праспявалі, вы казалі. Спаць удзень шкодна для Гердзінай поўсці. 3 яе знікае бляск.
Я азіраўся, каб зразумець, з якога боку я падышоў і куды вырушаць далей. Позірк брата Ягорыя зрабіўся яшчэ болып цяжкім, рухавыя вусны сцяліся, нібы ён вось-вось прыме нейкае нялюдскае рашэнне. Але ён зірнуў на Гердачку, якой перадаўся мой неспакой, ды ў галаву гаспадару фермы заскочыла іншая думка. Рысы твару палагаднелі.
— Карчма Ляйбы стаіць пры дарозе, высокі плот з паходнямі, не прамінеш. Да яе ўсе сцежкі прастуюць. Кіламетраў трыццаць да яе.
— Бывайце! — я крочыў назад, тварам да яго, трымаючы руку на прыкладзе. Але той паводзіў сябе мірна. Дастаў яшчэ цыгарэту.
— Беражы сучку! — параіў мне лысы. Ды дадаў, гледзячы ўбок: — Нават ежы не набыў. Так, бядак, спяшаецца.
Адышоўшы на адлегласць прыцэльнага стрэла, я развярнуўся да дарогі ды хутка пацягнуўся ўздоўж яе. Трэба было адшукаць паварот на былы гомельскі напрамак, пра які казаў Цар Гары. Неўзабаве гасцінцы сапраўды разгалінаваліся. На гэтым рагу стаяў надмагільны помнік, клееная гранітная крошка, залачоны подпіс па ёй:
Жырнюк Міхаіл Афанасьевіч
1960 2019
Дакуль тыў сэрцах нашыхжывы, Мы, будзем помніць — пра цябе! Iўсе прыгожыя парывы Ты нас пачуеш на сабе.
Дзеду — ад жонкі і ўнучак.
Помнік быў вырваны з надмагілля разам з кавалкам бетону. Паверх эпітафіі Міхаілу Афанасьевічу белай фарбай з балончыка чыясьці рука цынічна вывела: “Насамоны наўпрост, Слодыч налева, Ферма ўзад”. Левая дарога была шырэйшай, чатыры паласы, добры асфальт. Тая, што вяла наперад, была даўно не рамантаванай двухкалейкай. Я выключыў ліхтар, знайшоў прыстойную сцяжыну за сто метраў правей ад напрамку на Слодыч ды пайшоў па ёй. Трыццаць кіламетраў. Амаль поўны дзень пехатой з маёй не самай лепшай хуткасцю. У жываце адчувальна бурчэла — з’едзеная свініна даўно ўжо пераўтварылася ў чыстую энергію, якая засталася далёка за плячыма. Пераход будзе няпростым.
Я ішоў і думаў пра сляды. He ведаю, як выглядаюць тыя казлакапытыя і ці моцна адрозніваюцца ад іх дзікі, якія тэарэтычна маглі патаптацца на месцы забойства, ад свойскіх свіней, якіх па цэнтры лесу быць не магло. Але адбіткі, якія я бачыў на ферме, не проста нагадвалі тыя сляды. Яны была абсалютна аналагічныя. Я зняў з пляча вінтоўку, дастаў патроны, два засадзіў у ствалы — цыліндрыкі ўвайшлі з прыемным выгукам, як быццам нехта падзьмуўу рыльца бутэлькі, па два кінуў у правую і левую кішэню паліто. Паставіў зброю на засцерагальнік ды рушыў наперад, спрабуючы ствараць як найменей шуму.
Ісці рабілася ўсё цяжэй: мне падалося, што навокал крыху пацяплела. Час ад часу трапляліся чорныя пляміны лужынаў, кранутых лядком па цэнтры. Месцамі чорная вадзічка паблісквала на донцах асабліва глыбокіх слядоў. Галаве зрабілася горача ў заечай шапцы — трэба будзе адшукаць замену. Праз неспакой мне ўвесь час падавалася, што за намі нехта крадзецца. Таму я адышоў яшчэ на сто метраў направа ад асноўнай сцяжыны ды стаў прадзірацца праз цалінны
шарпак. Герда мела пячатку вялікага сумневу ва ўсёй сваёй паставе, ад вушэй да хваста. Магчыма, яна згодная была на перастрахоўкі пасля сустрэчы з залішне настырным лысым кавалерам, але падмятаць брухам падлесак не наймалася.
Неўзабаве думкі канчаткова расталі, выціснутыя лютай стомай. Засталіся толькі рэфлексы ды рэакцыі. Асноўнай з якіх быў боль. Мы зрабілі тры прывалы, падчас апошняга Герда з’ела бляшанку харчу. У нас заставалася яшчэ пяць такіх перакусаў, у Пасёлку Слодычаў трэба будзе грунтоўна папоўніць прыпасы. Калі есці хацелася невыносна, я падбіраў ільдзінку ды рассмоктваў яе ў роце. Галава круцілася як пад страбаскопам на дыскатэцы. Час ад часу я прымружваў вочы і бачыў усё тое ж — белы снег, галінкі, камлі дрэваў, хмызняк, праз які можна праціснуцца, хмызняк, які трэба абходзіць, зноўку белы снег, галінкі, камлі дрэваў.
Галоўнае — нейкая незразумелая трасца рабілася з напрамкам. Пасля доўгага сляпога пераходу па цемнаватым ельніку я збочыў налева ды паспрабаваў намацаць ці дарогу, ці хаця б грунтоўна пратаптаную сцяжыну, па якой мы ішлі напачатку. Але сустрэў толькі ваўчыныя сляды ды разарваную ўшчэнт галку. Дарогі не было там, дзе мы яе пакінулі. Супакоіўшы сябе, што часам шаша робіць розныя шматкіламетровыя выгіны, я працягнуў ісці проста (ці туды, дзе, як мне падавалася, ёсць тое “проста”). Ды неўзабаве наткнуўся на асфальтавы гасцінец справа. Я паспрабаваў састыкаваць, як дарога магла пераскочыць праз мяне ды змяніць бок, але не здолеў гэта зрабіць. Агулам жа я быў занадта стомлены, каб рабіць адэкватныя высновы. Мне трэба было дацягнуцца да гэтай. Хрэнавай. Карчмы. Упасці там на ложак. Ды выключыцца гадзін на сорак. А пасля з’есці палову цяля.
Раззлаваны на зніклую дарогу, на сабулёўну, якая ўсім сваім выглядам паказвала, што ў Букінгемскім палацы ўжо залезлі пад балдахіны альковаў, на ноч, якая збівала з панталыку, на сябе, на фермера, — я выйшаў на самы цэнтр асфальту ды патупаў па разметцы. Я быў гатовы сустрэцца з казлакапытымі, свінарогімі, жабаротымі, катахвостымі — хоць з чортам лысым, абы адразу пасля мне дазволілі прылегчы. Але насустрач мне не выходзілі ні казлакапытыя, ні карчмападобныя. Свядомасць пачала мільгаць — яркі выбліск, і я задаюся пытаннем, як магла чатырохпалосная дарога ператварыцца ў занядбанае двухпалоснае абы-што. Пасля — прыцемкі думкі, крокі, цішыня, боль у цягліцах. Зноўку сполах, і ўжо свідруе неспакой: чаму гэта я не бачыў мінакоў аж ад моманту, як збочыў са сцяжыны? Ці, можа быць, напрамак на Пасёлак Слодычаў настолькі ніякі? Пасля — цемра, крокі, рух, дыханне. Гердачка жаласліва паскугольвае — сэр, мне б ужо на масаж ды паляжаць. Зноў прытомнасць, і разуменне, што я ляжу спінай на сухім дрэве, што павалілася ля дарогі. I я, здаецца, нават на нейкі час праваліўся тут у сон.
Гэта ўключыла галаву. He знайду ложак — засну на зямлі. Прычым, ужо хутка. А запаленне лёгкіх — не самы прыемны спадарожнік на шляху.
Я пабачыў, што пры дарозе стаялі скручаныя ды паржавелыя бляшаныя навесы. Выглядае, некалі сяляне тут прадавалі сталічным баярам рыбу, ягады і грыбочкі. Гэта значыць, недзе яны, тыя сяляне, мусілі жыць. Патаптаўся па падлеску навокал — ніякіх трывалых прагалін, просек ці праходак. Прайшоў наперад — там з аднаго боку дрэвы расступаліся, агаліўшы чорнае рэчышча рачулкі. Я прагуляўся ўздоўж, спачатку ў адзін бок, потым у другі. Што цікава, вада была не замёрзлая, лядком былі забраныя толькі косы ля берагоў.
Прайшоў праз крохкі масток — добрая прыкмета, бо ў нялюдных месцах масткі не ладзяць. Абмінуў пагорак ды пабачыў пабеленыя шэранню шыферныя дахі.
— Ура, таварышы! — бадзёра павіншаваў я Герду, твар якой ужо быў нечым сярэднім паміж фотаздымкам Махатмы Гандзі пасля галадоўкі і накідам партрэта “Першы ў свеце сабачка-аскет”.
П’янай хадой прайшоўся па мулкім падталым снезе ды ўторкнуўся ў занесены прасёлак, што змейкаваў да хацін. Вёска стаяла настолькі далёка ад маршрутаў руху прыстойных сучасных людзей, што тут не быў здзёрты нават арыгінальны дарожны ўказальнік. На бляшанцы значылася назва “Габляны” — ні слядоў ад куляў, ні мацерных прымалёвак паверсе.
Я пайшоў па вулачцы, выбіраючы для сябе і Яе Вялікасці хату папрыстойней. Дзіўнае відовішча: вёску гэтую закінулі яшчэ да таго, як людзі перасталі чакаць світанкаў. Снег быў не растаптаны — аніводнага слядка. Каб гаспадары выходзілі, яны пакінулі б адбіткі ў вечнасці бялюткай прасціны, што ніколі не растане. Да таго ж, аканіцы былі сарамліва прычыненыя на зашчэпы — мабыць, каб сонца не выпальвала фіраначкі ды цікаўныя не выглядалі пакінутыя ў доме каштоўнасці (шкляныя слоікі для варэння і радыёкропку “Маяк”).
Хутчэй за ўсё Габляны сталі ахвярай вялікага перасялення, якое здарылася ў момант, калі былыя сяляне ў вёсках вырашылі спыніць прадаваць сталічным баярам рыбу, ягады і грыбочкі ды самім зрабіцца баярамі са сталіцы. Яны высяляліся з раскошных прыватных хатаў на прыродзе ды заязджалі ў крэдытныя панэльныя хуткабуды за кальцавой. Ёсць адчуванне, што аматарка духоўнай літаратуры, у панэльцы якой я ночыў перад знаёмствам з Мазаем, зрабілася ахвярай гэтай жа тэндэнцыі.