Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
Неба, як заўсёды, зацягнутае коўдрай аблокаў мядзяна-перламутравага адцення. Звычайнае зімовае неба над Мінскам: ні месяца, ні зорак. Hi радасці, ні надзеі. Як на карцінах старажытных майстроў у альбоме “Мастацтва савецкага пейзажу БССР”.
Па першым часе разумнікі з рынкавай плошчы, якія любяць паўдаваць вялікіх знаўцаў астраноміі, таргуючыся за кіло дроваў, спрабавалі даказваць (пераважна адзін аднаму), што менавіта аблокі дапамаглі пазбаўленай сонечнага святла Зямлі не змерзнуць. Але пасля таго як Гацак тысячу разоў празваніў “раніцу” сваёй жалязякай, а тэмпература на тэрмометрах вольнай Грушаўкі не змянілася ані на міліметр, застыўшы ў магічным “каля-нуля”, акадэмікі ў валёнках сціхлі.
Каб неяк азначыць гэты перыяд, калі раней было светла, а цяпер не, людзі выдумалі назоў “чорны дзень”.
I ўсё б нічога, калі б не было так халодна. Гердачка скончыла свой бізнес пры навакольным хмызняку і
вярнулася да мяне, усяляк дэманструючы, што цяпер яна абсалютна не супраць вярнуцца ў кватэру і засвоіць колькі калорыяў.
Вада, у якой я дамываў посуд, імкліва схаладнела.
Функцыянал стандартнай трохпакаёўкі істотна змяніўся пасля блэкаўту. Халадзільнік з вісячым замком ператварыўся ў сейф для захоўвання цынку, каштоўных крупаў (дальбог, неўзабаве яны канчаткова ператворацца ў валюту і імі будуць разлічвацца за ўзнаўляльныя віды ежы), моцнага алкаголю (у мяне ёсць дзве траціны пляшкі сапраўднага Teacher’s) і рознай нятаннай гаспадарчай драбязы, кшталту налобных ліхтарыкаў. Газавая пліта вытворчасці берасцейскай фабрыкі Тефест” зрабілася працоўным сталом: на яе капітальнай сталёвай крышцы, пад якой хаваюцца гарэлкі, вельмі зручна драбіць косткі для Герды (калі выпадае набыць сапраўднага мяса), ды калоць шчэпкі для балконнага вогнішча. Цікава, што — я не так даўно правяраў—газ яшчэ падаецца ў перакрытую па-над плітой трубу.
Шмат хто з вольных грамадзян муніцыпаліі Грушаўка закладвае вокны цэглай, ператвараючы свае квадратныя метры ў пячоры. Сэнс у гэтым ёсць, бо ўсё адно аніякага святла праз шыбы не паступае і ніколі не паступіць, а цэгла лепей зберагае цяпло, дазваляе назапашваць тэмпературу, якую аддаюць батарэі і чалавечае цела, праз дыханне. Але мне падабаюцца абрысы далёкіх таполяў на тле перламутрава-мядзянага неба. Мне падабаецца вастракутны ліст явара, які я бачу, прачынаючыся.
Я выйшаў на балкон, разнасцежыў шкляныя рамы і напіхаў трэсак у трубу самавара. Даўным-даўно, у далёкай-далёкай галактыцы, я набыў гэтую кватэру на грошы, атрыманыя за выкананне адной асабліва тлустай замовы. Сівагаловы папярэдні гаспадар нагадваў
Марка Шагала, які своечасова вырашыў кінуць жывапіс, застацца ў СССР ды перакінуцца ў навукова-тэхнічныя інтэлігенты. Балкон быў ягоным таемным садам: старанна абшыты вагоначкай, запраўлены ў шкло: латунныя шпінгалецікі, бляшаны рыштунак, мядзяныя галоўкі ў цвічкоў, якімі выкладзеная “змейка”. Самаробны шэзлонг з поручнямі, адпаліраванымі локцямі за дзесяцігоддзі чытання “Дружбы народаў”.
Я амаль плакаў, калі аддзіраў вагоначку, бо раскладаць вогнішча ў атачэнні драўляных паверхняў было пажаранебяспечна. А як прыкра было паліць шэзлонг! Зараз на балконе засталося толькі самае патрэбнае: пяцілітровы самавар з медалямі закіпае хутчэй, чым змерзнуць пальцы на нагах. Луджаны ў адным месцы, але такі, што без трэшчын каштуе ў дзесяць разоў даражэй. Пральная машынка ў якасці століка. Мікрахвалёўка-электрагрыль, на якой я, бывае, сяджу, калі не баюся адмарозіць азадак.
Пасярэдзіне, на цэльнаметалічным колавым дыску, знятым з “БМВ” пад вокнамі, — месца для кастрыка. Дыск каштаваў мне два цынкі разам з працай, якую з энтузіязмам выканаўсам гаспадар “БМВ”. Непасрэдна на бетоне раскладацца не рэкамендуюць.
Бразнула крэсіва, задыміліся трэскі. Зараз будзе сняданак. Ну, як сняданак. “Зранку” я звычайна выпіваю два кубачкі гарбаты з адным пакецікам “Прынцэса Нуры” і адным кавалачкам цукру, калі, вядома, няма перабояў з караванамі і цукар даязджае да Грушаўкі. Адна прынцэса Нуры ведае, з чаго робяць тую “Прынцэсу Нуры”. Гандляры на рынку клянуцца, што напой — сапраўдны і паходзіць з размеркавальнага складу гіпермаркета “Карона” ў Соснах, які яны акуратненька рабуюць у імя ўсіх цэйлонскіх манархаў. Але насычаны тарфяны колер, тлустыя плямы на паверхі вадкасці і — галоўнае — няўлоўны прысмак бураковых
культураў выклікаюць падазрэнне, што падчас вытворчасці гэтай сумесі “асаму” і “оранж пекое” аніводнае чайнае дрэўца не пацярпела.
Калі самавар пачынае закіпаць, я кладу на яго бляшаначку з кормам для Герды. Адшукаць ежу для хатніх жывёлаў не праблема: на любым прадуктовым кірмашыку ў Грушаўцы, прычым, бляшанкі спрэс сапраўдныя, з ключыкам. Сённяшнія тэхналогіі вугальнага стагоддзя не дазваляюць падрабіць такое. Прычына, з якой нармальную гарбату не знайсці, a корм для коцікаў лёгка, простая. Але вы не распавядайце пра яе Гердзе, добра? Справа ў тым, што хатніх жывёл паелі яшчэ да таго, як яны паспелі з’есці ўсе запасы прызначанага для іх корму. I тое, што прадаецца зараз, купляецца не для сабачак і коцікаў, а непасрэдна для саміх сябе непераборлівымі двухногімі. Я і сам каштаваў колькі разоў. Пах дзіўнаваты, але інгрыдыенты — норм.
3 прынта на бляшанцы на мяне пазірае раскошны пухнаты белы кот. Пры паглядзе на яго я чамусьці думаю пра сваю заечую шапку. Пра яе зашмальцаванасць і прапаленасць у двух месцах. “Бляск і ззянне здаровай поўсці”, — абяцае слоган на бляшанцы. Вось бы пакарміць маю шапку гэтым кормам, каб яна зрабілася элегантнай і бялюткай, нібы кот на прынце. Герда нецярпліва драпанула балконныя дзверы — маўляў, давай, пане кухар, сканчай ужо гэты каціны вуаерызм! Твая сабачыца і халодны корм зжарэ! Я дагэтуль не разумею, чаму яна з большай ахвотай накідваецца на каціны харч, чым на сертыфікаваны часам і колішнім “Міністэрствам сельскай гаспадаркі” колішняй “Рэспублікі Беларусь” “Дружок”. Хіба што курце прыемна сімвалічнае прышчымленне канкурэнтаў (маўляў, чым больш з’ем я, тым менш застанецца лянотным уладальнікам “бляску і ззяння здаровай белай поўсці”).
Я закінуў кубік цукру за шчаку і з асалодай сёрбнуў бураковай “Прынцэсы Нуры”. Кайф выходзіў найперш праз тэмпературу гарбаты, і толькі пасля — праз салодкі прысмак у роце. Заўсёдны холад пераносіўся б намі нашмат лягчэй, калі б мы маглі есці столькі ж, як некалі, ці хаця б запарваць гарбату адным націсканнем кнопкі імбрыка. Сабуля праглынула корм адным каўтком, проста злізнуўшы яго з талеркі.
Сняданак скончаны, час выпраўляцца на рынак. Я зняў замок з сейфа, зазірнуў у былую маразілку і задаволена адзначыў, што цынкам я забяспечаны на доўгія гады бесклапотнага жыцця. Два паўнюткія латкі, верхні і сярэдні. Відовішча некалькі тысяч шчыльных шэрагаў гэтых патрончыкаў, што блішчаць у святле дынама-ліхтара, як заўсёды пакінула адчуванне невытлумачальнага спакою. Цынк — гэта і ежа, і святло, і адносная цеплыня, і бяспека ў вольнай муніцыпаліі Грушаўка. Пакуль ёсць цынк, мяне адсюль не пагоняць. Люблю час ад часу адмыкаць сховішча і сузіраць свае золата-валютныя рэзервы, каб запэўнівацца ў тым, што не расталі яшчэ скарбы нашага каралеўства.
Я ўзяў тры патрончыкі, праверыў іх на дэтэктары і закінуў у кішэню. Пакуль хопіць. Запаліў налобнік, падхапіў санкі — сёння яны мне спатрэбяцца, каб купіць пітной вады.
Герда нецярпліва круцілася на ўваходзе ды прыпусціла ўніз па сходах, як толькі адкрыўся праход на лесвічную клетку, гэтак жа прапахлую нясвежай анучай.
Мой родны кут. Грушаўка. Лабірынт азызлых пяціпавярховікаў, паміж якімі панатыканыя змерзлыя каштаны, нязграбныя вербы і высачэзныя таполі. Калі дровы ўпершыню падаражэлі ў дзесяць разоў, дрэвы на раёне кінуліся пілаваць усе, хто меў у хатняй гаспадарцы бензапілы, нажоўкі, лобзікі ці хаця б вялікія нажы. Але Бурмістр пастанавіў выкідваць за
сценку муніцыпаліі любога, хто хаця б адшчыкне нават галінку ад любой жывой расліны на раёне. I, вытапіўшы ўсю драўляную мэблю, якую можна было знайсці ў кватэрах, сутарэннях ды на барахолцы, людзі перайшлі на экспартаваную драўніну. Часам у гандляроў вугалем і дровамі трапляюцца па-сапраўднаму цікавыя рэчы на распал. Я некалі згатаваў выдатную вячэру на дубовай ножцы ад раяля, на якім некалі граўЯкуб Наркевіч-Ёдка, папярэднік Тэслы.
Адпаліраваны лёд сцежкі пабліскваўу святле ліхтара, нібы лушчак. Я ведаю кожны выгін, кожную няроўнасць бліскучай ледзяной скарынкі: вось тут намерзлае шкло зморшчылася, агаліўшы шчарбіны тратуарнай пліткі. Адразу на выхадзе з двара грувасціцца Хеопс — магутная гурба снегу, сабранага трактарам-прыбіральшчыкам з усёй акругі яшчэ тады, калі трактары маглі ездзіць і прыбіраць вуліцы. За Хеопсам — велізарная мёрзлая лужына. У дагістарычныя часы чыясьці нага пакінула ў ёй два выразныя адбіткі. У тыя часы, калі сонца яшчэ ўзыходзіла, ранішнія промні растапілі лёд, што пакрываў лужыну, размякчылі яе паверхню, a пасля туды нехта ўваліўся ажно па шчыкалаткі. Пасля лужына застыгла назаўжды. Чалавек, які пакінуў сляды ў лёдзе, пастарэе і памрэ, але адбіткі ягоных ног, адзінае сведчанне ранейшай плыннасці жыцця, застануцца тут, пасярод вольнай Грушаўкі, у вечным лёдзе.
Мінаем былую прадуктовую краму, якую, абрабаваўшы некалі, злодзеі дбайна спалілі, бо тады ніхто не ведаў, ці надоўга гэты блэкаўт і ці не вернецца зноўку дзень разам з асновамі былой дзяржаўнасці ды эфектыўнымі следчымі органамі. Герда, як заўсёды, бадзёра ўскараскалася па лесвіцы, праслізнула праз адтуліну ў паплаўленых пластыкавых дзвярах і напоўніла ўнутраныя памяшканні задорным гаўканнем, у якім гучаў трыумф над нечым, што яўна вымагала
гэтага трыумфу. Я не ведаю, чаму яна так робіць штораз, калі мы прамінаем краму. Хіба што рэха ад брахання ў гулкім бетонным пакоі ёй даспадобы.
Псюля адольвае сходы задаволеным трушком. Пашча раскрытая, язык на бок, вочкі блішчаць. Я ўпэўнены, што Герда пасміхаецца. I хай катаводы пераконваюць, маўляў, сабакі не смяюцца. За крамай — парк, за паркам — паварот на рынак. Мінакоў тут более: Грушаўка нарэшце прыняла душ і вылузваецца са сваіх каморынаў на двор.
На рагу капціць дымок. Гэта кропка Корчына па мянушцы Цугундар. Ці, магчыма, імя тут — Цугундар, а мянушка — Корчын, кот яго ведае. Адно скажу дакладна: калісьці Корчын быў пры пасадзе і, як усялякі важны чалавек з вялікай чорнай машынай, не валодаў мясцовай мовай. Здаецца, гэткая практыка была распаўсюджаная наўмысна, каб абмежаваць карупцыйныя магчымасці (як ты дасі на лапу чалавеку, з якім не можаш паразумецца?). Так ці інакш, зараз, пабачыўшы мяне, Корчын увесь час стараецца выглядаць дасведчаным тубыльцам і старанна размаўляе са мной на тым, што сам лічыць беларускай мовай. Што праўда, атрымліваецца ў яго не надта бліскуча.