Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
— Пекнага утра, пані Кнігар! — крыкнуў Корчын.
— Вітаю вас, таварыш Цугундар!
Пры слове “Цугундар” твар майго суразмоўцы крышку здзервянеў. Мабыць, гэта ўсё ж мянушка, прычым неяк звязаная з тым, чым ён займаўся на сваёй вялікай чорнай машыне.
— Як вашыя стравы, пан Кнігар?
— 0, вельмі апрычона!
— Апрычона? — ускінуў ён бровы. — Первы раз чую пра такую выразь!
— Апрычона гэта значыць вельмі добра, як быццам бы ты спрычынены да нечага важнага, — запэўніў я
Цугундара. Я люблю час ад часу пажартаваць, выдаўшы яму якое-небудзь не вельмі зацёртае слова, падмяніўшы ягонае значэнне. —А як вашы дзялы, таварыш Корчын?
— Усё файна! Толькі похва ные! — паскардзіўся ён.
— Што ные? — перапытаў я.
— Похва! Левая! Ажно ў нагу аддае. Застудзіў, мабыць, — адказаў ён, памацаўшы левую нырку. Падобна, з беларускай мовы Цугундара жартаваў не я адзін.
— Ці не хочаце глатнуць мядку? — гасцінна прапанаваў уладальнік “кропкі”, паказаўшы на вялікі закурадымлены бітон, пад якім ружавелі вуглі. Некалі ў такія бітоны збіралі малако ў калгасах, зараз іх прыстасавалі да вулічнага гандлю мёдам. Ну як, мёдам. Мёд — гэта гучна сказана. Слаўцо — даніна нашай славутай мінуўшчыне і старажытным кухарскім традыцыям. Усім гэтым “старкам”, “дзявяткам”, “зуброўкам”, “крамбамбулям” і іншым настойкам, ад якіх зараз засталіся толькі паэтычныя назвы для розных гатункаў бырла цёмных часоў. Мёд — кіселістае варыва, якое складаецца з распушчаных хлебных сухароў, падгнілай гародніны, цукру і кмену (каб не так смярдзела). Яму даюць добра закіснуць, а затым падаграваюць, каб мацней забірала і праганяла холад. Кубачак мёду—і ты гатовы цягацца па горадзе ды чапляцца да людзей ажно да шостай рэйкі ўвечары, хаця выходзіў толькі на рынак па дровы. Два кубачкі мёду — і цябе самога можна прадаваць на рынку, як дровы. Але, праўда, бадуняка будзе эпічны, з усімі вялікімі бітвамі ВКЛ, якія адбудуцца непасрэдна ў тваёй галаве (дрэнныя перамогуць).
— Дзякуй, таварыш Корчын, але ад мядку хіба адмоўлюся, — пакруціў я галавой. — У мяне праз яго похвы адваляцца. Спачатку правая, потым левая.
— Ну, можа, тады пагартаеце газетку? — ён паказаў на гасцявы зэдлік ля бітона. — Для таго людзі і пры-
ходзяць на вулічныя кропкі: пачытаць навіны, дзябнуць мядку ды пагаманіць. Дужа бясплатна для вас, пані Кнігар! — на ўсялякі выпадак чарговы раз удакладніў Цугундар.
Цугундар — мой сталы кліент. Бярэ ў асноўным дэтэктывы і эротыку ў мяккіх вокладках, то бок найбольш запатрабаваны тавар. Час ад часу атрымлівае зніжку за стараннасць у вывучэнні мовы. Адсюль і прапанова спрычыніцца да навінаў бясплатна.
Газета “Газета” (няма сэнсу вычварацца з назвай, калі робіш адзіны прадукт такога кшталту ў муніцыпаліі) — забава не самая танная. Нумар каштуе адзін поўны цынк, пагартаць на месцы — палову цынку. Цана ўтвараецца праз складанасці ў вырабе: асобнік цалкам друкуецца на машынцы, прычым за раз пад капірку друкар можа зрабіць толькі тры копіі, чацвёртая атрымліваецца бляклая і нечытэльная. Да таго, ж сам “збор навінаў” — тая яшчэ трасца. А дадай сюды намаляваныя ад рукі ілюстрацыі!
Я ўзяў з палічкі нумар і навёў сноп святла ад налобніка на першую старонку. “УРАЧЫСТЫ ПАРАД НА ПРАСПЕКЦЕ СВАБОДЫ”, паведамляў набраны загалоўнымі літарамі загаловак.
"Сёння пасля чацвёртага звону Бурмістр і Вярхоўны Галоўнакамандуючы Вольнай Муніцыпаліі Грушаўка сумесна з Камісарам Унутраных і Знешніх спраў Народнай Дыктатуры Кальварыя прыме з трыбуны Віталюра на праспекце Свабоды ўрачысты праход узброеных сілаў Вольнай Муніцыпаліі Грушаўка сумесна зузброенымі сіламі, дэлегаваныміВольнай Муніцыпаліі Грушаўка ад Народнай дыктатуры Кальварыя ўмежах заключанага на добрыя часы міждзяржаўнага пагаднення аб абмене цяплом. У парадзе таксама прымуць удзел тры нявольніцы, падораныя Народнай дыктатурай Кальварыя Вольнай Муніцыпаліі
Грушаўка ў знак дэманстрацыі пашаны і традыцый добрасуседства. Людзіўжо рыхтуюць вогнішчы”.
Як заўжды, з газетнага тэксту штосьці зразумець было немагчыма. А вось для гэтага і стаіць гасцявы зэдлік ля бітона. Пакуль навіну не абмяркуеш — навіну не прачухаеш.
— Ммм, і што гэта значыць, таварыш Корчын? Я неяк заблытаўся ў прыдаткавых сказах.
— Я зараза ўсё гарна аб’ясню! — вось праўда, часам хочацца, каб ён кінуў спробы імітаваць беларускую мову і размаўляў на сваёй роднай, клінгонскай! Цугундар працягваў: — Неўзабаве Бурмістр усклаў пагадненне з біткамі з Кальварыі. Бо нам бардзо патрэбна ахрана супраць узнавіўшыхся налётаў з пусташаў, а ім быкуе цяпла. Бо кацельні ў іх жа няма. А аружжа бардзо многа.
Тут трэба зазначыць, што народная дыктатура Кальварыя ўзнікла ў выніку нападу групы ашалелых таварышаў на сілавую ўстанову недалёка ад нашай агароджы. Адбылося гэта амаль адразу пасля таго, як неба зрабілася цёмным. Унутры РАУСа — ці што там было — выявілася, што склад з аўтаматычнай зброяй. У выніку чаго на заходняй мяжы Грушаўкі паўстала моцная дзяржава. У якой амаль адразу ж быў абвешчаны рабаўладальніцкі лад. Размеркаванне насельніцтва на класы адбылося паводле самага прадказальнага прынцыпу: у каго ў руках былі кароткарульныя АК-74 ці ў каго хапіла каштоўнасцяў, каб штурмавы “Калашнікаў” набыць, той стаўся гаспадаром. Усе астатнія перайшлі ў стан нявольнікаў. Разам з жонкамі і старымі.
Што важна, даляры ЗША, еўра і кітайскія юані ў лік каштоўнасцяў цёмнага свету не трапілі.
Пры гэтым Кальварыя — халодная дзяржава, бо ад былых часоў ім не засталося ацяпляльнай інфраструк-
туры, якая б награвала кватэры з дапамогай тых носьбітаў, якія ў гэтым свеце яшчэ былі здольныя ствараць цяпло. Таму дыктатура жыла шмат у якіх сэнсах — у чорным целе.
— Батарэі зробяцца яшчэ халаднейшымі, — песімістычна адзначыў я, — бо трэба ж будзе гэтым вурдалакам частку цяпла адпампоўваць.
— Куды ж яшчэ халаднейша! — заенчыў гандляр мёдам. — Але, можа, тыя ўзброеныя людзі насякуць нам болей вуглю, кацельшчыкі змогуць праграваць цепланасіцель да болыпых тэмператур. Што да ручных насосаў—дык праблемы няма, камісары падключаць сваіх нявольнікаў.
— Грушаўка — вольная муніцыпалія, — сказаў я сумна. — Тут заўсёды паважалі чалавека. He хапала, каб пра нас пачалі пляткарыць, нібы мы грэемся рабаваннямі ды мыемся чужымі слязамі і потам.
Мая заўвага не знайшла падтрымкі ў Цугундара, і ён паспяшаўся змяніць тэму. Было бачна, што лад Кальварыі яму падабаецца. Сумуе чалавек па моцнай руцэ. Нездарма ўсё ж у яго мянушка Цугундар.
— Дык вось, сёння пасля чацвёртага звону Піліп, Манька са стрэльбамі ды брыгада Качавога пройдуць па праспекце парадам разам з байцамі нашага новага войска! Кажуць, Кальварыя перадае па тры ўзводы з “калашамі” на кожную браму!
Адгарнуўшы старонку, я пабачыў вялікую, на ўвесь аркуш, ілюстрацыю да навіны пра парад: мастак даў волю свайму ўяўленню пра велічнасць агляду войска. Каля чэзлых пяціпавярховікаў праспекта Свабоды паўзлі сапраўдныя танкі, за якімі ішлі трактары і камбайны, да прычэпаў і жатак якіх былі прылепленыя бомбы і ракеты. Мне здаецца, мастак крышку забыўся, як насамрэч выглядалі вайсковыя парады ў дызельную эпоху. Для перавозкі ракет, вядома, выка-
рыстоўвалася іншая тэхніка. Як жа яна называлася? Самазвал? Лімузін?
На шырачэзных прыступках маўзалея “Віталюр" стаяў увесь склад грушаўскага палітбюро: бурмістр, ягоная сакратарка Магдалена і званар Гацак. Услед за танкамі і камбайнамі па праспекце ішлі тры нявольніцы. Іх мастак выявіў апранутымі ў спартовыя касцюмы ў абліпку, з доўгімі стужкамі ў руках — з такімі раней танцавалі гімнасткі.
— Вось бачыце, бачыце! Галоўнае, разам з кальварыйскімі біткамі пройдуць сапраўдныя жанчыны-нявольніцы! Ух, цікава, праўда?! Ці вымусяць іх распрануцца для парада? Бо які сэнс у апранутай нявольніцы?
Я паглядзеў на Цугундара. Ягоны насаты лыч, разяўлены ва ўсмешцы, вочы вытарашчаныя. Агульны выраз твару быў такі ж, як у Герды, калі яна нагаўкалася ды вярталася са спаленай крамы. Каб перамагчы агіду, я адкрыў старонку міжнародных навінаў.
Тут быў кароткі дайджэст:
“Неўры, перакінуўшыся ваўкамі, спустошылі дваццаць пасяленняў Берасцейскай Канфедэрацыі. Пасля чаго перавярнуліся людзьмі і зараз знаходзяцца пасярод нас”.
“Урэспубліцы Чэпетаўка андрафагіўступіліўбітву са скіфамі і перамаглі іх. Шэсць насельнікаў Чэпетаўкі з’едзеныя на пераможным баляванні”.
“Гелоны вынішчыліўсіх баброў на свяшчэнным возеры і ўслед за будзінамі пачалі сілкавацца сасновымі шышкамі”.
‘Торад Святла абвяшчае пра дасягненне эры дабрабыту, у сувязі з чым істотна павялічвае плату заўваход”.
“ Казлакапытыя перарэзалі два караваны гандляроў".
“Экспедыцыя брытанскіх вучоных, што кіруецца на край свету, паведаміла пра выхад да неабсяжнага
каньёна, заякім бачна толькі чорнае прадонне. Як паказалі папярэднія замеры, бездань прасціраецца ўніз на глыбіню, якая перавышае іх ацэначныя здольнасці (доўгі капрон з грузілам). Экспедыцыя разгортваецца ўздоўж шчыліны, каб ацаніць яе працягласць. Брытанскія вучоныя не выключаюць, што знойдзены імі ўпоцемках каньён мае дачыненне да краю Зямлі”.
— I гэта — навіны з нашай планеты? — мне раптам вельмі захацелася выпіць варыва з бітона.
— А то ж!
— Я маю на ўвазе, вы самі ў гэта верыце? Што будзе далей? Брытанскія вучоныя пабачаць велізарных чарапах, на якіх месціцца блін Зямлі?
— У мяне няма падставаў у гэта не верыць, пані Кніжнік! Газета старанна правярае інфармацыю. Сумняецеся — зазірніце сёння пасля чацвёртай склянкі на праспект Свабоды. Там усё будзе, как тут напісана. Ну, без танкаў, канечне. Танкі — гэта фантазія майстака.
— Ну, так яно так. Але “край зямлі”. “Андрафагі”, “неўры”. Як гэта можа быць? Як у гэта паверыць?
— А чыму верыць, як не гэтаму? Таму, што Зямля круглая ды абарочваецца вакол сонца?
— Але ж гэта ўсё вельмі падобна да — як жа гэта называлі тады? — да фэйк ньюз.
— Фальшывыя новасці былі патрэбны тады, калі людзям нецікава было чытаць новасці сапраўдныя. A зараз нашто выдумляць? Вы на неба пасматрыце!
— Ведаеце што, я, прабачце, вярнуся да вашай прапановы. Калі ласка, плясніце мне крышачку, — наважыўся я.
Гаспадар гасціннаўсміхнуўся, адкрыў бітон і нацадзіў дзюравым чарпаком у бляшаны кубачак цёмнай вадкасці. А потым — вось гэта сапраўднае выключэнне — наліў палову бляшанкі і сабе.