Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
фальшывым хлебам. I не, я не ўдаю містыка. Гэта цалкам рацыянальны фінал!
Ён, крышку пацешны ў сваёй урачыстасці, зрабіў глыток з кубка. Я дыпламатычна каўтнуў са свайго і мармытнуў:
— Ну ты песіміст, браце!
— А галоўнае! — ён адставіў свой напой ды паляпаў далонню па стале. — Галоўнае! Вось глядзі. Калі тэмпература паўсюль застыла на той кропцы, у якой была на момант Зацямнення, значыць на поўдні будзе значна камфортней. He трэба цягнуцца ажно ў Турэччыну. Нават у Берасці — памятаеш такі горад? — зімы былі не такія паскудныя, як у тут. У лістападзе — плюс пяць цяпла. Снегу амаль няма. Ніхто ў кватэрах не мерзне насмерць. Вынік: трэба ісці на поўдзень! Кідаць увесь гэты — не, не камфортны, а проста прыдатны для паганага, сабачага, жыцця горад, збірацца групай і валачыся! Але ж ніхто так не робіць! Бо страшна! Бо за сценкай жа неўры! Бо там жа казлакапытыя! Там жа андрафагі з амазонкамі змагаюцца, хай бы іх халера перакусіла! Там жа край зямлі, яшчэ ўвалішся! Мы дагэтуль чакаем, калі нам уключаць Google, які растлумачыць, “як выжыць пасля канца свету”. Кажу табе, мы заслужылі тое, што маем. Я не здзіўлюся, калі недзе ў гэты самы момант блакітнае неба і на ўсю ззяе сонца. Бо не бывае так, каб не заставалася выйсця для таго, хто рушыць наперад і мае сілы і характар змагацца. Але мы — не такія. Мы — вырачаныя.
Неўзабаве пасля гэтага ён запытаў, ці ёсць у мяне Юкіа Місіма, і я выдаў яму зборнік “Споведзь Маскі”. Серыя “Азбука Класіка”, папяровая вокладка, дзвесце старонак. Я памятаю, як перад тым як падняцца і развітацца, ён пільна ўглядзеўся ў забыты мной на стале кавалак паперы са спісам, які я падрыхтаваў паводле размовы з шахцёрам. Калі б Рэйтан запытаў, што гэта,
я б не стаў хаваць. Выклаў бы свае планы пакінуць Грушаўку. Хутчэй за ўсё, мы пайшлі б утрох: я, ён і Герда. Мы б зведалі ўсе тыя прыгоды, якія чакалі мяне наперадзе, разам. Мы б жартавалі, калі нам рабілася вусцішна, і падбадзёрвалі б адзін аднаго, калі складана. Галоўнае: трагедыі ўдалося б пазбегнуць.
Чаму ён не спытаў? Таму, што заўсёдна, па-нямецку, паважаў прыватную прастору іншых. Рэйтан ён і ёсць Рэйтан. Чаму я не распавёў пра намеры сам?
Бо збіраўся пайсці з Грушаўкі зусім не праз тое, што шукаў цяпла альбо камфорту.
Раздзел трэці
ГАцак толькі-толькі стукнуў па рэйцы ў восьмы раз, як мой уваходны званочак блямкнуў. Я здзівіўся: зазвычай прага да літаратуры працінае маіх кліентаў толькі ў другой палове чорнага дня. Першую палову яны марнуюць на спробы зарабіць цынк, якім акурат і можна было б аплаціць прагу да чароўнай славеснасці. А тут як быццам нехта чакаў раніцы проста пад дзвярыма. Я адамкнуў.
Спачатку з’явіўся водар — старасвецкіў сваёй дасканаласці (зараз такія парфумы не робяць), трапічны ў сваёй крыху задушлівай салодкасці. Спачатку ўвайшоў водар, і толькі за ім — жанчына. Прастрэліла маю гасцёўню позіркам з гэткім жа прафесіяналізмам, як шахцёр учора, зрабіла няўлоўны рух усярэдзіну, да спальні, але я з непахісным выразам твару дрыгануў плячом: маўляў, туды нельга, там я не прымаю.
Яна зразумела знак і ўселася на зэдлік. Апранутая была па-багатаму, але больш ярка, чым лічыцца прыстойным у Грушаўцы. Пафарбаваныя ў блонд валасы. Адметнасцю адзежы было і тое, што ўсе яе складнікі вельмі лёгка — адным рухам — здымаліся. Вось хоць проста тут і цяпер. Усеўшыся, яна правяла пальцамі ад шыі да жывата, і ейнае футра расшпілілася, агаліўшы каўнер, пад якім бліснула аголеная клавікула. Усё гэта адбывалася ў цішыні. Я чакаў, калі яна нарэшце назавецца, яна чакала моманту, каб эфектна назвацца.
Асобна трэба сказаць пра Герду. Сабуля назірала за госцяй з пільным і хіба крышачку іранічным выразам на пысе. Ніякай пагарды. Ніякай агрэсіі. To можна не напружвацца.
Мая візіцёрка была немаладая. Мая візіцёрка была вельмі прыгожая.
Як апісаць гэтую прыгажосць? Быўу маім ранейшым жыцці момант, калі я мусіў праглынаць адну за адной кніжкі сучаснай беларускай прозы, бо мусіў тэрмінова ўкласці калекцыю для аднаго вельмі значнага замоўцы. У гэтых кніжках я ўвесь час натыкаўся на эратычныя сцэны. Пісьменнікі, перабіваючы адзін аднаго, нахвальвалі знешнія якасці тых жанчынаў, на якіх збіраліся ўскараскацца іх героі. Дык вось. На другім тузіне зборнікаў і раманаў апісанне дзявочай красы злілося ў манатонны гулкі вулей. Азначэнні паўтараліся з тэксту ў тэкст: вусны, грудзі, лыткі, майткі пазліпаліся ў адно суцэльнае шмаравідла. Сучасная проза гула роўна і нейтральна, як рухавік аўтобуса, што вязе амерыканскіх дзетак у школу. I вось, каб адпачыць ад цыцак і прасцінаў, я адкрыў класічны твор мінулага стагоддзя. “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча.
I на першай жа старонцы зачапіўся вачыма за настолькі красамоўнае апісанне прыгажосці, што ўсё прачытанае перад гэтым паблякла. Аднак майстар апісваў не жанчыну. Майстар апісваў дрэва. Грушу ў квеце.
Дык дазвольце мне намаляваць маю візіцёрку словамі Караткевіча.
Гэтая груша цвіла апошні год. Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, быліўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне. I была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым
раі пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца. I, аднак, надыходзіла яе апошняя часіна.
— Я — Касандра, — нарэшце з пачуццём уласнай годнасці прамовіла жанчына. — Да ўчора я была нявольніцай на Кальварыі. Але ваш Бурмістр падарыў мне свабоду.
Я не ведаў, што на гэта адказаць. Любая рэпліка тут была б не надта прыстойная. Нават проста “вітаю вас у сябе”.
— Ён добры чалавек, гэты ваш Бурмістр, — заўважыла яна, роўна трымаючы галаву і гледзячы проста перад сабой. — Добры, але наіўны. Ён прапанаваў мне заняцца любой працай, якая мне па душы. Калі я сказала, якая праца мне па душы, Бурмістр сказаў, што не можа пакінуць мяне ў сваім доме. Бо ён жанаты, а ў вашай дзяржаве гэта замінае ўтрымліваць такіх, як я. Гэта лічыцца непрымальным. Як ён мяне запэўніў. I вось я не ведаю: гэта напраўду так, ці, можа, я яму проста не спадабалася?
Тут яна павярнула ўсю сваю постаць ў мой бок, скіраваўшы прыцэлы вачэй проста ў твар.
— Гэта так, так, — замармытаў я, адчуваючы, што чырванею. — У сэнсе не тое, што вы там не спадабаліся Бурмістру, але ж. He, не! Вы вельмі прыгожая жанчына! — вушы ў мяне пачырванелі настолькі, што ў іх пачала пульсаваць кроў. Асабліва адчувалася гэта ў тых жалабках, што ідуць па ўскрайку вушных лапушын. — Проста ў нас сапраўды жанчын не прынята... — я стаў пакутліва падбіраць слова і ўчарашняе спатканне з Жыжэкам падказала. — He прынята эксплуатаваць! Тут жанчына сама абірае, каго. У сэнсе, з кім. He аб’ектывуецца. Я заблытаўся ды змоўк. Герда апетытна, працягла, пазяхнула. Адчувалася, што яна б растлумачыла ўсё красамоўней, карацей і ярчэй, чым я. Але я — не Герда, мне бракуе ейнага цынізму, іранічнасці ды розуму.
— Жанчын тут не прынята эксплуатаваць, — Касандра паўтарыла гэтае слова маёй інтанацыяй. —Але тут прынята жанчын крыўдзіць. Калі я запытала ў Бурмістра, якія яшчэ варыянты могуць быць для вольнай Касандры, ён параіў мне ісці працаваць на рынак. На рынак! А пасля таго, як я рассмяялася яму ў твар, ён сказаў, што на паўднёвай мяжы муніцыпаліі, у прыватных дамках пад сценкай, сяляне разводзяць свіней і курэй. I што там спатрэбяцца рукі. Mae! Рукі!
Я зноўку не ведаў, што адказаць, таму змаўчаў.
— Ну, вы ўяўляеце? У свінарнік? Курам гаўно прыбіраць! Хіба гэта прыстойная прапанова? — маё маўчанне пачало яе бянтэжыць. Яна схавала маску пакрыўджанай Неферціці (версія для правінцыйнага тэатра) ды спыталася чалавечай інтанацыяй: — To вось, як вы тут жывяце? Вось, што ў вас тут за свабода?
— Гэта не ў нас тут свабода. Гэта свабода як такая, — выціснуў я з сябе. — Той, хто цябе спажывае, цябе і корміць. Калі гаспадара няма, даводзіцца шукаць праснак самастойна.
Яна зноўку агледзела маё жытло, і я пабачыў у яе вачах адценне сумневу.
— Бурмістр сказаў, што вы — вельмі заможны чалавек.
Я пра сябе назваў хітраватага галаву Грушаўкі нехарошым словам.
— Заможны і самотны, — працягнула Касандра. Яна гаварыла гэта ўжо без тэатральных позаў, жэстыкулявала свабодна. Пачуццё няёмкасці паміж намі знікла.
— Што самотны, так, — пагадзіўся я, — жыву адзін. 3 сабачкам. Ну, а заможнасць — адносная. Дзесяць цынкаў на трыццатым ранішнім звоне за камуналку і бяспеку Грушаўкі сплочваю спраўна.
Яна зрабіла паўзу, зазірнула мне ў вочы і вымавіла амаль па-сяброўску:
— А давай я буду тваёй, самотнік. Давай я буду дапамагаць табе на кухні, гатаваць ежу, запарваць табе гарбату. Гуляць з тваім сабакам. Давай я буду кахаць цябе, — яна счытала рэакцыю майго твару і паправілася: — Цябе і тваіх сяброў. Ты будзеш даваць мяне ў пазыку, расплачвацца мной за паслугі з іншымі. Давай ты будзеш валодаць мной, самотнік.
Пакуль я падбіраў словы для адказу, яна ўзнялася з зэдліка, скінула расшпіленае футра і адным жэстам аслабіла кафтан, што быў пад ім. Агаліўся бурны бела-ружовы квет. Яна кіпела, млела і раскашавала ў пчаліным звоне, што гуў у маіх вушах.
— Я вельмі майстравітая, самотнік, — казала гэтае патанулае ў белым квецені дрэва. — Ты не будзеш ведаць скрухі і суму са мной.
— Прабачце, Касандра, — сказаў я, адвёўшы вочы, — вы вельмі прыгожая жанчына. Але я адданы іншай. Я кахаю яе, і...
— I дзе яна? Тая іншая? — запыталася шапаценне кветак.
— Яе зараз тут няма, — я асіп.
Герда дапамагла, выдаўшы працяглы жаласлівы енк, вось ужо не ведаю, па кім ён быў, па мне ці па маёй візіцёрцы. Але енк дапамог — я ўтаропіў вочы ў Герду і выдаў, строга:
— Апраніцеся, калі ласка.
Я не ведаў, як сказаць Касандры, каб яна пайшла ад мяне. Пажаданне пайсці — не самае ветлівае, што можна прапанаваць жанчыне, якой аднойчы ўжо адмовілі. У яе магло скласціся ўражанне, што свабода — гэта калі мужыкі ўвесь час кажуць табе “не”. Мяне выратаваў званок у дзверы — што за незвычайны ранак сёння! Я пачуў гук зашпіленай маланкі і асцярожна павярнуўся да Касандры. Тая была ўжо цалкам апранутая. Мне было няёмка, і я паабяцаў шчыра:
— Калі ласка, не крыўдуйце. У мяне ёсць ідэя. Вельмі хутка для вас знойдзецца прыстойная і добра аплатная праца. Пачакайце крышачку. Ці ёсць у вас грошы? Я магу дапамагчы вам на першыя дні, — Касандра фыркнула.