Ноч  Віктар Марціновіч

Ноч

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 412с.
Мінск 2018
68.16 МБ
0, як мы пілі гэтую каву! Майк Скофілд, што ў апавяданні Руала Даля “Дэгустатар”, паставіўшы на кон свой дом, спрабаваў адгадаць месца і год вытворчасці віна, прыслухоўваўся да смакавых адценняў свайго напою не так пільна, як мы. Жартачкі вам: апошнія глыткі кавы на зямлі! Якіх толькі нотак мы, па чарзе, ні знаходзілі! Якіх цудоўных на смак рэчываў, сапраўдныя пахі якіх, што праўда, паспелі сцерціся з памяці, ні заўважалі!
“Цынамон! Адчуваю цынамон!” — роў я. “А гэты лёгкі арэхавы дотык! Смажаны фундук, на другой секундзе паслясмаку!” — закочваў вочы Рэйтан. “А вось зараз, як крышку састыла — натуральны шакалад!” — шчоўкаў я пальцамі. Герда назірала за намі з пагардай: яна не магла зразумець, чаму смешныя людцы не даюць рады вызначаць добрую рэч праз уласцівыя ёй адной якасці. Свежазмолатая кава пахне свежазмолатай кавай і мае смак свежазмолатай кавы. Менавіта таму ў часы, калі каву можна было набыць у любой краме, мы пілі яе з такой асалодай.
— Найлепшая рэч пад цёмнымі нябёсамі, — прамовіў я, калі вадкасць у нашых кубках скончылася.
— He такія яны ўжо і цёмныя, — прагматычна заўважыў Рэйтан.
— Ты пачаў бачыць наверсе сонца? — усміхнуўся я.
— Бачыш абрысы галінаў таго дрэва за акном? — кіўнуў немец на яблыню, што мерзла ў цемры ля дома. — Калі б нябёсы былі абсалютна цёмныя, калі б там, за аблокамі, абсалютна нічога не было, ніякай крыніцы святла, тваё вока не здольнае было б пабачыць тыя галінкі. He задумваўся пра гэта?
— Павер, дружа, у пераліку рэчаў, пра якія мне варта рупіцца, гэтая стаіць на апошнім месцы. Што там адсвечвае за аблокамі? Ды мне ўсё роўна!
— Што дае такі перламутравы бляск... Калісьці падобную засветку забяспечваў горад, ягоныя ліхтары. А зараз? He разумею... Але ж гэта былі не ўсе мае гасцінцы.
Немец запусціў руку ў сваё паліто і пад мой захоплены вох вывудзіў адтуль блакітную бляшанку згушчонкі. Дастаў з кішэні нож, пракалупаў дзве дзюркі. Я наламаў буйных кавалкаў праснаку ды скарыстаў астатні кіпень на бураковую прынцэсу “Нуры”. Рассыпісты, амаль без смаку, прэсны эрзац-хлеб са згушчаным рагачоўскім малачком — гэта быў бы каралеўскі ласунак і ў больш блаславёныя часы.
— Браце, ну скажы, што ты знайшоў таемны склад са скарбамі мінулай цывілізацыі! Бо і кава, і згушчонка ў адзін прысест — гэта ўжо на мяжы чалавечых магчымасцяў! — тарахцеў я.
Але Рэйтан зрабіўся сур’ёзны. Ад самага пачатку адчувалася, што ён знаходзіцца пад прыгнётам нейкіх думак, што смяецца і весяліцца з намаганнем.
— Ты ведаеш, што я падумаў днямі? — вымавіў ён. — Што папярэднія дастаткова развітыя цывілізацыі маглі гінуць менавіта так. Чаму скончылася Старое царства ў Старажытным Егіпце? Чаму ў мінус 2200 тыя ж егіпцяне, якія пабудавалі адзіную ірыгацыю ў пустыні, ужо не ведалі проста як падтрымліваць яе ў працаздольным стане? Што з імі здарылася? Акадская
дзяржава ў Месапатаміі, народ майя, усе гэтыя закінутыя старадаўнія мегаполісы ў Азіі, пра якія ты расказваў з вашых сумесных... вандровак: хаця б той жа Ba­ran у М’янме. Магчыма, так яны і гінулі?
— Ты пра сонца? Знікала святло, пачынаўся голад. Ніякіх разбурэнняў. Храмы стаяць, як пасля нейтроннай бомбы. Гісторыкі чэшуць рэпы.
— Я пра тэхналогіі. Пра карціну свету. Як толькі яны дасягалі пэўнай тэхналагічнай мяжы, з’яўляўся нейкі фактар, які адпраўляў іх назад у каменны век. Я раней быў думаў, што для нас такім фактарам стане інтэрнэт. Бо людзі тады перасталі жыць і пачалі заліпаць.
— He без вашай дапамогі, вашамосць! He без вашай дапамогі! — я піхнуў яго ў бок. Але Немец заставаўся сур’ёзным.
— Слухай, ты што, зрабіўся містыкам, дружа? Ты ж заўсёды так спрытна ўсё тлумачыў навукай! Памятаеш нашу спрэчку пра тое, чаму газ і бензін перасталі гарэць адначасова з блэкаўтам па ўсёй зямлі? Я настойваў, што гэта болей нагадвае нябеснае пакаранне, чым вайсковае ўмяшальніцтва ці нешта рацыянальнае.
— О, гэта акурат вельмі проста растлумачыць.
Ён падняўся, падышоў да пліты, адкрыў падрапаную крышку, уключыў газ і стаў пстрыкаць крэсівам. Іскры ляцелі багатымі снапамі, пакрываючы гарэлку, але, натуральна, ніякага запальвання не адбылося. Ён глядзеў на гэта задуменна.
— У атмасферы, што складаецца з фтору, будзе гарэць вада, — сказаў ён, цвыркаючы крэсівам. — Драбнюткае змяненне ў хімічным складзе паветра цягне за сабой перафарматаванне ўсіххімічных рэакцый.
— Слухай, ну хопіць! — я кіўнуў яму на газавую гарэлку, але ён самнамбулічна працягваў крэсаць іскрамі.
— Першасным тут магло стаць Зацямненне. Калі растлумачыць яго, зробіцца зразумелым і астатняе.
Напрыклад, чаму вуглевадароды перасталі рэагаваць на агонь, а порах, вугаль і драўніна захавалі свае ўласцівасці.
— Годзе, Рэйтане! Атруцімся! — зноўку прыкрыкнуў я.
— Метан не таксічны і ніколі не быў шкодным для здароўя, — роўным голасам запярэчыў ён і працягнуў: — Наша бяда ў тым, што мы выбудавалі цывілізацыю хімічных рэакцый. Мы ездзілі на аўтамабілях, якія прыводзіліся ў рух пераўтварэннем аднаго рэагенту ў другі і спалі ў дамах, ацепленых паводле гэтага ж прынцыпу.
Я падхапіўся, мякка адсунуў яго ад пліты, выключыў гарэлку ды перакрыў вентыль:
— Годзе, брат! Герда чмыхаць будзе. Пашкадуй сабулю, у яе ад метану поўсць чэшацца і соплі цякуць, праўда, Герда?
Тая ляжала на падлозе і нават не ўзняла галавы — была пакрыўджаная, што Рэйтан забалбатаўся і перастаў яе часаць. Немец затарможана сеў за стол. Я паспрабаваў перавесці тэму:
— Ты быў на парадзе?
— Так, праходзіў побач, — ягоныя вочы ажылі. — Гожых такіх галаварэзаў Кальварыя падагнала. 3 “калашамі". Набыў сабе Бурмістр балячку на зэро. Калі яны ўзбычаць, брыгада Качавога з Манькам — увесь наш сілавы блок — будуць мець макаронны выгляд і калатун у суставах. Яны не толькі добра ўзброеныя, яны выглядаюць спрактыкаванымі ў разбоі.
— А што нявольніцы? Ці не крыўдзілі іх?
— Дзяўчаты следам ішлі. Расфуфыраныя такія. У кароткіх футрах. 3 аголенымі нагамі. Холадна ім, мабыць, было. Мужыкі з натоўпу свісталі, жонкі абразы выкрыквалі. Я лічу — дарэмна, у чым яны вінаватыя? Яны ж рабыні. Як паставілі, так і пайшлі. Калі калона да трыбуны Віталюра падыходзіла, ззаду адной ня-
вольніцы нейкі п’янаваты агрызак прыстроіўся. Наздраты такі. У бабрынай шапцы. 3 купцоў па выглядзе. Ён мабыць не зарыентаваўся, чым парад ад оргіі адрозніваецца. Нават ужо і прычындалы свае агаліў. Але яго людзі адцягнулі, павалілі на зямлю, пнулі пару разоў, каб Грушаўку не сароміў. Мы ж вольны горад, дзе чалавечую годнасць паважаюць. He нейкая там сярэднявечная тыранія.
— Ну а хіба Бурмістр дзяўчат сабе не забраў? Ці кальварыйскім аддаў?
— Што ты! Ён проста там, з трыбуны, абвясціў, што Грушаўка дорыць ім свабоду. Што яны цяпер — вольныя грамадзянкі нашай муніцыпаліі і могуць абіраць сабе любую прыстойную прафесію.
— А як кальварыйскія?
— Камісара і набліжаных перакасіла. Бо зараз жа ўсе кальварыйскія нявольнікі задумвацца пачнуць, чаму ў сяброўскім полісе рабаўладання і прыгнёту няма. А цяпло ў дамах ёсць.
— Нічога, там у іх таксама мусяць нейкія газеты быць. Адмыслова для нявольнікаў. Ужо як-небудзь ім існы расклад растлумачаць. Як адзіны прымальны.
Я шчодра заліў кавалак хлябца згушчонкай і паклаў у рот. Чаму ніхто не разумеў, як гэта смачна, пакуль не надарыўся блэкаўт? Нейтральны, падобны да вільготнага кардону, праснак ды салодка-вяршковая поліўка!
— Таксама чытаў пра край зямлі? — Рэйтан зрабіўся раптам змрочны. — Што ты пра гэта думаеш?
— Ды поўная бздура. To бок, пра неўраў ці некага, хто падаўся баязліўцам неўрамі, я яшчэ магу паверыць. Але які край? Калі гэта Зямля плоскай зрабілася?
— Можа, заўсёды была, — з сумневам паціснуў плячыма Рэйтан. — Нашы веды пра галактыку, далёкі космас, зямныя нетры і прыдонную прастору вялікіх глыбіняў паходзілі з экстрапалявання вядомага на
невядомае. Уяўленне пра структуру планеты мы чэрпалі з вымярэнняў хуткасці распаўсюджвання адлюстраваных сейсмічных хваляў падчас землятрусаў. Мы склалі карціну пра зямную кару, мантыю і ядро выключна на ўскосных падліках. А што было бліжэй да нас за зямлю ўвесь гэты час? I ці маглі мы на падставе хуткасці распаўсюду сейсмічных хваляў выключыць, што замест ядра ў цэнтры зямлі знаходзіцца, напрыклад, Пекла? У межах той, ранейшай, сістэмы, зараз тут, на кухні, павінна быць мінус дзвесце семдзесят тры градусы па Цэльсію.
— Мы з табой як быццам бы месцамі памяняліся, дружа! — хлопнуў я яго па плячы. — Ты гаворыш тое, што заўсёды казаў я. А мне даводзіцца прамаўляць твае словы. У гэтага ўсяго мусіць быць лагічнае тлумачэнне. I яно ёсць! Дакладна!
— Аднак, магчыма, не ў межах логікі, якой мы карысталіся дагэтуль, — невясёла ўсміхнуўся ён. — Ведаеш, што мяне ў гэтым усім крыху бянтэжыць? У неўрах гэтых? У андрафагах? У скіфах? Тое, што як быццам я пра гэта недзе чытаў. Раней. Быццам нешта знаёмае. Ты не прыгадваеш такога? Ты ж у нас болей кніжак прачытаў.
Я задумаўся. У галаве Тацыт танцаваў брэйк-данс з Іосіфам Флавіем, чамусьці на фоне галівудскага фільма “Троя” (Брэд Піт у ролі Ахілеса прыгадваўся асабліва выпукла). Узважыўшы, я адказаў:
— Ведаеш, чым больш кніг чытаеш, тым горш памятаеш адну асобную. Пагатоў, калі не заглядаў у яе дзесяцігоддзямі. А такіх, аднойчы прагартаных, большасць. Калі я першы раз сустрэў згадку пра неўраў у газеце, было адчуванне чагосьці знаёмага. Як быццам бы са школы нешта. Але зараз асацыюецца хіба з апошнімі навінамі нашага свету.
— Вось у мяне тое самае! Але нешта свярбіць вось тут, — ён тыцнуў пальцам у галаву.
Рэйтан рассыпаў па кубачках рэшткі кавы, дадаў цукру і заліў кіпнем. “Польскае эспрэса” ўспенілася тлуста адбліснулай пенкай. Немец узяў сваю філіжаначку так, нібыта ў ёй быў наліты каньяк, ды ўрачыста прамовіў:
— У мяне ёсць тост. Я хачу выпіць за чалавека бяздзейнага. Прадукт нашай з табой эпохі. Якая скончылася і зараз чакае, калі скончымся і мы, У антычнасць, цёмныя стагоддзі, рэнесанс і новы час людзі, сутыкнуўшыся з праблемай, нешта рабілі. Стымул — рэакцыя, крый яго трасца! Пасля з’явіліся Google і Instagram. Першы прывучыў нас гугліць, другі — сэлфіць. Да гэтых дзвюх базавых рэакцый і звялося ўзаемадзеянне чалавецтва з наваколлем у час, калі мы не заліпалі. Бо мы чым далей, тым меней з тым наваколлем узаемадзейнічалі. Бо ўтаропліваліся. Віслі. Пяліліся. Свідравалі. У Менску было шэсць ТЭЦ! Шэсць, халера! Палова з іх — спраектавана, каб працаваць на вуглі і мазуце. Што зрабіў чалавек бяздзейны, калі спыніліся газавыя турбіны? Ён паспрабаваў загугліць, але ў яго не атрымалася, бо інтэрнэт скончыўся разам з электрычнасцю. Потым ён зрабіў сэлфак, паколькі яблычнікі яшчэ працавалі. А калі высветлілася, што Instagram не запусціцца болей ніколі, чалавек бяздзейны ўсю сваю энергію скіраваў на рабаванне таго, што было каштоўнага на тых ТЭЦ. У гвалт і вайну. У цікаванне па гіпермаркетах. У бойкі за цёплую вопратку. А калі паўстала новая сярэднявечная недадзяржаўнасць, ужо не было інфраструктуры, якую можна было б узнавіць. Ды і як! Усе тэхналогіі, усе нашы здольнасці аказаліся завязанымі ўсё на тую ж электрычнасць! А выпрацаваць новыя тэхналогіі ды здольнасці чалавек бяздзейны не можа! Google развучыў! To па заслугах нам! Мы мусілі скончыць вось так: халоднымі берлагамі і