Ноч
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
Toe, з чаго савецкія людзі ляпілі свае “каклеты” (называючы піражкі з дрэннага фаршу высакародным словам cotelette, якім ва ўсім свеце пазначаюць мяса на костцы), беларусы спрадвеку змяшчалі ў свіныя вантробы, пяклі ў пячы ці варылі ў вясковым “супе рататуй” (не блытаць з праванскім ratatouille).
Я ведаю, чаму гандляры на базары ў зацемненай Грушаўцы не зацікаўленыя ў тым, каб закладаць склад сваёй кілбасы ў яе назву. Але для мяне загадка, чаму тая, старадаўняя “піханая пальцам кілбаса” зберагала таямніцу свайго паходжання ад усіх. I — што самае галоўнае — смак застаўся гым жа! Асабліва калі добра прасмажыць на вуголлі! Дык — калі ласка — ніколі не кажыце мне, з якіх вычварэнняў зроблена тое, за што я зараз аддам свой цынк! Мне гэта нецікава! I не здзіўляйцеся папярэдняй гастранамічнай лекцыі: чалавек, які ўвесь час хоча есці, будзе спяваць пра харч з натхненнем Кнута Гамсуна!
I зараз, калі кілбаса выбрана, узважана, наспеў час распавесці пра самую галоўную рэч у нашым цёмным свеце. Рэч, за якую можна купіць усё, акрамя дастатковага ацяплення ў кватэры ды сонца на небе за яе сценамі (а таксама іншых другасных дробязяў).
Цынк. Калі гандляры сапраўднымі рэчамі (то бок, святлом, цяплом і ежай) перасталі прымаць папяровыя грошы, а напамін пра капіталы, пахаваныя разам з банкаўскімі рахункамі і банкаўскай сістэмай, перастаў быць тэмай для прыстойнай размовы нават на кропцы з мёдам, свет даў нырца ў бартар. Людзі мянялі коўдры на свечкі, мачоныя яблыкі на буржуйкі, вугаль на запальнічкі. Але хутка знайшлася рэч, якая была карыснай (у адрозненне ад золата, якім пачалі лудзіць самавары) і пры гэтым не самай распаўсюджанай. Крыніца святла і — у выпадках з нядоўгавечнымі ацяпляльнікамі — адноснага кам-
форту. Апошняе надзейнае сховішча малых доз электрычнасці.
Mary толькі здагадвацца, чаму батарэйкі і акумулятары — у большасці сваёй гальванічныя, нікель-метал-гідрытныя і нікель-кадміевыя, пачалі называць менавіта “цынкам”. Бо патрончыкаў з пазнакай Ni-Zn у абарачэнні вельмі няшмат і каціруюцца яны ўпоравень з Ni-Mh ды Ni-Cd. Я думаю, справа ў тым, што “цынк” проста клёва гучыць, а народ да такіх рэчаў вельмі чуллівы. Ён можа не ацаніць мілагучнасці вершаў Жылкі, але звонкасць і чоткасць “цынку” ад млявасці “нікелю” ці задыханасці “кадмію” ён адрозніць лёгка. Новая валюта свету не можа называцца “кадміем”, пагадзіцеся. У “цынку” чуецца і цынізм, і пагарда да тых, хто цынку не мае. Паспрабуйце спытаць: “Цынк ёсць? А калі знайду?” I параўнайце гэта з “нікелем” — ні пра што, ну!
Калі каўбаса, за якую вы мусіце заплаціць, каштуе, як у маім выпадку, 1,60 — у ход пойдзе любая драбяза, манеты ўсіх краін свету. У маёй кішэні — сумесь польскіх “грошаў”, літоўскіх “цэнтаў”, рускіх “капеек”, азіяцкія і афрыканскія медзякі, на якіх адзінае, што можна разабраць, — намінал. Дарэчы, разборлівы намінал ёсць абавязковым допускам драбязы ў абарот. Калі ў вас ад дзеда-нумізмата засталася срэбраная чвэрць пенса, на якой вартасць выпісана англійскай мовай, пенсы не прыме не адзін мяняльнік, лепей выкіньце. Бо фальшываманетніцтва, гэтаксама як і разлік не “поўным” цынкам (а гандляр з дрэнным характарам можа праверыць на дэтэктары напружанне ў кожнай батарэйкі), караецца выгнаннем за межы нашага цёплага і ўтульнага раю.
Памеры (ААА ці АА), тып, а таксама ўзнаўляльнасць элемента сілкавання на ягоную вартасць не ўплываюць. “Адзін цынк” роўны ста манетам, ці 1,21,6 Вольт — і ніяк іначай.
Я дастаў з кішэні жменю манет і — п’янаваты — не адразу заўважыў, што пад ногі гандляру выслізнуў невялічкі футлярчык, пляскатая замкнёная візітоўніца. Ён быў нахіліўся падняць, я ўкленчыў, каб перахапіць, але не паспеў: серабрыстая каштоўнасць ужо была ў ягонай руцэ. ‘Тэта маё, маё! He чапайце, калі ласка! Аддайце!” Гандляр здзіўлена адхіліўся і паважліва перадаў мне знаходку; ён і не збіраўся яе адкрываць. Mae шчокі запунсавелі. Мабыць, выглядаў дзіваком. Калі адыходзіў, заўважыў, што кілбаснік, у якога я браў ежу далёка не ўпершыню, хуткім жэстам прагнаў мой цынк праз дэтэктар: хто яго ведае, чым можа расплаціцца такі псіх.
Я сціснуў сцюдзёную рыбку візітоўніцы ў левай далоні і не выпускаў, пакуль расплачваўся за Гердзіны кансервы, праснак і дваццацілітровую бутлю з вадой. Менавіта тут высветлілася, што я настолькі добра сагрэўся мядком у Цугундара, што забыў свае санкі на ягонай кропцы. Пластыкавую дурынду з булькаючай вадкасцю давялося цягнуць за сабой проста па шарпаку. Пра выраз Гердзінай пысы, калі яна назірала мой балет на лёдзе, казаць не буду — самі здагадваецеся. Але яго, бадай, можна было змяшчаць на антыалкагольныя плакаты.
Дома, пасля змяшчэння ў атручаны арганізм засмажаных на вуголлі каўбасак, зямля перастала хістацца пад нагамі, а выраз Гердзінай пысы палагаднеў. Я трушчыў праснак і запіваў салодкай гарбатай — бохан не меў смаку, як і належыць выпечцы, якая робіцца з субстытутаў, бо ні пшаніцы, ні ячменю ў наваколлі не засталося. Скончыў свой абед жменяй вітамінак, без якіх у любога жыхара цёмнай пары хутка павылазяць зубы праз цынгу.
Гацак прабіў дзве рэйкі, Герда ўладкавалася ля батарэі на дзённы сон, я паднавіў акумулятары ў асвят-
ляльных прыборах у кватэры. Нарэшце, званок, прымацаваны шнурам ад пад’езднага ўваходу да маіх дзвярэй, блямкнуў, і пачаліся візіты.
Першым прыйшоў Доктар, які ўсім сваім выглядам абвяргаў добры вобраз Айбаліта з дзіцячай казкі. Стэрэатыпы патрэбныя для таго, каб найлепшыя ніколі ім не адпавядалі. А хто як не найлепшыя застанецца ў рамястве ратавання чалавечых жыццяў, калі ў хірургічным пакоі цёмна і холадна, апарат штучнага дыхання не працуе, a MPT можна зрабіць хіба ўскрыўшы кліенту чарапушку? Маладжавы, падцягнуты, злы на выгляд. Ушчэнт змораны працай.
Я спытаў яго, як санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя ў нашай вольнай зямельцы, ён махнуў рукой:
— Людзі мруць ад простай ангіны, антыбіётыкаў не засталося, грошы на медыцыну ў Бурмістра ёсць, але купіць лекі няма ў каго, шахцёры абшарылі ўсе навакольныя базы Белфармацыі. Бінты яшчэ так-сяк навучыліся рабіць без электрычнасці, але як і з чаго вырабіць інсулін?
— Але вось што цікава, — сказаў ён, падумаўшы, — цяжкіх хваробаў зрабілася меней, я не памятаю, калі ў мінулы раз дыягнаставаў пухліну.
— Ну ёсць добрае і ў дрэнным, — паспрабаваў я выкруціць на пазітыў.
— Праўда ў тым, што да пухлінаў ніхто проста не дажывае, — развёў ён рукамі. — Трэба мець добрае здароўе, каб памерці ад пухліны ў 70. Зараз усе жывуць да 50, — ён зыркнуў на мой твар, каб ацаніць узрост і зразумець, ці напружыць мяне такое назіранне. — A калі казаць пра добрае ў дрэнным, дык гэта тое, што я за апошнія суткі прыняў дзесяць родаў. Я ў гэтай тваёй Алексіевіч чытаў, што ў вайну людзі зацята кахаліся. Дык зараз — тое самае. Навокал цемра і холад, а ў кожнай сям’і па пяць дзетак. I чым карміць будуць, ці
падумалі? Калі ўсе вайсковыя кансервы ды стратэгічныя запасы пасканчаюцца?
— Чалавек у цемры найболын драпежны. Ноч заўсёды была часам абвостраных пачуццяў. Вось і любяцца людзі.
— He, я думаю, гэта біялагічнае. У небяспецы ўключаюцца механізмы відавой абароны, — ён зноўку задумаўся. — I вось яшчэ назіранне. Знаходзіш, напрыклад, рэдкую ўпакоўку анальгетыкаў. Тэрмін прыдатнасці — да дзве тысячы пяцідзясятага. I вось стаіш, і думаеш: гэты дзве тысячы пяцідзясяты ўжо наступіў? Ці не? Як вы думаеце, Бібліятэкар? Які зараз год, калі адкідаць умоўнасці?
Я паціснуў плячыма і мякка выправіў яго:
— Я — Кнігар, не бібліятэкар. Бібліятэкары — тыя, хто дазволілі ўвесь фонд дзіцячай бібліятэкі Гусоўскага ў нас у Грушаўцы пусціць на распал.
— У нас бвіла бібліятэка?
— Так, — я хмыкнуў, — і някепская бібліятэка. Там кніг было разоўудзесяць болей, чым у мяне. Але калі пачаўся хаос, бібліятэкары пазамыкаліся ў хатах і за кнігі не біліся, не заміналі рабаўнікам іх па кошце дроваў на рынкавай плошчы прадаваць. А мая прыватная калекцыя засталася.
— I як людзі маглі прыдумаць кнігі паліць? Іх жа зараз нават не купіш’
— Гэта зараз так. А быў час — адразу пасля блэкаўту, калі людзі яшчэ не згадалі, якая гэта асалода — чытаць. Пра каштоўнасць кніг памяталі адзінкі. А на адным томіку можна, як пісаў адзін рускі аматар гастраноміі, нават стэйк прапячы. To ацяплялі свае жытлы назапашанай чалавецтвам мудрасцю.
У пакоі запанавала цішыня. Было толькі чутно, як сапла Герда — яна Доктару давярала, а таму не прачыналася ў ягонай прысутнасці.
— Дык што вам параіць гэтым разам? Можа быць, Булгакаў, “Запіскі маладога доктара”?
— О, не! Hi ў якім разе!!! — ён акругліў вочы. — Вы думаеце, мне ўсяго гэтага ў аперацыйнай не хапае? Я б папрасіў чаго-небудзь лёгкага. Такога, як бы не пра гэты дурны свет. А дзе ёсць сяброўства, прыгоды, можа, вайна якая, але так, каб без крыві і бінтоў.
— Зразумеў! Пачакайце, калі ласка!
Я ніколі не запрашаю сваю кліентуру ў трэці пакой, што месціцца за замкнёнымі дзвярыма маёй спальні. Які б ні быў заможны чалавек, няма чаго яго спакушаць відовішчам шчыльна — ад падлогі ад столі — выстаўленых кніжак. Найбольш каштоўныя для мяне асобнікі — прыжыццёвыя выданні класікаў, творы з аўтографамі славутых аўтараў, старанна застаўленыя таннымі прыгодніцкімі раманамі ў папяровых вокладках. Перасцярога залішняя, бо, на думку сярэднестатыстычнага рабаўніка, найбольш каштоўнымі з’яўляюцца акурат прыгодніцкія раманы. Але як жа прыемна адсунуць зборнік “Прадаецца планета” ды выцягнуць шэранькую папяровую тэчку з бляклым водціскам “Kochanek wielkiej niedzwiedzicy” і пазнакай “1937, Таварыства выдаўнічае РОЙ”. Ці знайсці пад зацяганым да дзюраў “Клічам Ктулху" — абсалютным хітом новых часоў — сціпленькую сіненькую кніжыцу “ 100 anos de soledad” з адціснутым золатам пазначэннем “1967” на карэньчыку.
Падумаўшы над доктаравым запытам, я выцягнуў першую частку “Уладара Пярсцёнкаў”. Цвёрдая вокладка, падобны да Гацака Гэндальф на вокладцы. Усё, як Доктар запытаў: і сяброўства, і прыгоды, і вайна без бінтоў. Да таго ж, хутка можна будзе чакаць вяртання па другую і трэцюю часткі. Доктар уручыў мне адзін цынк за стандартныя тры дні ўтрымання ды пайшоў адпачываць. У калідоры ўжо таптаўся другі чытач,